Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Прыязджаў Сямён Сямёнавіч. За дзесяць год упершыню ў гэты саўгас. Безумоўна, знарок — паглядзець на яго, Антанюка. Паглядзець і… «паставіць на месца» — каб не прымалі яго тут як пасланца зверху.

Сямён Сямёнавіч прыехаў з сакратаром райкома. Аглядаў гаспадарку, але пераважна — жывёлагадоўлю. Таксама знарок. Каб тлумачэнні даваў галоўны заатэхнік. Не галоўны аграном. Яму, Антанюку, падаў руку, не глянуўшы ў твар, — гэтак падаваў незнаёмым людзям — брыгадзірам, інжынерам. За ўвесь час ні разу не звярнуўся, ні разу не даў зразумець, што яны даўнія знаёмыя, колішнія супрацоўнікі аднае ўстановы. Звяртаўся толькі да дырэктара саўгаса. Вельмі ўжо яўна падкрэсліваў яго, Антанюкова, цяперашняе месца. Паказваў на гэта райкому, начальніку ўпраўлення, дырэктару. Груба кажучы, проста таптаў. Нахабна. Цынічна.

Да ўсяго Івана Васільевіча прывучыла жыццё, усё бачыў. Але такая дэманстрацыя чалавека, які меў немалую ўладу, балюча абразіла. Не за сябе абразіўся. За яго, Сямёна Сямёнавіча, за тое, што ён топча не толькі яго, Антанюка, старога камуніста, старога чалавека, а нешта больш святое — тыя прынцыпы ў адносінах паміне людзьмі, за якія ён, Антанюк, змагаўся ўсё сваё свядомае жыццё. Балюча было колькі дзён. Але і гэта перажыў.

Самае дзіўнае, што Захарэвіч, здаецца, зразумеў што-нішто інакш, чым хацелася Сямёну Сямёнавічу, і пасля яго ад’езду аслабіў гэтае самае «выпрабаванне на разрыў». Асцярожна вяртаўся да ранейшых адносін — вучня да настаўніка, малодшага да старэйшага. І як бы адчуваў сябе вінаватым. Іван Васільевіч крыўды не трымаў. Ды завошта? Сам некалі амаль гэтак жа выпрабоўваў некаторых работнікаў. Аднак мімаволі трымаўся насцярожана і да дырэктара, і да парторга, і да маладых спецыялістаў, якія скептычна назіралі за ім.

Разумеў, што з такой насцярожанасцю немагчыма працаваць, аднак настроіць сябе на поўную даверлівасць да ўсіх ніяк не мог. Пакутаваў душэўна. Што здарылася? Раней так лёгка і проста ўваходзіў у любы калектыў, сыходзіўся з рознымі людзьмі. А тут адразу паразумеўся толькі з гаспадаром кватэры — настаўнікам-пенсіянерам ды вось з гэтым «ахоўнікам скарбу». Можа таму і палюбіў адпачываць у зернясховішчы? А сёння, здаецца, растаў лёд. Паехалі аглядаць азіміну — Захарэвіч, ён, Антанюк, упраўляючы аддзяленнем Грыц — малады аграном, скептычна настроены да ўсяго на свеце, але бязлітасны да тых, хто працуе не з поўнай аддачай.

Зіма была снежная. Але снег лёг не на прамёрзлую зямлю. Дзе-нідзе азімыя выпралі. Дзе-нідзе вымакаюць: вады — мора, усе нізіны заліты. Трэба было аглядзець палі, хоць на вока прыкінуць плошчы перасеваў, каб запланаваць насенне, тэхніку, людзей. Газік далёка за дарогі не пралез: як ускочыў на пералеску ў гліну — чуць вырваўся. Хадзілі пехатой. Спачатку вёў Захарэвіч. Але распаўнелы дырэктар хутка здаўся. Змок увесь, распарыўся. Тады павёў ён, Іван Васільевіч. У сваіх высокіх паляўнічых ботах лез у твань трохі не па калені, потым у лагчынах абмываў боты і пяў далей. І хоць бы што. Скінуў фуражку, падставіўшы сівую галаву пад сонца і вецер. Захаравічу і Грыцу (адін маладзейшы на дваццаць, другі — амаль на трыццаць год) сорамна было адставаць. Але гадзіны праз тры дырэктар замаліўся:

— Іван Васільевіч, пашкадуй.

Малады скептык глядзеў на галоўнага агранома са шчырым захапленнем. Смяяўся.

— Казімір Лявонавіч! Даў нам прыпёку стары партызан!

Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Быццам ён вытрымаў самы цяжкі экзамен. Смешна гэта. Аграному патрэбны не моцныя ногі, а добрая галава. А якая галава — меркаваць можна па ўраджаі. Але, пэўна, уражанне зрабілі не ногі паляўнічыя, а настойлівасць, воля і ўменне па-гаспадарску ўбачыць пасевы: дзе трэба пасеяць, колькі гектараў, чым засеяць адмоклыя ўчасткі. Прапанаваў пасеяць кукурузу на сілас — Захарэвіч засмяяўся, задаволены.

— А ты не такі ўжо антыкукурузнік, Іван Васільевіч, як цябе распісвалі.

Пасля, у машыне ўжо, дырэктар у найлепшым гуморы, проста-такі ап’янелы ад вясны, па-камсамольску задорна заклікаў:

— Браткі! Давайце папрацуем так, каб пра нас слава пайшла!

Грыц хмыкнуў — паказаў, што і да славы таксама ставіцца скептычна. Гэтае яго хмыканне збянтэжыла Захарэвіча. І не спадабалася Антанюку, які адчуў шчырасць душэўнага парыву ў закліку Захаравіча: сапраўды хочацца чалавеку папрацаваць з новай сілай, з новым разгонам — і дзеля асабістае славы, і дзеля больш высокай мэты, і ён шукае такіх саюзнікаў, якія памаглі б не за страх і зарплату, а па загаду сэрца і сумлення, ад такога ж светлага гарэння, як у яго.

Можа Захарэвічу спачатку здалося, што запрошаны ім галоўны аграном па гадах сваіх не здолее ўжо загарэцца. Не той саюзнік. І раптам у гэтым паходзе на полі ўбачыў: ды не, можа яшчэ стары! Яны, Захарэвіч і Антанюк, як бы настройваліся на адну хвалю. А гэты скептык перашкаджае. Сказаў нешта накшталт таго, што вышэй пляча рукавы не закасаеш і вышэй пупа не скокнеш…

Іван Васільевіч з маладым запалам кінуўся ў спрэчку:

— Кіраўнік у наш час не рукавы павінен закасваць. Як мы планавалі дагэтуль? Часам пад націскам людзей, якія ў эканоміцы ні бэ ні мэ. Давайце запросім вучоных, няхай зробяць эканамічны аналіз гаспадаркі, дадуць навуковыя прагнозы. Далібог, акупяцца затраты…

Грыц хмыкнуў.

— Мяне здзіўляе, што вы, стары, пацёрты жыццём чалавек, верыце ў лысых склеротыкаў ці ў піжоністых кандыдатаў, якім абы дысертацыя ды месца ў горадзе. Ведаю іх.

— Я веру ў навуку.

— У некаторыя навукі і я веру. Але не ў тую, якая займаецца эканомікай сельскай гаспадаркі.

— Навука павінна мець запатрабаванні практыкі. І прастор. Базу для эксперыментаў. Безумоўна, калі там, у інстытутах, будуць высмоктваць вывады з пальцаў… Калі мы не дамо ніводнай комплекснай задачы…

Крычалі ў кабіне, штурхаючы адзін аднаго. «Газік» кідала на разбітай дарозе. Дзе-нідзе ён буксаваў, матор выў, грэўся. Агледзеўшы палі, ездзілі на Бярозу любавацца разлівам — Захарэвіч прапанаваў: відаць, захацелася яму, каб стары і малады аграномы паспрачаліся даўжэй. А ён слухаў і, як кажуць, круціў на вус. Калі вярнуліся ў сяло, да саўгаснай канторы, Захарэвіч запрасіў:

— Прыходзьце ўвечары да мяне. Вясну стрэнем. Рыгораўна мае чым пачаставаць. Яе ідэя.

Захарэвіч і жонка яго — людзі гасцінныя. У іх часта збіраюцца. І ён, Антанюк, ужо гасціў. Таму запрашэнне нічога не значыла. Але ўсё разам — як хадзілі па полі, як спрачаліся ў машыне, як выказаў дырэктар свой заклік папрацаваць так, каб слава пайшла, і як запрасіў у госці — давала падставы думаць, што неяк адразу перамяніліся, пераламіліся адносіны да яго, Антанюка. Ад гэтага ўзняўся настрой, стаў сапраўды вясновы. Можа таму і пацягнула сюды, дзе хаваецца насенне, рыхтуецца да сяўбы. Для яго сяўбы. Здаецца, сёння прызналі, нават малады скептык гэты, што не дзеля забаўкі ён прыехаў сюды, не з-за старэчага дзівацтва ці самалюбства. Што ён можа яшчэ пасеяць і вырасціць хлеб. Не адзін раз пасеяць. І не адзін раз зжаць.

Пахне збажыной — пахне жыццём. І вясной. Сонца лезе ў сховішча. Свішча вецер, быццам хоча вынесці хутчэй жывую сілу зерня ў поле.

XV

Пазваніла Вольга. Доўга распытвала пра здароўе, пра работу, пераказвала сынава пісьмо і, як бы між іншым, паведаміла:

— Тэлеграма табе. Слухай: «Іван, памажы знайсці Віту». Без подпісу. — І з іроніяй і рэўнасцю ўсумнілася: — Куды яна магла дзявацца, ваша Віта? — Але тут жа знішчыла сваё сумненне мацярынскай разважлівасцю, амаль трывогай — Загубіце вы дзяўчыну сваімі тайнамі!

Магчыма, сама тэлеграма без гэтых жончыных слоў: «Загубіце вы дзяўчыну!»— не прачыталася б як роспачлівы кліч дапамогі. А тут адразу ёкнула сэрца: здарылася бяда. І вельмі можа быць, што вінаваты ён. Трэба ехаць. Не марудзячы ні хвіліны.

9 снежня 1964 года

Даўно не разгортвала гэты сшытак. Можа год. Чаму зноў захацелася нешта запісаць? Што? Дзённікі вядуць закаханыя. Няшчасныя. І, напэўна, вельмі шчаслівыя. А я? Паперы магу адкрыць тайну: здаецца, я закахалася. Але здарылася «такая бяда» не ўчора. І пісаць у дзённік пра каханне сваё ні разу не захацелася. А вось пра гэта… Чалавек сказаў, што ён мой бацька. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра. Ура! Рагатаць ці плакаць? Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. А каму, як не ёй, ведаць, ад каго я нарадзілася? Але ўсё-такі здаецца, што і цяпер яна нешта цямніць, не дагаворвае, мая святая мама. Сумна. Крыўдна. Якія дурацкія забабоны! Законна народжаная я ці незаконна? Што такое законна і незаконна? Ханжаства. Ідыятызм. Мне ўсё роўна, як мяне нарадзілі, па якіх законах. Ой, ці так? Думала ж, што мне ўсё роўна, хто мой бацька, ёсць ён ці няма. Ажно, выходзіць, не. Вось табе і на!

Поделиться с друзьями: