Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стары чалавек і мора

Хемингуэй Эрнест

Шрифт:

Неба зацягвалася хмарамі, што плылі на ўсход, і адна за адной зоркі, якія ён ведаў, знікалі. Здавалася, што ён завітае ў вялізны каньён хмар. Вецер сціх.

— Тут будзе кепскае надвор'е праз тры ці чатыры дні, — сказаў ён. — Але не сёння ўночы і не заўтра. Шыкуйся зараз да свайго сну, старэча, пакуль рыба паводзіць сябе спакойна.

Учэпіста трымаючы шнур у правай руцэ, ён прыціснуў яе клубом, налёгшы ўсёй сваёй вагой на борт носа. Пасля ён спусціў шнур на плячах трохі ніжэй і ўхапіўся за яго левай рукой.

«Мая правая рука можа трымаць яго датуль, пакуль ён прыціснуты, — падумаў стары чалавек. — Калі шнур аслабне ў сне, левая абудзіць мяне, як той пачне выпаўзаць. Цяжкавата будзе правай руцэ. Але ён звычны да пакаранняў [34] . Нават калі я пасплю хвілін дваццаць або паўгадзіны, будзе няблага».

Так ён ляжаў, заціскаючы сабою, усім целам сваім шнур, перакладаючы ўсю сваю вагу на правую руку, і ўрэшце заснуў.

Стары чалавек сніў не ільвоў, а вялізны касяк марскіх свіней, што расцягнуўся на восем ці дзесяць міляў, і гэта было ў час іхняга спароўвання, і яны скакалі высока ў паветра ды вярталіся ў тую ж яму, якую яны, скачучы, утваралі ў вадзе.

34

Стары чалавек, персаніфікуючы і сваю правую руку, ужывае ў стасунку да яе мужчынскі род.

Потым яму снілася, што ён у вёсцы на сваім ложку, і што дзьме «паўночнік» [35] , яму дужа сцюдзёна, а левая рука здранцвела, бо галава ягоная спачывае на ёй замест падушкі.

Пасля гэтага прысніўся яму доўгі жоўты бераг, і ён убачыў, як шарай гадзінай першы леў ступіў на бераг, а пасля прыйшлі другія львы, і ён, успёршы падбародак на борт, на носе карабля, што стаяў на якары пад павевам берагавога брызу, чакаў з'яўлення новых львоў і быў шчаслівы.

Месяц ужо даўно ўзышоў, але стары чалавек спаў сабе, і рыба рупна цягнула лодку, і тая кіравалася ў тунэль, збудаваны з хмар.

35

Моцны паўночны вецер.

Ён прачнуўся ад удару ў твар кулаком уласнай правай рукі. Апякаючы яе, шнур ірваўся ўніз, у мора. Стары чалавек зусім не чуў левай рукі і як толькі мог тармазіў правай, але шнур з імклівасцю раскручваўся. Урэшце левая рука намацала шнур, і ён прыціснуўся да яго спінай, хоць шнур апальваў яе і руку, што прыняла на сябе ўсю напругу, і балюча рэзаў яе. Ён азірнуўся на запасныя маткі: яны падавалі шнур са спорнасцю канвеера. Якраз тады рыба скочыла з вады, як быццам выбухнула ў акіяне, а пасля цяжка ўпала. Потым яна скакала зноў і зноў, але лодка ішла хутка, хоць шнур усё размотваўся, і стары чалавек напінаў яго аж да небяспечнай напругі, напінаў яшчэ і яшчэ раз. Урэшце яго шпурнула на нос лодкі, тыцнула тварам у адрэзаны кавалак дэльфіна, і ён не мог паварушыцца.

«Вось што мы атрымалі, — падумаў ён. — Прымайма падарунак. Але змусь яго заплаціць за гульні са шнурам, — падумаў ён. — Змусь яго заплаціць за гэта».

Ён не мог бачыць рыбіных скачкоў, адно чуў, як нібыта разломваўся акіян, ды цяжкі ўсплёск, калі марлін рухнуў. Шнур з ягонай хуткасцю моцна раніў рукі, але стары чалавек загадзя ведаў, што гэтак будзе, і звыкла намагаўся, каб той не чапляў найбольш далікатных частак рукі, не саслізнуў у далонь ды не разануў па пальцах. «Калі б хлопчык быў тут, ён змачыў бы маткі шнура, — падумаў стары чалавек. — Але, калі б хлопчык быў тут. Калі б хлопчык быў тут…»

Шнур усё знікаў і знікаў у вадзе, але зараз рух гэты павольнеў, і стары чалавек прымушаў рыбіну здабываць кажнюткую цалю шнура. Вось ён узняў галаву на дне лодкі, пакінуўшы там кавалак рыбы, расплюшчаны ягонай шчакой. Пасля ён укленчыў, а тады паволі ўстаў на ногі. Ён адпускаў шнур, але з кожным разам усё больш непаспешліва. Ён адсунуўся назад, туды, дзе намацваў нагою маткі шнура, якіх не мог бачыць у цемры. Тут яшчэ было процьма шнуру, і на марлінаву долю выпадала валачыць увесь прыпас у вадзе.

«Так, — падумаў ён. — І, апрача таго, марлін скочыў больш за тузін разоў і напоўніў мяшкі ўздоўж свайго хрыбта паветрам і цяпер не можа падацца паміраць глыбока на дно, адкуль я не здолеў бы яго выцягнуць. Неўзабаве ён пачне кружляць, і вось тады я павінен як след націснуць на яго. Цікава, што яго так раптоўна спудзіла? Мажліва, голад напоўніў адчаем або штосьці напалохала ўночы? Можа, ён раптам адчуў страх. Але ж гэткая спакойная дужая рыбіна, і такая, здавалася, бясстрашная і ўпэўненая. Дзіўна».

— Лепей сам будзь бясстрашны і ўпэўнены ў сабе, старэча, — сказаў ён. — Ты трымаеш яго ізноў, ды не можаш ані трохі падцягнуць шнур. Але неўзабаве ён павінен закружляць.

Трымаючы шнур левай рукой і плячыма, стары чалавек нахіліўся і чарпануў вады правай рукой, каб змыць рэшткі рыбінага мяса са свайго твару.

Ён непакоіўся, каб яно не пацягнула яго на ваніты, і ён не падупаў на сіле. Абмыўшы твар, стары чалавек памыў правую руку ў вадзе за бортам і не выцягваў яе пэўны час з салёнай вады, назіраючы за з'яўленнем першага святла, за якім — усход сонца. «Ён кіруецца амаль на ўсход, — падумаў стары чалавек. — Значыцца, ён замарыўся і даверыўся плыні. Неўзабаве ён абавязкова закружляе. Тады і распачнецца праўдзівая нашая праца».

Палічыўшы ўрэшце, што яго правая рука была ў вадзе дастаткова доўга, стары чалавек выцягнуў яе і агледзеў.

— Нічога страшнага, — сказаў ён. — І няхай баліць, боль для мужчыны рэч звычная.

Ён асцярожна ўзяўся за шнур, каб той не трапіў на ніводны свежы парэз, і пасунуўся так, каб мог апусціць левую руку ў мора з другога боку чоўна.

— Для такое нікчэмнасці, як ты, твае паводзіны былі яшчэ не найгоршыя, — звярнуўся ён да левай рукі. — Але быў момант, калі я не мог цябе знайсці.

«Чаму я не нарадзіўся з дзвюма добрымі рукамі? — падумаў ён. — Магчыма, гэта мая віна, што я не вытрэніраваў руку належным чынам. Але Богу вядома, што ў яго было досыць шанцаў навучыцца. Зрэшты, ён не так і кепска паводзіў сябе ўночы і здранцвеў усяго адзін раз. Здранцвее зноў, дык няхай шнур яго ператне». Калі ён гэтак падумаў, дык уцяміў, што на яго найшло памутненне, і вырашыў яшчэ трохі падсілкавацца рыбай. «Але я не магу, — сказаў ён у сваіх думках. — Лепей хай круціцца галава, як страціць сілу ад ванітаў. І я ведаю, што не ўтрымаю ў роце тую рыбу пасля таго, як уляпаўся ў яе тварам. Буду хаваць яе на сама крайні выпадак, пакуль не сапсуецца. Але цяпер запозна падмацоўвацца ежай. Дурбель, — сказаў ён сабе. — З'еш другую лятучую рыбу».

Яна была тут, пачышчаная і гатовая, і ён падняў яе левай рукой і ўплятаў, стараяна перажоўваючы косці, ядучы ўсю яе аж да хваста.

«Яна больш спажыўная за ўсе амаль іншыя рыбы, — падумаў ён. — Прынамсі, у ёй болей той сілы, якая неабходная мне. Усё, што я магу, я зрабіў. Хай распачынае сваё кружлянне, хай прыйдзе бой!»

Сонца ўзыходзіла ў трэці раз з таго часу, як ён рушыў у мора, калі рыба пачала кружыць.

Ён не мог вызначыць па нахіле шнура, што рыба кружыць. Для гэтага было занадта рана. Ён усяго толькі адчуў лёгкае паслабленне напору шнура і правай рукой стаў мякка выцягваць яго. Той напінаўся, як заўсёды, але якраз там, дзе, здавалася, вось-вось парвецца, яго пачало прыбываць. Выслабаніўшы плечы і галаву ад шнура, што ціснуў на іх, стары чалавек цягнуў мерна і нямоцна. Рукі ягоныя нагадвалі цяпер маятнік, таксама, наколькі мог, ён выкарыстоўваў у рабоце тулава і ногі. Старыя ногі і плечы круціліся ў суладдзі з узмахамі рук.

Поделиться с друзьями: