ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Падпісаўшы мірную дамову з Польшчай у 1921 г., Савецкая Расея, а потым Савецкі Саюз пачаў рыхтаваць ды інсьпіраваць паўстанцкі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921-1922 гг. І хаця значная частка партызанскіх аддзелаў стваралася беларускімі эсэрамі, паступова кампартыя Заходняй Беларусі, якая накіроўвалася зь Менска й Масквы, у 1924-1925 гг. апанавала кіраўніцтва партызанскім рухам. У БССР ствараліся й перакідваліся празь мяжу партызанскія аддзелы, якія ў Заходняй Беларусі абрасталі мясцовымі сіламі - ішоў экспарт рэвалюцыі. Кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і групаў сталі чэкісты С. Ваўпшасаў, В. Корж, К. Арлоўскі, А. Рабцэвіч, К. Такушэвіч ды іншыя. Мэтаю партызанскага руху было самавызначэньне Заходняй Беларусі і яе далучэньне да БССР. Аднак насельніцтва, перадусім сялянства, не падтрымала руху, і да канца 1925 г. ён быў падаўлены. Спроба СССР заняць гэтую тэрыторыю пад выглядам узьяднаньня беларускага народу не ўдалася.

Беларусь у савецка-нямецкіх дачыненьнях

Уся гэтая палітыка вялася пры прапагандысцкай крытыцы Вэрсальскае сыстэмы мірных дамоваў, што склалася пасьля першай сусьветнай вайны. Пры гэтым СССР спрабаваў зрабіць саюзьнікам Нямеччыну, якая прайграла вайну і была пакрыўджаная ўмовамі Вэрсалю, у тым ліку і ў тэрытарыяльным пытаньні. Пачаткам расейска-нямецкага саюзу сталася дамова ў Рапала ў 1922 г. і патаемнае вайсковае супрацоўніцтва СССР ды Нямеччыны. Райхсвэр атрымаў магчымасьць адчыніць на тэрыторыі СССР танкавую (у Казані), вайскова-паветраную (у Ліпецку) і вайскова-хімічную (у Саратаве) школы, абыходзячы тым самым артыкулы Вэрсальскага міру.

Прыход Гітлера да ўлады ў Нямеччыне 30 студзеня 1933 г. зьмяніў добрыя савецка-нямецкія дачыненьні, і яны пачалі пагаршацца. Яшчэ да гэтага, каб умацаваць сваё становішча на заходніх межах, СССР падпісаў сэрыю дамоваў аб ненападзе зь Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй і прадоўжыў у 1931 і 1934 гг. савецка-літоўскую дамову 1926 г. аб ненападзе і нэўтралітэце. У апошняй дамове гаварылася, што СССР па-ранейшаму прызнае расейска-літоўскую мяжу 1920 г., г. зн. у склад Літвы мела ўваходзіць тэрыторыя паўночна-заходняй Беларусі (хаця фактычна яна была ў складзе Польшчы). СССР тым самым прызнаваў сувэрэннай літоўскай тэрыторыю з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы ды інш. Усе дамовы аб ненападзе, заключаныя савецкім урадам з суседнімі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі, мелі агульныя рысы; галоўным было захаваньне прынцыпаў непарушнасьці межаў.

25 ліпеня 1932 г. у Маскве была падпісаная савецка-польская дамова аб ненападзе, тэрмін якой 5 траўня 1934 г. прадоўжылі да 31 сьнежня 1945 г. Тэрытарыяльныя пытаньні на перамовінах нават і не ўзьнімаліся. Дзяржаўная мяжа паміж СССР і Польшчай, якая была вызначана Рыскаю мірнаю дамоваю 1921 г. і якая падзяліла Беларусь і Ўкраіну, заставалася нязьменнаю. У 1934-1936 гг. пазначылася альтэрнатыва савецка-германскаму пакту 1939 г.: заключэньне пагадненьня паміж СССР і заходнімі дэмакратычнымі краінамі для супраціву фашыстоўскай агрэсіі. Але гэтая ідэя не ажыцьцявілася. Англія й Францыя ня вельмі ахвотна йшлі на саюз з СССР, бо ня верылі Сталіну, які ў 1936-1939 гг., падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, ня толькі праводзіў палітыку падтрымкі іспанскіх рэспубліканцаў, але й спрабаваў пашырыць ваенна-палітычны ўплыў СССР у Іспаніі, а значыць, і ў Заходняй Эўропе, узмацніць пазыцыі Кампартыі Іспаніі ва ўрадзе і на месцах. Усё гэта паказвала, што чакае кожную краіну, куды ўступяць войскі Чырвонай арміі. Эўрапейскія дэмакратычныя дзяржавы баяліся іхнага прыходу. Да гэтага трэба дадаць, што масавыя рэпрэсіі, якія асабліва шырока разгарнуў у СССР камуністычны рэжым у 1937-1938 гг., выклікалі ў эўрапейскіх краінах яшчэ большы недавер да савецкага ўраду, ягонай палітыкі ды прапановаў. Магчымыя ваенныя саюзьнікі ў эвэнтуальнай вайне супраць гітлераўскай Германіі лічыліся і з тым, што рэпрэсіі значна аслабілі Чырвоную армію.

Тымчасам, ад самага прыходу Гітлера да ўлады, Сталін захоўваў патаемную сувязь паміж Масквой і Бэрлінам. У сьнежні 1933 г. на зьезьдзе Саветаў кіраўнік ураду В. Молатаў і наркам замежных справаў М. Літвінаў заклікалі (у тым і Гітлера) паляпшаць савецка-нямецкія дачыненьні. Аднак Гітлер ігнараваў і гэтыя і пазьнейшыя заклікі. Адначасова Сталін вёў зандаж настрояў кіраўніцтва Англіі й Францыі.

Калі ў канцы 1938 г. кіраўнічыя колы фашыстоўскай Германіі пачалі дыпляматычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыгаўскі крызыс і рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовіны з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі й Францыі пра заключэньне дамовы аб узаемнай дапамозе. Пры гэтым Англія й Францыя былі зьвязаныя ўзаемнымі абавязкамі з Польшчай і муселі абвясьціць вайну Германіі, калі тая нападзе на Польшчу.

Падчас маскоўскіх перамовінаў дэлегацыя СССР прапанавала, акрамя заключэньня трохбаковага пакту аб узаемнай дапамозе, аказаць ваенную дапамогу ўсім усходне-эўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР ад Балтыйскага да Чорнага мора. Такая меркаваная савецкая дапамога была б зьвязаная з парушэньнем межаў Польшчы й прыбалтыйскіх краінаў, прадстаўнікі якіх на перамовіны не запрашаліся. Але думка пра ўвод вайсковых аддзелаў Чырвонай арміі на тэрыторыю сумежных краінаў, у тым і ў Заходнюю Беларусь, усё больш авалодвала Сталіным і Молатавым, які, акрамя пасады кіраўніка савецкага ўраду, з 3 траўня 1939 г. заняў пасаду наркама замежных справаў.

11 траўня 1939 г. Польшча адмовілася ад заключэньня пакту пра ўзаемную дапамогу з СССР. Польскі ўрад добра ўяўляў, што абмежаваны кантынгент войскаў Чырвонай арміі, уведзены на тэрыторыю Польшчы, хутка ператворыцца ў неабмежаваны, што, пабудаваўшы тут вайсковыя базы, аэрадромы, склады, аддзелы Чырвонай арміі замацюуцца на гэтай тэрыторыі, а пасьля СССР, знайшоўшы зручную прычыну, зьменіць на сваю карысьць усходнюю мяжу Польшчы ды наагул памяняе яе дзяржаўны лад, аказваючы польскаму народу «брацкую дапамогу», як гэта потым, у 1940 г., адбылося ў краінах Прыбалтыкі. У Польшчы ж добра памяталі абвешчаньне ў 1920 г. у Беластоку Польскай Савецкай Рэспублікі, калі Чырвоная армія ўступіла на гэтую тэрыторыю.

Падчас перамовінаў ваенных місіяў Англіі, Францыі і СССР у Маскве маршал К. Варашылаў, які ўзначальваў савецкую ваенную місію, 14 жніўня 1939 г. паставіў для заключэньня дамовы пра ўзаемную дапамогу і ваеннай канвэнцыі пра ўзаемадзеяньне папярэднюю ўмову - прапусьціць савецкія войскі «праз польскую тэрыторыю, празь Віленскі калідор і Галіцыю ды праз румынскую тэрыторыю», нават калі Польшча й Румынія дапамогі ў СССР не папросяць. Савецкая ваенная дэлегацыя прапанавала ўрадам Англіі й Францыі паўплываць на ўрады Польшчы й Румыніі ў гэтым пытаньні.

Польскі ўрад і асноўная маса насельніцтва не ўспрымалі сталінскага сацыялізму, ня верылі Сталіну й камуністычнаму рэжыму. Таму польскі міністар замежных справаў Ю. Бэк 20 жніўня 1939 г. адмовіўся ад пропуску аддзелаў Чырвонай арміі ў Памор'е, на Сувальшчыну і ва ўсходнюю Малапольшчу. Спроба заняць тэрыторыю Заходняй Беларусі й часткі Польшчы не ўдалася. Але Польшча не адмаўлялася ад уваходу Чырвонай арміі падчас вайны. Наступным днём, 21 жніўня, К. Варашылаў падчас паседжаньня ваенных місіяў на прапанову ангельскай і францускай дэлегацыяў перанесьці паседжаньне на 3-4 дні заявіў, што трэба адкласьці перамовіны на даўжэйшы тэрмін. Перамовіны былі сарваныя, паколькі ваенныя місіі больш не зьбіраліся. Сталін і савецкі ўрад фактычна палохалі германскаю пагрозаю Англію й Францыю ды спрабавалі дамагчыся іхнае згоды на далучэньне да СССР часткі тэрыторыі Польшчы ў абмен на ваенную дапамогу.

У той жа час Сталін і Молатаў ужо разьлічвалі дамагчыся сваіх імпэрыялістычных мэтаў з дапамогаю перамовінаў з Германій, нягледзячы на шэраг саступак, якія ўжо зрабілі дэлегацыі Англіі й Францыі.

Яшчэ ў сакавіку 1939 г. Сталін у спавешчаньні на XVIII зьезьдзе партыі двойчы заявіў, што СССР стаіць за ўмацаваньне дзелавых сувязяў з усімі краінамі. Гэты заклік да супрацоўніцтва Гітлер зразумеў. На пачатку 1939 г. пачаўся абмен думкамі наконт гандлёвае дамовы. У жніўні 1939 г. савецка-германскія кантакты ўрэшце прывялі да прапановы германскага боку заключыць пакт аб ненападзе і ўлічыць усе інтарэсы СССР у пытаньні аб Прыбалтыцы й Польшчы, пра што заявіў 3 жніўня Молатаву германскі пасол у Маскве граф Ф. фон Шуленбург. Найперш вырашаўся лёс Заходняй Беларусі.

14 жніўня 1939 г. германскі міністар замежных справаў Ё фон Рыбэнтроп даручыў Шуленбургу паўтарыць Молатаву германскія прапановы ды папрасіць аўдыенцыі ў Сталіна. Наступіў пэрыяд інтэнсыўных папярэдніх перамовінаў паміж Масквой і Бэрлінам. Гітлер сьпяшаўся заключыць дамову аб ненападзе з СССР, каб хутчэй пачаць вайну супраць Польшчы. Сталін жа сьпяшаўся выкарыстаць сытуацыю, каб захапіць новыя тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

17 жніўня Молатаў ад імя Сталіна і савецкага ўраду даў згоду на падпісаньне гандлёвае дамовы, а потым і пакту аб ненападзе. Прапаноўваўся і спэцыяльны пратакол да пакту па палітычных пытаньнях. 19 жніўня Шуленбургу перадалі савецкі праект дамовы аб ненападзе з дадаткам спэцыяльнага пратаколу па зьнешнепалітычных пытаньнях. Праўда, савецкі бок не канкрэтызаваў сваіх экспансіянісцкіх тэрытарыяльных памкненьняў. 20 жніўня Гітлер даў згоду на гэтыя ўмовы.

Поделиться с друзьями: