ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Адносіны з Польшчай заставаліся саюзнымі. Амаль увесь час вялікі князь літоўскі выбіраўся і каралём польскім (за выключэньнем пэрыяду 1492-1501 гг., калі манархі былі розныя). Але інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў не супадалі і часам дыпляматыя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага мела канфлікты з польскай дыпляматыяй (з-за Валыні, у дачыненьні да крымскіх татараў, да Тэўтонскага ордэну).

Адносіны Вільні з Масквою ў другой палове XV ст. сталіся напружанымі з-за Ноўгарада і Пскова, куды вялікі князь Казімір на просьбы наўгародцаў і пскавічоў ставіў князёў. Масква глядзела на гэта вельмі непрыхільна. Пагроза для Ноўгарада Вялікага страціць самастойнасьць і цалкам падпарадкавацца маскоўскаму вялікаму князю ўзмацняла ў наўгародзкіх баяраў імкненьне да саюзу зь Літоўскаю-Беларускаю дзяржаваю. Дзяржаўны лад яе, з палітычнымі і імунітэтнымі правамі фэадалаў, больш адпавядаў дзяржаўнаму ладу Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі, чым маскоўская ўлада, заснаваная на цэнтралізацыі і самаўладзьдзі вялікага князя. Да таго ж Казімір падтрымліваў баярскае кіраваньне ў Ноўгарадзе і абмяжоўваўся меншымі патрабаваньнямі, чым маскоўскі вялікі князь, які лічыў, што Ноўгарад - гэта ягоная «вотчына». У Ноўгарадзе між баярства існавала моцная групоўка незалежнікаў, (так званая «літоўская партыя») на чале з удавою пасадніка Марфай Барэцкай і ейнымі сынамі. «Літоўская партыя» выступала супраць «маскоўскай партыі», што імкнулася падпарадкавацца Маскве, бо была зьвязаная зь ёю эканамічнымі інтарэсамі, або стаяла ў апазыцыі незалежнікам. Кіроўная баярская групоўка абапіралася на пэўныя колы пасадзкага насельніцтва, якія таксама намагаліся захаваць незалежнасьць Ноўгарада. Баярская групоўка на чале з Марфай Барэцкай заявіла на вечы:

«Не хотим за великого князя Московского, ни зватися отчиною его; вольные есьмы люди Великий Новгород, а Московский князь великий многие обиды и неправду над нами чинит; но хотим за короля Польского и великого князя Литовского Казимира».

У лістападзе 1470 г. Ноўгарад запрасіў у якасьці князя-кармленшчыка (а практычна намесьніка Казіміра) слуцкага князя Міхаіла Алелькавіча, павадыра апазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але гэты князь ня здолеў аб'яднаць розныя групоўкі, ня меў падтрымкі з боку Казіміра і мусіў зьехаць з Ноўгарада ў сакавіку 1471 г. Тым ня менш у красавіку 1471 г. пасольства Ноўгарада ў Вільні падпісала дамову («даканчальную» грамату), паводле якой вызначаліся правы намесьніка Казіміра ў Ноўгарадзе і самога вялікага князя, які быў абавязаны абараняць Ноўгарад ад Масквы. Аднак правы вялікага князя літоўскага былі моцна абмежаваныя, а абавязкі наўгародцаў перад вялікім князем - сьціплыя. Наўгародзкія баяры хацелі танна купіць ягоную вайсковую дапамогу.

Вялікі князь Казімір і паны-рада не пасьпелі дапамагчы Ноўгараду. Казімір да таго быў заняты вугорскімі і чэскімі справамі ў інтарэсах сваёй дынастыі (сын Казіміра Уладзіслаў стаўся каралём Чэхіі і рыхтаваўся на караля Вугоршчыны). Ды і апазыцыя праваслаўных князёў (ці, як іх тады называлі, «рускіх князёў») перашкаджала ўсходняй палітыцы Казіміра Ягайлавіча. Таму паход войска вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ на Ноўгарад у ліпені 1471 г. скончыўся хуткаю перамогаю. Кіраўнікоў антымаскоўскай баярскай групоўкі пакаралі сьмерцю, а Ноўгараду забаранілі мець зносіны зь Вялікім Княствам Літоўскім. Паўторны паход Івана III у 1478 г. зьліквідаваў незалежнасьць Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада. Так быў страчаны саюзьнік і фарпост Літоўскага-Беларускага гаспадарства, дзяржава, якая пашыралася да Ўралу і Паўночнага Ледавітага акіяну.

Праўда, у 1479 г. Казімір спрабаваў патаемна дамовіцца з братамі Івана III - удзельнымі князямі вугліцкім Андрэем і валакаламскім Барысам, якія прасілі дапамогі супраць Івана III. Была зробленая спроба аднавіць наўгародзкі ўдзел, але няўдала. Свае сем'і браты Івана III адправілі ў Віцебск. Канфлікт скончыўся пагадненьнем паміж маскоўскімі братамі падчас паходу хана Ахмэда у 1480 г., ягонага адступленьня і ліквідацыі тым самым мангола-татарскага прыгнёту.

Вялікае Княства Літоўскае ня выкарыстала гэтай сытуацыі з-за «змовы рускіх князёў» (усе яны былі праваслаўныя князі літоўскага-беларускага паходжаньня). У 1485 г. яно страціла яшчэ аднаго саюзьніка - Масква далучыла да сваёй тэрыторыі Цьверскае вялікае княства.

У 1480 г. крымскі хан Мэнглі-Гірэй заключыў саюз зь Іванам III супраць Вялікага Княства Літоўскага, і ад гэтага часу крымскія татары пачалі рэгулярныя, амаль штогадовыя наезды на Ўкраіну і Паўднёвую Польшчу, даходзячы часам да сучаснай Беларусі (асабліва напачатку XVI ст.).

Ад канца XV ст. ідзе сэрыя войнаў паміж Маскоўскай дзяржавай і Літоўскім-Беларускім гаспадарствам, пачынаючы ад гэтак званай памежнай вайны 1487-1494 гг. і да вайны 1534-1537 гг., з пастаяннымі стратамі тэрыторыі на карысьць Масковіі. Нават шлюб вялікага князя Аляксандра Казіміравіча з дачкою Івана III Аленаю ў 1495 г. не зьмяніў сытуацыі.

Паўдневая і эурапейская стратэгія

Дыпляматыя Вялікага Княства Літоўскага ў часе войнаў з Масквою ў першайпалове XVI ст. перадусім намагалася забясьпечыць спакой на паўднёвых тэрыторыях дзяржавы, наладзіць добрыя адносіны з Турцыяй і ейным васалам - Крымам. Нягледзячы на пераважна мірныя дачыненьні, напады з абодвух бакоў працягваліся.

Падчас апошняга пэрыяду маскоўска-літоўскай вайны 1512-1522 гг. крымскія татары нападалі на Ўкраіну і Польшчу. У 1521 г. каля 5 тысячаў перакопскіх татараў захапілі і спалілі Мазыр, рабавалі і зьнішчалі насельніцтва паміж Слуцкам і Пінскам ды спакойна вярнуліся назад у Крым.

Але былі і пагадненьні з крымскімі татарамі. У тым жа 1521 г. сам хан Мухамэд-Гірэй выступіў з асноўнаю вайсковаю сілаю супраць Масквы. У крымскім войску быў стараста чаркаскі і канеўскі Астафі Дашковіч з сваімі казакамі. Крымскае войска дайшло да самых муроў Масквы, разрабавала глыбінныя раёны Масковіі і вярнулася ў Крым.

А потым, вясной 1524 г., экспэдыцыя князя К. Астроскага з коньніцай і А. Дашковіча на лодках па Дняпры напала на турэцкую цьвярдыню Ачакаў. Буйную перамогу над турэцка-татарскім войскам літоўскае-беларускае войска атрымала ў 1527 г. у бітве на Ўкраіне, на Альшаніцы, за 40 міляў ад Кіева. Камандавалі войскам вялікі гетман, князь Канстанцін Астроскі, слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч, гарадзенскі стараста Юры Мікалаевіч Радзівіл ды Астафі Дашковіч.

У 1532 г. быў заключаны мір Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Турцыяй і Крымам. Нападаў крымскіх татараў паменшала. На гэта паўплывала і тое, што ў 1534 г. на Ўкраіне пабудавалі каля двух дзясяткаў цьвярдыняў, а памежныя мястэчкі ўмацавалі. У 40-х гг. XVI ст. стаў прыкметны паварот у зьнешнепалітычным курсе караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога: пачалі ўзмацняцца ягоныя сувязі з Турцыяй і Крымам. Жыгімонт накіроўваў напады крымскіх татараў на Маскоўскую дзяржаву. Гэтым дасягалася падвойная мэта - аслабляўся моцны праціўнік на ўсходзе, а крымскія татары спынялі напады на Вялікае Княства Літоўскае.

Такім чынам, у войнах першай паловы XVI ст. Маскоўская дзяржава заваявала значную частку ўсходніх земляў Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Да сярэдзіны XVI ст. зьверхнікі нашае дзяржавы сутыкнуліся з прэтэнзіямі Івана IV на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Паўставала пагроза існаваньню дзяржавы. Пастаянная барацьба з Масковіяй, лёгіка падзеяў вялі Літоўскую-Беларускую дзяржаву да шчыльнейшага саюзу з Польшчай, скіроўвалі да пашырэньня сувязяў з заходнеэўрапейскімі краінамі. Лівонская вайна і далейшыя міжнародныя акцыі Вялікага Княства Літоўскага былі выкліканыя і адносінамі з Масковіяй. Больш цеснаму дзяржаўнаму саюзу з Польшчай спрыяла таксама супольная барацьба супраць турэцка-татарскай пагрозы з поўдня, заснаваная на агульнай зьнешняй палітыцы ў XVI ст., і вайсковая дапамога Польшчы ў войнах супраць Маскоўскай дзяржавы.

У першай палове XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае зноў шырока прадстаўлена на міжнароднай арэне Эўропы, як у часы Вітаўта, калі ў 1429 г. да яго на зьезд у Луцк зьехаліся германскі імпэратар Сыгізмунд Люксэмбурскі, польскі кароль Уладзіслаў Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль ІI ды іншыя кіраўнікі дзяржаваў. Так, пасьля перамогі над маскоўскімі войскамі 8 верасьня 1514 г. вялікі князь Жыгімонт Казіміравіч (потым - Жыгімонт Стары) перадаваў у падарунак эўрапейскім манархам маскоўскіх дваранаў-ваеннапалонных. Германскі імпэратар Максымілян І Габсбург вярнуў некалькі палонных Масковіі.

Сьведчаньнем удзелу Вялікага Княства Літоўскага ў эўрапейскай палітыцы быў Венскі кангрэс 1515 г. Тады ў Вене адбылася сустрэча імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміляна I, караля Вугоршчыны і Чэхіі Ўладзіслава II Ягайлавіча і ягонага роднага брата - караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Імпэратар, які яшчэ ў 1514 г. намагаўся заключыць саюз з Масквой, пасьля бітвы пад Воршай зьмяніў плян. Кожны з манархаў дабіваўся сваёй мэты. Імпэратар Максымілян імкнуўся стварыць антытурэцкую кааліцыю, бо туркі прасоўваліся на Балканах усё бліжэй да імпэрыі і да аўстрыйскіх уладаньняў імпэратара. Ён таксама хацеў пашырыць уплыў Габсбургаў на Чэхію і Вугоршчыну шляхам дынастычных шлюбаў. Уладзіслаў II шукаў у імпэратара апоры супраць пагрозы турэцкага нашэсьця і сялянскіх рухаў. Жыгімонт Казіміравіч намагаўся прадухіліць пагрозу вайсковага нападу на Польшчу (а такім чынам і на Літоўскую-Беларускую дзяржаву) з боку імпэратара падчас маскоўска-літоўскае вайны 1512-1522 гг., а таксама зьліквідаваць патранат імпэратара над Тэўтонскім ордэнам. Папярэдне браты Ўладзіслаў і Жыгімонт Казіміравічы сустрэліся ў канцы сакавіка 1515 г. у Браціславе, а таксама правялі папярэднія перамовы з прадстаўніком імпэратара кардыналам Маціясам Лянгам. У Вене імпэратар адмовіўся ад патранату над Тэўтонскім ордэнам, які застаўся васалам польскага караля. Максымілян Габсбург таксама даў згоду на сваё пасярэдніцтва ў перамовах зь вялікім князем маскоўскім Васілём III пра спыненьне маскоўска-літоўскай вайны. Сапраўды, празь некаторы час у Маскву было накіравана імпэрскае пасольства на чале з баронам Сыгізмундам Гербэрштэйнам. Жыгімонт і Ўладзіслаў Ягайлавічы абяцалі ўступіць у антытурэцкую кааліцыю, якую павінен быў узначаліць папа Лявон X. Прынятыя пагадненьні здымалі напружанасьць паміж дзяржавамі і прадугледжвалі дружалюбныя дачыненьні Сьвятой Рымскай імпэрыі ды Польшчы й Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Яны спрыялі далейшаму разьвіцьцю сувязяў паміж краінамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Поделиться с друзьями: