ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Далібог, як сонца, люблю я жыццё і ўсе глыбокія моры.

І вось што ў мяне называецца пазнаннем: каб усё глыбокае паднялося на вышыню маю!»

Так сказаў Заратустра.

Пра вучоных

«Аднаго разу, калі я спаў, баран з'еў плюшчавы вянок на маёй галаве; з'еў і сказаў: «Заратустра больш не вучоны».

І, сказаўшы гэта, ён пагардліва адышоў і ганарыста. Адно дзіця расказала мне пра гэта.

Я люблю ляжаць тут, дзе гуляюць дзеці, каля разваленага мура, у бадзяках і чырвоных маках.

Я ўсё яшчэ вучоны для дзяцей, і бадзякоў, і чырвоных макаў. Не вінаватыя яны нават у злосці сваёй.

Але ў бараноў я ўжо больш не вучоны: такая ўжо доля мая — хай будзе яна дабраславёная!

Бо праўда яна вось: пайшоў я з жытлішча вучоных, ды яшчэ і дзвярыма бразнуў.

Надта доўга сядзела мая галодная душа за іх сталом: не навучыўся я спазнаваць, як яны, — з такім самым спрытам, як лускаюць арэхі.

Я люблю свабоду і чыстае паветра над свежай зямлёю; лепей мне спаць на бычыных скурах, чым на іхніх годнасцях і шаноўлях.

Я занадта гарачы і таму згараю ад сваіх думак: мне часта перасмыкае дыханне. І тады трэба мусова вырвацца на прастору, прэч з усіх гэтых пыльных пакояў.

А яны вылежваюцца ў халадку: яны хочуць быць толькі гледачамі і не смеляцца сядзець там, дзе сонца паліць прыступкі.

Як разявы на вуліцах, што лупяць вочы на прахожых, так чакаюць і яны, і лупяць вочы на думкі, прыдуманыя не імі.

Пачапай іх рукамі, і падымецца пыл, як ад мяхоў з мукою; хто б мог падумаць, што гэты пыл — ад зерня і залатых дарункаў нівы?

Калі яны ўдаюць з сябе мудрацоў, мяне мароз па скуры дзярэ ад іх нікчэмных праўд і выслоўяў; і часам ад іх мудрасці патыхае такім смуродам, быццам яе спарадзіла балота: і праўда, я нават чуў, як жабы кумкалі з яе!

Спрытнюгі яны, і разумныя ў іх пальцы: што там мая прастадушнасць перад іхняй крывадушнасцю! Яны могуць усё — шыць, вязаць, ткаць: вось і вяжуць яны панчохі духу!

Яны — выдатныя гадзіннікавыя механізмы: трэба толькі ў час накручваць! Тады яны без памылак паказваюць час, з далікатным шумком.

Нібы млыны і ступы, працуюць яны — толькі паспявай падсыпаць у іх зерне! Ужо ж яны перамелюць яго ў белы пыл.

Кожны пільна сочыць за пальцамі суседа, і не надта давяраюць яны адно аднаму. Здатныя да маленькіх хітрын, яны сочаць за тымі, чые веды накульгваюць, і пільнуюць, як павукі.

Я бачыў, як асцярожна гатуюць яны атруту: пры гэтым заўсёды нацягваюць шкляныя пальчаткі на пальцы.

І такімі касцямі яны ўмеюць гуляць: і гуляюць з запалам, аж іх кідае ў пот.

Чужыя мы адно аднаму, і іхнія цноты мне нават больш агідныя, чым падступства і фальшывыя косці ў гульні.

І калі я жыў сярод іх, жыў я над імі. І за гэта яны не любілі мяне.

Яны і слухаць не хацелі пра тое, каб хто-небудзь хадзіў над іхнімі галовамі; і таму паміж мною і сабою, над галовамі сваімі, яны наклалі дрэваў, зямлі і смецця.

Так заглушылі яны шум крокаў маіх: да гэтага часу найгорш мяне чулі сама найвучонейшыя.

Усе памылкі і слабасці людзей паклалі яны паміж сабою і мною: «чорнай падлогай» называецца гэта ў іхніх дамах.

Але нягледзячы на гэта, я са сваімі думкамі хаджу паверх іхніх галоў; і калі б я захацеў пайсці дарогаю сваіх памылак, дык і тады я быў бы вышэй.

Бо людзі не роўныя: так кажа справядлівасць. І тое, чаго я хачу, яны не маюць права хацець!»

Так сказаў Заратустра.

Пра паэтаў

«З таго часу, як я лепей ведаю цела, — сказаў Заратустра аднаму свайму вучню, — я кажу пра дух толькі ў параўнаўчым сэнсе; і ўсё «непрамінальнае — таксама толькі параўнанне».

«Я ўжо чуў гэта ад цябе аднаго разу, — адказаў вучань, — і тады ты яшчэ дадаў: «А паэты залішне маняць». Чаму ты сказаў, што паэты залішне маняць?»

«Чаму? — сказаў Заратустра. — Ты пытаешся чаму? Я не той, у каго можна пытацца пра ўсе іх «чаму».

Не ўчора пачалося маё жыццё! Даўно ўжо я перажыў асновы сваіх меркаванняў.

Ці не быў бы я бочкаю памяці, калі б насіў пры сабе ўсе свае асновы!

Захоўваць свае меркаванні — ужо і гэта залішне для мяне; а колькі птушак ужо адляцела!

І сярод іх у галубятні маёй ёсць нейкая залётная, не вядомая мне; яна дрыжыць, калі я кладу на яе руку.

Дык што ж табе аднаго разу сказаў Заратустра? Што паэты залішне маняць? Але і сам Заратустра — паэт.

А цяпер ці верыш ты, што тут ён сказаў праўду? Чаму верыш?»

Вучань адказаў: «Я веру ў Заратустру». Але Заратустра пахітаў галавою і ўсміхнуўся.

«Вера не робіць з мяне праведнага, — сказаў ён, — тым больш вера ў мяне.

Але пастановім сабе, што нехта сказаў сур'ёзна, быццам паэты залішне маняць: ён меў бы рацыю — мы залішне манім.

Мы вельмі мала ведаем і блага вучымся: таму мы і мусім маніць.

І хто з нас, паэтаў, не разводзіў свайго віна? Колькі атрутных мяшанак было прыгатавана ў скляпах нашых; там шмат чаго адбывалася, чаго і апісаць не спасобіць.

І як што мы мала ведаем, нам даспадобы ўбогія духам, асабліва — маладыя жанчыны!

Мы таксама вельмі кідкія да ўсяго, што вечарамі распавядаюць старыя кабеты. Гэта ў сабе мы называем Вечна-Жаночым.

І нібыта існуе нейкі таямнічы, адмысловы шлях да ведання, прысыпаны, таму, хто нечагась навучыўся: во так во — верым мы ў народ і ў «мудрасць» ягоную.

А вось у што вераць усе паэты: калі хто ляжыць у траве альбо на голым пагорку і цікуе вухам, дык улоўлівае нешта такое, што лунае паміж небам і зямлёй.

І калі паэтаў ахінаюць наплывы пяшчоты, яны перакананыя, што сама прырода закахалася ў іх.

Поделиться с друзьями: