Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— А што, зрабіў пан так, як я раіў?
— Зрабіў усё як належыць, вось жончыны валасы.
Дастаю з кішэні касу і кладу перад ім на стале.
— Хутка, пане, — кажа ён, — пабачыш цуды.
Узяў вялікую драўляную міску, наліў вады, частку валасоў з касы паклаў у тую пасудзіну; стаяў, утаропіўшыся на валасы; агонь на стале гарэў цьмяна, нібы дагараў, месяц выглянуў з-за чорных воблакаў, засвяціў бледным святлом у вакно, нечакана ўсхадзіўся вецер, лес парушыў сваё глухое маўчанне шумам. Глянуў я на старца: здавалася, што яго вусны, бледныя, як у нябожчыка, варушыліся, быццам ён штосьці шаптаў; трывога агарнула мяне, дрыжыкі прабеглі па целе; нарэшце ён сказаў:
— Падыдзі і глянь, што дзеецца.
Глянуў у міску — цуда! Жывыя валасы, уючыся ў розныя бакі, нібы п’яўкі, бегалі ў вадзе. Доўга я глядзеў задумана на гэта. Нарэшце ён вынес з хаты намочаныя валасы і частку касы і ўсё гэта кінуў у рэчку. І здалося мне, быццам бачыў я ў месяцавым святле, што ўсе яны плавалі, звіваючыся, наверсе.
Пасля гэтае страшнае пробы ён сказаў мне:
— Будзь, пане, спакойны, ужо валасы не будуць таемнаю сілаю прыцягваць да сябе вочы гасцей.
Пасля гэтага майго ўчынку Амелія доўга ўпотай плакала, і здароўе яе з кожным днём горшала, уначы не магла заснуць: як толькі прыплюшчвала вочы, адразу мроіліся ёй нейкія прывіды, што ўставалі з магіл.
Перад захадам сонца здарыўся страшны выпадак. Амелія сядзела адна ў садзе, але калі пачаў насоўвацца вячэрні змрок, упала раса на травы, паветра стала халоднае і вільготнае, — вярнулася ў свой пакой. Ледзь ступіла на парог — нема закрычала і ўпала, нібы мёртвая; збегліся ўсе, паднялі яе, на твары і кроплі крыві не было; паклалі на ложак і з цяжкасцю змаглі вярнуць ёй дыханне.
Як апрытомнела, расказала, што ўбачыла тады перад сабою таго чорнага старца ў жахлівым абліччы: крывавым агнём свяціліся ягоныя вочы, у руках трымаў велізарны нож і пагражаў ёй смерцю.
Калі я ўбачыў стан яе здароўя і што ў яе зусім хворыя нервы, у маім сэрцы з’явілася нарэшце літасць. Паслаў хутчэй па доктара.
Штодня лёталі пасланцы да горада з медыцынскімі рэцэптамі; усё, што можна, рабілі, каб падмацаваць яе. Прайшло некалькі дзён; лячэнне было безвыніковае, не прынесла ніякае палёгкі, і Амелія яшчэ больш пакутавала і слабела.
Бацькі, даведаўшыся пра небяспечную доччыну хваробу, прыехалі пераведаць. Яна хацела, і доктар гэта раіў, каб лячыцца ў бацькоўскім доме. Можа, там хутчэй супакояцца яе думкі і лекі будуць лепей уздзейнічаць.
Пагадзіўся я з гэтым, і Амелія з бацькамі выехала з майго дома, абяцаючы вярнуцца, як толькі дазволіць здароўе.
Праз тры дні атрымаў ліст з чорнаю пячаткаю і ўбачыў там такія словы: «Амелія самотнае сваё жыццё закончыла ўчора а пятай гадзіне пасля паўдня».
Калі гэта прачытаў, знячэўку ўсе валасы на маёй галаве заварушыліся і пачалі страшна крычаць. Люты страх апанаваў мяне, я нарэшце ўбачыў, да якога няшчасця давёў мяне той жахлівы старац. Хапаю набіты пісталет, бягу з намерам забіць яго на месцы… ледзь адчыніў дзверы — з пустое хаты вылецела велізарная чарада кажаноў і са страшным піскам пачала кружляць над гэтаю хацінаю і вакол дрэў, а старца і яго трусоў ужо і звання не было.
Пакінуў я свой дом. Страшна ў ім жыць, страшна выйсці ў поле і бачыць лугі, пагоркі і лясы, бо там усюды з’яўляецца перад маімі вачыма чорная, як у д’ябла, постаць жахлівага старца.
Вось, доктар, споведзь майго жыцця.
Крыху памаўчаўшы, ён паклаў руку на галаву і, гледзячы ў люстэрка, сказаў:
— І цяпер валасы варушацца і крычаць. Ну, ці ведаеш, як дапамагчы мне ў няшчасці?
Доктар, стараючыся яго суцешыць, запрасіў да сябе, даў адрас, і мы з ім неўзабаве выйшлі з карчмы, а Генрык застаўся там. Праз два дні я выехаў з Віцебска і больш яго не бачыў.
— Жахлівы старац! — сказаў Завальня. — Ці не той гэта шатан, якому Твардоўскі загадаў ажывіць цела Гугона? З’яўляецца цяпер у розных канцах свету, каб шкодзіць роду людскому.
— Страшны выпадак расказаў пан Сівоха! У мяне няма такой добрай памяці, — сказаў Латышэвіч. — Шмат чуў розных аповядаў, але што сёння пачую, тое заўтра забуду.
Цыган Базыль
Калі мы так гаманілі і кожны выказваў пра апавяданні гэтага вечара сваю думку, вецер нечакана пачаў шумець за сцяною ў дрэвах, якія акружалі дом; дзядзька глянуў на свечку, што дагарала на падваконні, і сказаў:
— Нездарма певень спяваў адразу пасля захаду сонца. Вось ужо і перамена надвор’я: усхадзіўся вецер, і цяпер самае галоўнае, каб ясна гарэў агонь у вакне.
Ён падняўся, замяніў свечку і звярнуўся да мяне:
— Янка, папрасі пані Мальгрэту, каб прыйшла сюды. Дзіўная гэта кабета! Здаралася ў мяне, як і сёння, што госці апавядалі найцудоўнейшыя гісторыі. Я слухаю, нібыта прыкуты да месца, а яна не мае да гэтага аніякае цікавасці ды яшчэ гневаецца, не хоча заходзіць у гэты пакой, даводзячы, што не толькі апавядаць, але і слухаць пра д’яблаў і чары грэх.
Калі прыйшла пані Мальгрэта, дзядзька прамовіў:
— Васпані заўсёды самотная, не хацела паслухаць цудоўную аповесць, якою нядаўна так прыемна бавіў нас пан Сівоха. Бачыў ён у Віцебску чалавека з валасамі, якія крычалі на галаве.
— Ат, ведаю я вашы гісторыі! Хто дасць веры, каб калі-небудзь валасы крычалі?
— Няхай будзе па-твойму. Васпані не хоча верыць, а ўсё адно папросім пра адну рэч: загадай нам прынесці добрае гарэлкі, мёду і прыгатаваць журавін. Палёнкаю [160] развітаемся са старым годам і спаткаем новы, а цяпер гэта пітво будзе яшчэ прыемнейшае, бо мароз мацнее і вецер паўночны.
160
Палёнка — беларуская назва трунку, якi робяць з паленай гарэлкi, журавiн i мёду.
На падворку дзьмуў вецер, на стале палілася гарэлка. Завальня рупіўся, каб дадаць неабходную колькасць усялякіх патрэбных прыправаў і добры прыгатаваць напой. Пан Латышэвіч гутарыў са сляпым Францішакам. Стоячы каля пана Сівохі, Стась і Юзік апавядалі пра сваіх школьных таварышаў, пра майскія прагулянкі ў полі ды пра студэнцкі тэатр. Я, гледзячы на блакітны агонь гарэлкі, прыгадваў размаітыя гісторыі, якія чуў у дзядзькавай хаце, а найбольш у гэты час мне мроілася ў галаве апавяданне арганіста Андрэя пра вогненных духаў. Здавалася, з гэтага полымя на кліч адразу б выскачыў Нікітрон.
Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць у пакой мужчына, якога я ніколі не бачыў. Высокі, смуглатвары, чорнавалосы, вочы як дзве жарынкі; апрануты коратка, як казак, і бізун за поясам з левага боку.
— Падаю да ног пана гаспадара-дабрадзея! — гучна абвясціў ён.
— А! Як маешся, Базыль! Адкуль цябе Бог прыслаў?
— Далёка быў, дабрадзею! Быў і тут, і там, у маёнтку ксяндзоў дамініканаў блізу Гарбачэва. Едучы праз возера, замёрз увесь: моцны мароз і вецер прадзімае наскрозь. Убачыўшы агонь у вакне панскага дома, спяшаў сюды як да найбліжэйшага месца, дзе можна пагрэцца.