ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

23 жніўня 1939 г. у Маскве Молатаў і Рыбэнтроп у прысутнасьці Сталіна падпісалі дамову аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Да яе быў прыкладзены дадатковы сакрэтны пратакол, таксама падпісаны Молатавым і Рыбэнтропам. Гэтым пратаколам абедзьве таталітарныя імпэрыі падзялілі між сабой краіны Усходняй Эўропы, запісаўшы іх у «сфэры ўплыву Германіі й СССР» ды вызначыўшы іхны лёс. Паводле тэксту пратаколу, Літва пачаткова была ўключаная ў сфэру ўплыву Германіі, а Вільня прызнаная Літве. Заходняя Беларусь і частка Польшчы на ўсход ад Віслы ўвайшлі ў сфэру ўплыву СССР. Так дзьве імпэрыялістычныя дзяржавы вызначылі лёс мільёнаў людзей. Сталін дамогся ўрэшце ўсёй тэрыторыі Беларусі як стратэгічнага пляцдарму для наступальнай вайны ў Эўропе і адначасова абарончага перадпольля, якое прыкрывала б наступ з Эўропы на Маскву.

Другая Сусьветная вайна

17 верасьня 1939 г. на досьвітку Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і пачала прасоўвацца да папярэдне абумоўленай з Гітлерам лініі. 19 верасьня з Масквы ў Бэрлін перадалі, што Сталін, які спачатку быў згодны зь існаваньнем польскай дзяржавы, прапаноўваў увогуле яе ліквідаваць і пачаць пра гэта перамовіны.

Дзяржаўная прыналежнасьць Заходняй Беларусі цяпер ужо вырашалася Сталіным. Пры гэтым ён не выключаў магчымасьці далучэньня Вільні й Віленскага краю да Беларускай ССР. Так, у 20-х днях верасьня 1939 г., пасьля таго як Вільня была занятая Чырвонай арміяй, савецкі прадстаўнік у гарадзкой управе загадаў працаўнікам складаць сьпісы выбаршчыкаў на беларускай мове для маючых адбыцца выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. І такія сьпісы па-беларуску складаліся. Але ў сярэдзіне першай дэкады кастрычніка 1939 г. (гэтым часам у Маскве вяліся перамовіны паміж урадамі СССР і Літоўскай рэспублікі пра падпісаньне савецка-літоўскага пакту аб узаемнай дапамозе) прыйшоў загад складаньне сьпісаў спыніць. Савецка-літоўская дамова была падпісаная 10 кастрычніка 1939 г. СССР аддаваў Вільню й Віленскі край Літве, а за гэта ўводзіў на тэрыторыю Літвы свае войскі. Так Вільня стала разьменнаю манэтаю ў сталінскай міжнароднай палітыцы Савецкага Саюзу.

25 верасьня 1939 г. Сталін прапанаваў Гітлеру абмен - Літву аддаць СССР, а Люблінскае й частку Варшаўскага ваяводзтва з «порцыі» СССР перадаць Германіі. Гітлер згадзіўся, і 28 верасьня ў Маскве была падпісаная германа-савецкая дамова пра сяброўства й мяжу паміж СССР і Нямеччынай, у якой усталёўвалася новая дзяржаўная мяжа. У 3-м артыкуле дакуманта адзначалася, што ўрад СССР праводзіць неабходнае дзяржаўнае пераўтварэньне тэрыторыі на ўсход ад лініі мяжы. У сакрэтным дадатковым пратаколе была запісаная дамоўленасьць паміж Германіяй і СССР пра абмен Літвы на ўсходнія тэрыторыі Польшчы. Такім чынам, СССР цяпер афіцыйна атрымаў права праводзіць выбары ў народныя сходы Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны і далучыць гэтыя тэрыторыі да СССР, што і адбылося ў канцы кастрычніка - першай палове лістапада 1939 г. Заходняя Беларусь (разам зь Беласточчынай) увайшла ў склад БССР. Вільня й Віленскі край былі перададзеныя Літве ў кастрычніку 1939 г. з тым, каб улетку 1940 г. далучыць і гэтую дзяржаву да СССР. А галоўнае - Чырвоная армія без вайны прасунулася далёка на Захад.

Падчас уключэньня Літвы ў склад СССР на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР на пачатку жніўня 1940 г. першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка абвесьціў аб перадачы Літве тэрыторыі большай часткі Сьвянцянскага і Гадуцішкаўскага раёнаў Вялейскай вобласьці.

Аднак на працягу другой сусьветнай вайны геапалітычнае становішча Беларусі зьмянілася. Пасьля нападу фашыстоўскай Германіі на СССР і акупацыі нямецкімі войскамі ўлетку 1941 г. тэрыторыі Беларусі Гітлер дзяліў ужо сам, без свайго контрагента па ранейшых перамовінах. Гітлер нават не прыняў патаемнай прапановы Сталіна падчас вайны, перададзенай праз Бэрыю ды ягоную службу, заключыць новы Берасьцейскі мір зь перадачай у распараджэньне Германіі Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны і Малдовы.

Заходнія раёны Беларусі - Беластоцкая вобласьць з Горадняй, Мастамі, Ваўкавыскам і Сьвіслаччу, паўночна-заходнія раёны Берасьцейскай вобласьці з Пружанамі, Камянцом і Высокім былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі (Беластоцкая акруга). Беларускае Палесьсе зь Берасьцем, Бярозай, Пінскам, Туравам, Мазыром і Гомлем уключылі ў райхскамісарыят Украіна. Паўночна-заходнія раёны Вялейскай вобласьці з Ашмянамі, Смаргонямі, Відзамі далучылі да генэральнай акругі Літва. Віцебская, Магілеўская, большая частка Гомельскай вобласьці і ўсходнія раёны Менскай (з Чэрвенем, Пухавічамі, Старымі Дарогамі й Любаньню) засталіся ў зоне армейскага тылу групы арміяў «Цэнтар». І толькі Баранавіцкая, Вялейская, Менская (без усходніх раёнаў), паўночныя раёны Берасьцейскай і Пінскай абласьцей увайшлі ў склад генэральнай акругі Беларусь. Гэтыя землі (чвэрць тэрыторыі БССР) былі ўключаныя ў склад райхскамісарыяту Остлянд з цэнтрам у Рызе і падзеленыя на дзесяць акругаў. На тэрыторыі генэральнай акругі Беларусь акупанты паступова дазвалялі дзейнасьць беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Аднак пра дзяржаўнасьць Беларусі размовы не было: нямецкія фашысты не плянавалі стварэньня беларускае нацыянальнае дзяржавы.

Пасьля вайны

Пасьля выгнаньня фашыстоўскіх акупантаў у выніку Беларускай апэрацыі чатырох франтоў у чэрвені - ліпені 1944 г. тэрыторыя Беларускай ССР скарацілася: Сталін безь ніякага юрыдычнага акту перадаў Беласточчыну ў падпарадкаваньне Польскаму камітэту нацыянальнага вызваленьня, альтэрнатыўнаму польскаму ўраду пад кантролем камуністаў і Масквы, улада якога ўсталёўвалася на польскіх тэрыторыях, занятых Чырвонай арміяй. Гэтым разам частка беларускіх земляў была перададзеная Польшчы. У каторы раз тэрыторыяй Беларусі вольна распараджаліся чужыя гаспадары.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў БССР у геапалітычным пляне выконвала для СССР тую ж самую ролю, якая была вызначана ёй царскім урадам Расеі. Яна заставалася пляцдармам для ўварваньня ў Эўропу (праўда, пляцдармам другога рубяжу пасьля ГДР і Польшчы) ды перадпольлем для абароны Масквы й цэнтральных раёнаў Расеі. Толькі пасьля другой сусьветнай вайны беларускі рубеж абароны стаўся ядравым. На гэтай тэрыторыі павінны былі запускацца ядравыя ракеты ў бок праціўнікаў СССР або, наадварот, праціўнікі СССР мелі зьнішчаць разьмешчаныя тут савецкія ракеты разам з усім, што ёсьць на гэтай зямлі. Нават і пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й ліквідацыі СССР нашая тэрыторыя і яе насельніцтва застаюцца закладнікамі ядравай стратэгіі расейскіх генэралаў, якія не жадаюць пераносіць рубеж абароны на Смаленшчыну. Таму на сувэрэнітэт і нэўтралітэт Беларусі з боку расейскіх шавіністычных колаў і вайсковага кіраўніцтва вядуцца палітычныя прапагандавыя наступы. Дзеля гэтага ў Беларусі актывізуюцца здрадніцкія сілы, калябаранцкія элемэнты, дзеля гэтага не выводзяцца расейскія войскі, прапануюцца вайскова-палітычныя саюзы, фэдэрацыя ці хаця б канфэдэрацыя з Расеяй або нават рэанімаваньне Савецкага Саюзу. Па-ранейшаму Беларусь і яе народ застаюцца мішэньню першага ўдару ў выпадку ядравага канфлікту. Такім чынам, лёс Беларусі па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад тых, хто знаходзіцца ў Крамлі.

Вайсковыя традыцыі беларусаў у XVI–XVIII стст

Вайсковыя традыцыі народу — адзін з элементаў нацыянальнае культуры. Пра іх шмат пішуць у наш час, але толькі ў дачыненні да XX ст. Прытым больш увагі ўдзяляюць гэтаму пытанню прапагандысты ў вайсковых вучэльнях, чым гісторыкі. Амаль зусім не закранаюцца яны, калі адносяцца да больш далёкага часу.

Вайсковыя традыцыі беларусаў XVI–XVIII стст. развіваліся на падставе баявога досведу продкаў ранейшых стагодцзяў, часоў Полацкага княства й Літоўскае-Беларускае дзяржавы. Ужо адышлі ў мінулае змаганне супраць нямецкіх крыжакоў і крымскіх татараў. У шматлікіх бітвах літоўскія-беларускія вайскоўцы набывалі вопыт. Склаліся новыя формы вайсковай арганізацыі, змяняліся віды зброі, метады фармавання воінскіх адзінак, характар баявых дзеянняў. Адышло ў гісторыю ўсеагульнае апалчэнне мужчынаў племянной эпохі. Да XVI ст. вылучыліся людзі ваенна-служылага стану, асноўны абавязак якіх — абарона Радзімы ад нападаў ворагаў. Сяляне ўжо не ўдзельнічалі ў бітвах феадальнага перыяду больш позняга часу. Гэткі парадак захоўваўся да канца XVIII ст., пакуль Літва-Беларусь не была захоплена Расеяй з яе рэкруцкаю павіннасцю.

Такім чынам, вайсковая справа ў XVI–XVIII стст. належала аднаму стану — шляхце. У XVI ст. яшчэ ў паходах удзельнічалі й іншыя ваенна-служылыя людзі — баяры панцырныя, баяры путныя, слугі путныя, блізкія сацыяльным станам да шляхты, але з цягам часу гэтая катэгорыя вайскоўцаў змяншаецца і ў XVII–XVIII стст. ужо не вылучаецца асобна, бо часткова ўвайшла ў шэрагі шляхты, часткова склала прамежкавую групу паміж шляхтай і сялянамі. Толькі ў баях на сваёй зямлі ўдзельнічалі гараджане й сяляне.

Гісторык XVII ст. Шымон Старавольскі ў сваёй кнізе пра Рэч Паспалітую, выдадзенай у 1632 г., пісаў:

«Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі ня вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі».

Гаворачы пра ўсю Рэч Паспалітую, аўтар заўважыў:

«Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных… Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы».

Са старажытных часоў адной з вайсковых традыцыяў у нашых продкаў была конная атака. Таму з маленства шляхціцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў, пераважна ў конных шэрагах і ў паядынках на полі бою. Пачуццё годнасці выхоўвалася не толькі ў доме, але й на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне, уменне карыстацца агнястрэльнаю зброяй, тактыка коннага і пешага бою загартоўвалі шляхціца з маладых гадоў, развівалі пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму.

Менавіта гэтыя рысы шляхты й дапамагалі перамагаць колькасна большага ворага. Класічным прыкладам ёсць перамога літоўскага-беларускага войска на чале з гетманам найвышэйшым Канстанцінам Астрожскім над маскоўскімі ваяводамі й войскам у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 г. У ёй і падчас уцёкаў маскоўскае войска страціла палову свайго складу — 40 тыс. чалавек з 80 тыс. А К. Астрожскі меў толькі 30 тыс. вайскоўцаў. У гэтай бітве праявілася маральная падрыхтоўка вайскоўцаў. Так, гетман найвышэйшы князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі вёў сваё войска ў бой са сцяжкамі-вымпеламі (на дзідах) бел-чырвона-белага колеру, пра што сведчыць першая батальная карціна ва Ўсходняй Еўропе пра Аршанскую бітву (1520). Такім чынам, вайскоўцы ішлі ў бой са старадаўнімі баявымі сцягамі нацыянальных колераў. Войска Літоўскае-Беларускае дзяржавы выступала пад дзяржаўным чырвоным сцягам з сярэбранаю выявай Пагоні на адным баку і выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам — з другога. Побач быў і гетманскі сцяг блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава.

Поделиться с друзьями: