Сны iмператара
Шрифт:
Тапор выцягнуў з кішэні разарваны канверт.
– Знайшоў у мяху з перахопленай поштай, - растлумачыў ён і з грэбліваю грымасаю пачаў чытаць:
– «Приставу третьего стана Пуцилло К. Е. Вчерашнего дня, возвратившись домой из губернского города Могилева, нашел я у себя там людей, которые разграбили мой дом и, собрав крестьян, объявили им какую-то противозаконную свободу. А за тем покорнейше прошу ваше благородие...» І гэтак далей. Подпіс: «Помещик Август Минкевич».
Студэнт плюнуў у качарэжнік.
– Але ёсць іншыя!
– ударыў ён далонню па стале.
– З намі лепшыя людзі імперыі.
– Паранены сеў і спусціў з палка ногі. На ягоным непрыгожым твары выступіў румянак.
Палонны павярнуўся да яго і насмешліва сказаў:
– Мяркуючы па вашым вымаўленні, прынамсі, аднаго з гэтых людзей мы маем шчасце бачыць.
– З паўстаннем салідарныя многія мае адназемцы. Вось...
– Леваю рукой Сокалаў няўклюдна разгарнуў на калене складзены ў колькі столак пакамечаны аркуш.
– Вось... Гэтая адозва хадзіла нядаўна ў Аршанскім гарнізоне.
Палонны як быццам нечаму ўзрадаваўся. Ён падышоў да Сокалава і зазірнуў у паперыну.
– «Солдаты и офицеры, не обагряйте рук своих...» Так-так...
Пад цяжкім позіркам Антановіча Крыніцкі вярнуўся на сваё крэсла, але на твары ў яго засталося незразумелае ажыўленне.
– Маю паведаміць, што мне гэты... дакумент вядомы. Калі вы дазволіце, панове...
Ён скасіўся на Тапара, і той у згодзе нахіліў голаў.
– Дык вось. Месяца паўтара таму да нашага палкоўніка Мухіна заявіліся феерверкер і двое шараговых з дакладна такой пракламацыяй, якую вы, пане студэнт... прабачце, пане інсургент, трымаеце ў руках і якая выклікае ў вас такі імпэт. Толькі не падумайце, што салдаты прыйшлі агітаваць палкоўніка. Яны прыйшлі данесці. Гэта так уласціва людзям, панове.
– Палонны ўсміхнуўся нейкаю цьмянай усмешкай.
– Яны сказалі, што пракламацыю даў ім на вуліцы разам з залатоўкаю чалавек у белым паўкажушку. Натуральна, залатоўка паспела ўжо бясследна знікнуць.
Палкоўнік даставіў адозву разам з прыкметамі таго чалавека гараднічаму, дарэчы, свайму добраму прыяцелю. Праз яго мы потым і даведаліся пра далейшыя падзеі. За вечар і ноч паліцыя, як і трэба было чакаць, нікога не знайшла, а раніцою гараднічы ўспомніў, што сам бачыў на вуліцы гэтага чалавека ў паўкажушку. Гараднічы нават ведаў яго. Гэта быў... тут, панове, я раблю нотабена... гэта быў нейкі пісар сёмай акругі шляхоў зносін Мечыслаў Савініч, што прыехаў на гасціны з Магілева. А ў Воршы таксама пісарам служыць у казначэйстве ягоны родны брат. Гараднічы выклікае гэтага аршанскага пісара, і той пацвярджае, што ў брата сапраўды ёсць белы паўкажушок. А ўжо праз чвэртку гадзіны (заўважце, панове, колькі часу спатрэбілася чалавеку, каб наважыцца пагубіць другога чалавека), праз чвэртку гадзіны ва ўправу прыбег і сам гэты Мечыслаў Савініч. Прыбег і стаў дапытвацца ў гараднічага, ці не падазрае яго той у зламыснасці. І, між іншым, заявіў, што, калі атрымае пасведчанне, што невінаваты, адкрые сапраўднага злачынцу і ўкажа, дзе яго можна злавіць.
Чацвёра мужчын слухалі надзіва ўважліва.
– Мы з вамі, панове, цудоўна разумеем, што ніякага пасведчання аб невінаватасці ніхто атрымаць не можа, - працягваў палонны.
– Хаця б з тае прычыны, што такіх пасведчанняў, так бы мовіць, проста не існуе ў прыродзе. Гэта самае і растлумачыў яму гараднічы. Але Савініч заяўляе, што, пазнаёміўшыся днямі з аўтарам пракламацый у цукроўні, з самых першых слоў западозрыў яго і вырашыў падтрымаць знаёмства выключна з мэтаю данесці ў паліцыю. Ён настолькі ўвайшоў у ролю, што пачаў ужо не прасіць, а патрабаваць паперу аб тым, што першым зрабіў данос. Але гараднічы не дурань і цану збіць умее. Ён заўважыў, што данесці можна і не займаючыся ўручэннем пракламацый салдатам. На гэтым таргі скончыліся, і Савініч абвясціў, што чалавек з адозвамі пешшу накіраваўся ў Віцебск. Савініч выказаў гатоўнасць асабіста ўдзельнічаць у пагоні і выехаў з двума паліцэйскімі на паштовых конях. На шостай ці сёмай вярсце яны здагналі чалавека, у якога быў пісталет і пачак пракламацый... Цяпер яго чакае катарга.
