Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Сітуацыя змянілася, калі надышлі звесткі, што на Маскву ідзе беларуска-польскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам. Кіраўнікі другога апалчэння князь Дзмітрый Пажарскі і Кузьма Мінін — былі вымушаны змяніць планы (у т. л. абранне царом Дзмітрыя Пажарскага) і ісці на Маскву, каб увогуле яе не страціць. А пад Масквой прыходзілася дамаўляцца з казакамі аб сумеснай барацьбе супраць інтэрвентаў і ісці ім на ўступкі.
Пасля падыходу да Масквы атрадаў другога апалчэння у жніўні 1612 г. Заруцкі са сваімі казакамі адышоў у Каломну. Князь Трубяцкой з першага апалчэння застаўся са сваімі казакамі на месцы, але актыўных дзеянняў не вёў. У жніўні другое апалчэнне заняло пазіцыі вакол Масквы і частку горада. Становішча беларуска-польскага гарнізона ў Маскве было цяжкім: харчавання не хапала, гарнізон не атрымоўваў платы за службу і хацеў пакінуць Маскву. Але грошы кароль абяцаў выплаціць, а харчаванне вёз гетман Хадкевіч, войскі якога 21 (31) жніўня 1612 г. знаходзіліся ў 5 вёрстах ад Масквы, на Паклоннай гары. Атрады першага і другога апалчэння, якія аб’ядналіся супраць інтэрвентаў, былі значна большымі, чым войска Хадкевіча.
На наступны дзень Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліц Большая Ардынка і Пятніцкая. Спроба прарвацца да Крамля і Кітай-горада, дзе засеў гарнізон, не ўдалася. 23 жніўня (2 верасня) Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але рускія апалчэнцы да ракі іх не дапусцілі. У выніку атакі атрада К. Мініна жаўнерам Хадкевіча прыйшлося адступіць.
Узяцце Крамля
У жніўні Аляксандру Корвін-Гасеўскаму са сваім атрадам удалося пакінуць Маскву. Частка гарнізона ў Крамлі і Кітай-горадзе была заменена. Камандаваць гарнізонам застаўся палкоўнік Мікалай Струсь (шляхціц з Падоліі), ён жа і камандзір аднаго з палкоў. Двума другімі палкамі, пераважна з беларусаў, камандавалі беларускія шляхціцы Язэп (Юзаф) Будзіла, які меў ганаровы тытул харунжага Мазырскага, і Эразм Стравінскі (род паходзіў з Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Такім чынам, польскі элемент у крамлёўскім гарнізоне быў значна меншы, чым беларускі. Большасць гарнізону складалі беларусы. На другім месцы па колькасці былі немцы, на трэцім — французы, на чацвёртым — палякі. Так што вызваленне Крамля было не ад палякаў, а ад беларусаў і дапаможнага ім інтэрнацыяналу. Гарнізон налічваў 1,5 тысячы чалавек. Масква была ўжо занята апалчэнцамі Пажарскага і Трубяцкога.
Акупацыйнае войска ў кастрычніку адступіла ў Крэмль, пасля ўзяцця рускімі Кітай-горада 22 кастрычніка (1 лістапада) 1612 года. У Крамлі гарнізон пратрымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.
Камандаванне гарнізона Крамля, па дамоўленасці з князем Д. Пажарскім, выпусціла з Крамля рускіх жанчын — жонак баяраў, дваран і іншых рускіх людзей з ураду «цара Уладзіслава Жыгімонтавіча», а да таго баяраў і іншых з Тушынскага лагера.
Нягледзячы на пагрозы казакоў з першага апалчэння, што яны заб’юць князя Дзмітрыя Пажарскага, які не дазволіў ім рабаваць і гвалтаваць баярынь і іншых рускіх жанчын, Д. Пажарскі сам прыняў ля адной з крамлёўскіх брам жанчын і ўзяў іх пад сваю апеку.
Потым зусім згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку 27 кастрычніка (6 лістапада), выпусцілі з Крамля рускіх баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. Сярод баяраў былі князі Фі. Мсціслаўскі, I. М. Варатынскі, баярын Іван Мікітавіч Раманаў з 15-гадовым пляменнікам Міхаілам Фёдаравічам Раманавым (якога Земскі сабор Расіі ў лютым 1613 г. абраў царом). Разам з сынам выйшла яго маці Ксенія Іванаўна (якую за дванаццаць гадоў да таго цар Барыс Гадуноў загадаў пастрыгчы ў манахіні пад імем Марфа). Былі адпушчаны і іншыя баяры і дваране. Казакі прыбеглі і хацелі іх забіць, але апалчэнцы адстаялі баяраў і іншых рускіх людзей. Казакі толькі паспелі сарваць з некаторых з іх адзенне і абрабаваць. Д. Пажарскі прыняў баяраў з «вялікім гонарам».
На наступны дзень, 28 кастрычніка (7 лістапада) 1612 года, капітуляваў гарнізон Крамля. Язэп Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Д. Пажарскага, а М. Струсь з іншымі жаўнерамі — праз некалькі брам на Красную плошчу — да казакоў Трубяцкога. Жаўнеры Я. Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі, шмат каго забілі. Сведка гэтых падзей запісаў: «По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей посекли, а больших панов по темницам засадили».
Як бачым, дзень 4 лістапада як дзень народнага адзінства не адпавядае гістарычным фактам і падзеям. Вызваленне Крамля адбылося 7 лістапада, але расійскія ўлады не пайшлі на перайменаванне свята ў гэты дзень. У выніку дзяржаўнае свята Расіі аказалася штучным і фальшывым. Гады два таму газета «Новые известия» зрабіла апытанне сярод чытачоў: «Калі вы святкуеце: 4 ці 7 лістапада?» і атрымала праз інтэрнет адказ: «П’ем і 4 лістапада, і 7 лістапада».
Зноў вайна…
Пасля ўзяцця Масквы апалчэннем К. Мініна і Д. Пажарскага Смута ў Расіі працягвалася. Яшчэ дзейнічалі казацкі атрады, што былі прыхільнікамі царыцы Марыны (Мнішак) і яе маленькага сына Івана. Яны не прызналі выбар цара Міхаіла Раманава. У 1614 годзе Марына з сынам былі схопленыя. 3-гадовы хлопчык быў павешаны, а Марына памерла ў турме.
Уладу ў Маскве пасля яе вызвалення зноў узяла «сямібаяршчына» (за выключэннем двух яе ўдзельнікаў), якая ў 1610 г. капітулявала перад польска-беларускім войскам. У лютым 1613 г. на Земскім саборы ў Маскве разгарнулася барацьба за кандыдатуры на царскі пасад. Расійскі гісторык В. О. Ключэўскі адзначыў, што па саборы былі рознагалоссі, падкопы, інтрыгі і подкуп. Нават князь Дзмітрый Пажарскі з дапамогай грошай хацеў, каб яго выбралі царом.
Аднак справу вырашылі казакі: «Галоўнае апірышча самазванства, казацтва, натуральна, хацела бачыць на пасадзе маскоўскім або сына свайго тушынскага цара, або сына свайго тушынскага патрыярха». В. О. Ключэўскі адзначыў: «… саборнае абранне Міхаіла было падрыхтаванае і патрыманае на саборы і ў народзе цэлым шэрагам дапаможных сродкаў: перадвыбарнай агітацыяй з ўдзелам шматлікай радні Раманавых, ціскам казацкай сілы, тайным дазнаннем у народзе, выкрыкамі сталічнага натоўпу на Краснай плошчы.» Абраны быў 16-гадовы Міхаіл Фёдаравіч Раманаў.
У склад новага ўраду Расіі ўвайшлі сваякі абранага цара. Гэта, акрамя чальцоў сямібаяршчыны, былі прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Iлжэдзмітрыя II, а пасля яго смерці другога цара — Уладзіслава.
Дарэчы, у дарэвалюцыйных расійскіх падручніках афіцыйна лічылася, што ў 1610–1612 гг. царом Расіі быў Уладзіслаў, бо быў абраны расійскімі баярамі, масквічамі і жыхарамі іншых гарадоў. У савецкіх падручніках царом ён не лічыўся. Таму тыя, хто быў у яго ўрадзе ў Маскве, праз 300 гадоў сталі здраднікамі.
У склад новага ўрада ў Расіі ўвайшлі сваякі цара Міхаіла Раманава па бацькоўскай лініі князь Іван Чаркаскі, Фёдар Шарамецьеў, князь Барыс Лыкаў-Абаленскі, а перш за ўсё дзядзькі цара па матчынай лініі Барыс і Міхаіл Салтыковы. Амаль усе яны былі ўведзены ў склад Баярскай думы і сталі начальнікамі прыказаў (эквівалент міністэрстваў). Дзмітрыю Пажарскаму таксама надалі тытул баярына, а Кузьме Мініну — думнага двараніна (чальца думы). У наступныя гады маскоўскі ўрад разбіў казацкія атрады спачатку на поўдні, а потым і на поўначы Расіі, і ўстанавіў пэўны парадак.