Сотнікаў
Шрифт:
— І чаго ім трэба ад цябе? — тым часам распытваў Басю Пётра.
— Каб сказала, у каго хавалася.
— А-а, во як! — зразумеў у кутку Пётра. — Ну што ж… Гэта так. А ты не сказала ж?
Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
— І не кажы, — проста адобрыў стараста. — Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.
Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
— Рыбак!
— Я тут.
— Там вада была.
— Што, піць?
— Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!
Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
— Не плач. На вады.
Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
— Ідзі да мяне, — паклікаў Пётра. — Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.
Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.
— Да-а! Папаліся… Што яны яшчэ зробяць з намі?
Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках — адтуль ішла бяда.
І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» — «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» — «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» — злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было — гэта вялі Дзёмчыху.
Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру — крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
— Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
— Давай, давай! Чорт цябе не возьме! — прыкрыкнуў Стась. — Да ранку перабудзеш!
— А ўранку што? — запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.
Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:
— А ўранку грос алес капут — во што? Фарштэйн?
«Капут? Як капут?» — трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць — уранку канец!
Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць — спакойнець…
Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:
— Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?
— З Паддуб'я, калі ведаеце.
— Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?
— Ды Дзёмкі Вокуня жонка.
Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал — было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.
— Дзяла, — заклапочана сказаў Пётра. — А Дзёмка ў войску?
— Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..
Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў — было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла:
— Во людзі! Як звяры! Глядзі, якім чортам стаў гэты Пронька.
— Партноў, ці што? — падтрымаў размову Пётра.
— Ну. Я ж яго кавалерам памятаю — тады ўсе Пронькам звалі. А пасля на настаўніка вывучыўся. Ягоная ж матка на хутары жыла, дык каждае лета на малако ды на яблычкі прыязджаў. Наглядзелася. Такі ласкавы быў, «дабрыдзень» усё раздаваў, з мужчынамі за ручку здароўкаўся.
— Знаю Партнова, а як жа, — сказаў Пётра. — Супраць Бога, бывала, агітаваў. Ды так складна…
— Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі. Культурны.
— А паліцайчык гэты таксама з вашага боку бытта?
— Стась? Наш. Піліпёнак малодшы. За панажоўшчыну пасадзілі, ды вярнуўся, як пачалося гэта. І што вырабляць стаў — страх. У мястэчку ўсё з жыдоў знушчаўся. Біў, казалі, страляў. Дабра нацягаў — Божачка мой! Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся.
— Гэта так, — пагадзіўся Пётра. — З жыдоў пачалі, а, глядзі, намі скончаць.
— Каб ім на асіне вісець, вырадкам гэтым.
— Я во ўсё думаю, — заварушыўся стараста. — Гэтыя нашы, каторыя з імі? Як во іх разумець? Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі…
— Як гэты, як яго… Будзіла ваш, — са злосцю напомніў Рыбак.
— Хапае. І Будзіла, і ці мала яшчэ якіх, тутэйшых і чорт ведае адкуль. Любіцеляў паразбойнічаць. Што ж, цяпер ім прыволле, — глухім басам разважаў лясінаўскі стараста.
Штосьці ўспомніўшы, яго нецярпліва перапыніла Дзёмчыха:
— Кажуць, Хадаронак гэты, што ўночы падстрэлілі, здох. Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму.
— Усе не паздыхаюць, — сказаў, уздыхнуўшы, Пётра. — Хіба што нашыя пераб'юць.
На саломе заварушыўся, задыхаў, спрабаваў падняцца ды зноў апаў долу Сотнікаў.
— Вы даўно так думаеце? — прасіпеў ён.
— А што ж думаць, сынок? Усім ясна.
— Ясна? Як жа вы тады ў старасты пайшлі?
Настала няёмкая цішыня, усе змоўклі, насцярожаныя гэтым зласнаватым пытаннем. Нарэшце Пётра, нешта адолеўшы ў сабе, загаварыў дрыготкім, мусіць, ад хвалявання, голасам:
— Я пайшоў! Калі б ведалі… Нягожа гаварыць тут. Хаця што ўжо цяпер таіцца. Адбрыкваўся, як мог. У раён не ехаў. Хіба я дурны, не разумею, ці што. Ды во гэтак уночы раз — тут-тук у акно. Адчыніў, гляджу — наш былы сакратар з раёна, начальнік міліцыі і яшчэ двое, пры зброі. А сакратар мяне ведаў калісь, яшчэ ў калектывізацыю адвозіў яго пасля сходу. Ну, слова за слова, кажа: «Чулі, цябе ў старасты мецяць. Дык пагаджайся. А то Будзілу паставяць — усім горай будзе». Во і пагадзіўся на сваю галаву.