Стары чалавек і мора
Шрифт:
— Ты мусіш акрыяць хутка, бо мне багата чаго трэба ўведаць, а ты можаш навучыць мяне ўсяму. Табе было вельмі цяжка?
— Страшэнна, — адказаў стары чалавек.
— Я прынясу ежу і газеты, — сказаў хлопчык. — Адпачні як след, старэча. І яшчэ я зайду ў аптэку па лекі для тваіх рук.
— Не забудзься сказаць Педрыку, што галава рыбіны — ягоная.
— Не забудуся.
Хлопчык выйшаў з дзвярэй і стаў спускацца па каралавай разбітай дарозе: зноў ён плакаў.
Папаўдні гэтага дня гурт турыстаў сядзеў на «Тэрасе» і адна кабета, пазіраючы ў ваду, захламленую пустымі бляшанкамі з-пад піва і дохлымі баракудамі, убачыла агромністы доўгі белы хрыбетны слуп з вялізным хвастом на канцы.
Хвост узнімаўся і калыхаўся з прылівам, калі там, за ўваходам у гавань нястомна і мерна разгойдваў мора ўсходні вятрыска.
— Што там такое? — спыталася яна ў афіцыянта і паказала на доўгую хрыбетніцу велізарнай рыбіны, што была зараз проста смеццем, якое чакала, калі прыліў змые яго.
— Цібурон [42] , — сказаў афіцыянт, — эшарка [43] . — Яму здавалася, ён тлумачыць, што адбылося.
— Я не ведала, што ў акул гэткія гожыя зграбныя хвасты.
42
Мясцовая назва акулы.
43
Ангельскае слова «шарк» (акула) з гішпанскай прыстаўкай.
— І я не ведаў, — сказаў ейны спадарожнік.
У халупе, што стаяла на ўзвышшы ў канцы дарогі, сон зноў агарнуў старога чалавека. Ён спаў, як заўсёды, тварам уткнуўшыся ў пасцель, а побач на варце сядзеў хлопчык. Старому чалавеку сніліся львы.