Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

* У вёсцы Смалічы (цяпер Нясвіжскі раён) быў маёнтак А.Незабытоўскага.

І раптам сэрца сціскае трывога. Я зноў у Галіцыі. Шыбеніца на местачковым пляцы. Спаленая вёска. Мы з Рыгорам ехалі па мясцінах, дзе летась лілася кроў. Аўстрыйцы спярша дазволілі сялянам граміць шляхецкія атрады, а потым прыйшлі імперскія войскі... Божа, калі ўжо і тут, і ў нас паны рэвалюцыянеры даўмеюцца, што перамагчы без сялянскіх косаў гэтаксама проста, як спляжыць дуб без сякеры. Калі б у 1794-м ці ў 1830-м* нашы хлопы атрымалі зямлю і волю...

* Маюцца на ўвазе паўстанне Тадэвуша Касцюшкі і паўстанне 1830-1831 гадоў у Польшчы, Беларусі і Летуве.

Аўстрыйскія жандары трапляліся нам літаральна на кожным кроку, усё паказвала, што на тым баку мяжы іхніх блакітнамундзірных сваякоў з расейскай палітычнай паліцыі будзе не меней. Мой неспакой перадаўся і Рыгору.

– Глядзіце, пане Волесь, каб не пад'елі мы з вамі верашчакі, - паўтараў ён ледзь не пры кожнай сустрэчы з гэтымі панамі.

У апошнім аўстрыйскім мястэчку Бродах я затрымаўся. Трэба было нешта рабіць з маімі кнігамі і рукапісамі. Хоць яны і былі ананімныя, усё адно везці іх у Расею легальна азначала б самахоць садзіцца ў турму. Заставалася дамова з кантрабандыстамі, а хачу табе сказаць, што гэтым паважным рамяством там не займаюцца хіба што немаўляты. Цэлы дзень я шукаў сярод тых мазурыкаў фізіяномію, якая выклікала б у мяне давер, і кожны спрабаваў мне нешта збыць. Прызнаюся, што не ўтрымаўся і купіў-такі літы слуцкі пояс, які праз тыдзень прысвоіў зухаваты паліцэйскі прыстаў.

Увечары ў бродаўскім шынку да майго стала асцярожліва падсеў чарнявы парабак, што адразу прыйшоўся мне да душы нейкім наіўным дзіцячым паглядам. Я не стаў таргавацца, а накінуў да яго цаны пяць фларынаў.

Назаўтра мы пераехалі мяжу. Перад расейскім шлагбаўмам караннік спатыкнуўся. Рыгор спалатнеў і пачаў утрапёна жагнацца. Афіцэр варты звярнуў на гэта ўвагу, і я мусіў растлумачыць Рыгоравы паводзіны прылівам патрыятызму.

– У такія хвіліны, - з піэтэтам сказаў я, - кожны расейскі падданы перажывае нешта падобнае.

Афіцэр ветліва згадзіўся і ўзяўся трэсці мае саквы.

Ніякай крамолы там не было, і мытню я пакінуў, бесклапотна насвістваючы пад няўхвальнымі позіркамі Рыгора «Вэндруй, дзяўчына»...

Ад'ехаўшы дзесятак вёрстаў, мы спыніліся ў павятовым гарадку. Астатні багаж павінен быў прыбыць уначы.

На чацвёрты дзень чакання за нейкую гадзіну мне тройчы трапіў на вока вяртлявы чалавечак у зашмальцаваным лапсардаку. Цяпер толькі дурань мог сумнявацца, што мы з Рыгорам сапраўды пад'елі верашчакі.

Я не ведаў, што губернатар падпісаў ужо загад аб маім арышце. Мех з кантрабандай...

Прабач, Ежы, на сёння я развітваюся з табой. Старшы ааглядчык загадаў гасіць святло. Аказваецца, вязні, прынамсі, палітычныя, павінны такой парою спаць. Цяпер каля шасці вечара. Вось і ўся ўсцеха ад маіх свечак...

Заходзь, хлопчык мой, заходзь. Я так рады зноў бачыць цябе ў сваім самотным прытулку.

Учора я забыўся абмаляваць яго. Акрамя чатырох сцен, у мяне ёсць тапчагі і кульгавае крэсла, якое паставілі, калі хвароба больш не дазволіла мне ўставаць. Наогул, ужо цэлы тыдзень я жыву, як ангельскі лорд. Замест голых дошак у мяне пярына і дзве пуховыя падушкі. На мне ядвабны шлафрок, а каля тапчагаў стаіць пара чаравікаў, у якіх я нікуды не схаджу. Дарэчы, ад мяне толькі што пайшоў турэмны капелан. Ён прыносіў навіну, што Бог пачуў маю просьбу і мне вярнулі права на штодзённы шпацыр. Lе bоn Dіеu еnvoyе toujour dеs сullоttes а сеаuх, qui n'оnt раs dе dеrrіеrе*.

* Міласэрны Госпад заўсёды дае штаны тым, у каго няма зада (франц.).

Яшчэ ў мяне ёсць пыльнае вакенца ў глыбокай нішы. Раніцой на падвоканні звінелі сініцы, значыцца, маразы прыціснуць яшчэ мацней. Буду маліцца, каб не замерз атрамант і пяро не зрабілася бездапаможным. Цікава, ці чутны на небе малітвы атэістаў?

Краты на вакенцы ты бачыш і сам.

У адзіночнай каморы, без кніг, без паперы і пёраў, якія з'явіліся ў мяне толькі днямі, розум заўжды павінен мець нейкі занятак, іначай ён трапіць у палон да хімераў. На шчасце, ніякім турэмшчыкам яшчэ не ўдавалася закратаваць акно памяці. Таму мая цэля амаль ніколі не бывала бязлюднай. Я часта гутарыў з філаматамі*. Міцкевіч чытаў мне тут «Пана Тадэвуша». А часам мне робіцца цесна, і я зноў выпраўляюся падарожнічаць. У мяне багаты выбар. Бой быкоў у Кадысе. Калізей, які нагадвае, што ўсе імперыі раней ці пазней развальваюцца. Аднак ведаеш, Ежы, ужо даўно я найбольш люблю блукаць па смаліцкіх ваколіцах. Люблю сесці пад мэндлік і пагаманіць з людзьмі, якія ніколі не прачытаюць маіх кніг і наўрад ці зразумеюць, дзеля чаго я жыў на свеце. Ды хіба з гэтае прычыны я маю права любіць іх меней?

* Таемнае студэнцкае таварыства ў Віленскім універсітэце. У 1823 годзе было разгромлена царскімі ўладамі.

Днямі я сустрэў у гэтых блуканнях маю няньку Хіму з Лявонавічаў. Адгадай, аб чым я папрасіў яе? Зноў расказаць мне казку пра цмока-трыгалова, што вартуе каралеўскі скарб. Каб ты быў меншы, хлопчык мой, я пасадзіў бы цябе зараз на калені, і ты таксама слухаў бы Хіміны казкі. Але ты ўжо дарослы, і ўчора мы спыніліся на загадзе аб маім арышце.

Той чарнявы кантрабандыст з бродаўскага шынка быў чалавекам мясцовага прыстава, а ў маім мяху разам з кнігамі і рукапісамі ляжала частка фамільнага архіва. Былі там і лісты на імя нейкага Аляксандра Незабытоўскага.

Напачатку следства вёў штабс-капітан Мілер. Не ведаю, дзеля чаго - каб выклікаць мяне на шчырасць ці каб пачуць пікантныя прызнанні ў адказ - гэты rondelet* сібарыт на допытах апавядаў пра свае поспехі ў жанчын.

* Кругленькі, пульхненькі (франц.).

Вось ён пускае блакітныя кольцы духмянага дыму ад дарагой цыгары, і яго ленаваты мяккі барытон гучыць зусім лагодна:

– Аляксандр Хрыстафоравіч, ну няўжо вы верыце, што ўсталяваны ў Расеі лад можна змяніць? Яшчэ ніколі манархія не была такой моцнай. Мне здаецца, вы паводзілі сябе проста несур'ёзна. Навошта вам рэвалюцыя? Хіба людзям нашага з вамі кола закрытыя якія-небудзь магчымасці паўнакроўнага жыцця? Паўнакроўнага ва ўсіх адносінах. Вы хацелі, каб такія магчымасці былі ў кожнага? Але, згадзіцеся, тады іх не будзе мець ніхто...

Спрачацца з ім - усё роўна што прасіць ваўка не есці мяса, і таму я лічу за лепшае адмоўчвацца.

– Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч...
– Ён знаходзіць прыемнасць у тым, каб лішні раз назваць мяне на свой капыл, відаць, здагадваючыся, што ў мяне гэтае імя выклікае не самыя лепшыя пачуцці: не вялікі гонар быць аднайменнікам пана Бенкендорфа.

– Дарагі Аляксандр Хрыстафоравіч, да чаго прывяло вас ваша, мякка кажучы, неспакойнае пяро? Вы, адзін з самых багатых памешчыкаў павета, чалавек, звыклы да раскошы, бавіце час у сырой халоднай каморы. І гэта з вашым здароўем. Грубая ежа, нямытае адзенне, прабачце, насякомыя... Нават толькі дзеля захавання чалавечай годнасці я на вашым месцы зрабіў бы ўсё магчымае, каб аблегчыць свой лёс. Ужо адно прызнанне віны...

Але ў нас са штабс-капітанам былі розныя ўяўленні пра чалавечую годнасць і спосабы яе захавання. Перамогі над віленскімі дамамі відавочна даваліся Мілеру лягчэй, чым над палітычнымі злачынцамі, і наша знаёмства не здоўжылася.

Наступнага следчага прызначыў сам генерал-фельдмаршал Паскевіч, граф Эрыванскі, святлейшы князь Варшаўскі і прочая і прочая. Пра гэтага пана Явецкага варта пагаварыць трохі падрабязней.

Калі Rоndelеt, нягледзячы на ўсе свае спагадныя словы, ставіўся да мяне, па сутнасці, абсалютна абыякава (і за гэта я яму па-свойму ўдзячны), дык стацкі саветнік Явецкі шчыра любіў мяне. Так-так, любіў. Пратэжэ генерал-фельдмаршала любіў мяне за тое, што я так своечасова падвярнуўся яму для новага кроку ўгору. Ад стацкага саветніка да сапраўднага стацкага, ад св. Ганны з каронай да св. Уладзіміра. Напэўна, нешта падобнае адчувае да сваёй ахвяры кат, калі ведае, што пасля смерці асуджанага зможа пагрэць рукі. Хто асмеліцца назваць пачуццё ката няшчырым?

У дужках заўважу, што як літаратар я буду пану Явецкаму давеку ўдзячны. Такога адданага і ўважлівага чытача не меў, пэўна, і сам пан Бальзак.

Я хутка адчуў яго любоў і тады паставіў сабе за мэту: зрабіць усё, каб следчы знелюбіў мяне, каб я стаўся на ягоным шляху прыступкаю не ўгору, а ўніз.

Не трэба было вялікага таленту, каб здагадацца параўнаць почыркі ў маім прашэнні аб паездцы за мяжу і ў захопленых жандарамі рукапісах. Да таго ж у мемуарах я імкнуўся быць зусім праўдзівым, і следству было вельмі проста суаднесці ананімныя мемуары з жыццём нясвіжскага памешчыка Незабытоўскага. Карацей, Явецкаму мроілася, што не сёння, дык заўтра ён пачуе маё поўнае прызнанне і будзе трыумфатарам. Сапраўды, яго доказы было немагчыма абвергнуць.

Поделиться с друзьями: