ЖАНРЫ

Сёмае акно (на белорусском языке)
Шрифт:

I, узяўшы ручку, ён крутнуў ёю ў якiмсьцi месцы маёй заявы.

"Усё прапала!" - вырашыла я.

– А вы не ўздыхайце... як вас? Ганна Мiкалаеўна? Не ўздыхайце, Ганна Мiкалаеўна. Вам галоўнае цяпер - не зблытаць двугрывенны з пятаком. I яшчэ - даць рэшту з рубля не пяцьдзесят капеек, а шэсць грыўняў, калi чалавек просiць марку для простага пiсьма. Тут коскi непатрэбны.

Я бачыла, што Гур'янчык робiцца ўсё больш i больш нездаволены мною.

– Заўтра i пачынайце, - ужо амаль злосна сказаў ён, выводзячы на маёй заяве маленькiмi лiтарамi рэзалюцыю.
– Ваша пасада будзе называцца... пачакайце, зараз я вам скажу...
Ён пагартаў нейкую кнiгу - здаецца, тую самую, якую трымаў у руках, калi я прыйшла да яго.
– Вось: паштовы агент! Здорава гучыць, га? Агент!
– I Гур'янчык падняў угору ўказальны палец правай рукi. Сiвыя бровы яго таксама ўзнялiся, нарабiўшы на лбе глыбокiх маршчын.

Трэба было штосьцi сказаць начальнiку аддзела кадраў перад тым як развiтацца, але што - я не ведала.

– А мая Саша ў педагагiчны падалася... вось...
– пацiху, нiбы адказваючы на нейкiя свае думкi, прамовiў Гур'янчык.

– Бывайце!
– выгукнула я i пабегла з пакоя.

Вось так i паступiла я на работу...

А цяпер во не сплю, сяджу на сваiм ложку i ўсё думаю...

Зазванiў будзiльнiк. Гэта я ўчора звечара накруцiла яго, каб не праспаць...

На дварэ iдзе дождж. Фортка ў пакой адчынена, i я чую, як кроплi з шумам падаюць на лiстоту клёна, што расце пад самым маiм акном. Чамусьцi ўяўляецца, быццам клён курчыцца, уздыхае i вось-вось пачне скардзiцца мне на панылы, надакучлiвы дождж.

Я бяру парасон i выходжу з дому. У наш завулак залятае гарэзлiвы ветрык. Стары клён нездаволена калыша галлём, пакуль я не збочваю на вулiцу.

Прыгадалася... Аднойчы, калi я была яшчэ зусiм маленькая, бабуля-нябожчыца мне неяк сказала:

– Ох, i язычок у цябе, Ганначка! I трашчыш, i трашчыш - ну чыста сарока. Глядзi, будзеш от так i далей трашчаць, вырасце ён у цябе, як вясло. Кепска тады табе будзе.

– Чаму кепска?
– зацiкавiлася я.

– А таму, што тых, у каго язык доўгi, пасылаюць на пошту. Стаяць яны там, высунуўшы свае языкi, а людзi падыходзяць i мачаюць аб iх свае маркi.

Мiлая мая бабуля, каб жа гэта ты ведала, куды я зараз iду!..

Пошта адчыняецца ў дзевяць гадзiн, але я прыйшла а палове дзевятай, i гэтыя паўгадзiны да пачатку працы жанчына з высокай прычоскай цярплiва растлумачвала мне мае абавязкi. Ля майго стала стаiць невялiкая жалезная скрынка, у ёй поўна марак, канвертаў, паперы для пiсем, усялякiх бланкаў для тэлеграм, паштовых пераводаў, пасылак.

– Вы не палохайцеся, мiлая, - прыемным голасам гаварыла далей жанчына, раскладваючы на стале стосiкамi бланкi, канверты, маркi.
– От гэта зручней будзе тут пакласцi, а гэта - лепш з правага боку. Маркi па сорак капеек тут пакладзiце, яны часцей за ўсё iдуць, а астатнiя можна пакласцi далей, iх менш пытаюць.

Я слухала Аўдоццю Паўлаўну - так звалi жанчыну - i пакутлiва намагалася запомнiць яе парады, але ў галаве ўсё блыталася, i я з сумам думала: "Вось яна, Ганна Мiкалаеўна, коска ў тваiм жыццi..."

Вялiкi старадаўнi гадзiннiк, што стаяў на падлозе i ўзвышаўся ледзь не да сярэдзiны сцяны, прабiў дзевяць разоў. Аўдоцця Паўлаўна адсунула фанерку, якая зачыняла маё акенца, села побач са мной i сказала:

– Ну вось...

Здаецца, яна таксама хвалявалася.

Акенца было з правага боку ад мяне, на ўзроўнi маiх вачэй. Непрыкметна я кiнула позiрк направа. У акенца мне была бачна ўся амаль пустая яшчэ зала. Вунь стаiць круглы стол, за якiм я ўчора напiсала сваю заяву...

– Дождж на вулiцы, таму i не iдуць...
прамовiла Аўдоцця Паўлаўна. Яна, вiдаць, заўважыла мой позiрк.
– Вы не палохайцеся, мiлая.

– Грамадзяначка, марку, хуценька!
– пачуўся раптам нечы моцны басавiты голас, i ў акенца прасунулася вялiзная мужчынская рука. На мой стол са звонам упалi тры манеты, адна з iх пакацiлася, я не паспела падхапiць яе, i яна са стала звалiлася на падлогу.

– Выбачайце!
– сказаў той жа басавiты голас.

Аўдоцця Паўлаўна падняла манету i паказала мне вачыма на маркi - вунь адтуль, моў, бяры. Я схапiла лiст i пачала адрываць марку, але пальцы не слухалiся, i марка разарвалася папалам.

– Якая ж вы нялоўкая...
– прагрымеў голас у акенцы.
– Я ж спяшаюся, мне некалi!

Новая марка адарвалася добра, рука з акенца хутка выхапiла яе ў мяне i знiкла.

– А рэшту?
– палахлiва спытала Аўдоцця Паўлаўна.
– Ён жа даў сорак пяць капеек!

Я таксама спалохалася. Нервова схапiла нейкую манету, высунула яе з акна, але там нiкога не было. Выглянула ў залу - але таго чалавека i след прастыў...

– Няма, - цiха сказала я.

– Як кажуць - першы блiн комам, - не то з дакорам, не то са спачуваннем сказала мая настаўнiца.

"Эх ты, коска!" - аблаяла я сябе ў думках.

– А дождж, вiдаць, перастае, - радасна паведамiла Аўдоцця Паўлаўна.

"Лепш бы ён не пераставаў", - падумала я.

У зале захадзiлi, затупалi людзi. У маё акенца раз-пораз чулася:

– Любая, адзiн канверцiк!

– Марачку для заказнога пiсьма!

– Бланк для перавода можна? Будзьце ласкавы!

– Для тэлеграмы, хуценька бланк для тэлеграмы!

Я ледзь упраўлялася падаваць. Гадзiне а дзесятай я з жахам заўважыла, што ля майго акна выцягнулася доўгая чарга.

– Не палохайся, мiлая, не палохайся, - ласкава прамовiла Аўдоцця Паўлаўна i пачала дапамагаць мне. Чарга ў хуткiм часе растала, i пасля хвiлiн колькi да акна амаль нiхто не падыходзiў.

– Дождж, цi што, зноў пайшоў?
– спытала я.

– Якi там дождж! Сонца вунь як пячэ!
– весела адказала Аўдоцця Паўлаўна.
– А што народ схлынуў, дык гэта ў нас заўсёды так: то густа, то пуста.

Нечакана да стала падышоў Гур'янчык. Сёння ён выглядаў не такiм старым, як учора. Паблiскваючы шкельцамi дзвюх пар сваiх акуляраў, Гур'янчык сярдзiта спытаў:

– Прывыкаеце?
– I не чакаючы майго адказу, ужо мякчэй дадаў: - А я, ведаеце, амаль прывык ужо. Сёння ад начальнiка канторы наганяй атрымаў. За кадры. Не хапае iх у нас. Сярод вашых знаёмых няма такiх, што не працуюць? Можа ўгаворыце каго? Гэта ж як яно прыгожа гучыць: агент!

Я нiчога не паспела адказаць начальнiку аддзела кадраў. У акне пачуўся чыйсьцi нясмелы тонкi галасок:

– Цёценька, з Пушкiным няма маркi?

У акне вiднелася бялявая галоўка.

– Ёсць, дзяўчынка, ёсць. Табе колькi?

– Я не дзяўчынка, - пакрыўджана сказала бялявая галоўка, - Я хлопчык. Дайце дзве.

Маленькая рука ўзяла маркi i знiкла. Але праз хвiлiну той жа галасок зноў спытаў:

– А з Маякоўскiм ёсць?

З Маякоўскiм у мяне марак не было, i я прапанавала юнаму фiлатэлiсту марку з Чапаевым.

– З Чапаевым у нас ужо ёсць, - важна адказаў хлопчык, i я толькi цяпер заўважыла, што побач з белай варушыцца яшчэ i русавалосая галоўка.
– А калi будзе з Маякоўскiм?

Я адказала, што не ведаю, i хлопчыкi, вiдавочна расчараваныя, пайшлi.

Поделиться с друзьями: