Снежныя зімы
Шрифт:
«Там мяне не шукай. Не хвалюйся. Я застаюся тут».
«Дзе тут, Ваня?»
«У сваім раёне».
«Чаму?»
«Так мне захацелася. Глядзі! — нікому ні слова. А то якая-небудзь выскачыць з вагона, адстане і будзе пляскаць…»
Што яна магла сказаць тады?
Цяпер другі час, не тыя гады. Але што сказаць яму цяпер?
Яна прызналася:
— Не разумею я твайго бацьку, Лада. Трыццаць гадоў жыву, і усё жыццё ён задае загадкі. Я стамілася разгадваць іх.
Лада засмяялася.
— Мама! Элементарная часцінка тоіць у сабе мільён загадак. А гэта ж — чалавек!
Усё расчынена насцеж — вароты ўнізе, праз якія заязджаюць машыны, дзверы на ток і сушыльныя пляцоўкі, выцяжныя люкі. Моцны скразняк прадзімае абодва паверхі. Ажно вые ў вентылятарах. Няцёплы скразняк — патыхае яшчэ рэшткамі таго снегу, што недзе ляжыць у лесе і на касагорах.
Добра праветрываецца сховішча. Але ніякая сіла не можа выдзьмуць жывога водару збажыны. Ён густы, настоены за зіму. І — дзіўна! — не перамешаны: пах кожнай збажыны трымаецца асобна, не то каля сваіх засекаў, не то напластаваны адзін на адзін па вертыкалі, але дзе цяжэйшы, дзе лягчэйшы — немагчыма адчуць.
Так, каля пшаніцы пахне пшаніцай — мяккі, тонкі, проста-такі булачны водар. Аднак чуць павернеш галаву — і тут жа ловіш востры пах лёну — алейны настой зляжалага насення. А ён далёка, лён, не ў засеку, — проста на падлозе, пад выгнутым, як гусіная шыя, кожухам пнеўматранспарцёра — геаметрычна правільная залатая гара, вакол яе чысценька падмецена. Здаецца, завіхрыцца скразняк — і ўся гара гэтая задыміць, як вулкан, узнімецца залатым смерчам і ўсё хараство знікне ў жалезным жэрле транспарцёра.
Каля дзвярэй усе іншыя пахі забівае грэчка. Ляціць пыл. Працуе сарціровачная машына. Ляскаюць сіты, палохаючы вераб’ёў, цэлая чарада якіх заляцела ў склад, як толькі паадчынялі дзверы.
Грэчка не падабаецца новаму аграному. Гатунак не падабаецца. І лабараторны працэнт усходжасці. Грэчку трэба замяніць ці купіць новае насенне. Але дзе? Іван Васільевіч патраціў тры дні, шукаючы лепшага насення. Дарэмна. Усё можна знайсці, толькі не грэчку. Звялі найкаштоўнейшую культуру ў «кукурузны час». Трэба аднаўляць. Прыходзіцца яшчэ і яшчэ раз сарціраваць тую, якая ёсць.
А вось ячмень радуе. Малайчына Захарэвіч! Выдатны ячмень! Ён ужо ў дарозе на поле. Ля засекаў, у другім канцы сховішча, няроўна гудзіць пнеўматранспарцёр, жэрла яго ўсмоктвае насенне. З адводнай трубы ячмень сыплецца ў бункер. А там, унізе, на першым паверсе, з рукавоў — у мяшкі. Там працуюць дзяўчаты. Падстаўляюць мяшкі. Завязваюць. Заносяць у кут на вагі. Адтуль мяшкі паедуць у поле.
Нялёгкая работа — цягаць поўныя мяшкі. Шмат што механізавана ў зернесховішчы, у саўгасе наогул, але да самых цяжкіх работ механізацыя не дайшла. Аднак дзяўчаты не скардзяцца на сваю працу. Смяюцца. Ім весела. Івану Васільевічу таксама весела. Ён праз лесвічны лаз згары глядзіць на дзяўчат, на іх розныя ярка-стракатыя хусткі і аднолькава шэрыя ватоўкі.
Дзяўчаты ўбачылі агранома. Пашапталіся і зноў смяюцца. Магчыма, з яго. Няхай. Здаецца, адна з гэтых сакатух два тыдні назад выказала сваю незадаволенасць:
— Эх, дзевачкі, чакалі маладога агранома, а нам дзеда прыслалі.
Тады гэта трохі шкрабанула па сэрцы. Былі і больш сур’ёзныя словы і ўчынкі некаторых людзей, якія наводзілі нават на роздум: а ці варта было ехаць сюды? Але сёння нішто, ніякія словы не могуць сапсаваць добры настрой.
Іван Васільевіч вярнуўся да засекаў, дзе пнеўматранспарцёр высмоктваў ячмень. Абапёрся грудзьмі аб дашчатую загарадку, запусціў руку ў зерне. І адчуў незвычайную асалоду — радасць, уздым, пяшчоту, як ад ласкі дзіцяці,— ад непаўторнага дотыку да зерня, ад яго жывой цеплыні. Даўно ўжо не перажываў такога. Раней, на той высокай пасадзе, здаралася наведваўся ў склады, сховішчы, элеватары, праходзіў, аглядаў іх, даваў кіруючыя ўказанні — што зрабіць, дзе расшырыць, як механізаваць. Але, бадай, ніколі не ўдыхаў вось так водару збажыны, не адпачываў душой і не набіраўся сілы для новай працы.
Можа каму здасца дзівацтвам, што галоўны аграном штодня наведваецца ў зернесховішча. Паглядзеў адзін раз, праверыў — і даволі. Колькасць пасяўнога збожжа дасць планавы аддзел, аналізы — лабараторыя. Што ж цябе цягне сюды? Нікому немагчыма растлумачыць гэта. Добра, што хоць загадчык сховішча — Маркіян Лучанок — здагадваецца і, здаецца, разумее. З Лучанком у іх — душэўнае сваяцтва. І жыццёвае. Той таксама партызаніў, страціў руку. Рабіў старшынёй калгаса пасля вайны, брыгадзірам. Ведае тутэйшую зямлю. З ім ёсць пра што пагаварыць.
Антанюк сеў на стос мяшкоў, выцягнуў ногі, яны нылі ад стомы. Лучанок клапатліва спытаў:
— Васільевіч, не прахопіць вас на скразняку?
— Нічога. Я загартаваны.
— Можа зачыніць дзверы?
— Не трэба.
— Кыш, чортава кодла! Загадзілі ўсё на свеце! От жа паскудная птушка, — кінуў загадчык венікам у вераб’ёў. Яны фуркнулі ў другі канец склада, нібыта зусім не баючыся, а проста па-блазнюцку дражнячыся з чалавекам: маўляў, нічога ты нам не зробіш, бо мы спрытнейшыя за цябе!
Іван Васільевіч весела назіраў, як Лучанок ганяе вераб’ёў. Прыгадалася, што некалі ў каралёў і цароў былі «хранители клада», «хранители золотого запаса». Гэты аднарукі чалавек, партызан, таксама мае на старасці самую ганаровую пасаду — «ахоўніка залатога запасу» — запасу жыцця, даражэйшага за само золата, бо той скарб ляжыць мёртвы і халодны, а кожная крупінка гэтага золата — кожнае зярнятка жыве, прарасце і ўмножыцца.
Ва ўсе дзверы, люкі лезе сонца. Зіхаціць вясёлкай грэчневы пыл над трыерам. Смяюцца ўнізе дзяўчаты. На таку любоўна буркуюць галубы, паміж іх са звонкім шчабятаннем скачуць усё тыя ж вераб’і. Вецер свішча ў голых галінах таполяў. Вецер — моцны, вясновы. Сонца і вецер з’ядаюць рэшткі снегу. Журчаць ручаі. Нават адгэтуль чуваць, як булькае недзе блізка вада.
Іван Васільевіч заплюшчвае вочы, услухоўваецца ў музыку вясны. Яму хораша. Сёння ён адчувае сябе пераможцам. Не, галоўнае, што сёння іншыя прызналі яго. А былі нялёгкія дні за гэтыя кароткія два тыдні. Было расчараванне.
Захарэвіч, здаецца, не вельмі ўзрадаваўся, калі ён, Антанюк, прыехаў-такі, як дамовіліся. Мабыць не спадзяваўся, лічыў, як і Вольга, што раніца за вечар, ды яшчэ за п’яны вечар — мудрэйшая. Захарэвіч, напэўна, шкадаваў, што запрасіў старога чалавека на такую пасаду. І наладзіў-такі даволі жорсткае выпрабаванне. Пасяліў на кватэры побач са сваім домам. Сам сапраўды ўставаў у пяць і яго, Івана Васільевіча, будзіў, хоць асаблівай патрэбы ў гэтым не было. Гаспадыня і тая абурылася: што рабіць у такую рань? І кожны дзень — заданне з дальнімі паездкамі: у Мінск, у Магілёў. На прадвесні, перад сяўбой, спраў — галава кружыцца. І яна такі кружылася. Нават не ў пераносным сэнсе. У першыя дні, адвыкшы ад такога ранняга ўставання, ад такога рытму, штодзённых паездак, Іван Васільевіч блага адчуваў сябе. Нават мусіў жонцы прызнацца, заглянуўшы дадому:
— Ох, здаецца, не па гадах такая работа!
Вольга не ўзрадавалася. Занепакоілася.
Выпрабаванне, як кажуць тэхнікі, на разрыў. Ці на расцяжэнне? На злом? Як яно там называецца ў супраціўленні матэрыялаў? Ціснуў ці гнуў не адзін Захарэвіч. Парторг. Райком. Аграномы аддзяленняў.
Будыка прыслаў тэлеграму, адкрытую, у канторы саўгаса яе чыталі ўсе: «Захоплены тваёй адвагай, не кожны пенсіянер здатны на такі подзвіг». Здзекуецца, сабачы сын. Мабыць радуецца, што пазбавіўся ад блізкасці такога сябра. Іван Васільевіч пашкадаваў, што не ён даложыць на бюро гаркома, калі будуць слухаць інстытут. Заключэнне сваё ён такі дапісаў і перадаў у гарком. Але цяпер не ўпэўнены, што наогул будуць слухаць: Будыка ўмее спусціць на тармазах усё, што яму не выгадна. Сваёй дакладной у ЦК ён, напэўна, папярэдзіў і паралізаваў вывады групы кантролю. Трэба ўмець. Своечасовая самакрытыка — найлепшы ратунак ад крытыкі. А ты, упарты ідэаліст, ніколі не ўмеў своечасова пакаяцца. І на цябе сыпаліся шышкі.