Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

«Ён сам сказаў».

«На што ж ты спадзявалася?»

«Ні на што. Я палюбіла».

Выходзіць, трэба пакахаць да ўтрапення, да самазабыцця, каб усімі ўчынкамі кіравалі пачуцці, а не розум. Напэўна, я кахаю залішне рацыянальна. Таму наканавана мне застацца векавухай. Не надта радасная перспектыва, але што зробіш… У мамы не лепшы лёс. Яна пакахала жанатага чалавека і да старасці застаецца вернай яму, многія гады не атрымоўваючы ніякай узнагароды за сваё каханне. Я, дурніца, не здагадалася тады ўвечары пайсці куды-небудзь з Алегам, каб яны, І. В. і мама, засталіся ўдваіх. Яны ж, па сутнасці, так і не пабылі адзін на адзін. Але думка пра іх сувязь таксама непрыемная, абражае. Брыдка, калі такія старыя мілуюцца.

З трапятаннем ішла ў школу. Як гляну Алегу ў твар? Як стрэне ён? Нічога. Як кажуць, вокам не маргнуў. Сустрэў ласкава і быў, бадай, больш уважлівы, чым раней.

Адаліна сінела ад злосці. Ды гэта сёння мяне чамусьці не радавала.

Ідзе снег. Трэці дзень сыпле. Колькі яго наваліла! З райцэнтра не могуць прывезці кінакарціну. Прарочаць: будзе ўраджайны год. Не вельмі веру прарокам. Нашы пяскі высыхаюць за тыдзень, а тарфянікі да чэрвеня будуць заліты вадой пасля такой снежнай зімы. Я ж помню — вырасла тут. Толькі тады мяне мала цікавілі справы калгасныя. А цяпер усё цікавіць. Па-першае, я — біёлаг, мне трэба навучыць дзяцей любіць зямлю, а не ўсе яе любяць цяпер так, каб яна шчодра плаціла за любоў і ласку. Па-другое, не магу быць абыякавай да людской радасці і гора, да ўдач і няўдач у працы, да парадкаў у саўгасе, у школе, да высакароднасці і нізасці, да людзей добрых і хапуг, нажывалаў. Калі я ўжо вырашыла назаўсёды застацца ў сваім сяле, якое стала родным, то хачу зрабіць нешта добрае. Таму і ваюю за школу, за клуб, за помнік партызанам. Думала: Алег будзе маім верным саюзнікам. Дарэмна спадзявалася, здаецца. Не, ён нічога, падтрымлівае. Але ж вельмі стараецца з усімі мець добрыя адносіны, ні з кім не пасварыцца. А хіба гэта магчыма? Самае небяспечнае, што пад яго ўплывам і я здаюся, раблюся такая ж — малюск бесхрыбетны. Мне варта было б разнесці сівалобаўскі мяшчанскі быт, а я хаджу і — сорамна прызнацца — любуюся і карцінамі, і мэбляй, і сервізамі. Учора зноў заходзіла. Праўда, так доўга, як той раз, не сядзела, але цукерачку з’ела. І цяпер вось захацелася пайсці да іх, бо больш няма куды. Да Алега — не магу. І ён не прыходзіць.

Раптам стала зусім не абыякава, што пра мяне гавораць, думаюць, пра што пляткарыць Адаліна. А што, калі пайсці да яе? Здзівіць. Ідэя — вартая ўвагі, але без маральнай падрыхтоўкі здзейсніць яе нялёгка. Няхай як-небудзь у іншы вечар. Зіма наперадзе. Аднак і да Сівалобаў не пайду.

Гэта з адной Машай прыемна пасядзець. Жанчына ёсць жанчына. А зараз, увечары, напэўна, гэты стары чунь дома. Пра што я з ім гаварыць буду?

Лаўлю далёкія станцыі. Уяўляю гарады. Захацелася туды, дзе мора агнёў і рака людзей. Можа праўда з’ездзіць да І. В.? Спачатку моцна загарэлася, а пасля пачала патухаць. Няёмка будзем адчуваць сябе — і ён, і я.

З прыёмніка льецца такая душэўная музыка, што хочацца і смяяцца і плакаць. Не ведаю нават — чыя. Здаецца, Грыг. Мама свеціцца — радуецца: нарэшце разумнее дачка. Ад джазаў у мамы балела галава.

Прыйшоў Алег, сур’ёзны, амаль афіцыйны, і пры маці, трагічным голасам, адгарнуў яшчэ адну старонку сваёй біяграфіі: афіцыйна ён не разведзены са сваёй былой жонкай, яна не дае разводу. Нішто сабе староначка! Колькі там яшчэ такіх старонак у яго светлай біяграфіі? Праз паўгода гэтак жа трагічна паведаміць, што мае не адну, а тры жонкі і чараду дзяцей? Ламаю галаву: чаму ён маўчаў дагэтуль? З якой мэтай? Навошта сказаў цяпер? На злосць мне? Ці каб апраўдацца? Маўляў, рады ў рай, ды грахі не пускаюць; даўно прапанаваў бы руку і сэрца, ды вось, бачыш, звязаны яны, рукі мае.

Закіпела я. Хацела пагаварыць з вока на вока. Але махнула рукой. Алег прапанаваў пайсці пагуляць. Адмовілася.

«Я разумею, — вінавата схіліў ён галаву. — Табе балюча. Даруй маю маладушнасць. Я хацеў усё ўладзіць — тады сказаць».

Мне балюча? Не. Болю не адчуваю. Хлушу, аднак. Усё-такі нешта трэснула вось тут — пад грудзьмі, пад маімі поўнымі і прыгожымі грудзьмі, якія даўно просяць мужчынскай ласкі і… дотыку пяшчотных дзіцячых вуснаў. Не сорамна будзе, калі мама чытае дзённік? Не, не сорамна! Нават перад мамай.

Спытала ў яе, што яна думае наконт Алегавага прызнання. Мама не адразу адказала. Падумала, уздыхнула. Сумна ўздыхнула.

«Хочаш, каб сказала праўду? І раней, і яшчэ больш цяпер, я хацела і хачу, каб ты звязала сваё жыццё з другім чалавекам. Не з ім. Не хіліцца маё сэрца…»

Мяне чамусьці апанавала злосць.

«А каго ты выбрала? Як ты звязала сваё жыццё?» — трохі не вырвалася. Дзякуй богу, спахапілася. Якое маю права так жорстка дакараць маму?

Сказала мякка, нібыта ў жарт:

«Дзіўна, што ты такая, мама, — старамодная».

Але і гэта пакрыўдзіла яе.

«Куды мне ўжо гнацца за вамі, моднымі!»

Размова гэтая адбылася яшчэ ўлетку на лузе. Мама з першых пасляваенных гадоў, як толькі прыжылася ў Калюжынах, улетку памагала ў калгасе, асабліва пад час сенакосу і жніва. Людзі здзіўляліся: якую выгаду мае настаўніца ад свае працы? Яна не заўсёды нават атрымлівала натуру на заробленыя працадні. Але, напэўна, і паважалі яе за гэта. Тады была сямігодка, настаўнікаў нямнога, і мама была, бадай, самая аўтарытэтная сярод іх.

Мама і мяне з школьных год прывучала да працы на зямлі; можа, таму і біёлаг атрымаўся, хоць і не дужа добры. Не скажу, што вельмі я рвалася да працы ў полі. Калі дзяўчат-равесніц брыгадзір пасылаў, то ішла, каб не адрывацца ад іх.

У саўгасе хапае рабочых рук, і мама не ходзіць ужо каторы год — няёмка, баіцца, каб не падумалі, што з-за грошай.

Але мінулым летам на суботнік на сенажаці паднялі ўсю інтэлігенцыю. Работа так спадабалася, што я засталася на лузе на цэлы тыдзень. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Засталіся ж адны дзяўчаты, якім не трэба карміць дзяцей, даіць кароў. Хлопцаў нежанатых, праўда, было нямнога. А дзе іх у наш час хапае на кожную дзяўчыну? Але ўсё роўна праводзілі вечары весела. Патанцаваць можна і з жанатымі. Мужчыны — народ дзіўны. Цэлы дзень махае касою па кустах — лугі нашы запушчаныя. А ўвечары другі адбівае такога «крыжачка» ці «гапака», што зямля гудзе. З дзяўчатамі асабліва любяць пакружыцца. Ды яшчэ каторы і грэшныя думкі трымае ў галаве, забыўшыся на жончыну кару. Мне было асабліва весела. Да мяне пачаў заляцацца Толя Плюшчай, Іёг гэты, наш камсамольскі лідэр. Ды яшчэ тады Алега не было. Не скажу, што мне падабаўся Толя. Але каму з нас, свіных донак, не прыемна, што сын адамаў кідае на цябе вокам?

Дзяўчаты кпілі з мяне, з Толі. І мне было смешна. З яго. Такі шумны, актыўны ў жыцці, перада мной рабіўся цішэй вады, ніжэй травы. Паводзіў сябе, як вучань, закаханы ў настаўніцу. Заставаліся адзін на адзін — двух слоў звязаць не мог. Я падарыла яму вечары два ці тры. Хадзілі па пясчаным беразе абмялелай ракі, слухалі дзеркачоў і лягушак, спевы і гоман каля недалёкіх буданоў. Дакрануцца да мяне Толя не адважваўся. І гаварыць у першы вечар давялося мне адной. Але пасля патроху разгаварыўся. І раптам пачаў агітаваць… уступаць у партыю. Можна было б пасмяяцца з такога закаханага, каб прадмет размовы не быў такі сур’ёзны і каб сакратар камсамольскай арганізацыі так горача не даказваў, што я «дастойная быць у авангардзе».

Пасля я доўга думала над гэтай размовай. І чым больш думала, тым больш пераконвала сябе, што Толя мае рацыю. Праўда, чаму мне не ўступіць у партыю? Столькі гадоў была нядрэннай камсамолкай. А потым што, калі перарасту? Далучуся да старых настаўнікаў, якія, азіраючыся, шэпчуцца пра тыя непарадкі ў саўгасе, у школе, пра якія я на сходах кажу на поўны голас? Не, не хачу азірацца! Хачу заўсёды быць у гушчы жыцця і памагаць людзям і сваёй працай, і сваёй грамадскай актыўнасцю! Кар’ера мне не трэба. Якая можа быць кар’ера ў настаўніцы? Дарасці да завуча гадоў праз дзесяць-пятнаццаць? Невялікая кар’ера і несалодкі хлеб.

Не, мне трэба адно: каб пра будаўніцтва школы, клуба, пра рамонт хат людзям, пра ўмовы працы даярак, пра той лён, што згнаілі, пра п’янства некаторых актывістаў гаварыць не з кумамі ды цёткамі, не ў настаўніцкай на перапынках, а там, дзе такія пытанні вырашаюцца, — у арганізацыі людзей, якія ўзялі на сябе высокі абавязак кіраваць жыццём.

Тады ж, улетку яшчэ, сказала пра сваё жаданне маці. Здзівіла мяне мама незвычайна. Яна спалохалася. Проста збялела. Ажно дыханне заняло ёй. Не адгаворвала. Але такім голасам папрасіла не спяшацца, падумаць, што мне зрабілася холадна ў спякотны дзень. Нічога не разумею і дагэтуль. Пражыла з маці дваццаць тры гады і, выходзіць, не ведаю яе. Партызанка, сяброўка праслаўленага камбрыга, пра якога ў кнігах пішуць, — за кнігамі такімі ты вельмі сочыш, мама! — і раптам спалох ад жадання дачкі зрабіць такі сур’ёзны крок. Не вальнадумства ж якое-небудзь.

Поделиться с друзьями: