Стары чалавек і мора
Шрифт:
— Гэта вельмі вялікі круг, — сказаў стары чалавек. — Але ён кружляе.
Пасля шнур у лодцы перастаў расці, і стары чалавек цягнуў яго, пакуль не ўбачыў, як ад таго адскокваюць на сонцы кроплі. Пасля марлін пацягнуў шнур далей, у мора, і стары чалавек, укленчыўшы, адпусціў яго з неахвотай назад у цёмную ваду.
— Напачатку ён бярэ шырока, — сказаў стары чалавек. — Я павінен напінаць шнур як мага мацней. Напруга будзе штораз скарачаць ягоны круг. Магчыма, праз гадзіну я ўбачу яго. Я павінен яго адужаць, а тады павінен дакончыць.
Але рыба спавольна кружыла, як і раней, і праз дзве гадзіны стары чалавек узмакрэў ад поту і валіўся з ног ад стомы. Аднак кругі зараз нашмат пакарацелі, і па нахіле шнура ён вызначыў, што рыба, апісваючы іх, падымалася вышэй і вышэй.
Гадзіну стары чалавек бачыў перад вачыма чорныя плямы, салёны пот заліваў вочы, парэзы пад вокам і на лбе. Чорныя плямы яго не палохалі. Гэта было нармальна, калі ўлічыць напругу, з якою ён цягнуў шнур. Двойчы, аднак, ён адчуваў млосць і заварот галавы, і вось гэта яго непакоіла.
— Я не магу зганьбіць сябе і аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткім марлінам, — сказаў ён. — Цяпер, калі я прымусіў яго хадзіць такімі прыгожымі кругамі, Божа, дай вытрываць. Я прачытаю сотню «Ойчаў нашых» і сотню «Анёльскіх прывітанняў». Але я не магу чытаць іх цяпер.
«Уважай іх за прачытаныя, — падумаў ён. — Прачытаю пазней».
Якраз тады нешта стукнула ў вадзе па шнуры, які ён трымаў абедзвюма рукамі, і рванула шнур рэзка, моцна — ён адчуў гэта.
«Ён б'е па драцяным павадку сваёй пікай, — падумаў ён. — Гэтага варта было чакаць. Ён павінен быў так рабіць. Праўда, цяпер ён можа ўзяць ды скочыць, вынырнуць, і мне больш было б даспадобы, калі б ён кружляў сабе. Скачкі былі неабходныя, каб ён нахапаў паветра. Але пасля гэтага кожны скачок можа разрываць рану ад кручка, і каб ён не выкінуў кручок наогул.
— Не скачы, рыба, — сказаў ён. — Не скачы.
Марлін лупіў па дроце яшчэ колькі разоў, і кожнага разу, пакруціўшы галавой, стары чалавек трохі папускаў шнур.
«Нельга, каб ягоны боль узмацняўся, — падумаў стары чалавек. — Мой боль не мае значэння. З маім я магу спраўляцца. Але ён можа ашалець ад болю».
Мінула трохі часу, рыба перастала біцца аб дрот і зноўку пачала паволі кружыць. Зараз стары чалавек усё выбіраў і выбіраў шнур. Але на яго зноў наплыла млоснасць. Ён зачэрпнуў левай рукой крыху марской вады і лінуў сабе на галаву. Потым лінуў яшчэ і расцёр карак.
— Здранцвеласці няма, — сказаў стары чалавек. — Я магу трываць, а ён у хуткім часе выплыве. Я павінен трываць.
Ён апусціўся на калені на носе лодкі і на нейкі час закінуў шнур зноў за спіну. «Я перадыхну, пакуль марлін кружляе, а тады ўстану і вазьмуся за яго, калі ён прыйдзе», — вырашыў стары чалавек.
Была вялікая спакуса адпачыць на носе лодкі, даўшы рыбіне магчымасць зрабіць адзін круг самой, не выбіраць шнур увогуле. Але калі напружанне паказала, што рыбіна павярнула ды плыве да лодкі, стары чалавек устаў на ногі, закруціўся, захістаўся, уцягваючы ў лодку ўвесь шнур, які ён даставаў.
«Ніколі яшчэ я не быў такі змучаны, — падумаў стары чалавек, — і ў дадатак пасат узнімаецца. Але пасат дапаможа мне дабрацца з рыбінай да прыстані. Мне ён будзе ох як патрэбны».
— Я адпачну ў наступны раз, калі марлін рабіцьме круг, — сказаў стары чалавек. — Я пачуваюся нашмат лепей. Яшчэ два-тры абароты, і я займею яго.
Саламяны капялюш з'ехаў нізка на патыліцу, і стары чалавек упаў на дно лодкі, калі рыба, паварочваючы, тарганула шнур.
«Цяпер працуй ты, рыбіна, — падумаў ён. — Я вазьмуся за цябе, калі ты павернеш назад».
Мора добра-такі ўзнялося. Але гэта быў вецер, які суправаджае добрае надвор'е, і стары чалавек мецьме ў ім патрэбу, калі рушыць дадому.
— Я папросту буду кіраваць на поўдзень і захад, — сказаў ён. — Чалавек не заблудзіць у моры, ды і выспа нашая доўгая.
Марлін рабіў трэці абарот, калі ён упершыню ўбачыў яго. Дакладней, убачыў цёмны цень, які праплываў пад лодкай гэтулькі часу, што стары чалавек не даваў веры: няўжо той такі даўжэразны?
— Ды не, — сказаў ён. — Не можа ён быць гэткі вялізны.
Але ён быў гэткі вялізны, і напрыканцы свайго круга выплыў на паверхню ўсяго за трыццаць ярдаў ад лодкі, і чалавек угледзеў ягоны хвост, што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялікае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асабліва над цёмна-сіняй вадой. Той падаўся назад, і калі марлін плыў яшчэ зусім блізка ля паверхні, стары чалавек мог бачыць агромністае тулава, спярэшчанае фіялетавымі палосамі. Спінны плаўнік быў апушчаны ўніз, а велізарныя грудныя плаўнікі — шырока распасцёртыя.
Падчас гэтага кругу стары чалавек нават разгледзеў ягонае вока і ўбачыў дзвюх шэрых рыб-прыліп. Прыліпы то прысмоктваліся да яго, то кідаліся наўцёкі, а то спакойна плавалі ў ягоным цяні. Кожная з іх была ў даўжыню больш за тры футы, і калі яны хутка плылі, то, выгінаючыся, шлёгалі ўсім сваім целам, як вугры.
Стары чалавек цяпер моцна пацеў, але ад нечага яшчэ апрача сонца. З кожным спакойным ціхамірным абаротам, што рабіла рыба, шнур у лодцы доўжыўся, і стары чалавек быў упэўнены, што пасля двух наступных абаротаў ён займее мажлівасць уторкнуць у марліна гарпун.
«Але я мушу прысунуць яго бліжэй, бліжэй, бліжэй, — думаў ён. — Я не павінен цаляць у галаву. Трэба лупануць у сэрца».
— Будзь спакойны і моцны, стары дружа, — наказаў ён сабе.
На гэты раз марлінава спіна вылезла з вады, але ён быў крыху далекавата ад лодкі. Падчас другога кругу той па-ранейшаму быў занадта далёка, але болей высунуўся з вады, і стары чалавек не сумняваўся, што калі яшчэ трохі выбярэ шнур, то падцягне марліна да самога борта.
Гарпун ён падрыхтаваў даўно, маток тонкай вяроўкі ляжаў у круглым кошыку, а ейны канец быў прымацаваны да бітэнга на носе.
Робячы свой чарговы круг, паказалася рыбіна, спакойная і прыгожая, варушыўся толькі хвост. Стары чалавек напяў шнур як мог, каб наблізіць яе да лодкі. Усяго на нейкі момант рыбіна злёгку павярнулася на бок. Пасля выпрасталася і распачала новы круг.
— Я зрушыў яго з месца, — сказаў стары чалавек. — Усё-такі я зварухнуў яго!
На старога чалавека зноў наплыла млоснасць, але ён трымаў вялізную рыбіну, напружваючыся што было моцы. «Я зварухнуў яго, — думаў ён. — Магчыма, на гэты раз я адолею. Цягніце, рукі, — падумаў ён. — Трымайце, ногі. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты ніколі не адключалася. На гэты раз я перавярну яго».
Але калі стары чалавек задоўга да таго, як марлін зраўняўся з лодкай, намагаючыся з усіх жыл пачаў выцягваць яго, той крыху павярнуўся бокам, потым выпрастаўся і адплыў.
— Рыба, — сказаў стары чалавек. — Рыба, усё роўна цяпер ты памрэш. Дык табе трэба забіць мяне таксама?
«Гэтым нічога не дасягнеш», — падумаў ён. Ягоны рот занадта перасох, каб гаварыць, але зараз ён не мог дацягнуцца да вады. «На гэты раз неабходна прыцягнуць яго да борта, — падумаў стары чалавек. — На шмат абаротаў мяне ўжо не хопіць. Не, цябе хопіць. Цябе хапацьме заўжды».