ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

І ўсё ж я павінен навучыцца набліжацца да цябе больш сціпла: занадта бурліва струменіцца табе насустрач маё сэрца…

Маё сэрца, у якім палае лета, кароткае, спякотнае, смутнае, звышшчаснае: як тужыць маё сэрца-лета па тваёй прахалодзе!

Мінулася нясмелая скруха маёй вясны! Мінулася лютасць маёй снежнай замеці ў чэрвені! І ўвесь я — лета і полудзень летні!

Лета ў самым росхрысце са сцюдзёнымі крыніцамі і дабрашчаснаю цішай: о, прыйдзіце, сяброве мае, каб ціша яшчэ болей ушчасціла!

Бо гэта нашая вышыня і наша радзіма: занадта высока і стромка ўзнеслі мы сваё жытлішча, каб не дасталі нас апраметнікі і смага іхняя.

Кіньце ж позірк ваш чысты ў крыніцу маёй радасці, сяброве мае!

Не замгліцца яна ад вашага позірку! Яна адкажа вам усмешкай сваёй чысціні.

На дрэве будучыні ладзім мы наша гняздо; арлы будуць нам, самотным, ежу ў сваіх дзюбах насіць!

Вядома, не тую ежу, ад якое ядуць нячыстыя! Агонь хай бы елі яны і папяклі свае храпы!

Вядома, не падрыхтавалі мы тут жытлішчаў нячыстым! Ледзяным лёхам здалося б нашае шчасце іх целу і духу!

Магутнымі вятрамі будзем мы жыць пад імі, суседзі арлоў, суседзі снягоў, суседзі сонца: так жывуць магутныя вятры.

І, як вецер, узвею я сярод іх і сваім духам перайму дыханне ў іхняга духу: так хоча мая будучыня.

І тое праўда: які магутны вецер для ўсіх нізінаў — Заратустра; і вось што раіць ён сваім ворагам і ўсім, хто плюецца: «не наравіце пляваць супроць ветру!»

Так сказаў Заратустра.

Пра тарантулаў

Зірні, вось норка тарантула! Ці не глянеш сам? Вось яго сетка: крані, хай задрыжыць.

А вось і ён сам, выпаўзае: здароў быў, тарантуле! Чорны трохкутнік на спіне ў цябе — твая меціна: яшчэ я ведаю, што ў цябе на душы.

Мсцівасць у цябе на душы: куды ўджаліш ты, там вырастае чорны струп; твой помслівы яд змушае душу курчыцца!

І вось я прамаўляю да вас, прапаведнікаў роўнасці, якія змушаюць душу курчыцца! У мяне вы — тарантулы і схаваныя помснікі!

Але я хачу ваша схаванае вывесці на святло: таму я і смяюся вам у твар смехам узвышаных.

І таму я рву вашу сетку, каб шаленства вырвала вас з ілжывай нары і прага помсты выйшла з па-за слова «справядлівасць».

Бо хай будзе чалавек збаўлены ад помсты: вось мост, які вядзе да найвышэйшай надзеі, і вясёлка пасля доўгай слоты.

Але іншага хочуць, вядома, тарантулы. «Справядлівасць у нас — гэта каб свет напоўніўся навальніцамі нашай помсты» — так гамоняць яны паміж сабою.

«Мы хочам помсты і паганьбення ўсім, хто не роўны з намі» — так прысягаюцца сэрцы тарантулаў.

«І воля да справядлівасці — вось што павінна сёння стаць назовам цноты; супроць усяго, што мае ўладу, ускінемце кліч!»

Вы, прапаведнікі роўнасці, тыранская бязглуздасць бяссілля крычыць з вас пра «роўнасць»: ваша запаветнае жаданне тыраніі кукліцца ў словах пра дабрадзейства!

Прыкрае славалюбства, затоеная зайздрасць, а магчыма, яшчэ і славалюбства, і зайздрасць вашых бацькоў — усё гэта шугае з вас полымем і шалам помсты.

Тое, пра што змоўчваў бацька, выслоўліваецца ў сыне; часта і я знаходзіў у сыне бацькаву таямніцу — непрыхарошаную і распраненую.

На натхнёных падобныя яны: але не сэрца натхняе іх — а помста. І калі яны робяцца пражорлівымі і стрыманымі, дык гэта не розум, а зайздрасць робіць іх такімі.

Зайздрасць вядзе іх на сцежку мысліцеляў: і вось якая прыкмета такое зайздрасці — яны заходзяць так далёка, што ўрэшце, стомленыя, засынаюць на снезе.

У кожнай іхняй скарзе чуецца помслівасць, у кожнай пахвале тоіцца абраза; і быць суддзямі здаецца ім шчасцем.

Але я заклікаю вас, сяброве мае: не давярайце нікому, у кім бушуе прага караць!

Гэта людзі благое пароды і благога роду; у іх тварах — кат і сышчык!

Не давярайце і тым, хто шмат разводзіць пра сваю справядлівасць. Далібог, іх душам бракуе толькі мёду.

І калі яны называюць сябе «добрымі і справядлівымі», не забывайце, што, каб зрабіцца фарысеямі, ім не хапае толькі аднаго — улады!

Сяброве мае, я не хачу, каб мяне з кім-небудзь пераблыталі. Бо ёсць такія, што прапаведуюць маё вучэнне пра жыццё: і пры гэтым яны — прапаведнікі роўнасці і тарантулы.

Калі і гавораць на карысць жыцця, засеўшы ў сваіх норах, гэтыя ядавітыя павукі, адвярнуўшыся ад усяго жывога, дык толькі, каб шкодзіць.

Так яны хочуць нашкодзіць тым, у каго ўлада: бо ў тых яшчэ колькі хочаш у запасе пропаведзяў смерці.

Каб было яно іначай, дык і тарантулы вучылі б інакш: менавіта ж бо яны былі колісь зацятымі паклёпнікамі на жыццё і спальшчыкамі ерэтыкоў.

Я не хачу, каб мяне блыталі з гэтымі прапаведнікамі роўнасці, бо справядлівасць кажа мне так: «людзі не роўныя».

І яны не павінны быць роўныя! Чым была б мая любоў да Звышчалавека, калі б я гаварыў інакш?

Тысячамі мастоў і сцежак хай людзі ціснуцца ў будучыню, і ўсё больш павінны буяць паміж імі варожасць і няроўнасць: так кажа мне мая вялікая любоў.

Хай яны будуць вынаходцамі ўяваў і прывідаў у сваёй варожасці, і тады паміж імі адбудзецца вялікая бітва.

Дабро і зло, багацце і беднасць, высокае і нізкае, і ўсе імёны каштоўнасцяў — усё гэта стане зброяй і будзе ваяўніча сцвярджаць, што жыццё павінна ўвесь час пераадольваць самое сябе.

Угору, ставячы калоны і прыступкі, хоча ўзнесці сябе жыццё; яно хоча глядзець у бясконцыя далячыні, на святую прыгажосць, — вось навошта яму вышыня!

Але калі жыццю так патрэбна вышыня, дык яму патрэбныя і прыступкі, а таксама супярэчлівасць між прыступкамі і тымі, хто па іх узыходзіць! Узыходзіць хоча жыццё і пераадольваць сябе, узыходзячы.

Зірніце ж, сяброве мае! Вось, побач з нарою тарантула, — руіны старадаўняга храма; зірніце на іх прасветленым вокам!

Поделиться с друзьями: