Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Уладу ў Маскве пасля яе вызвалення зноў узяла «сямібаяршчына» (за выключэннем двух яе ўдзельнікаў), якая ў 1610 г. капітулявала перад польска-беларускім войскам. У лютым 1613 г. на Земскім саборы ў Маскве разгарнулася барацьба за кандыдатуры на царскі пасад. Расійскі гісторык В. О. Ключэўскі адзначыў, што па саборы былі рознагалоссі, падкопы, інтрыгі і подкуп. Нават князь Дзмітрый Пажарскі з дапамогай грошай хацеў, каб яго выбралі царом.
Аднак справу вырашылі казакі:
«Галоўнае апірышча самазванства, казацтва, натуральна, хацела бачыць на пасадзе маскоўскім або сына свайго тушынскага цара, або сына свайго тушынскага патрыярха».
В. О. Ключэўскі адзначыў:
«…саборнае абранне Міхаіла было падрыхтаванае і патрыманае на саборы і ў народзе цэлым шэрагам дапаможных сродкаў: перадвыбарнай агітацыяй з ўдзелам шматлікай радні Раманавых, ціскам казацкай сілы, тайным дазнаннем у народзе, выкрыкамі сталічнага натоўпу на Краснай плошчы.»
Абраны быў 16-гадовы Міхаіл Фёдаравіч Раманаў.
У склад новага ўраду Масковіі ўвайшлі сваякі абранага цара. Гэта, акрамя чальцоў сямібаяршчыны, былі прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Iлжэдзмітрыя II, а пасля яго смерці другога цара — Уладзіслава.
Дарэчы, у дарэвалюцыйных расійскіх падручніках афіцыйна лічылася, што ў 1610–1612 гг. царом Расіі быў Уладзіслаў, бо быў абраны расійскімі баярамі, масквічамі і жыхарамі іншых гарадоў. У савецкіх падручніках царом ён не лічыўся. Таму тыя, хто быў у яго ўрадзе ў Маскве, праз 300 гадоў сталі здраднікамі.
У склад новага ўрада ў Масковіі ўвайшлі сваякі цара Міхаіла Раманава па бацькоўскай лініі князь Іван Чаркаскі, Фёдар Шарамецьеў, князь Барыс Лыкаў-Абаленскі, а перш за ўсё дзядзькі цара па матчынай лініі Барыс і Міхаіл Салтыковы. Амаль усе яны былі ўведзены ў склад Баярскай думы і сталі начальнікамі прыказаў (эквівалент міністэрстваў). Дзмітрыю Пажарскаму таксама надалі тытул баярына, а Кузьме Мініну — думнага двараніна (чальца думы). У наступныя гады маскоўскі ўрад разбіў казацкія атрады спачатку на поўдні, а потым і на поўначы, і ўстанавіў пэўны парадак.
Ніякага поўнага вызвалення не было. У наступныя гады пасля абрання царом Міхаіла Раманава кароль Жыгімонт ужо сам не прэтэндаваў на царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу як маскоўскаму цару заваёўваць землі на ўсходзе, але недахоп грошай не дазволіў сабраць вялікае войска. У 1613 г. маскоўскае войска падышло да Смаленска, але ў красавіку 1614 г. літоўскае-беларускае войска вызваліла горад ад аблогі. У 1615 г. літоўскія-беларускія войскі Януша Кішкі і Аляксандра Лісоўскага зрабілі рэйды адпаведна на Старадуб і Бранск.
У 1617–1618 гадах Уладзіслаў Жыгімонтавіч узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Побач з ім знаходзіўся гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч. Гэтае польска-беларускае войска пайшло праз ВКЛ на Маскву. Каралевіча падтрымліваў і канцлер Леў Сапега. З Украіны ў напрамку Масквы пайшлі ўкраінскія казакі на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава данскія казакі і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў з часоў паўстання Івана Балотнікава. Уладзіслаў выдаваў дарчыя граматы, у т. л. і сялянам.
Дваранскі ўрад Міхаіла Раманава быў напалоханы. Ён спешна пачаў рыхтаваць войскі. Маскоўскія ваяводы пераходзілі на бок Уладзіслава. Яны здалі яму Дарагабуж і Вязьму. Дарога на Маскву была адкрыта. У кастрычніку 1618 г. Уладзіслаў з захаду, Сагайдачны з поўдня падышлі да Масквы. Але штурм горада вынікаў не даў. Не былі ўзяты таксама Мажайск і Троіцка-Сергіеў манастыр. Вычарпаныя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 (11) снежня 1618 года ў сяле Дэўліна было заключанае перамір’е тэрмінам на 14 з паловай гадоў (каб потым узнавіць войска ўлетку, калі цёпла). Умовы Дэўлінскага перамір’я былі цяжкімі для Масковіі. Да Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі адвечна беларускія (крывіцкія) землі Смаленскага ваяводства (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Кароны Польскай — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў, Лябедзін і Ахтырка на Украіне. Рэч паспалітая абавязалася вярнуць з палону Філарэта — бацьку цара Міхаіла Раманава. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара Маскоўскага і ўсяе Русі», але Міхаіл Раманаў застаўся на троне. Пытанне аб канчатковым міры было адкладзена.
Філарэт вярнуўся ў Маскву. Цар, вітаючы бацьку, пакланіўся яму да зямлі. 22 чэрвеня 1619 года ў Крамлі цар Міхаіл урачыста прасіў бацьку прыняць сан патрыярха, і бацька згадзіўся. 24 чэрвеня іерусалімскі патрыярх Феафан, які на той час быў у Маскве, асвяціў Філарэта як патрыярха. З гэтага часу Масковіяй кіравалі двое: бацька, патрыярх Філарэт, які падпісваў граматы злева — «вялікі гасудар» і сын, цар Міхаіл, які падпісваў граматы справа — «гасудар».
Калі ж падсумаваць адносіны Масковіі і Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст., то трэба адзначыць, што тут былі і інтэрвенцыя, і дапамога (дарэчы, незаўсёды поўная) прэтэндэнтам на царскі трон, і запрашэнне на трон Уладзіслава са стварэннем ўраду пры ім, і перабежкі з лагера ў лагер, і рабаванні насельніцтва Масковіі не толькі чужынцамі, але і сваімі казакамі (збеглым халопамі, сялянамі і гараджанамі). Уражвае, што пасля абрання царом Міхаіла Раманава тыя, хто кіраваў ў тушынскім лагеры, а потым у Маскве пад наглядам літоўскіх-беларускіх акупантаў, ад 1613 года сталіся патрыётамі і зацята баранілі яе незалежнасць, а дакладней, сваю ўладу.
Але сапраўдную гісторыю таго часу мы ні ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў, ні тым больш ад палітыкаў не пачуем і праўдзівых твораў не пабачым. Замест гэтага ўведзена штучнае свята і прапагандысцкі кінафільм дня падтрымкі народнага адзінства.
Маргінальныя тэрыторыі Беларусі
Невель i Себеж зь іхнымі валасьцямі - цяпер самыя паўднёвыя гарады Пскоўскай вобласьці - у XVI-XVIII стст. былі маргінальнымі тэрыторыямі Беларусі, якія часова адыходзілі ў той пэрыяд да Расеі, а потым вярталіся назад, у склад Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Канчаткова яны ўвайшлі ў склад Расеі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, але захоўвалі сваю спэцыфіку да пачатку XX ст., уваходзячы ў склад Віцебскай губэрні.
Пры зьмене дзяржаўнай прыналежнасьці гэтых гарадоў i валасьцей склад тутэйшага насельніцтва зьмяняўся мала, з выняткам толькі адміністрацыйнай верхавіны i гарнізонаў. Асноўная маса насельніцтва даўняга крывіцкага паходжаньня, бясспрэчна, адчувала наступствы пераходу ў склад іншай дзяржавы зь іншымі дзяржаўным ладам i парадкамі. Але пры такім пераходзе не мянялася ягонае стаўленьне да сваіх суседзяў, таксама нашчадкаў крывічоў, якія размаўлялі на тых жа самых або вельмі блізкіх дыялектах. Перапісы насельніцтва гарадоў i вёсак XVII-XVIII стст. сьведчаць, што тут пражывалі беларусы (параўн. прозьвішчы Дубчонак, Касьпераў, Шашыла, Суднік, Дышлевіч).
Невель з воласьцю адышоў да Маскоўскага вялікага княства ў 1503 г. паводле ўмоваў замірэньня пасьля вайны 1500-1503 гг. У 1535 г., падчас чарговай вайны Масковіі зь Вялікім Княствам Літоўскім i Рускім (Літоўскай-Беларускаю дзяржаваю), маскоўскі ваявода Бутурлін заваяваў раён Себежа i пабудаваў тут фартэцыю. Паводле ўмоваў замірэньня 1537 г., Себеж застаўся ў Масквы. Толькi ў 1618 г., паводле Дзявулінскага замірэньня, Невель i Себеж былі вернутыя Вялікаму Княству Літоўскаму. Падчас Смаленскай вайны 1632-1634 гг. Невель i Себеж занялі маскоўскія войскі. Але гарады вярнулі назад паводле Палянаўскага міру 1634 г. Ix тады ўключылі ў склад Смаленскага ваяводзтва. 22 ліпеня 1634 г. маскоўскія ўлады перадалі Невель каралеўскім камісарам Рэчы Паспалітай. У акце двух «енералаў» (судовых прыставаў) паветаў Полацкага i Враслаўскага Я. Пнеўскага i М. Паўловіча значылася, што яны склалі перапіс будынкаў i гарматаў у Невельскім замку, а «той замак Невельскі пусты, i мястэчка пры нем пасаду барза малага». Невель i Себеж ды іхныя акругі, згодна з каралеўскім прывілеем ад 3 чэрвеня 1633 г., навечна перадаваліся гетману князю Крыштапу Радзівілу i ягоным нашчадкам. Пасьля працяглай вайны паміж Маскоўскай дзяржавай i Рэччу Паспалітай, якая адбывалася ў 1654-1667 гг., раёны Неўля i Себежа былі страчаныя Літоўскай-Беларускай дзяржавай паводле Андрусаўскага замірэньня 1667 г., але ў 1678 г. зноў вернутыя Масковіяй разам зь Вяліскім паветам i 200 тысячамі рублёў маскоўскіх за адмову Польшчы ад Кіева (гэта было канчаткова замацавана вечным мірам 1686 г., ратыфікаваным толькі ў 1710 годзе). Ад гэтага часу i да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. гарады з акругамі знаходзіліся: Себеж - у складзе Полацкага ваяводзтва, а Невель - Віцебскага.
Пасьля вяртаньня Неўля i Себежа ў склад Вялікага Княства Літоўскага i Рускага яны - паводле прывілею караля Яна III Сабескага ад 27 верасьня 1676 г. - былі перададзеныя ўнучцы Януша Радзівіла Людвіцы Караліне (дачцэ князя Багуслава Радзівіла, які быў зяцем i стрыечным братам гетмана Януша Радзівіла). У другім шлюбе Людвіка Караліна, спадчыньніца гэтай галіны роду Радзівілаў, была за пфальцграфам рэйнскім i герцагам Нойбурскім Карлам Філіпам (потым ён стаўся курфюрстам Пфальца). Нашчадкі іхныя - прынцэсы Нойбурскія - валодалі вялікімі лятыфундыямі ў ВКЛ («Нойбурскія маёнткі»), якія ўяўлялі сабой напаўсамастойнае фэадальнае ўтварэньне з цэнтрам у Слуцку, са сваім кіраваньнем, адміністрацыяй, скарбамі i войскам. Невельскае i Себескае ўладаньні называліся ў XVIII ст. грабствамі (графствамі) са сваімі губэрнатарамі (інакш - старастамі), якіх прызначалі ўладальнікі гэтых тэрыторыяў, i невялікім адміністрацыйным апаратам. Сама тэрыторыя кожнага ўладаньня падзялялася на дзясяткі (пазьней яны называліся таксама вайтоўствамі). У кожным дзясятку была розная колькасьць вёсак - да 20 i болей. Але спачатку хіба дзясятак складаўся з 10 вёсак.