Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сотнікаў

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..

— Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. А я тут… Я іх, халераў!..

Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха — мусіць, плакала.

— Так, што ж… Што ж цяпер зробіш? — пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: — Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.

Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў — свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога.

Перад ім быў абрыў.

Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. І яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.

Праўда, тое было даўно, у пару яго вясковага маленства — што было ўспамінаць пра яго? Але чамусьці ўспаміналася міжволі, бо, мусіць, той выпадак меў нейкую еднасць з яго цяперашнім станам.

Здарылася гэта яшчэ да калгасаў. У іх быў ладны буланы конік, старанны і цягавіты, хіба трохі малады і залішне рухавы. Аднак Коля Рыбак з ім ладзіў няблага. У вёсцы хлапчукі рана бяруцца за сялянскую працу, у свае няпоўныя дванаццаць год Коля ўжо спрабаваў памалу і касіць, і араць, і баранаваць. Умеў ужо запрэгчы і распрэгчы, не хапала сілы хіба што засупоніць хамут, трэба было клікаць каго з дарослых, але спакваля навучыўся і гэтаму. Мусіў вучыцца, бо працы хапала, — бацька меў тры надзелы зямлі, каб абрабіць яе, ніхто ў іх сям'і не знаў перадыху ніколі.

Тады з поля вазілі снапы.

Гэта была ўжо зусім хлапчукоўская справа. Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно. Дарога была знаёмая, вывучаная да апошніх драбніц. Ён ведаў на памяць, дзе трэба павярнуць крыху ўбок, дзе ехаць па каляінах, як абмінуць глыбокую з вадой рытвіну ў лагу. Самым небяспечным месцам была Капцова гара — касагор, спуск і вузкі ўзровак па-над абрывам. Але і там Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася, конік трымаў, хоць хамут часам наязджаў на ягоную галаву да самых вушэй. Усё абыходзілася добра. Той раз бацька падбіраў апошнія бабкі ў канцы нівы і, відаць, наклаў у брыку трохі залішне — ледзь хапіла вяроўкі, каб увязаць воз. Да яго на самы верх узлезла яшчэ сямігадовая сястрычка Маня і суседская дзяўчынка Люба. Суседзі, Міходзя з жонкай, таксама скончылі працу і пайшлі дамоў пешкі.

Усю дарогу яны ціха ехалі, валюхаючы на высокім возе. Коля, як заўжды, няблага кіраваў канём. Перавалілі Капцову гару, дарога пайшла ў лог. І тады нешта ў збруі трэснула, конь не стрымаў, брыка жахліва паднялася адным бокам і стала хіліцца направа. Коля зірнуў уніз і скульнуўся долу.

Ён ураз сцяміў, што павінна зараз жа здарыцца, і ў якімсьці бяздумным імкненні кінуўся пад цяжкую, нахіленую брыку, падставіў пад яе край сваё яшчэ слабаватае хлапечае плячо. Цяжар быў страшэнны, іншы раз ён бы нізашто не вытрымаў, але тады ўсё ж асіліў. Дзяўчаты скаціліся на зямлю, яго заваліла снапамі, але конь усё ж неяк управіўся з брыкай і адхіліў перадок ад пагрозлівай круцізны абрыву.

Пасля яго хвалілі ў вёсцы, ды і сам ён быў задаволены сваім учынкам — усё ж такі ўратаваў ад бяды сябе, каня і дзяўчынак — і пачаў думаць тады, што інакш зрабіць і не мог. І яшчэ Коля ўпэўніўся, што ён хлопец смелы. Самае важнае было не разгубіцца, не спалохацца ў самым пачатку.

Цяпер зноў той самы абрыў.

Толькі цяпер з воза не скочыш. Цяпер Рыбак прывязаны да яго нябачнай вяроўкай і, каб не развязаўся, узяты яшчэ пад варту.

Але няўжо той следчы брахаў, калі нешта абяцаў яму, нават як бы ўгаворваў? Мусіць, дарма Рыбак тады не згадзіўся адразу — заўтра як бы не было позна. Яно і вядома. Следчы тут — не самы вялікі начальнік, ёсць большыя, яны загадалі — і ўсё. А цяпер паправіць што-небудзь, перарабіць, мусіць, будзе позна.

Дык як жа тады быць? Няўжо прападаць?

Не, на пагібель ён не мог пагадзіцца, нізашто ён не прыме ў пакоры смерць — ён разнясе ў трэскі ўсю іх паліцыю, голымі рукамі задушыць Партнова і таго Стася. Хай толькі падступяцца да яго!

16

Пасля кароткай размовы са старастам, якая, тым не менш, зусім стаміла яго, Сотнікаў ненадоўга заснуў. Калі ж ён прачнуўся, дык найперш адчуў, што ўвесь мокры ад халоднага поту; жар, які столькі паліў ягонае нутро, змяніўся на патлівую прахалоду ва ўсім целе, і Сотнікаў зябка ўздрыгнуў пад шынелкам. Але галаве стала нібы лягчэй, гарачы тлум неўпрыкмет сплыў з ягонай свядомасці, агульнае адчуванне палепшылася. Калі б не скалечаныя, распухлыя пальцы і набрынялая застарэлым болем нага, дык ён збольшага адчуў бы сябе здаровым.

У склепе было зусім цёмна і ціха, аднак ніхто, мабыць, не спаў, гэта адчувалася па частых выпадковых рухах, варушэнні, а таксама па сцішана-насцярожаным дыханні людзей. І тады са спазнелай выразнасцю Сотнікаў адчуў, што гэта — апошняя іх ноч на свеце. Раніца ўжо будзе належаць не ім.

Што ж, трэба было сабраць у сабе апошнія сілы, каб з годнасцю прыняць смерць ад рук ворагаў. Вядома, іншага ён і не чакаў ад гэтых вылюдкаў — пакінуць яго жывым яны не маглі — маглі хіба закатаваць, знявечыць, прыбіць у той катоўніцкай каморы Будзілы. А так, можа, і няблага. Куля імгненна і без пакут абарве жыццё — не самы горшы з магчымых, ва ўсякім разе, звычайны, салдацкі канец на вайне.

А ён, дурань, баяўся калісь за сваё жыццё, калі мог лёгка і неўпрыкмет загінуць у баі, да апошняй хвіліны змагаючыся з ворагам. Цяпер такая пагібель са зброяй у руках здалася яму раскошай. Ён амаль ужо зайздросціў тысячам тых шчасліўцаў, што знайшлі свой канец на шматлікіх палях баёў. Сам жа, выходзячы з бою жывым, ён таіў у сабе ціхенькае задавальненне, што куля абмінула яго. Але што яму далі гэтыя лішнія месяцы жыцця, поўныя штодзённых трывог, дробных і вялікіх пакут, сцюжы і голаду, якія завяршаліся цяпер усё тым жа банальным на вайне вынікам — смерцю.

Праўда, за пяць партызанскіх месяцаў ён нешта зрабіў для свайго абавязку грамадзяніна, байца і камуніста. Хай не так, як хацеў — як дазволілі акалічнасці: некалькі ворагаў усё ж знайшло смерць і ад яго рукі. Толькі гэта і суцяшала, гэта наогул апраўдвала яго дваццаціпяцігадовае існаванне на свеце. Бо што яшчэ карыснага ён зрабіў людзям, калі не пасадзіў дрэва, не выкапаў калодзежа, не забіў ніводнай вужакі — без чаго, паводле ўсходняга павер'я, нельга лічыць удалым ніводнае жыццё на зямлі.

На яго долю выпала нямала нялёгкага, нават жахлівага. Але быў абавязак. Ён вызначаў там, дзе было надта заблытана, ён вёў, калі не свяціла ніводнае сцежкі, ён вымагаў на амаль немагчымае.

Ды вось прыйшоў канец і яму.

Пагібель яго пэўным чынам цягнула за сабой крушэнне ўсяго, што мела хоць якія-небудзь адносіны да яго асобы, — беззваротна адыходзіў у нябыт навакольны свет з яго мінулым, сучасным, а таксама будучым. І ён думаў, што калі жыццё не надта збяднее ад знікнення яшчэ адной не вельмі значнай істоты, якая толькі магла, але нічым не ўзбагаціла яго, дык ён, Сотнікаў, траціць усё, каб ніколі больш не набыць нічога.

Поделиться с друзьями: