ЖАНРЫ

Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

Вось ужо і скончыўся дзень, на лагі апусцілася смуга і змрок ахутаў зямлю. Вось і канец нашага кароткага падарожжа, вось і канец нашым размовам. Сёння не так як некалі — развітваемся ля магілы, убачымся пасля смерці.

Сказаўшы гэта, ён паціснуў мне руку, пайшоў шпарка сваёю дарогаю і хутка схаваўся ў пушчы, якая, як чорная хмара, хавала далягляды.

Яшчэ нейкі час я моўчкі, як помнік, пастаяў над магілаю і самотны пайшоў далей з цяжкім смуткам на душы.

У СМУТКУ
Сціжмы зорак уверсе то гаснуць, то ззяюць, Хмары ночы схавалі нябёсаў скляпенні, У цямрэчы усё навакол патанае, Мне ж заснуць не даюць даўніх дзён маіх цені. Гэй, сябры! Мы жылі шчаслівейшай парою, Сёння ж церні і глогі жыццё уздымае; Колькі люду шукае на свеце спакою, След крывавы гаркоты у сэрцы трымае. Той няшчасны, і гэта яго прызначэнне, Хто чытае у сэрцах і годнасць, і ваду, Хто навек успаміны свае і імкненні Затаіў у грудзях, як атрутнага гада. Гэты свет яму дзікай пустэльняй здаецца, Ні душу, ані вока няма чым спатоліць; Жаль у сэрцы, а думка бязлітасна б’ецца У бяссонныя ночы, а ўдзень яшчэ болей.
НАДЗЕЯ
Адчыняецца чорнае хмары заслона, Абшар нябёс бялее там, на ўсходнім краі, І, як запаленая лямпа ў хмарах сонных, Ярчэй за іншыя нам гэта зорка ззяе. Вясляр, стамлёны штормам ў водах Акіяна, Плыве пад зоркаю надзеі без трывогі; Пяскамі Афрыкі вандруюць караваны, Што, ў неба глянуўшы, выходзяць у дарогі. О, зорка! Да цябе заўжды узносіць вочы Блукалец, што камень тугі нясе у сэрцы, Калі жалобы хмара светач думкі змрочыць, Часінай буры супыніўшы ў паняверцы. Дарма халодны розум шчасця дзесь шукае, Дарма магутны розум лічыць слуг бясконца; Сумленнага прадбачнасць акрыляе, Што ўночы зоркі, тое ўдзень запаліць сонца.
БОГ
Ранак высвеціў поле і бор напаўсонны, А на ўсходзе аблокі гараць, як рубіны; Шмат чуваць журавоў над вазёрным затонам І ў зялёнай гушчэчы хароў салаўіных. Божа! Колькі падзякі Табе у прыродзе! Загадаеш, і краскай вясна нас вітае, Загадаеш, як слотная восень прыходзіць І у вырай вандроўнае птаства злятае. А даброты Твае ўсе стварэнні зазналі, Там, дзе моры пяскоў пад адвечнай спякотай Там, дзе моры ільдоў назаўсёды паўсталі, Ёсць апека Твая над найменшай істотай. На дарогах жыцця церні раняць глыбока. Спі ж, вандроўнік самотны, ў пустэльным спакоі, Бачыць гадаў атрутных тут Божае вока, І Ягоны анёл назаўсёды з табою.

Рада

Быў змрочны дзень у палове сакавіка, на панадворку падаў мокры снег. У хаце дзядзька размаўляў з рыбаком Родзькам пра рыбацкую ўдачу, пра гаспадарку ды пра клопаты бедных сялян, якім не будзе чым сёлета сеяць, калі палеткі вызваляцца з-пад снегу. Я падчас тае гаворкі думаў пра падарожжа і марыў, што ў чужых краях зусім іншы свет, пякнейшыя краявіды, прыгажэй цвітуць лугі, больш багатыя ўраджаі на палетках і людзі стакроць шчаслівейшыя. Дзядзька парушыў мой одум, кажучы:

— Янка доўга гасцяваў у пана Марагоўскага, бываў і ў іншых дамах заможных нашых суседзяў, палюбіў іх ветлівасць, пасябраваў з сім-тым з маладзёнаў і нібыта назаўсёды з імі развітаўся; заўсёды маркотны, задуманы і гэтай вясною хоча нас пакінуць, мяркуючы, што дзесьці там, у далёкіх краях, багацце плыве ракою.

— Я не шукаю багацця, — адказваю, — а хачу пазнаёміцца з думкамі і жыццём людзей у тых далёкіх краях; у маладосці трэба вучыцца, трэба пабачыць свет.

— Убачыш, зазнаеш і спасцігнеш, што і там, дзе зямля шчодра адорвае земляроба, дзе лясы цвітуць накшталт зямнога раю, — людзі ўсюды такія самыя, там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без хцівасці, не забывае бліжніх і спадзяецца на лепшае. У нашым краі доўгая і зменлівая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, а на пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта, аднак жа дбайнасць і праца можа перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу, цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць. Паны, што маюць прыгонных, марнуюць багацце на карэты, уборы і карты; няраз вясною, калі ім бракуе грошай, ідуць да шляхціца Завальні. Хто працуе і спадзяецца на Бога — можа і тут быць шчаслівы і спакойны.

— Я гэта добра ведаю, дзядзечка, але, жывучы ў гэтым краі, не чую і не бачу, што дзеецца на свеце, быццам вочы мае заслоненыя. Сумнае такое жыццё.

— Вось што такое навука! Ужо неспакойны, хочаш яшчэ больш даведацца і лятаеш думкамі недзе там, далёка, хочаш бачыць вялікі свет, і таму цесна табе тут з намі, хочаш, як птах, вырвацца з клеткі.

Родзька маўчаў і ўважліва слухаў гэтую размову. Нарэшце, глянуўшы на мяне, сказаў:

— Нашы продкі не зайздросцілі багатырам, што жылі недзе там, у далёкіх краях, яны мелі ежу і вопратку са свае працы, а цяпер хцівасць прывяла злых духаў, каб здабывалі грошы з-пад зямлі, а таму смутныя гады і смутнае жыццё.

— Родзьку, — сказаў я, — нязменна мрояцца злыя духі, а ўсё ж такі сам іх не бачыў.

— Ці ж людзям не верыць? — сказаў рыбак. — Паніч, пэўна, не чуў, што здарылася на Сітнянскім возеры, а пра тое шмат хто апавядаў.

— Не ведаю, што там было.

— То я раскажу. Каля таго возера з аднаго боку вёска Сітна і дарога з Полацка на Невель, а з другога — густы і цёмны яловы лес. Летам у ціхае надвор’е схавалася сонца і зоркі паказаліся на небе; сяляне, вярнуўшыся з поля, завіхаліся ля хат і чуюць раптам, як нехта за возерам, каля самага берага, за цёмным лясным гушчаром, спявае. І так моцна ды вусцішна, што чароды перапалоханых качак падняліся ў паветра, звяры, выгнаныя з лесу, беглі па палях і пагорках, а сабакі скуголілі, нібыта перад вялікім няшчасцем. Жыхароў гэтае вёскі апанавала трывога, і дрыготка працінала іх целы, бо выразна пачулі словы тае песні:

І Сітна маё, І Глубокая маё, І Скобрыя маё, І Шэвіна маё, І Язна маё, І Няшчыдра маё, І Няведра маё, І Невельское маё. Як маё, дак маё і ўсё маё.

Так спяваў нехта не адзін раз з вечара да самае паўночы — называючы ў гэтай песні не толькі азёры, але і ўсе рэчкі. Ісці туды, каб даведацца, хто гэта так жахліва спявае, усе баяліся. Нарэшце адзін смялейшы рыбак адважыўся; узяў дубовы кій, некалькі камянёў і ўвечары, калі той толькі пачаў спяваць, падышоў і з-за дрэва ўбачыў, што нехта, вопраткаю і тварам зусім падобны на асташа — барада шырокая, твар круглы, вялікі, у скураным фартуху, — сядзеў на гнілым пні і крычаў на ўсё горла. Думаючы, што гэта сапраўдны асташ спраўляе свае чарадзейскія абрады, рыбак сказаў:

— Не прыўлашчай сабе нашыя азёры і рэчкі, — і з усяе моцы шпурнуў камень, трапіў чараўніку ў самы бок.

— Ах, ах! Паламаў мне скабы! — закрычаў шатан і кінуўся ў ваду: ускалыхнулася ўсё возера, і хвалі пачалі плёскаць у берагі. Рыбак спалатнеў і затрымцеў ад страху. Але і шатан з таго часу ўжо больш ніколі не спяваў, прысвойваючы сабе нашы азёры і рэчкі.

— О! Каб такім чынам, — сказаў дзядзька, — можна было пакараць усіх злых духаў, што шкодзяць людзям!

— Спалохаўся каменя шатан, — сказаў Родзька, — але ёсць яшчэ на небе перуны страшнейшыя за яго. А таму, паніч, не пакідай нашую зямлю: будуць лепшыя часіны і лепей будзе жыць між сваіх.

— Часы мяняюцца, і ў людзях перамена, — сказаў дзядзька. — Даўней наша моладзь не ведала і ведаць не хацела, што там дзеецца дзесьці ў далёкіх краінах, жылі ўсе спакойна і шчасліва; цяпер і на адукаваных нападае нейкі смутак: ледзь закончыў вучобу — ужо яму самотна, пакідае родныя палеткі, выпраўляецца ў далёкае падарожжа, мяркуючы, што чужы вецер развее яго неспакойныя думкі.

Маю сыноў, і ім, пэўна, гэты мой дамок будзе цесны, уробленыя маёю працаю палі і гэтыя гаі не задаволяць іх жаданняў; не буду, аднак, пярэчыць ім, абы толькі Бог падмацаваў іх сэрцы любасцю да бацькавых звычаяў.

— Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей.

Родзька ўздыхнуў, узяў шапку і сак, у якім прынёс рыбу.

— Спяшаешся дахаты? Аднак яшчэ не так позна, — сказаў дзядзька.

— Ужо схавалася сонца, неба змрочнае, ноч будзе цёмная — трэба спяшацца.

— Цяпер вялікі пост, калі зловіш што-небудзь, не забывай на мяне.

Падарожныя

Як было ўжо зусім цёмна, усхадзіўся і шумеў за сцяною моцны вецер; падаў мокры снег.

— Нешчаслівы той падарожны, — сказаў дзядзька, — якога заспела гэтая завейная ноч пасярод возера. Дарога цяпер цяжкая, ды і яе можна згубіць, блукаючы ў такой цямрэчы.

Прамовіўшы гэта, ён паставіў запаленую свечку на падваконні, але ўбачыўшы, што мокры снег наліп на шыбы і ўсё вакно белае, быццам замураванае, паклікаў да сябе парабка і загадаў:

— Запалі свечку ў ліхтары, прымацуй яго да доўгае жэрдкі і добра, каб не сарваў вецер, прывяжы да брамы; выходзь часцей з хаты і, як пачуеш галасы падарожных, адразу паведамі мне: ноч цёмная і завейная — лёгка можа спаткаць няшчасце.

Калі парабак прымацоўваў ліхтар, Завальня надзеў футра і сам выйшаў з дому прасачыць, каб усё было зроблена хутка і як мае быць.

Праз гадзіну на панадворку пачалі скуголіць сабакі, і хоць выў вецер ды шумелі густыя дрэвы вакол дома, можна было, аднак, пачуць галасы падарожных на самым беразе возера, і доўга на адным месцы паўтараліся крыкі, як быццам людзей там нешта трымала. Дзядзька паслаў парабкаў на дапамогу. Вада падмыла багністы бераг возера, і першы конь з цяжкім возам, збіўшыся з дарогі, трапіў на тое месца і ўваліўся ў ваду. Ды так, што яго ледзь выцягнулі ўсе разам на бераг. Пасля гэтага заязджае на падворак некалькі белых ад снегу вазоў. Выпраглі коней; падарожныя зайшлі ў хату. Дзядзька, каб іх сагрэць і падмацаваць, кожнаму наліў ёмісты кілішак гарэлкі і загадаў даць вячэру, з умоваю, каб кожны з іх расказаў байку або гісторыю са свайго жыцця.

Поделиться с друзьями: