Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Ніякага поўнага вызвалення Расіі не было. У наступныя гады пасля абрання царом Міхаіла Раманава кароль Жыгімонт ужо сам не прэтэндаваў на царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу як маскоўскаму цару заваёўваць землі на ўсходзе, але недахоп грошай не дазволіў сабраць вялікае войска. У 1613 г. маскоўскае войска падышло да Смаленска, але ў красавіку 1614 г. беларускае-літоўскае войска вызваліла горад ад аблогі. У 1615 г. беларускія-літоўскія войскі Януша Кішкі і Аляксандра Лісоўскага зрабілі рэйды адпаведна на Старадуб і Бранск.
У 1617–1618 гадах Уладзіслаў Жыгімонтавіч узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Побач з ім знаходзіўся гетман вялікі літоўскі Ян Кароль Хадкевіч. Гэтае польска-беларускае войска пайшло праз Беларусь на Маскву. Каралевіча падтрымліваў і канцлер Леў Сапега. З Украіны ў напрамку Масквы пайшлі ўкраінскія казакі на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава данскія казакі і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў з часоў паўстання Івана Балотнікава. Уладзіслаў выдаваў дарчыя граматы, у т. л. і сялянам.
Дваранскі ўрад Міхаіла Раманава быў напалоханы. Ён спешна пачаў рыхтаваць войскі. Маскоўскія ваяводы пераходзілі на бок Уладзіслава. Яны здалі яму Дарагабуж і Вязьму. Дарога на Маскву была адкрыта. У кастрычніку 1618 г. Уладзіслаў з захаду, Сагайдачны з поўдня падышлі да Масквы. Але штурм горада вынікаў не даў. Не былі ўзяты таксама Мажайск і Троіцка-Сергіеў манастыр. Вычарпаныя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 (11) снежня 1618 года ў сяле Дэўліна было заключанае перамір’е тэрмінам на 14 з паловай гадоў (каб потым узнавіць войска ўлетку, калі цёпла). Умовы Дэўлінскага перамір’я былі цяжкімі для Расіі. Да Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі адвечна беларускія (крывіцкія) землі Смаленскага ваяводства (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Кароны Польскай — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў, Лябедзін і Ахтырка на Украіне. Рэч паспалітая абавязалася вярнуць з палону Філарэта — бацьку цара Міхаіла Раманава. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара Маскоўскага і ўсяе Русі», але Міхаіл Раманаў застаўся на троне. Пытанне аб канчатковым міры было адкладзена.
Філарэт вярнуўся ў Маскву. Цар, вітаючы бацьку, пакланіўся яму да зямлі. 22 чэрвеня 1619 года ў Крамлі цар Міхаіл урачыста прасіў бацьку прыняць сан патрыярха, і бацька згадзіўся. 24 чэрвеня іерусалімскі патрыярх Феафан, які на той час быў у Маскве, асвяціў Філарэта як патрыярха. З гэтага часу Расіяй кіравалі двое: бацька, патрыярх Філарэт, які падпісваў граматы злева — «вялікі гасудар» і сын, цар Міхаіл, які падпісваў граматы справа — «гасудар».
Калі ж падсумаваць расійскія і польска-беларускія адносіны на пачатку XVII ст., то трэба адзначыць, што тут былі і інтэрвенцыя, і дапамога (дарэчы, незаўсёды поўная) прэтэндэнтам на царскі трон, і запрашэнне на трон Уладзіслава са стварэннем расійскага ўраду пры ім, і перабежкі з лагера ў лагер, і рабаванні насельніцтва Расіі не толькі чужынцамі, але і сваімі казакамі (збеглым халопамі, сялянамі і гараджанамі). Уражвае, што пасля абрання царом Міхаіла Раманава тыя, хто кіраваў ў тушынскім лагеры, а потым у Маскве пад наглядам беларускіх акупантаў, ад 1613 года сталіся патрыётамі Расіі і зацята баранілі яе незалежнасць, а дакладней, сваю ўладу.
Але сапраўдную гісторыю таго часу мы ні ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў, ні тым больш ад палітыкаў не пачуем і праўдзівых твораў не пабачым. Замест гэтага ўведзена штучнае свята і прапагандысцкі кінафільм дня падтрымкі народнага адзінства.
Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў
Праграмныя дакументы дзекабрыстаў ужо падрабязна разглядаліся ў гістарычнай літаратуры. Змешчаны яны і ў спецыяльнай публікацыі (Восстание декабристов. Документы. М., 1958. Т.7). Нацыянальнаму пытанню ў праграмах дзекабрыстаў удзелена менш увагі, чым іншым пытанням. Таму варта падкрэсліць некаторыя палажэнні такіх дакументаў і вытлумачыць ідэйнае абгрунтаванне дзекабрысцкіх поглядаў у гэтым пытанні, як у «Паўднёвым таварыстве», так і ў «Паўночным таварыстве».
Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П.І.Песцель распрацаваў асноўныя палажэнні грамадскага і дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуменце «Руская праўда», які быў зацверджаны «Паўднёвым таварыствам». Песцель быў ворагам федэратыўнага ладу і прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расеі. 4-ты раздзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная» (Восстание декабристов. Документы. Т.7, с.126). Як вядома, лозунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся расейскімі белагвардзейцамі пад час грамадзянскай вайны, бо белагвардзейцы былі супраць самастойных нацыянальных рэспублік, у першую чаргу савецкіх, на тэрыторыі былой Расейскай імперыі. Расея, паводле праекта П.І.Песцеля, падзялялася на губерні, якія не супадалі з межамі рассялення розных народаў. Фармальна, паводле канстытуцыйнага праекта Песцеля, усе жыхары Расеі мелі аднолькавыя палітычныя правы. Аднак частка горскіх каўказскіх народаў была залічана ім да буяных, якіх трэба было выселіць ва ўнутраныя расейскія губерні і пасяліць іх там у невялікай колькасці па розных валасцях. Расейскіх каланістаў трэба было рассяліць на землях іншых народаў. Песцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх нагадваў Беларусь. Нагадвае Песцель і беларусаў (як частку расейскага народа), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губерні. Ён не ўспамінае беларусаў у іншых губернях, бо гэтыя губерні меркавалася, паводле пагаднення з польскім Патрыятычным таварыствам, перадаць у склад Польшчы. Песцель адмаўляў ім у праве на самастойнасць, бо яны «з-за слабасці сваёй ніколі не могуць складаць асобных Дзяржаў, а з-за гэтага ўсе яны… павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасці» (Тамсама, с.122).
16-ты раздзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны злітымі быць у адзін Народ» (Тамсама, с.149). У гэтым раздзеле ставіцца задача: «…у адну агульную масу зліць так, каб насельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Расейцы». Для гэтага трэба, каб «на цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самым надзвычайным чынам аблегчацца». Песцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы іншых, нерасейскіх народаў і ўсіх назваць расейцамі (Тамсама, с.149). Выключэнне было зроблена толькі для Польшчы, якая павінна была застацца ў цесным палітычным і вайсковым саюзе з Расеяй. Жадаючы ўстанавіць сувязі з польскім Патрыятычным таварыствам для сумеснага паўстання супраць царызму і ўстанавіўшы іх, Песцель пайшоў на тэрытарыяльныя ўступкі на карысць Польшчы за кошт беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх зямель. У «Рускай праўдзе» вызначалася расейска-польская мяжа наступным чынам: «Гэтая мяжа павінна ісці ад Палангена (Палангі) сама прамой рысай на Дынабург (Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Беразінскаю ў напрамку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў напрамку да горада Астрога Валынскай губерні. Ад Астрога да Карпацкіх гор» (Тамсама, с.125). Такім чынам, уся Гарадзенская і Віленская губерні і большая частка Менскай адыходзілі да Польшчы. У Менскай губерні ад Барысава мяжа ішла прама на поўдзень, па Пцічы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. Усходняя частка Беларусі ўключалася ў Вяршынную вобласць (з цэнтрам у Смаленску), у склад якой уваходзілі Смаленская, Віцебская і Чарнігаўская акругі (губерні), дзе знаходзілася сучасная тэрыторыя Беларусі.
У якасці кур'ёзнага падыходу да нацыянальнага пытання можна прывесці 14-ты раздзел «Рускай праўды» Песцеля, дзе ён гаворыць пра габрэяў, якія пераважна жывуць у губернях беларускіх, украінскіх і летувіскіх і якія «тым адрозніваюцца ад усіх іншых народаў, што неймаверна цесную сувязь паміж сабою заўсёды захоўваюць, ніколі адзін другога не выдаюць ні ў якіх выпадках і абставінах і заўсёды гатовыя да ўсяго таго, што ўласна для іх грамады можа быць выгадным або карысным» (Тамсама, с.146). Песцель прапанаваў сабраць усіх габрэяў (звыш двух мільёнаў) у адзін зборны пункт, узброіць іх і даць нават у дапамогу войска, каб яны прайшлі праз Эўрапейскую Турцыю (Балканы) у Азіяцкую і там дзе-небудзь стварылі сваю Габрэйскую Дзяржаву (Тамсама, с.148).
У адрозненне ад Песцеля Мікіта Міхайлавіч Мураўёў у сваім праекце канстытуцыі прапанаваў федэратыўны лад Расеі паводле ўзору Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў. Расейская імперыя падзялялася на федэратыўныя адзінкі, якія былі названы дзяржавамі. Беларускія землі, паводле гэтай канстытуцыі, былі ўключаны ў дзве дзяржавы: Заходнюю са сталіцай у Вільні і Дняпроўскую са сталіцай у Смаленску. Аднак гэтыя дзяржавы не мелі якога-небудзь нацыянальнага характару, а былі тэрытарыяльна-гаспадарчымі адзінкамі накшталт паўночнаамерыканскіх штатаў.
Такім чынам, у канстытуцыі Мікіты Мураўёва нацыянальнае пытанне амаль не закраналася, што было звязана з ягонымі агульнымі дваранскімі поглядамі на Расею як выключна расейскую дзяржаву. У Песцеля гэтаму пытанню прысвечана шмат увагі. Ён перакананы прыхільнік «адзінай і непадзельнай» Расеі, як і сам цар і прадстаўнікі самадзяржаўя. Песцель прапанаваў у «Рускай праўдзе» правядзенне палітыкі жорсткай русіфікацыі ў Расеі пасля перамогі дваранскай рэвалюцыі дзекабрыстаў. Сродкі для гэтага, з нашага пункту гледжання, часам сур'ёзныя (увядзенне адзінай расейскай мовы), а часам паўанекдатычныя (заканадаўчыя забароны народнасцям называцца сваім імем). Праўда, неўзабаве Мікалай І выкарыстаў гэтую прапанову і ў 1840 годзе забараніў у афіцыйных актах называць беларускія губерні сваімі імёнамі, а называць іх «Северо-Западным краем России». Увогуле, трэба адзначыць, што на праектах канстытуцыі дзекабрыстаў ляжыць пячатка дваранскай абмежаванасці і вялікадзяржаўнага расейскага шавінізму. Асабліва характэрнымі былі прапановы па русіфікацыі нерасейскага насельніцтва Паўла Іванавіча Песцеля. Яны былі пастаўлены ў парадак дня тады, калі яшчэ царскі ўрад праводзіў палітыку культурнага апалячвання насельніцтва Беларусі (да паўстання 1831 года на яе тэрыторыі), пашырыўшы польскія школы і справаводства на польскай мове ў дзяржаўных установах. Цікава і тое, што ў гэтых праграмных палажэннях дзекабрысты мелі паслядоўнікаў і ў ХХ стагоддзі. Трэба таксама адзначыць, што П.І.Песцель і іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі дваранскімі рэвалюцыянерамі, не пытаючыся, натуральна, аб гэтым у самога беларускага народа. І ў гэтым таксама праяўлялася абмежаванасць дваранскіх рэвалюцыянераў.
<