ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

Гарэў ён ад нецярплiвасьцi.

Зь непрыстойнай маладому чалавеку расьцягласьцю вёў Сьцяпан дыспуты аб сьмерцi, аб культуры памiраньня. (Потым - празь якiх дзесяць гадоў пасьля спадзяванай iм катастрофы - Сьцяпан, звычайна, клапацiўся пра бягучы дзень.)

Апрача Кiры, аргумантамi Сьцяпана трывожыўся бухгальтар: шкада, халера на яе галаву, празь сьмерць пакiдаць сьвет! "Бо й нашто?
– сказала прыбiральнiца, пяцiдзесяцiгадовая паненка, мацi шасцярых дзяцей, на якiя не засудзiла яна алiмэнтаў.
– Вы яшчэ не адной бабе будзеце прыдатныя. Зусiм што iншае я: хацела-б памерцi, але, кажуць, страх пабачыцца з кастухаю... От, можа, й не такi страх, бо калi прыгледзецца нябожчыку, дык кожны зь iх выглядае яксьцi задаволеным. А ваш папярэднiк усё роўна што сьмяяўся ў труне".

Накрычалi на лапатуху.

16

Сумленевiч прыйшоў да бухгальтара, каб правесьцi зь iм калькуляцыю цэнаў заплянаваных у каапэратыве вырабаў.

Высокiя лiчбы.

– Хто гэта купiць за такiя цэны, мiлыя?!
– зьдзiвiўся бухгальтар пасьля падлiкаў i зьняў акуляры, якiмi карыстаўся ён падчас працы; працёр запацелыя iх шкельцы.
– Глупствы ў нас выйшлi, пане Сумленевiч.

– Думаеце, што сумненьнi патрэбны нашым начальнiкам?
– нэрвова пазяхнуў Сьцяпан.
– Можаце запiсаць iх сабе ў прыватны дзёньнiк...

– Гм, а што начальству патрэбна?

– Нiчога: фiкцыя!

– Калi ласка... Калi ласка, - бухгальтар зноўку падсунуў да сябе арытмомэтр i выкручваў на iм чарговыя дадзеныя, па-хлапечаму пасьвiстваючы. Раз нiчога, дык нiчога, мiлы. Мая справа збоку.

– Вам не шкада гадоў, праведзеных збоч дарогi?
– зласьлiвiў Сьцяпан.

– Як? Якой дарогi?

– Так гаворыцца...

– Ага... О, духоўка будзе каштаваць утрая даражэй, чымсьцi...

Сумленевiч ня даў яму дакончыць.

– Кiньце пераймацца гэтым, шаноўны пане. Купяць людзi духоўку i ў пяць разоў даражэйшую! Каму яна неабходная, той за любую цану купiць яе.

– Гм, - стары вырачыўся на Сумленевiча, заўважыўшы, што той не жартуе. Лёгка сказаць, мiлы, - ён паўстрымаўся ад далейшых выказваньняў, якiя, праўдападобна, Сьцяпан пачуў-бы ў наступным слоўным убраньнi: малады чалавек, я лiчу, што нельга... i г. д.

– Купяць, - паўтарыў Сьцяпан.
– Пакупнiкi стагнаць будуць, а купяць!

– Невядома...

– У нас?

– Зь людзьмi.

Зь людзьмi? Вядома!

Стары вывеў падлiкi й, сапучы, падаў Сьцяпану запiсаны лiсток.

"Чаго ён злуецца на мяне?!
– Сьцяпан падзякаваў бухгальтару й выйшаў да сябе.
– Я зьнелюбiў яго не таму, што суне ён нос у не сваё. Бухгальтар экспанат часткi мяне, той, якая абурае якраз i ганьбiць..."

Ён пачуў у калiдоры:

– Добры дзень.

Сьцяпан адказаў на прывiтаньне й паглядзеў усьлед за кiмсьцi.

Ён чакаў думкi, што ўзварушыла-б яго цэлага; уяўляў нават, як гэта адбудзецца. Не здагадваўся, аднак, якi будзе зьмест пералому. Адно было яму несумненнае: зьявiцца ў iм, Сьцяпане Сумленевiчу, нешта вялiкае. Надзвычайнай важнасьцi! Зь бязьмежнай ахвярнасьцю зь яго боку, як умова падзеi. Гэтае нарадзiлася ў iм яшчэ ў час вучобы ў сярэдняй школе. У пачатковай! Аднаклясьнiкi празывалiся на Сьцяпана Котляр - так называўся аптэкар, тоўсты тып зь блiшчучымi валасамi, якi жыў у канцы Гродзенскай, у домiку зь белымi сьценамi пасярод садка. Хлопцы хадзiлi туды ў яблыкi й сьмяялiся памiж сабою, што латошаць iх перад самюткiм носам таго дзiвака, якi адвячоркамi сядзiць на ганку й чытае сабе. Аднаго разу Рыжы кiнуў сьлiўкаю ў аптэкара, але той не адагнуўся з-над кнiжкi, каб паглядзець, што здарылася; пачухаўся па карчыску дый столькi. Рыжы любiў быць экзэкутарам. З асалодаю наляскаў ён Сьцяпана па мордзе за тое, што той згадзiўся насiць вугаль i дровы ў павець ля школы, каб заслужыцца перад выхавальнiкам клясы.

Пасьля хваробы Сумленевiч пайшоў на працу пасавелым. Ён нават крыху недачуваў, што - пацьвердзiла гэтае лекарка - насоўвала дапушчэньнi аб узьнiклых ускладненьнях у арганiзьме ў вынiку вострага запаленьня лёгкiх.

– Ты зноў хварэеш, - пацiкавiўся быў Сьцяпанам цесьць.
– Ну, хварэй, - i, павярнуўшыся: - Мацi, дай мне есьцi, - ён паправiў ражок пледу, якiм накрыўся Сьцяпан; усьмiхнуўся да яго вачыма.
– Ляжы сабе. Будзе добра, - сказаў ён Сьцяпану, як намёк на мужчынскую тайнiцу.

Ён марудна паабедаў.

Цесьць зьявiўся дома даволi рана, але ня тое зьдзiвiла Сьцяпана, якi прызвычаiўся да позьнiх вяртаньняў старога дамоў i сакрэтных яго шэптаў (зь цешчай). Кiрыны бацькi здавалiся Сумленевiчу цiхманымi ўласьнiкамi кватэры, якую ён быццам наняў у iх. Яны - цяпер сьцямiў гэтае - самi не пыталi ў яго пра мацi й бацьку, пра радню. Iм, вiдаць, хапала таго, што ў дачкi ёсьць неблагi мужчына, не рызыкоўны, i лiчылi гэта акуратна ўладжанай патрэбай iх дарослага дзiцяцi. Калi памерла й мацi Сьцяпана, цесьць сказаў за сталом: "Якi-ж ён вам сiрата?! Сьцяпан, хiба, разьвёўся з Кiрай?" Цешча, праўда, сумелася на тое й, напэўна, нагаварыла - потым - яму непрыемнага. (Кiра нiчога ня чула, падаючы жалобнiкам закуску.)

– Хваробу трэба вылежаць!
– сказаў Сьцяпану цесьць. Неўзабаве ён прынёс яму табурэтку.
– Тут, на ёй, будзеш есьцi... Ты так не паддавайся бабам. Яны, каб менш работы мець, гатовы кармiць чалавека з гаршка, - ён строга загадаў падаць ежу сюды, а сам сеў побач, як бы дапiльноўваючы выкананьня сказанага iм.

Сьцяпану прапаў апэтыт. Суп ён яксьцi праглынуў; другую-ж страву ўжо не адолеў. Было яму гiдка й адначасова сьмешна. (У маленства Сьцяпан чухаў бацьку ў пяты - за тое атрымоўваў ад яго кожны раз па два злоты.)

– Дзякую вам. Я наеўся.

– Ты яшчэ ня дзякуй, еш, - старажаваў каля зяця цесьць.
– Хто ня есьць, той не працуе, гэ...

– Яксьцi ня хочацца мне...

– Эх ты...
– стары ўладна ўсьпёрся рукою на калена.
– Колькi даюць табе, скажы, на рабоце?

– Чаго даюць?

– Грошай.

Сьцяпан сказаў.

Няшмат, - заключыў цесьць.
– Гэта, дарагi, не заробак.

– Як на пачатак - нямала, - Сьцяпан улёгся ў пасьцелi: "Мусiць, цешча пасадзiла мяне на язык".
– З часам павысяць.

– Гм, павысяць... На трыста злоты. Гэта добрае паненцы, - гаварыў ён зьвяглiвым голасам.
– Старшыня бярэ, дарагi, ня грошыкi, як ты, а яшчэ й падзарабляе, - стары кiнуў на Сьцяпана насьцярожлiвы позiрк, быццам сказаўшы яму лiшняе.

– Ён?!

– Ён, ня ён... Чаго вы там, скажы, не падзялiлi памiж сабою, што ўжо сварыцеся?

– Я - са старшынёю?
– Сьцяпан хоць i ведаў пра сувязi цесьця ў каапэратыве, але ўсё-такi зьдзiвiўся ягонай праiнфармаванасьцю.
– Хто вам гэта казаў?

– Слухай, - цесьць абмiнуў пытаньне, - ён не жадае табе зла. Ты кiнь скакаць яму да вачэй. Справядлiва табе кажу: зь iм многае магчыма. Гэта дзелавы чалавек i ты трымайся яго.

– Старшыня, хiба, уласьнiк каапэратыву, што трэба зь iм дзялiцца?! злосьць, як вiхор, скаланула Сьцяпанам.
– Мяне не цiкавiць тое, кiм ён адчувае сябе. Я выдушу зь яго ўсё, што ён павiнен зрабiць дзеля агульнай карысьцi, пра тую размову Сьцяпан змаўчаў, трапна падумаўшы, што сваё абурэньне на шпiкоўскiя спробы шэфа лепш захаваць сабе: "Няма чым хвалiцца!"

Поделиться с друзьями: