Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сны iмператара

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

– Баліць?
– запытаўся ён і, не чакаючы адказу, прынёс са стала біклажку.

У непаленай хаце было халаднавата, і гэтым разам паранены зрабіў колькі глыткоў. Ён адразу закашляўся, і Міткевіч асцярожліва пастукаў далонню яму па рамёнах. Ад'ютант перадаў біклажку камандзіру. Той адмоўна пакруціў галавой. У вачах у Антановіча, зусім як у хлапчука, што збіраецца выкінуць коніка, заскакалі чорцікі, але не вясёлыя, а змрочныя і зацятыя. Атрымаўшы біклажку, ён баўтануў яе і з выклікам абвясціў:

– За нашу вялікую Айчыну ў межах семдзесят другога года!

– Здаецца, я ўжо тлумачыў вам, што мы не на банкеце.
– У спакойным голасе Тапара з'явіліся ноткі ўквеленасці.
– У мяне склалася ўражанне, што мы з вамі ваюем за розныя мэты. Я супраць выключных правоў шляхты. Я за тое, каб даць мужыкам зямлю і сапраўдную волю. А без гэтага на адраджэнне Айчыны яны, прабачце, хацелі...

– Як вы...
– задыхнуўся Антановіч, - як вы можаце?

– Магу. Хаця б таму, што дзеля гэтага адраджэння зрабіў больш, чым вы, грамадзянін былы камандзір першага плутона. Дарэчы, я спадзяюся, вы не будзеце ўслед за некаторымі пераконваць мяне, што сяляне тых вёсак, праз якія мы праходзілі, належаць да польскага племені?

– Значыцца, вы з паноў сепаратыстаў?! З тых, што знайшлі сабе гэтую Беларусь і ўхапіліся за яе, як тапелец за трэску. Я чуў, нехта з іх нават выдае на сялянскай гаворцы газету.

– А чаму вас так устурбавала, што нехта друкуе газету зразумелаю мужыкам моваю?

– Таму што цяпер, як ніколі, трэба аб'яднацца пад адным сцягам. Сярод нашых былі такія, што хадзілі вучыць па-мужыцку ў патайнай школцы*. Я заўсёды казаў, што гэта памылка. Будучыня для гэтага народа толькі ў зліцці з намі.
– Студэнт рашуча размахваў біклажкаю.

* У Горках напярэдадні паўстання існавала нелегальная беларуская школа, дзе выкладалі студэнты земляробчага інстытута.

– Чаму?
– У голасе ў Тапара ўжо не чулася раздражнення. Ён быў па-сапраўднаму захоплены спрэчкай.

– Хаця б таму, што... Скажыце, дзе іх паэты? Дзе гісторыкі? Палітыкі?.. У іх нікога няма.

Вузкія карыя вочы Тапара загарэліся вясёлай злосцю.

– Грамадзянін Антановіч, вы выпадкова не чулі пра спосаб, якім можна даказаць, што органы слыху ў павукоў знаходзяцца на нагах?

– ?

– Павука садзяць на стол і загадваюць бегчы. Ён бяжыць. Тады яму адрываюць ногі і зноў кажуць: «Бяжы!» Ён не можа. Адсюль робіцца выснова, што вушы ў павука на нагах.

– Я не зусім разумею...
– насцярожана азваўся юнак.

– Той самы прынцып доказу, грамадзянін Антановіч. Спачатку мове цэлага народа пакідаюць правы толькі ў сялянскай хаце, а потым разводзяць рукамі: маўляў, гэты народ няздатны стварыць літаратуру. Спярша адбіраюць у яго гісторыю, прымушаюць забыць мінулае, якім мог бы ганарыцца любы эўрапейскі народ, а потым пытаюцца: дзе яго гісторыкі?..

– Вrаvо!
– падаў голас палонны.
– Баюся, вашаму юнаму сябру няма чаго запярэчыць.

– Вас можна павіншаваць, грамадзянін Тапор, - з'едліва сказаў Антановіч.
– У вас з'явіўся паслядоўнік.

Тапор, пакінуўшы гэтыя словы без адказу, загаварыў:

– Пане Крыніцкі, я разумею, чаму вы слухалі нас так пільна.

– Калі вы маеце на ўвазе маё паходжанне, вы не памыліліся. Я з карэннай полацкай шляхты. Аднак, пан Тапор, я не хачу, каб у вас заставаліся нейкія ілюзіі. Гонар мне даражэйшы за жыццё. І потым, калі б я нават не быў звязаны прысягаю і спачуваў вашым поглядам, не ў маіх правілах увязвацца ў безнадзейныя справы.

– Якія справы вы называеце безнадзейнымі?
– рэзка спытаў Тапор.

– Тыя, што не пакідаюць па сабе нічога, апрача крыві і сірот, - не менш рэзка адказаў палонны.
Можа, вам і вашым сябрам апошняе і неістотна, а ў мяне двое дзяцей, за якіх я нясу адказнасць перад Богам і самім сабой.

– У яго іх чацвёра, - Тапор паказаў на ад'ютанта.

Палонны знячэўку сумеўся. Ён быў падобны цяпер на чалавека, які перажывае сваю віну. Магло падацца, што капітан ведаў, колькі дзяцей у Міткевіча. Праз хвіліну ён узяў сябе ў рукі, і ўсё ж голас у палоннага гучаў ужо не так упэўнена.

– Калі я не памыляюся, пане Тапор, вы самі надоечы прызналі, што прайгралі сваю гульню.

– Я буду з вамі спрачацца, пане капітан!

– Мне здаецца, апошняе слова ў спрэчцы ўсё адно застанецца за вамі.

Злавесны сэнс сказанага змусіў параненага зноў сесці. Ён правёў вачыма па хаце, шукаючы нейкай падтрымкі, і спыніў позірк на ходзіках, гіра якіх апусцілася амаль да самае падлогі. У вачах у Сокалава мільганула роспач. Антановіч, наадварот, неяк паарлеў. Толькі ад'ютант нічым не выяўляў сваіх пачуццяў, быццам гаворка ішла аб рэчах, якія яго зусім не датычылі.

Я буду з вамі спрачацца, - паўтарыў Тапор.
– Так, цяпер наша барацьба найверагодней скончыцца паразаю. Але гэта не азначае, што яна скончыцца нічым. Частцы людзей ва ўсе часы было ўласціва ўвязвацца ў так званыя безнадзейныя справы. Калі б не гэтыя людзі, мы з вамі сядзелі б сёння не тут, а дзе-небудзь каля самавара, бавячы час за размоваю, чаму нехта атрымаў чарговы чын, а ў некага выйшла затрымка. Мы былі б добранадзейныя падданыя імперыі, шчаслівыя шчасцем сытай жывёлы. Вы разумееце, пра што я кажу? Пра тое, што называецца ідэаламі. Я ўпэўнены: калі б не героі Касцюшкі, калі б не паўстанне трыццатага года, не існавала б ні сённяшняга мяне, ні маіх людзей. І вас, капітан, - таксама.
– Тапор яшчэ вышэй падняў правае плячо.
– Ідэалы жывыя, пакуль яны жывуць у сэрцах. Калі яны застануцца толькі ў старых кнігах, яны памруць. Кнігі можна схаваць у сховішчах, куды нельга даступіцца, а можна проста спаліць. Каб ідэалы жылі, трэба, каб за іх нехта гінуў. Такі закон. А таму - Glоrіа vісtіs! Хай і цяпер мы не пераможам, але ўрэшце людзі пачнуць разумець, што яны не статак, а народ.
– Тапор сціснуў пальцы ў кулак.
– Народ! У яго ўжо ёсць імя і калі-небудзь з'явіцца годнасць.

– Шукайце для сваіх казаняў бязвусых хлопчыкаў, - са злосцю абазваўся палонны.
– Са мной у вас нічога не атрымаецца. Найлепшае, што вы можаце зрабіць, - не цягнуць час, а расстраляць мяне, роur еnсоurаgеr lеs аutres*.

* Каб узбадзёрыць іншых (франц.).

Антановіч наблізіўся да камандзіра і нешта шапнуў. Тапор перамаўчаў. Яго нізкія бровы навіслі над вачыма яшчэ ніжэй.

За вокнамі шапацеў дождж. Палонны, закінуўшы нагу за нагу, з абыякавым выглядам пазіраў на ходзікі. На іх было без пяці пяць. Сокалаў імкнуўся сустрэцца вачыма з Тапаром, але той унурыўся ў пыльны кут.

Стрэлкі ходзікаў паказалі пяць. Палонны раптам устаў.

– Пане Тапор, мне трэба канваір.

Антановіч ускочыў з лавы. Тапор з ад'ютантам абмяняліся хуткімі позіркамі, і Міткевіч таксама падняўся.

– Пайду я, - запярэчыў Антановіч і зрабіў крок да дзвярэй. Ён быў бледны як смерць.

– Не, - сказаў ад'ютант.

– Я!
– крыкнуў студэнт.

З абраза над сталом дакорліва глядзелі на людзей валошкавыя вочы Міколы-цудатворца.

– Камандзір першага плутона!
– Ад хвосткіх слоў Тапара юнак міжволі выцягнуўся.
– Пойдзе Міткевіч. Гэта загад.

Поделиться с друзьями: