ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Аднак гэтае беларуска-літоўскае вайскова-палітычнае пагадненьне, заключанае перад пагрозай далейшага наступу польскага войска на Літву, практычных вынікаў ня мела. Ваенныя дзеяньні паміж літоўскай арміяй i войскамі генэрала Л. Жалігоўскага пад націскам вайсковай камісіі Лігі Нацыяў былі спыненыя 30 лістапада 1920 г. Дачыненьні паміж Польшчай i Літвой заставаліся напружанымі. Для ўраду Літвы, які ў распараджэньні меў дзьве літоўскія дывізіі, беларускія вайсковыя адзінкі былі дадатковай i неабходнай сілай.

Таму ўзаемадачыненьні літоўскага й беларускага ўрадаў заставаліся пэўны час саюзнымі. Літоўскі ўрад падтрымліваў урад В. Ластоўскага. Беларускі ўрад заставаўся ў Коўне да восені 1923 г. Толькі пасьля адстаўкі В. Ластоўскага 23 жніўня 1923 г. Рада i ўрад БНР пераехалі ў лістападзе 1923 г. у Прагу, сталіцу Чэха-Славаччыны. Да 1923 г. у складзе літоўскай арміі знаходзіліся беларускія падразьдзелы: асобны беларускі батальён, потым (з 25 красавіка 1923 г.) асобная беларуская з 209 чалавек рота. Справаводзтва й каманды ў гэтых падразьдзелах вяліся i аддаваліся на беларускай мове. Выходзіў часапіс «Вайсковы». Гэта былі ня толькі падразьдзелы, але i рэзэрва для разгортваньня беларускага войска пры магчымай зьмене палітычнай сытуацыі: для вайны супраць Польшчы або супраць Савецкай Расеі, каб вызваліць тэрыторыю Беларусі. У 1920–1923 гг. беларускі батальён, а потым рота стаялі на польска-літоўскай мяжы.

Палітычная сытуацыя зьмянілася ў 1922–1923 гг. 8 студзеня 1922 г. польскія ўлады Сярэдняй Літвы правялі выбары часовага Сойму, які 20 лютага 1922 г. пастанавіў далучыць тэрыторыю Віленскага краю да Польшчы. 24 сакавіка 1922 г. гэтае рашэньне пацьвердзіў польскі сойм. У сакавіку 1923 г. канфэрэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі i Японіі вызначыла літоўска-польскую мяжу, пакінуўшы Віленскі край Польшчы. Рашэньне канфэрэнцыі паслоў зацьвердзіла рада Лігі Нацыяў. I хоць літоўскі ўрад тае мяжы не прызнаў, аднак вымушаны быў лічыцца зь міжнародным арбітражам. Яшчэ раней, у студзені 1923 г., Клайпедзкі край быў далучаны да Літвы явачным парадкам, i 17 лютага 1923 г. канфэрэнцыя паслоў згадзілася 3 гэтым далучэньнем. Такім чынам, міжнароднае становішча Літоўскай рэспублікі стабілізавалася.

Становішча ж Беларусі i ўраду БНР пагаршалася. У выніку заключэньня Рыскае прэлімінарнае мірнае дамовы 12 кастрычніка 1920 г. i Рыскае мірнае дамовы 18 сакавіка 1921 г. тэрыторыя Беларусі была падзеленая Савецкаю Расеяй i Польшчаю бяз згоды беларускага народу i без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Урэшце, усё гэта прывяло да спыненьня афіцыйных дачыненьняў паміж урадамі Літвы й БНР i да ліквідацыі адзінак беларускага войска ў Літве. Было зьліквідаванае i Міністэрства Беларускіх Справаў. Там заставаліся яшчэ беларускія дзеячы В. Ластоўскі, К. Душэўскі, выдаваўся часапіс «Крывіч». Да 1924 г. дзейнічала выдавецтва Міністэрства Беларускіх Справаў. Але палітычная дзейнасьць ужо не вялася.

Такім чынам, беларуска-літоўскія дачыненьні ў 1918–1922 гг. зьмяняліся ў сувязі з палітычнаю сытуацыяй. Абодва бакі вырашалі свае нацыянальнадзяржаўныя пытаньні. Больш спрыяльныя для Літвы ўмовы дазволілі ёй захаваць незалежнасьць. Беларуская Народная Рэспубліка з-за вонкавых абставінаў не змагла адстаяць сваю незалежнасьць. У барацьбе за захаваньне дзяржаўнасьці i Беларусь, i Літва заключалі саюзныя пагадненьні. Аднак гэты саюз не прынёс Беларусі якіх-небудзь рэальных палітычных вынікаў.

1612 год у гісторыі Расіі

…і яго тлумачэнне расійскімі палітыкамі і гісторыкамі

…сапраўдную гісторыю таго часу мы ні

ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў,

ні тым больш ад палітыкаў не пачуем

і праўдзівых твораў не пабачым…

У апошнія гады ў Расіі ўлада і палітычныя дзеячы ўсё больш звяртаюцца да гістарычных падзей далёкага мінулага, каб падмацаваць свае пазіцыі і апраўдаць сваю па-ранейшаму імперскую палітыку.

Адной з такіх тэм з’яўляюцца гістарычныя падзеі, звязаныя з перыядам Смуты ў Маскоўскім царстве на пачатку XVII стагоддзя са зменай ва ўладзе цароў і самазванцаў і ўсеагульнага рабавання Расіі самімі расейцамі (маскоўцамі).

Паколькі савецкія гісторыкі абапіраліся на класавую барацьбу народа супраць эксплуататараў «працоўнага народа» (тады гэта сяляне), то тэрмін Смута не ўжывалі, а бачылі маторам падзей масавы народны рух, і перш за ўсё сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава. Умяшанне ў падзеі ў Расіі ў гэты час Рэчы Паспалітай (вайна 1609–1618 гг.) разглядалася савецкімі і разглядаецца расійскімі гісторыкамі як польская або польска-літоўская інтэрвенцыя. Гэтыя ж гісторыкі называлі і называюць захоп маскоўскімі войскамі беларускіх і ўкраінскіх земляў з іх пункту гледжання «вызваленнем брацкіх народаў» (альбо інакш адзінага рускага народу) ад чужаземных захопнікаў.

Доўгі час падзеі 1612 года не краналі расійскіх палітыкаў. Але на пачатку XXI стагоддзя тагачасны расійскі прэзідэнт, а цяперашні прэм’ер-міністр, Уладзімір Пуцін успомніў і пра гэтую дату. Праводзячы агрэсіўную палітыку ў дачыненні да суседніх краін, расійскае кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць дату вызвалення Крамля ад іншаземнага гарнізона (дарэчы, запрошанага ў Маскву самімі маскоўскімі баярамі ў 1610 г.), каб замацаваць гэтыя падзеі ў свядомасці расіян як дзяржаўнае свята антыпольскага характару, бо якраз у гэты час пагоршыліся адносіны паміж урадамі Расіі і Польшчы ў сувязі з уступленнем Польшчы ў НАТО і Еўразвяз.

Восенню 2004 года кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай царквы, якое знаходзіцца пад поўным кантролем расійскай дзяржаўнай улады (і хіба па падказцы расійскага палітычнага кіраўніцтва), звярнулася да ўраду Расійскай Федэрацыі з ініцыятывай змяніць тады яшчэ расійскае дзяржаўнае свята 7 лістапада на іншы дзень, блізкі па часе. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II прапанаваў дзень 4 лістапада як дзень заканчэння Смуты ў Расійскім царстве ў 1612 годзе, матывуючы гэта тым, што якраз у гэты дзень Масква была вызвалена расійскім апалчэннем ад польска-літоўскіх інтэрвентаў. Патрыярх прапанаваў абвясціць гэты дзень святам — Днём народнага адзінства, а 7 лістапада пакінуць ужо не святочным, а звычайным рабочым днём тыдня.

Сапраўды ж 4 лістапада з’яўляецца царкоўным святам цудатворнай іконы Казанскай Божай Маці, якую вельмі шануе праваслаўная царква. У выніку ініцыятыва была прынята і часам прыняцця адпаведнага закона Дзяржаўнай думай і Саветам федэрацыі, падпісанага прэзідэнтам Расіі, дата свята 4 лістапада была прынята і з 2005 г. стала адзначацца як Дзень народнага адзінства.

Для падмацавання святочнай даты мастацкімі сродкамі быў хутка падрыхтаваны фільм «1612 год», у якім паказана ў лепшых патрыятычных пазіцыях савецкага кіно гісторыя гераічнага змагання рускіх воінаў з «польскімі захопнікамі» (якія, дарэчы, нават гавораць па-польску, праўда, чамусьці з рускім акцэнтам).

Прымітыўная, прапагандысцкая ідэя фільма «1612 год» — «нашыя героі» і «захопнікі-ворагі» — вельмі нагадвае бяздарныя савецкія фільмы па гістарычнай тэматыцы і мае сваю мэту — распальваць сярод расіянаў шавінізм і варожасць да прадстаўнікоў іншых, «варожых» народаў у гэты важны для расійскіх палітыкаў момант. Такім чынам, у масавай свядомасці расіянаў павінна стварыцца ўражанне пра сапраўды народнае адзінства таго часу і перамогу над «польскімі захопнікамі», якіх самі маскоўскія баяры запрасілі ў Крэмль за два гады да таго…

Поделиться с друзьями: