Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Слуцкае паўстанне 1920 года
У 2005 г. спаўняецца 85 год падзеям на Случчыне, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі пад назвай Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстанне 1920 г. Падзеі пачаліся ў лістападзе, калі войскі Чырвонай Арміі яшчэ не занялі тэрыторыю Слуцкага павета пасля заключэння перамір'я паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.
У 1992 г. упершыню на Беларусі шырока святкавалася гадавіна падзеяў 1920 г., пра якія савецкія гісторыкі амаль не ўспаміналі ў сваіх працах, бо гэта было нявыгадна для савецкай гістарычнай навукі, якая сцвярджала, што працоўныя людзі ад самага пачатку змагаліся за савецкую ўладу. У сапраўднасці было зусім не так. Таму і згадак пра Слуцкі збройны чын нават у навуковых працах амаль не было. Так, у 3-м томе пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1973) няма ніводнай згадкі пра паўстанне. Нават у «Нарысах гісторыі Беларусі» (1995, ч. 2) гаворыцца (са старых пазіцый савецкіх гісторыкаў), што «ніякага паўстання ў Слуцку не было».
Толькі ў асобных спецыяльных навуковых працах, у тым ліку ў кароткіх артыкулах Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, гэтае паўстанне ўпаміналася. Аднак і гэтыя працы былі аднабаковыя, без уліку публікацый мемуараў і архіўных дакументаў, што знаходзяцца за мяжой. Таму яны (у тым ліку тагачасныя артыкулы аўтара гэтых радкоў) не былі поўнымі, а значыць, і аб'ектыўнымі.
Толькі ў 90-х гадах ХХ ст. пачаліся публікацыі артыкулаў і прац пра Слуцкі збройны чын, з'явіўся нарыс у кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк» (Мн., 2000, кн. 1). Перавыдадзена кніга Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» (Мн., 1993), дзе аўтар прысвяціў падзеям на Случчыне некалькі старонак. Урэшце, у 2001 г. у Мінску выйшаў зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Такім чынам, падзеі далёкай ужо мінуўшчыны вяртаюцца да нас і нашых нашчадкаў. Адраджаецца гістарычная памяць народа.
Чым жа быў Слуцкі збройны чын? Якімі мэтамі кіраваліся яго ўдзельнікі? Хто складаў кантынгент паўстанцаў? У якіх абставінах адбывалася паўстанне? На ўсе гэтыя пытанні аўтар паспрабуе адказаць.
Слуцкі збройны чын за незалежнасць Беларусі адбыўся ў самым канцы 1920 г., тады ішлі апошнія баі, якія вялі на нашай зямлі польскія і расійскія савецкія войскі. Пасля разгрому савецкіх войскаў пад Варшавай у жніўні 1920 г. Чырвоная Армія пачала адступаць на ўсход, аддаючы польскім войскам тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Спроба камандуючага Заходнім фронтам савецкіх войскаў М. Тухачэўскага затрымаць свае арміі на лініі старых германа-расійскіх акопаў (умацаваных падчас пазіцыйнай вайны 1915-1918 гг.) не ўдалася. Гэтую лінію акопаў Мядзел - Смаргонь - Валожын - Ляхавічы - Пінск польскія войскі лёгка пераадолелі і прасоўваліся далей на ўсход. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі развілі наступ і набліжаліся да Полацка, Менска і Слуцка. Пасля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка польскія войскі занялі Слуцк (ужо другі раз падчас савецка-польскай вайны). Аднак чырвоныя на наступны дзень зноў уварваліся ў горад і вялі на яго вуліцах баі. Урэшце, у выніку контратакі польскіх войскаў адзінкі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на ўсход.
А ў сталіцы Латвіі Рызе ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. А. Іофе не дапусціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перагавораў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, то савецкі бок перадасць Польшчы ўсю тагачасную тэрыторыю Беларускай ССР (шэсць паветаў былой Менскай губерні — да Барысава, Бабруйска і Мазыра ўключна). І сапраўды, А. Іофе зрабіў польскай дэлегацыі такую прапанову, згодна з інструкцыяй урада РСФСР (які ўзначальваў У. І. Ульянаў-Ленін). Кіраўнік аб'яднанай савецкай дэлегацыі прапанаваў Польшчы гэтую тэрыторыю, каб толькі спыніць наступленне польскіх войскаў на ўсход. Аднак старшыня польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад гэтага падарунка, бо Польшча лічыла немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю (разам з Заходняй Беларуссю) з беларускім насельніцтвам у склад Польскай дзяржавы з-за магчымага ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху беларускага насельніцтва.
Узамен польская дэлегацыя прапанавала правесці рэферэндум па ўсёй тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, уключна са Смаленскай губерняй, пад міжнародным кантролем. Добра ведаючы, чым гэта можа скончыцца, — на прыкладзе галасавання за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 г., савецкая дэлегацыя рашуча адмовілася ад такой прапановы.
Паколькі і Чырвоная Армія, і польскія войскі вычарпалі свае асноўныя сілы, а ў Савецкай Расіі ўзнялася хваля сялянскіх паўстанняў супраць бальшавіцкай палітыкі ваеннага камунізму з канфіскацыяй прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сялян-уласнікаў, а ў гарадах запанаваў голад, то савецкі ўрад спяшаўся заключыць калі не мір, то хаця б перамір'е.
12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх. — А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Але фармальна стан вайны яшчэ працягваўся.
Паводле Рыжскага дагавора Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі ўключаны ў склад Польшчы. Польшча прызнавала незалежнасць Украіны і Беларусі (савецкіх). Таксама ўстанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Украінай, Беларуссю і Польшчай. Усходняя мяжа Польшчы вызначалася па Заходняй Дзвіне, праходзіла на захад ад Ветрына, Ушачаў, Бягомля, Плешчаніц, Заслаўя, Негарэлага, Капыля, Цімкавічаў, Семежава, Вызны (цяпер Чырвоная Слабада), Старобіна і Турава, а далей ішла на Украіну. За гэтую лінію павінны былі адысці польскія войскі, якія на поўдні Беларусі ўжо паспелі перайсці яе да падпісання перамір'я. Адыход павінен быў адбыцца пасля ратыфікацыі (зацвярджэння) дагавора аб перамір'і ў Маскве і Варшаве.
Так, без удзелу не толькі беларускага народа, але нават і ўрада БССР, быў вырашаны лёс народа і дзяржаўнасці. Як пісаў у сваім вершы «Новы год» Янка Купала:
Ідзеш у край, які бязбожна Жыўцом парэзалі на часці, А брат проць брата стаў варожна І памагае край раскрасці.Аднак, паводле дагавора, ваенныя дзеянні спыняліся толькі праз шэсць дзён пасля падпісання дагавора, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24 гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Гэтыя дадатковыя шэсць дзён далі магчымасць польскім войскам узмацніць тэмп наступу, адцясняючы дэмаралізаваныя савецкія войскі яшчэ далей на ўсход ад вызначанай дзяржаўнай граніцы.
Паводле дагавора, вызначалася і нейтральная зона паміж польскімі і савецкімі войскамі. Савецкія войскі адыходзілі на 15 кіламетраў ад лініі фронту, польскія на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі дзяржаўнай мяжы, а на поўдзень ад яго — на лініі свайго найбольшага прасоўвання (да 18 кастрычніка ўключна). Такім чынам, савецкія войскі апынуліся ў горшай пазіцыі, чым польскія. У выніку значная частка тагачаснай БССР была або ў зоне польскай акупацыі (другая польская акупацыя, першая была ў 1919 - ліпені 1920 г.), або ў нейтральнай зоне і не кантралявалася савецкай уладай. Але, па ўмовах перамір'я, польскія войскі пасля ратыфікацыі дагавора павінны былі адысці, у сваю чаргу, за лінію дзяржаўнай граніцы і выйсці з нейтральнай 15-кіламетровай зоны на польскім баку мяжы.
Усходняя мяжа БССР была вызначана ўрадам РСФСР улетку 1920 г., пасля другога абвяшчэння БССР 31 ліпеня 1920 г. Мяжа паміж БССР і РСФСР супадала з мяжой былой Мінскай губерні на ўсходзе, ды і то не ўсёй. На баку БССР былі Бягомль, Халопенічы, Барысаў, Клічаў, Парычы, Азарычы, Мазыр, Ельск. А ў складзе РСФСР засталіся Лепель, Крупкі, Бялынічы, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы і Нароўля, якія раней уваходзілі ў склад Мінскай губерні. Тэрыторыя БССР узору 1920 г. складалася з 6 паветаў Мінскай губерні, дзе да 1917 г. іх было 9. У склад РСФСР і Польшчы ўвайшла не толькі тэрыторыя іншых губерняў, але і значная частка былой Мінскай. Як адзначыў тады Якуб Колас з горкай іроніяй:
Далі шэсць паветаў. Дзякуй і за гэта!Глава Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы Ю. Пілсудскі аддаў загад сваім войскам прасоўвацца наперад і пасля падпісання перамір'я. Батальён польскага войска пад камандаваннем падпалкоўніка Пашкевіча 15 кастрычніка пасля атакі з поўдня заняў Менск, адкінуўшы савецкія часці на Магілёўскую шашу на 5-7 кіламетраў ад горада. Але, паводле ўмоваў перамір'я, 17 кастрычніка польскі батальён пакінуў горад. Разам з палякамі пайшлі тыя жыхары горада, якія ратаваліся ад рэпрэсій бальшавіцкіх уладаў.
На поўдні Беларусі 13 кастрычніка польскія войскі захапілі Тураў, а 16-га — Жыткавічы і Даманавічы, да 18 кастрычніка былі ў Капацэвічах. Да 18 кастрычніка пасля ўпартых баёў адзінкі Чырвонай Арміі былі адціснуты на 25 кіламетраў на ўсход ад Слуцка.
Да моманту спынення ваенных дзеянняў савецкія войскі ў Беларусі размяшчаліся за 15 кіламетраў ад новай мяжы — з поўначы Беларусі да раёна на поўдзень ад Негарэлага. На поўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла на паўднёвы ўсход у бок Варкалаў (на поўдзень ад Шацка), далей на ўсход да Амговічаў (Слуцкі раён), Дарасіно і Закальнага (Любанскі раён), на Палессі — па лініі Камаровічы - Бобрык - Галубіца на Прыпяці і далей праз Махнавічы (Мазырскі раён) на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы Польшчы і БССР. Тэрыторыя Слуцкага павета была цалкам занятая польскімі войскамі, а заходняя яго частка з Нясвіжам, Клецкам, Ляхавічамі і Дзяніскавічамі і афіцыйна ўключана ў склад Польшчы. Фармальна ўсходняя частка Слуцкага павета з горадам Слуцкам лічылася ў складзе БССР, але савецкай улады на яго тэрыторыі не было. Слуцкі рэвалюцыйны камітэт (рэўкам), часовы орган савецкай улады, прызначаны рэўкамам БССР, знаходзіўся за лініяй фронту Чырвонай Арміі — у Старых Дарогах.