– Мярзотнік...
– працадзіў Антановіч.
– Страляць такіх.
Палонны падняў брыво.
– Каго вы маеце на ўвазе?
– Вашага Савініча!
– Наконт мярзотніка цалкам з вамі згодны. Але мой ён у такой самай меры, як і ваш, пане інсургент.
Зноў гакнуў і рассыпаўся сухім трэскам пярун.
– Дзеля чаго вы расказалі нам гэту гісторыю?
– калі аціхлі грымоты, пацікавіўся камандзір.
– Каб спытаць, як вы збіраліся перамагчы з такімі патрыётамі, як Савініч?
– І толькі?
– Тапор кінуў на палоннага хуткі позірк. Іхнія пагляды на імгненне сустрэліся і разляцеліся, быццам більярдавыя шары пасля ўдару спрактыкаванага гульца.
Палонны сцвярджальна кіўнуў стрыжанай галавой. У ражках яго цвёрдых сціснутых вуснаў нібыта затаілася ўсмешка, але ў паўзмроку леснічоўкі гэта магло проста здавацца.
– Колькі б нягоднікаў ні было сярод якога-небудзь народа, я веру, што сумленных людзей у яго ўсё адно больш, - сказаў паранены.
– Я... мы ўсе... хацелі б мець за сумленнага чалавека і вас.
Антановіч, пратэстуючы, махнуў рукой.
– Паберажыце сілы, пане Сокалаў, - з'едліва прамовіў палонны.
– Паверце, у вас нічога не атрымаецца.
– Ён кпліва ўсміхнуўся.
– Хаця, шчыра кажучы, я менш здзівіўся б, убачыўшы паміж інсургентаў сябе, а не вас. Вы, рускі чалавек, дваранін... Што прывяло вас сюды? Таксама капрыз нейкай легкадумніцы?..
– Здавалася, Крыніцкі хацеў прадоўжыць сваю думку, але чамусьці стрымаўся.
– Калі паўстанне пераможа, гэта будзе спрыяць вызваленню і маёй Радзімы, - ломкім голасам сказаў паранены.
– Вы пачынаеце займацца сафістыкай. Ваш народ і ваша Радзіма свабодныя.
– Народ, які пануе над іншымі, не можа быць свабодным. Ён разбэшчваецца і жыве ў духоўным рабстве.
Вузкія вочы Тапара як быццам расплюшчыліся шырэй і глядзелі на Сокалава з усцешлівым здзіўленнем.
– Вы ведаеце, што вас будуць судзіць значна суровей, чым шмат каго з вашых таварышаў?
– пасля цяглай пярэрвы спытаў палонны.
– Моn sіegе еst fait*, - Сокалаў у абладзе хвалявання тузануў параненаю рукой і зморшчыўся ад болю.
– Я не ведаю, які лёс нас чакае, але мяне не пакідае адчуванне, што гэтыя некалькі дзён - галоўныя дні майго жыцця. Чалавек павінен нечым апраўдаць свой прыход на зямлю...
* Я зрабіў свой выбар (франц.).
З-за спіны ў палоннага Антановіч рабіў аднакашніку знакі, якія выказвалі захапленне.
– Вы яшчэ вельмі малады...
– У голасе ў Крыніцкага ўжо не было з'едлівасці, а чулася штосьці іншае: ці то шкадаванне, ці то незразумелы смутак.
– Не ўсё можна вытлумачыць узростам, пане капітан, - адказаў за параненага Тапор.
Сокалаў працягваў моршчыцца і ніяк не мог прымасціцца лацвей. Міткевіч адарваўся ад вакна, кіўком загадаў студэнту заняць ягонае месца і, памацаўшы ў параненага развярэджаную руку, пачаў рабіць перавязку.
– Ніхто ў такі дождж сюды не сунецца.
– Антановіч павярнуўся да вакна спінай і сачыў за ўмелымі рухамі ад'ютанта.
– У каго засталася корпія?
– спытаў Міткевіч, з асцярогаю адкручваючы рудую ад закарэлай крыві рэшту бінта.
Студэнт падхапіўся і дастаў з паходнае кайстры невялікі пакунак. Словы, якія ён сказаў пры гэтым, былі неабавязковыя, але не сказаць іх ён, відаць, не мог.
– Гэтую корпію шчыпала панна Гелена...
Засяроджанасць на твары ў параненага раптам змянілася разгубленасцю, аднак ён хутка авалодаў сабой. Міткевіч паклаў на рану свежай корпіі і стаў бінтаваць. Скончыўшы, ён разарваў край бінта зубамі і завязаў акуратны вузельчык.