Сотнікаў
Шрифт:
— Да-а, — няпэўна сказаў Рыбак.
— Паўгода выкручваўся. А цяпер што рабіць? Давядзецца пагінуць.
— Пагінуць справа няхітрая, — буркнуў Рыбак, канчаючы непрыемную яму размову. Тое, што паведаміў пра сябе стараста, не было нечаканасцю — пасля допыту ў Партнова Рыбак аб чым-колечы ўжо здагадваўся. Але цяпер ён быў цалкам заняты сваім клопатам і болей за ўсё баяўся, каб некаторыя з яго выказаных тут меркаванняў не дайшлі да вушэй паліцыі і не абарвалі апошнюю нітачку яго спадзяванняў.
Сотнікаў між тым, расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Аднак падобна было — стараста гаварыў праўду. Але што ж тады выходзіла? Выходзіла нешта зусім малапрыемнае для іх. У спакучанай свядомасці Сотнікава з'явілася адчуванне нейкай недарэчнай памылкі адносна Пётры. Але хто ў ёй вінаваты? Ніхто, мабыць, не мог прадбачыць такога выніку — шэраг выпадковых няўвязак прывёў да такога канца. Хаця тут трэба было яшчэ разабрацца, тады як у выпадку з Дзёмчыхай усё было зразумела: Дзёмчыха — жывы дакор іх недаравальнай абыякавасці. З некаторым страхам прыслухоўваючыся цяпер да рухаў жанчыны, Сотнікаў таксама чакаў, што кабета пачне іх лаяць апошнімі словамі. Ён не ведаў, чым бы тады адказаў ёй і чым супакоіў. Але пакуль што яна ўсю сваю злосць скіроўвала на паліцыю і немцаў — іх жа з Рыбаком і не ўспамінала, нібы яны не мелі дачынення да яе бяды. На жахлівае паведамленне Стася яна таксама, здаецца, не рэагавала, можа, не зразумела яго ці проста не звярнула ўвагі.
Зрэшты, зразумець яго было страшна нават ужо навучанаму іхнім парадкам Сотнікаву. Ён таксама не мог даўмецца, ці паліцай палохае іх, ці сапраўды вырашана скончыць з усімі ў адзін дзень? Няўжо ім не хапіла б дзвюх смерцяў — яго з Рыбаком, навошта яшчэ забіваць і Дзёмчыху, і гэтага старасту, і дзяўчынку? Неверагодна, але, мусіць, так, думаў Сотнікаў. Скарпіён павінен джаліць, інакш які ж ён скарпіён? Дзеля таго і пазапіхвалі іх у адну камеру. Камеру смертнікаў.
15
Неўпрыцям неяк Рыбак, здаецца, заснуў, як сядзеў, скурчыўшыся пад сцяной. Зрэшты, наўрад ці гэта быў сон — хутчэй забыццё на якую гадзіну; неўзабаве трывога адагнала яго, і Рыбак прахапіўся, не адразу разумеючы, дзе ён. Побач у цемры ціхенька шапацела размова, чуваць быў знаёмы дзіцячы голас, які напомніў яму пра Басю. Часам яго перапыняў хрыпаты старэчы шэпт — гэта ўстаўляў сваё слова Пётра. Рыбак таксама ўслухаўся ў сцішаны шапоткі расказ, падобны да шамацення саламянай страхі на ветры.
— Спярша хацела бегчы за імі, як іх павялі. Выскачыла з гародчыка, а цётка Праскоўя кажа: «Нізашто не хадзі — хавайся!» Дык я пабегла назад, цераз гароды, улезла ў лазовы куст. Можа, знаеце, вялікі такі куст лазняку ў канцы гародаў ля рэчкі? Густы-густы. За два крокі сцежачка на кладку. Як сядзіш ціха, не шавелішся, ніколечкі цябе не відно. Я ўлезла, выграбла месцейка ў леташніх лісцях і пачала ждаць. Думала — як мамка вернецца, пазаве, я ўчую. Ждала-ждала, не заве. Ужо і сцямнела, зрабілася страшна, усё здавалася — нешта шавеліцца, ходзіць, а то стане, слухае. Думала, воўк. Так ваўкоў баялася — страх. І не заснула ніколечкі. Як стала віднець, тады трохі заснула. А як прачнулася, так есці захацелася. Але ж вылезці з куста баюся. Чутно — на вуліцы гамонка, нейкія падводы, з хат местачковых усё выгружаюць, кудысь вязуць. Так я сядзела і сядзела. Яшчэ дзень, яшчэ ноч. І яшчэ не помню ўжо колькі. На сцежцы, калі бабы ходзяць на кладку, дык мне іхнія ногі відаць праз лісце. Але ўсе мінаюць. А мне так есці хочацца, што ўжо і вылезці не магу. Сяджу ды плачу ціхенька. А раз нехта ля куста стаў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. І тады чую ціхенька: «Бася, а Бася!» Хацела спалохацца, але голас добры такі, знаёмы. Гляджу — цётка Праскоўя нагнулася…
— А ты не кажы хто. Нашто нам пра ўсё знаць, — ціха перапыніў яе Пётра.
— Ну дык цётка дае мне клумачак, а там хлеба трохі і сала. Я як узяла яго, дык усё і з'ела за раз. Хлеба толькі асталося. А тады як стаў жывот балець… Я ўжо так хацела памерці. Прасіла і маму, і Бога — смерці прасіла.
Рыбак пад сцяной неўпрыцям скалануўся — так гэта прагучала знаёма і натуральна па-старэчы, нібы перад імі спавядалася якая старая, а не трынаццацігадовае дзяўчо. І адразу гэтыя яе словы нагадалі Рыбаку адну бабку ў нейкай вёсцы па той бок чыгункі. Яны тады выйшлі з лесу спытаць пра немцаў, ну і падсілкавацца, вядома. У хаце нікога не аказалася, адна гэта забытая бабуля сядзела на печы, звесіўшы на пяколак босыя ногі. З гадзіну яны курылі і слухалі яе скаргі на Бога, які не дае ёй смерці і гэтак пакутна расцягнуў яе бязрадаснае жыццё. Апынуўшыся адна, без радні, яна яшчэ пасля той вайны прыбілася да малазнаёмых чужых людзей, якім трэба было падгадаваць дзяцей і дагледзець ля хаты. Думалі, гадоў тры-пяць старая паклемаецца, за той час падрастуць дзеці, а там прыйдзе час і на могілкі. Але смерць да яе не прыйшла ні праз пяць, ні праз пятнаццаць гадоў, задоўжылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе — што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
— А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула — здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе — і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з'еў усю, і хвосціка не асталося. А потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. А ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаецца, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца…
— Хай бы мышэй лавіў, — азвалася ў цемры Дзёмчыха. — У нас, там, у Паддуб'і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не лгу. А раз прывалакла зайца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзіць заяц пад вуглом ляжыць.
— А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі, — здагадаўся Пётра.
— Ну, кацяняты.
— Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая… Ну, а пасля ж як ты?
— Ну, так і сядзела, — ціхенька і даверліва гаварыла Бася. — Цётка… Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. А потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў…
— А Божухна! Во намучылася, бедная! — уздыхнула Дзёмчыха.
— Ну. Але там цёпла было.
— А як жа з харчам? Ці даваў хто?
— Не, я не паказвалася.
— Ой, да чаго людзей давялі, Божа, Божа! І хто ж злавіў цябе?
— Ды немцы ж. Заспала аднаго разу — ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы — там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён…
— Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? — здагадалася Дзёмчыха. — Дык то ж Ігналя Супрон жыў.
— А табе што? — няласкава перапыніў яе Пётра. — Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?
Дзёмчыха пакрыўдзілася:
— Дык а што я? Калі і сказала, дык што?
— Анічога! — строга абарваў яе былы стараста. — Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.
«Іш ты, стары індык, — падумаў Рыбак. — Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»
Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.
Рыбак хацеў перапыніць Басю — навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.
— Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля… Ай-ай!
Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.