ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Нават калі праўда твая — хіба ж такое кажуць у вочы? Але раскажы мне пра мудрасць тваю!»

Ах, ты зноў расплюшчыла вочы, о любае Жыццё! І зноў мне здаецца, што я апускаюся ў невымерную глыбіню».

Так спяваў Заратустра. А калі танец закончыўся і дзяўчаты разышліся, засмуткаваў ён.

«Сонца даўно ўжо села, — сказаў ён нарэшце — на луг апала раса, ад лясоў вее халадок. Нешта невядомае акружыла мяне і задуменна пазірае. Як! Ты яшчэ жывы, Заратустра?

Чаму? Навошта? Дзеля чаго? Дзе і як? Ці не вар'яцтва — жыць далей?

О сяброве мае, гэта вечар пытаецца ўва мне. Даруйце мне скруху маю!

Настаў вечар: даруйце мне, што ён настаў!»

Так сказаў Заратустра.

Хаўтурная песня

«Там маўклівая выспа магіл; там магілы маёй маладосці. Туды занясу я вечназялёны вянок жыцця».

Так думаючы сэрцам сваім, плыў я па моры. О вобразы і відзежы маёй маладосці! О позіркі любові, вы, боскія імгненні! Як хутка вы паўміралі! Я спамінаю вас сёння, як памінаюць нябожчыкаў.

Ад вашых капцоў, любасныя нябожчыкі мае, чуюцца мне салодкія пахошчы, якія слязьмі заспакойваюць мне сэрца. Сапраўды, водар гэты хвалюе душу і дае палёгку самотнаму плыўцу.

Я ўсё яшчэ багацейшы за ўсіх і дагэтуль мне моцна зайздросцяць — я, самотнік! Бо вы былі са мною, а я і дагэтуль з вамі: скажыце, каму яшчэ падалі з дрэва чырвоныя яблыкі, як мне?

Я ўсё яшчэ ваш спадкаемец, я — зямля, якая цвіце ў памяць пра вас яркімі дзікімі цнотамі, о любасныя!

Мы былі створаныя адно аднаму, мілыя далёкія дзівосы; і не як баязлівыя птушкі набліжаліся вы да мяне і да жаданняў маіх, не, як даверлівыя да вернага!

Так, падобна мне, былі вы створаны на вернасць і пяшчотную вечнасць; ці павінен я цяпер называць вас па імёнах нявернасці вашай, вы, боскія позіркі і імгненні? Пакуль што я не ведаю іншых імёнаў.

Сапраўды, зарана паўміралі вы, уцекачы. Але не вы ўцяклі ад мяне, і не я ад вас, невінаватыя мы адно перад адным у нявернасці нашай.

Каб забіць мяне, душылі вас, спеўныя птушкі маіх спадзяванняў! Так, па вас, любасныя, злосць пускала заўсёды свае стрэлы, — каб пацэліць мне ў самае сэрца!

І яны пацэлілі! Бо вы заўсёды былі мне найбліжэй да сэрца; вы былі ўсё тое, чым валодаў я і што валодала мною, — таму і мусілі вы памерці такімі маладымі!

У сама адчувальнае багацце маё пусцілі стралу: у вас, чыя скура, быццам пяшчотлівы пух, або, бадай што, — усмешка, якая памірае ад аднаго позірку!

Але я так скажу маім ворагам: «Што ёсць забойства чалавека ў параўнанні з тым, што вы зрабілі мне!

Вы ўчынілі большае ліха, чым забойства; вы адабралі ў мяне незваротнае — так я кажу вам, ворагі!

Вобразы маладосці і любыя мне дзівосы адабралі ў мяне, адабралі шчасных духам, таварышаў маіх гульняў! На памяць пра іх я кладу гэты вянок і шлю вам праклён!

Гэта праклён вам, мае ворагі! Бо скарацілі вы маю вечнасць, — так у холадзе начы гасне гук! Імгненнем была мая вечнасць, мімалётнасцю божага позірку!»

Калісьці, у шчасную часіну, абвясціла мая чысціня: «Хай будзе мне боскім усё жывое».

Тады падступіліся вы да мяне са сваімі бруднымі хімерамі; куды падзелася шчасная тая часіна?

«Усе дні хай будуць свяшчэнныя мне» — так казала калісьці мая маладосць; і праўда, гэта была прамова вясёлай мудрасці!

Але тады вы ўкралі ў мяне мае ночы і прадалі іх за пакуты бессані: куды падзелася тая вясёлая мудрасць?

Калісьці ў вобразах птушак я шукаў шчаслівых прыкметаў: тады вы пусцілі саву — злавесную пачвару — на мой шлях. О, дзе вы цяпер, мае пяшчотныя пошукі?

Калісьці я даў зарок адцурацца ад усякай агіды: тады вы ператварылі маіх блізкіх і сваякоў у гнойныя струпы. Ах, што сталася тады з маім высокім зарокам?

Як сляпы, хадзіў я калісьці шчаснымі сцежкамі: тады вы накідалі бруду на дарогу сляпому. І цяпер з'агідзелі яму былыя сцяжынкі.

І калі я спраўдзіў сама цяжкае для сябе і ўжо святкаваў перамогу маіх пераадоленняў, вы прымусілі енчыць тых, што любілі мяне, кажучы, быццам я ім спрычыніў найбольшы боль.

Сапраўды, вы заўсёды рабілі так: вы атруцілі найсаладзейшы мой мёд і зглумілі працу маіх сама руплівых пчол.

Сама нахабных жабракоў слалі вы насустрач майму мілажалю; сціжмы невылечна бессаромных тлуміліся заўсёды вакол спагады маёй. Так паранілі вы дабрачынствы мае ў іх веры.

І калі я ахвяраваў сваім сама святым, што меў, адразу і ваша «пабожнасць» клала свае тлустыя дары: так што густым чадным дымам душылася маё сама святое.

І аднойчы схацелася мне танцаваць так, як яшчэ ніхто не танцаваў, — вышэй за нябёсы хацеў я лунаць у сваім танцы. Тады падбухторылі вы майго любага спевака.

І заспяваў ён панылую, смутную песню; о, быццам злавесны рог затрубіў мне ў вушы!

Забойчы спявак — прылада зла, сама невінаваты! Ужо я ўстаў, гатовы да свайго найлепшага танца; але сваёй мелодыяй ён забіў маё захапленне.

Толькі праз танец магу я выявіць сімвалы і падабенствы сама высокіх рэчаў: і вось найвышэйшы сімвал так і не адбіўся ў рухах майго цела!

Засталася нявыказаная і не знайшла выйсця мая найвышэйшая надзея! І памерлі вобразы і суцяшэнні маёй маладосці!

Як перанёс я ўсё гэта? Як вылечыў і адолеў гэтыя раны? Як паўстала мая душа з гэтых магіл?

Так, ёсць у мне нешта неўміручае, чаго нельга замкнуць у склеп, што здольнае ўзарваць нават скалы: гэта — мая воля. Моўчкі, не мяняючыся, праз гады.

Як і раней — сваім ходам, але маімі нагамі хоча ісці мая воля; суровае і непераможнае адчуванне яе.

Толькі гэтая мая пята — непацэльная. Ты жывая і верная сабе, ты сама цярплівая! І заўсёды прабіваешся цераз скляпы!

Што не вырашылася ў маладосці, усё жыве ў табе; як маладосць, як жыццё, поўнае надзей, сядзіш ты тут, на магільных руінах.

Вітаю цябе, мая воля, разбуральніца скляпоў! Толькі там, дзе ёсць магілы, магчымыя ўваскрэсенні!»

Так спяваў Заратустра.

Поделиться с друзьями: