ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

«Не гавары пра мяне, ты, дзівосны! Блізкі сэрцу майму! — сказаў Заратустра, ухіляючыся ад ягонай пяшчоты. — Скажы мне спачатку пра сябе! Ці не ты той дабрахотны жабрак, які калісьці адмовіўся ад вялікага багацця, — які пасаромеўся свайго багацця і ўсіх багатых і ўцёк да сама бедных, каб падарыць ім свой лішак і сваё сэрца? Але яны не прынялі яго».

«Але яны не прынялі мяне, — сказаў дабрахотны жабрак, — ты ведаеш гэта. І тады пайшоў я да жывёлаў і да гэтых кароў».

«І так ты здабыў разуменне таго, наколькі цяжэй даваць, чым браць, — перапыніў яго Заратустра, — навучыўся таго, што дарыць, — гэта мастацтва, апошняе, найхітрэйшае мастацтва дабрыні».

«Асабліва ў нашыя дні, — адказаў дабрахотны жабрак. — У нашыя дні, калі ўсе нізкія апантаныя баязлівай прагаю бунту і зрабіліся па-свойму пыхлівыя: па-свойму — гэта значыць так, як уласціва чэрні.

Бо вядома табе, што настала часіна пачварнага, пагібельнага і сама працяглага мяцяжу чэрні і рабоў: але ўсё расце і шырыцца!

Дабрачынства і невялікія саступкі ўжо абураюць ніжэйшых: хай усе багатыя будуць напагатове!

У такіх, хто, як пузатая пляшка, па кропельцы выдае змесціва з вузенькага гарлячка, сёння ў такіх пляшак гэты гарлячок адбіваюць!

Пажадлівая прагавітасць, жоўцевая зайздрасць, затоеная помслівасць, фанабэрыстасць чэрні: як усё гэта кідаецца ў вочы! Ужо не правільна, што ўбогія — шчасныя. Царства нябеснае — у кароў».

«А чаму не ў багатых?» — выпрабавальна спытаўся Заратустра, адганяючы кароў, якія даверліва пазіралі на міралюбнага прапаведніка.

«Чаго спакушаеш мяне? — адказаў той. — Ты ведаеш сам, і нават лепей за мяне. Што надзіла мяне ў бедных? Ці ж не агіда да нашых багатых? — да гэтых калоднікаў багацця, якія з любога смецця зыскуюць сабе карысць, да гэтай набрыдзі з халоднымі вачыма і пажадлівымі думкамі, ад якой смурод шугае пад неба, — да гэтай раззалочанай, наскрозь салжэлай чэрні, чые бацькі былі злодзеі і карміліся падлай, збіраючы здыхліну, былі ласыя да баб, памаўзлівыя і забыўлівыя: бо ўсе яны як усё адно блудадзейка па сутнасці сваёй?

Чэрня ўнізе, чэрня ўгары! Што значыць сёння «бедны» і «багаты»! Я ўжо перастаў бачыць розніцу паміж імі, — і вось уцёк ад іх і бег далей і далей, пакуль не прыйшоў да гэтых кароў».

Так гаварыў прапаведнік, сапучы і пацеючы: а каровы ўсё дзіву даваліся. Заратустра ж з усмешкай слухаў гэтыя суровыя казані, гледзячы яму ў твар, і моўчкі ківаў галавою.

«Ты сам сябе гвалціш, горны прапаведнік, ужываючы такія суровыя словы. Да такіх сур'ёзных рэчаў не дараслі яшчэ ні вочы, ні вусны твае.

І, падобна на тое, што страўнік твой таксама супраціўляецца ўсёй тваёй нянавісці і гневу з шумам каля рота. Яму трэба што-небудзь уеднае: мяса — яўна не стравіцца.

Хутчэй, як мне здаецца, ты кормішся раслінамі і каранямі. Можа, жуеш зерне. Але напэўна ты не схільны да радасцяў пачуццёвай, мясной ежы і аддаеш перавагі мёду».

«Ты адгадаў, — з лёгкім сэрцам адказаў дабрахотны жабрак. — Я люблю мёд і жую зерне, бо я шукаў ежы, якая прыемная на смак і ачышчае дыханне: — на глытанне якой патрэбен час, які запаўняе цэлы дзень, даючы працу сківіцам гультаёў.

Але найдалей у гэтым пайшлі, вядома ж, каровы: гэта ім належыць адкрыццё, што можна цэлыя дні жаваць жуйку і вылежвацца на сонцы, і яшчэ яны цураюцца ўсялякіх змрочных думак, якія вярэдзяць сэрца».

«Ну што ж! — сказаў Заратустра. — Ты павінен бачыць і маіх звяроў — майго арла і маю змяю; такіх цяпер не знойдзеш на цэлай зямлі.

Глядзі, вунь там ідзе дарога да маёй пячоры: сёння ўначы будзь у ёй госцем. І пагутары са звярамі маімі пра шчасце звяроў, — пакуль сам я не вярнуся. Бо цяпер я паспяшаюся ад цябе — мяне кліча крык на дапамогу. А ў мяне ты знойдзеш і мёд — сотавы мёд, халаднаваты, як лёд, і залацісты: частуйся!

Але зараз жа развітайся са сваімі каровамі, ты — дзівосны і блізкі сэрцу майму! Развітайся, нават калі табе і нялёгка гэта. Бо яны — сама пяшчотныя твае сябры і настаўнікі!»

«За выключэннем таго, якога я люблю яшчэ больш, — адказаў дабрахотны жабрак. — Ты і сам добры, ты дабрэйшы за любую карову, о Заратустра!»

«Прэч, прэч, падступны ліслівец! — злосна ўсклікнуў Заратустра. — Навошта ты спрабуеш папсаваць мяне мёдам лёстак і пахвалою?

Прэч, прэч ад мяне!» — усклікнуў ён яшчэ раз і замахнуўся кіем на злагоджанага жабрака: але той борздзенька шуснуў убок.

Цень

Але як толькі збег дабрахотны жабрак і Заратустра застаўся адзін, ён пачуў за сабою нечы голас, які клікаў: «Стой! Заратустра! Пачакай! Гэта ж я, о Заратустра, я, твой цень!» Але Заратустра не стаў чакаць, бо раптоўная прыкрасць агарнула яго, таму што так цесна зрабілася ў ягоных гарах. «Дзе маё адасабненне? — сказаў ён. — Далібог, гэта ўжо занадта; гэтыя горы кішаць людзьмі, царства маё не ад свету гэтага, мне патрэбны новыя горы.

Мой цень кліча мяне? Што мне да ценю? Хай даганяе мяне, я ўцяку ад яго».

Так сказаў Заратустра сэрцу свайму і пабег. Але той, хто быў за ім, патрапляў след у след: так што цяпер трое беглі адзін за адным: паперадзе ўсіх бег жабрак-дабрахот, за ім Заратустра, а ззаду ўсіх — ягоны цень. Але нядоўга беглі яны так, бо неўзабаве Заратустра схамянуўся, дайшоў да памяці сваёй і адразу скінуў з сябе ўсю прыкрасць і агіду.

«Што, — сказаў ён, — хіба здавён часу не ўбарохтваліся мы, старыя пустэльнікі і святыя, у розныя смешныя прыгоды?

Сапраўды, высока ўзрасло ў гэтых гарах неразумства маё! І вось — чую; як тры пары ног трох неразумных вар'ятаў тупацяць следам!

Не, нельга Заратустру баяцца свайго ценю! Аднак, здаецца мне, яго ногі даўжэйшыя за мае».

Сказаў гэта Заратустра, смеючыся вачамі і ўсёй нутробай сваёй, спыніўся і шпарка павярнуўся назад, ледзь не перакуліўшы пры гэтым цень: бо той бег за ім па пятах і да таго ж змогся. Калі Заратустра ўважліва разгледзеў яго, дык так жахнуўся, быццам знячэўку ўбачыў здань: такі худы, пачарнелы, змардаваны і лядашчы быў яго спадарожнік.

«Хто ты? — рэзка спытаўся Заратустра. — Што ты тут робіш? І з якое такое рацыі называеш сябе маім ценем? Ты не падабаешся мне».

«Даруй мне, — адказаў цень, — даруй, што гэта я; ну, а калі я не падабаюся табе, што ж! хвала табе і твайму добраму густу.

Я вандроўнік, які прайшоў шмат дарог следам за табою: я заўсёды ў дарозе, але без мэты, без радзімы, — так што, сапраўды, у многім я падобны на Вечнага Жыда, толькі што я не вечны і да таго ж не жыд.

Што? Няўжо я павінен быць увесь час у дарозе? Пацяганы, гнаны, кружляны ўсякім ветрам? О зямля, занадта круглая ты мне зрабілася!

Поделиться с друзьями: