Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Праграмныя дакументы дзекабрыстаў ужо падрабязна разглядаліся ў гістарычнай літаратуры. Змешчаны яны і ў спецыяльнай публікацыі (Восстание декабристов. Документы. М., 1958. Т.7). Нацыянальнаму пытанню ў праграмах дзекабрыстаў удзелена менш увагі, чым іншым пытанням. Таму варта падкрэсліць некаторыя палажэнні такіх дакументаў і вытлумачыць ідэйнае абгрунтаванне дзекабрысцкіх поглядаў у гэтым пытанні, як у «Паўднёвым таварыстве», так і ў «Паўночным таварыстве».
Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. І. Песцель распрацаваў асноўныя палажэнні грамадскага і дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуменце «Руская праўда», які быў зацверджаны «Паўднёвым таварыствам». Песцель быў ворагам федэратыўнага ладу і прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расеі. 4-ты раздзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная» (Восстание декабристов. Документы. Т.7, с.126). Як вядома, лозунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся расейскімі белагвардзейцамі пад час грамадзянскай вайны, бо белагвардзейцы былі супраць самастойных нацыянальных рэспублік, у першую чаргу савецкіх, на тэрыторыі былой Расейскай імперыі. Расея, паводле праекта П. І. Песцеля, падзялялася на губерні, якія не супадалі з межамі рассялення розных народаў. Фармальна, паводле канстытуцыйнага праекта Песцеля, усе жыхары Расеі мелі аднолькавыя палітычныя правы. Аднак частка горскіх каўказскіх народаў была залічана ім да буяных, якіх трэба было выселіць ва ўнутраныя расейскія губерні і пасяліць іх там у невялікай колькасці па розных валасцях. Расейскіх каланістаў трэба было рассяліць на землях іншых народаў. Песцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх нагадваў Беларусь. Нагадвае Песцель і беларусаў (як частку расейскага народа), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губерні. Ён не ўспамінае беларусаў у іншых губернях, бо гэтыя губерні меркавалася, паводле пагаднення з польскім Патрыятычным таварыствам, перадаць у склад Польшчы. Песцель адмаўляў ім у праве на самастойнасць, бо яны «з-за слабасці сваёй ніколі не могуць складаць асобных Дзяржаў, а з-за гэтага ўсе яны… павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасці» (Тамсама, с.122).
16-ты раздзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны злітымі быць у адзін Народ» (Тамсама, с.149). У гэтым раздзеле ставіцца задача:
«…у адну агульную масу зліць так, каб насельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Расейцы».
Для гэтага трэба:
«...(каб) на цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самым надзвычайным чынам аблегчацца».
Песцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы іншых, нерасейскіх народаў і ўсіх назваць расейцамі (Тамсама, с.149). Выключэнне было зроблена толькі для Польшчы, якая павінна была застацца ў цесным палітычным і вайсковым саюзе з Расеяй. Жадаючы ўстанавіць сувязі з польскім Патрыятычным таварыствам для сумеснага паўстання супраць царызму і ўстанавіўшы іх, Песцель пайшоў на тэрытарыяльныя ўступкі на карысць Польшчы за кошт беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх зямель. У «Рускай праўдзе» вызначалася расейска-польская мяжа наступным чынам:
«Гэтая мяжа павінна ісці ад Палангена (Палангі) сама прамой рысай на Дынабург (Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Беразінскаю ў напрамку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў напрамку да горада Астрога Валынскай губерні. Ад Астрога да Карпацкіх гор» (Тамсама, с.125).
Такім чынам, уся Гарадзенская і Віленская губерні і большая частка Менскай адыходзілі да Польшчы. У Менскай губерні ад Барысава мяжа ішла прама на поўдзень, па Пцічы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. Усходняя частка Беларусі ўключалася ў Вяршынную вобласць (з цэнтрам у Смаленску), у склад якой уваходзілі Смаленская, Віцебская і Чарнігаўская акругі (губерні), дзе знаходзілася сучасная тэрыторыя Беларусі.
У якасці кур'ёзнага падыходу да нацыянальнага пытання можна прывесці 14-ты раздзел «Рускай праўды» Песцеля, дзе ён гаворыць пра габрэяў, якія пераважна жывуць у губернях беларускіх, украінскіх і летувіскіх і якія
«тым адрозніваюцца ад усіх іншых народаў, што неймаверна цесную сувязь паміж сабою заўсёды захоўваюць, ніколі адзін другога не выдаюць ні ў якіх выпадках і абставінах і заўсёды гатовыя да ўсяго таго, што ўласна для іх грамады можа быць выгадным або карысным» (Тамсама, с.146).
Песцель прапанаваў сабраць усіх габрэяў (звыш двух мільёнаў) у адзін зборны пункт, узброіць іх і даць нават у дапамогу войска, каб яны прайшлі праз Эўрапейскую Турцыю (Балканы) у Азіяцкую і там дзе-небудзь стварылі сваю Габрэйскую Дзяржаву (Тамсама, с.148).
У адрозненне ад Песцеля Мікіта Міхайлавіч Мураўёў у сваім праекце канстытуцыі прапанаваў федэратыўны лад Расеі паводле ўзору Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў. Расейская імперыя падзялялася на федэратыўныя адзінкі, якія былі названы дзяржавамі. Беларускія землі, паводле гэтай канстытуцыі, былі ўключаны ў дзве дзяржавы: Заходнюю са сталіцай у Вільні і Дняпроўскую са сталіцай у Смаленску. Аднак гэтыя дзяржавы не мелі якога-небудзь нацыянальнага характару, а былі тэрытарыяльна-гаспадарчымі адзінкамі накшталт паўночнаамерыканскіх штатаў.
Такім чынам, у канстытуцыі Мікіты Мураўёва нацыянальнае пытанне амаль не закраналася, што было звязана з ягонымі агульнымі дваранскімі поглядамі на Расею як выключна расейскую дзяржаву. У Песцеля гэтаму пытанню прысвечана шмат увагі. Ён перакананы прыхільнік «адзінай і непадзельнай» Расеі, як і сам цар і прадстаўнікі самадзяржаўя. Песцель прапанаваў у «Рускай праўдзе» правядзенне палітыкі жорсткай русіфікацыі ў Расеі пасля перамогі дваранскай рэвалюцыі дзекабрыстаў. Сродкі для гэтага, з нашага пункту гледжання, часам сур'ёзныя (увядзенне адзінай расейскай мовы), а часам паўанекдатычныя (заканадаўчыя забароны народнасцям называцца сваім імем). Праўда, неўзабаве Мікалай І выкарыстаў гэтую прапанову і ў 1840 годзе забараніў у афіцыйных актах называць беларускія губерні сваімі імёнамі, а называць іх «Северо-Западным краем России». Увогуле, трэба адзначыць, што на праектах канстытуцыі дзекабрыстаў ляжыць пячатка дваранскай абмежаванасці і вялікадзяржаўнага расейскага шавінізму. Асабліва характэрнымі былі прапановы па русіфікацыі нерасейскага насельніцтва Паўла Іванавіча Песцеля. Яны былі пастаўлены ў парадак дня тады, калі яшчэ царскі ўрад праводзіў палітыку культурнага апалячвання насельніцтва Беларусі (да паўстання 1831 года на яе тэрыторыі), пашырыўшы польскія школы і справаводства на польскай мове ў дзяржаўных установах. Цікава і тое, што ў гэтых праграмных палажэннях дзекабрысты мелі паслядоўнікаў і ў ХХ стагоддзі. Трэба таксама адзначыць, што П. І. Песцель і іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі дваранскімі рэвалюцыянерамі, не пытаючыся, натуральна, аб гэтым у самога беларускага народа. І ў гэтым таксама праяўлялася абмежаванасць дваранскіх рэвалюцыянераў.
Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918–1922 гг
Беларуска-літоўскія дачыненьні ў пэрыяд першай сусьветнай вайны, лютаўскай рэвалюцыі i кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расеі былі адным з чыньнікаў ў нацыянальна-вызваленчым руху абодвух народаў. Яны зыходзілі зь іхнага супольнага гістарычнага лёсу. Беларусы i літоўцы некалькі стагодзьдзяў мелі агульную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, яны разам падымаліся на паўстаньні 1794, 1831 i 1863 гг. супраць царскай Расеі. У адзіным рэчышчы i ў тых самых умовах ішоў i нацыянальна-вызвольны дэмакратычны рух у другой палове XIX - пачатку XX ст.
Падчас германскага наступу ўвосень 1915 г. i адступленьня расейскай арміі Літва й заходняя частка Беларусі апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Лінія фронту ўсталявалася да лютага 1918 г. у кірунку ад Дзьвінска (Даўгаўпілса) да Браслава, на Паставы, ля возера Нарач, да Смаргоняў, на захад ад Валожына, Міра, Гарадзеі, Ляхавічаў, Ганцавічаў, Лагішына i на ўсход ад Пінска.
У 1915 г. у літоўскіх правых колах разглядалася ідэя стварэньня Вялікага Княства Літоўскага зь літоўскіх i беларускіх земляў. Аднак гэтую ідэю не падтрымалі літоўскія дэмакратычныя арганізацыі, якія ўжо ў 1916 г. дамагаліся ўтварэньня самастойнай i незалежнай Літоўскай дзяржавы.
У верасьні 1917 г. з дазволу нямецкага ўраду i галоўнага камандаваньня літоўская канфэрэнцыя ў Вільні стварыла нацыянальную раду (Тарыбу) на чале з А. Сьмятонам. Канфэрэнцыя выказалася за ўтварэньне незалежнай Літоўскай дзяржавы. 16 лютага 1918 г. Тарыба абвясьціла Літву незалежнай.
Разам з тым i беларускія нацыянальныя дзеячы ў нямецкай зоне акупацыі ішлі на стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы. Так, Вацлаў Ластоўскі, які застаўся ў Вільні, у канцы 1915 г. заняў незалежніцкія пазыцыі.
Тым ня менш 19 сьнежня 1915 г. у Вільні прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, польскіх i габрэйскіх арганізацыяў апублікавалі Ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім абвяшчалася ідэя ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы, якая мела складацца зь дзьвюх аўтаномных адзінак — беларускай i літоўскай. Да пачатку 1918 г. ідэя беларускай-літоўскай дзяржавы пераважала ў асяродзьдзі беларускіх арганізацыяў у зоне нямецкай акупацыі.
Пазьней, на пачатку 1918 г., В. Ластоўскі утварыў арганізацыю «Сувязь незалежнасьці i нёпадзельнасьці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя кірункі стварэньня незалежнай Беларусі. У гэтую арганізацыю ўваходзілі пераважна прадстаўнікі каталіцкага сьвятарства, а таксама князь М. Сьвятаполк-Мірскі. Праз «Сувязь незалежнасьці» былі ўсталяваныя кантакты зь нямецкай каталіцкай партыяй цэнтру. Няцяжка заўважыць, што Вацлаў Ластоўскі i ягоная арганізацыя выкарыстоўвалі ўсё магчымае, каб дасягнуць незалежнасьці Беларусі. Ластоўскі рашуча выступаў супраць спробаў утварыць дзяржаву разам з Польшчай ці Літвой.
Адначасова, 25–27 студзеня 1918 г., на Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні была абраная Віленская Беларуская Рада (старшыня Антон Луцкевіч), якая замяніла Беларускі Народны Камітэт у Вільні. Канфэрэнцыя выказалася за ідэю стварэньня фэдэратыўнага Літоўска-Беларускага гаспадарства. Але ў сувязі з абвешчаньнем 16 лютага 1918 г. незалежнасьці Літоўскай рэспублікі Віленская Беларуская Рада стала на цалкам незалежніцкія пазыцыі.
Такім чынам, у зоне нямецкй акупацыі ў лютым 1918 г. ужо выразна выявіліся моцныя тэндэнцыі да стварэньня незалежнага Беларускага гаспадарства. На большай частцы тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расеі, гэтыя тэндэнцыі выяўляліся таксама, але не ў такой ступені, як у беларусаў Віленшчыны, што, дарэчы, паказаў Усебеларускі зьезд у Менску ў сьнежні 1917 г., дзе даваліся ў знакі аўтанамісцкія настроі.