Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета — высокага росту, у белай сукні, твар заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі [166] .
…………………………………………………
…………………………………………………
Заспяваў певень.
— Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, — сказаў дзядзька. — Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас пацешыць?
166
Наступныя два радкі, мажліва, выкрасліў цэнзар Ігнат Іваноўскі або сам аўтар, чытаючы карэктуру.
Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.
Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:
— Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!
— Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой. Такое рабіць няварта, — сказаў Базыль. — Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я — цыган, маю адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.
Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і гумору.
— Базыль, як я заўважыў, — сказаў Сівоха, — чалавек чуллівы, яго кранае кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
— Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.
Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:
— Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле нам ураджай і шчаслівыя дні.
Яснасць на небе
Нечакана зыркае святло ўдарыла ў вакно і асвяціла пакой. Усе змоўклі, перапалоханыя гэтым раптоўным дзівам, пасля выскачылі з хаты, думаючы, што недзе ў суседзяў пажар. Убачылі на небе такую зыркую яснасць, што ледзь вока трывае; разлілася яна кшталтам велізарнае ракі. Палі, лясы і горы, пакрытыя снегам і асветленыя агністым небам, мелі дзіўны і захапляючы выгляд. Хмары, распаленыя чырвоным полымем, ляжалі на даляглядзе; здавалася, што там тонуць у пажарах велічныя гмахі і стромкія вежы. Доўга моўчкі стаялі і паглядалі мы на гэты дзіўны і страшны малюнак неба; нарэшце яснасць вогненнае ракі пачала цьмець і нікнуць у паветры; патухлі хмары, і сутонне зноў ахінула неба і зямлю.
— Дай Божа, — сказаў дзядзька, вярнуўшыся ў хату, — каб гэты знак нам спрыяў. За сваё жыццё трэці раз бачу падобнае дзіва, і заўсёды ў той год, калі бачылі такія пажары на небе, бывалі нейкія неспадзяванкі.
— Я ведаў старога, што памятаў год Лебяды, — сказаў пан Латышэвіч, — і часта апавядаў пра дзівы, якія сам бачыў на небе. Гарэлі тады замкі ў паветры і войскі біліся ў полымі. Страшэннае гора было ўсім. Людзі жывіліся адной травою; аднак жа праз год злітаваўся Бог над галоднымі і паўсюль спіжарні напоўніліся жытам.
— Беднасць у нашым краі — не навіна, — сказаў Сівоха. — Прыйдзе вясна, і рэдкі селянін, сеўшы за стол, пакладзе хлеб перад сабою і будзе мець, чым засеяць поле. А гэтая заўсёдная нядоля да таго запала ўсім у памяць, што ўсё незразумелае ў нас заўсёды — знак няшчасця. Будзьма больш ашчадныя і руплівыя. Хто працуе і просіць Бога, той і сам жыве заможна, і людзям дапамагае.
Сляпы Францішак уздыхнуў:
— Мы сустракаем і праводзім усе гады з адной і той самай песняй. Свет нам — пілігрымка, а неба — напамін. Летам, калі я чую гром, што скаланае ўсю зямлю, думаю пра Ўсемагутнасць Творцы і пра Ягоную міласэрнасць. Няхай будзе Яго воля. Наша будучыня — у Яго руках.
— Я чуў некалі такое апавяданне [167] , — сказаў Сівоха. — Летам пасля захаду сонца перад нядзеляю ноч была ціхая і пагодная. Парабкі пагналі коні на начлег. Адны сяляне пасля дзённае працы гаварылі пра сваю гаспадарку, іншыя спявалі, вяртаючыся з паншчыны. Раптам убачылі ўгары дзіўнае відовішча: на ўсю сваю прастору раскрылася неба і быццам бы сярод гэтага святла бачылі анёлаў, адзенне якіх было бялейшае за снег, а вакол галавы — німб, яснейшы за сонца. Усе ўпалі ніцма, і хто маліўся шчыра, таму Бог такія шчодрыя даў дарункі, што ўсё жыццё тыя людзі не ведалі нэндзы.
167
З апавяданняў люду.
— Чуў і я гэтую гісторыю, — сказаў Завальня. — На маю думку, праўдзівую і шчырую малітву заўсёды неба пачуе. Але дзе ж Базыль? Ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
Агледзеліся ўсе — але Базыля ўжо ў пакоі не было.
— Пэўна, заваліўся спаць, — абазваўся Сівоха, — бо я даўно заўважыў, што ён ледзь сядзеў і ўсё пачынаў драмаць. Але, пане-гаспадару, час бы і нам ужо адпачыць. Заўтра не цэлы дзень спаць: трэба быць на святой імшы.
— Але ж апавяданне пра жабер-траву не закончана.
Сказаўшы гэта, дзядзька выйшаў і загадваў прыгатаваць гасцям ложкі.
Патушаны агонь. Усе моцна спяць.
Таварыш у падарожжы
Усюды прырода дзіўная, прыгожая і разнастайная, чаргуюцца навальніцы і пагодныя дні. Здзіўлены пілігрым пазірае на змрочныя, вясёлыя і дзікія малюнкі пагоркаў і лясоў, страчае людзей, якія, разумеючы яго думкі і пачуцці, радыя падзяліцца з ім цяжкай сваёй тугою; усюды ёсць шчасце і нядоля; усюды незразумелая наканаванасць вядзе нас па розных дарогах жыцця. Чаму ж чалавек заўсёды сумуе па сваёй роднай зямлі, як дзіця па маці?
Такія думкі агортвалі мяне, калі на адзіноце падарожнічаў праз палі і цёмныя лясы далёка ад Бацькаўшчыны. Было ўжо каля паўдня — чыстае неба, ціхі дзень, спёка. Знябожаны падарожжам і сонцам, я сеў каля дарогі ў засені бяроз.
Непадалёку звінеў крынічны струмень, лашчылі мяне лёгкія подыхі ветрыку, што плыў з поля. Аддаўшыся марам, я ўспамінаў прыгоды мінулых гадоў і не заўважыў, як нехта падышоў да мяне — высокага росту — клунак на плячах, смуглы ад сонца і ветру твар, худы, змучаны цяжкім падарожжам. Пачаў ён так:
— Прыемна адпачываць тут, у засені бяроз каля крыніцы?
— Цяжка ісці ў такую спякоту, — адказваю. — А да вёскі ці да якой-небудзь аўстэрыі [168] , магчыма, яшчэ далёка.
— Найлепей ісці, калі сонца схіліцца да захаду і абзавуцца спевамі саловак лясы, а цяпер усюды глуха: і птушкам дакучае спёка.
— Куды ты ідзеш? — запытаўся я ў незнаёмца.
— Туды, далёка, — паказаў ён рукою.
— Будзеш мне спадарожнікам, бо і я таксама іду ў той бок.
168
Аўстэрыя — гасцініца, заезны дом.