ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:
2

Але тут Заратустра ўжо не мог стрымацца, схапіў кія і штосілы пачаў біць зарумзанага чарадзея. «Перастань! — усклікнуў ён са злым смехам. — Перастань ты, камедыянт! Утры нюні! Фальшываманетчык! Зацяты хлус! Я бачу цябе наскрозь!

Вось зараз я табе ўвалю, подлы чарадзей, гэта я ўмею — разаграваць такіх спруцянелых, як ты!»

«Кінь! — крыкнуў стары і ўскочыў з зямлі. — Не бі мяне больш, о Заратустра! Я толькі пацвяліў цябе!

Гэта — адна выява майстэрства майго; я хацеў выпрабаваць цябе, падсіліць цябе гэтай спакусе! І сапраўды, ты раскусіў мяне!

Але і сам ты — нямала даў мне ўведаць пра цябе: ты жорсткі, мудры Заратустра! Моцна б'еш сваімі «ісцінамі», і твая доўбня выбіла з мяне гэтую ісціну!

«Не ліжыся, — адказаў Заратустра, усё яшчэ гневаючыся, і змрочна зірнуў на яго, — не ліжыся мне, зацяты блазен! Ты хлус: ці табе гаварыць пра ісціну!

Ты, паўлін над паўлінамі, ты, мора славалюбства, што разыгрываў ты перад мною, у каго павінен быў паверыць я, калі ты размазваўся перад мною так нікчэмна?»

«Я прытвараўся тым, хто каецца духам, — сказаў стары, — ім я прытвараўся: ты сам выдумаў калісьці гэты выраз,

— паэта і чарадзея, які канчае тым, што паварочвае дух свой супроць сябе самога, я разыгрываў пераўтворанага, які замярзае ад свайго няведання і благога сумлення.

І прызнайся ж, Заратустра: не адразу разгадаў ты мае хлусню і прытваранне! Ты паверыў у гора маё, калі аберуч падтрымліваў маю галаву.

— і я чуў, як ты жаліўся: «Яго надта мала любілі, надта мала любілі!» І тайна радавалася злосць мая, што здолеў я так спрытна цябе абдурыць».

«Ты ашукваў і больш празорлівых за мяне, — рэзка адказаў Заратустра. — Я не баюся падманшчыкаў, я павінен жыць без асцярожлівасці: так хоча мая доля.

А ты — павінен падманваць: настолькі я ведаю цябе! Твае словы павінны заўсёды мець два, тры, чатыры і болей сэнсаў. І тое, у чым ты прызнаваўся цяпер, не было да канца ні праўдай, ні хлуснёю!

Ты, подлы фальшываманетчык, хіба можаш інакш? Ты і хваробу сваю замажаш грымам, калі давядзецца табе паказацца голым свайму лекару.

Так і цяпер прыхарошыў ты перад мною сваю хлусню, кажучы: «Я назнарок разыгрываў гэта!» У гэтым было і нешта сур'ёзнае, і ў табе самым ёсць нешта ад таго, хто каецца духам!

Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамі ўсіх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося ні маны, ні хітрасці — ты сам у сабе расчараваны!

Ты жнеш агіду як адзіную тваю ісціну. Усё, што сыходзіць з вуснаў тваіх, — хлусня і фальш, і толькі самыя вусны — адзінае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агіда прыліпла да вуснаў тваіх».

«Хто ты такі, каб так гаварыць са мною, найвялікшы з жывых?» — пагардліва сказаў стары чарадзей, і зялёная маланка бліснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панік і сумна сказаў:

«О Заратустра, я стаміўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агіднае, я не вялікі — навошта прыкідвацца! Але табе добра вядома — я шукаў велічы!

Я толькі хацеў паказаць вялікага чалавека і многіх пераканаў у сваёй велічы: але мана аказалася вышэйшай за мае сілы. На ёй я паламаўся.

О Заратустра, усё — мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё — гэта праўда!»

«Гэта робіць табе гонар, — змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! — Гэта робіць табе гонар, што шукаў ты велічы, але гэта сама і выдала цябе. Ты — не вялікі.

Ты — гаротны стары чарадзей, гэта і ёсць сама лепшае і праўдзівае ў табе, і я шаную цябе за тое, што ты стаміўся ад самога сябе і сам прызнаў, што не вялікі.

За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно імгненне, але ты быў праўдзівы!

А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў і ў маіх лясах? І калі дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?

— у чым спакушаў ты мяне?»

Так гаварыў Заратустра, і яго вочы блішчалі. Стары чарадзей памаўчаў крыху і адказаў: «Хіба я цябе спакушаў? Я толькі шукаю.

О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзівага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсім, праведніка пазнання, сасуд мудрасці, вялікага чалавека!

Хіба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру».

І тады настала доўгае маўчанне, і Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калі вярнуліся да субяседніка думкі, ён узяў чарадзея за руку і сказаў яму ветліва, але не без хітрасці:

«Ну што ж! Там, угары, — дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй і шукай, каго ты хацеў знайсці.

І спытайся парады ў маіх звяроў — у арла і ў змяі: яны дапамогуць табе ў тваіх пошуках. А пячора мая вялікая.

Праўда, сам я ніколі яшчэ не бачыў вялікага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлівых на ўсё вялікае. Сёння пануе чэрня.

Я ўжо сустракаў многіх, якія цягнуліся ўгору і надзімаліся, а народ крычаў: «Глядзіце, вось вялікія людзі!» Але які толк у кавальскіх мяхах! Урэшце паветра выходзіць з іх.

Зрэшты, лопаецца і жаба, якая надта доўга надзімалася, і паветра выходзіць з яе. Па-мойму, неблагая штука — тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткі!

Усё сённяшняе належыць чэрні: хто сёння ведае, дзе вялікае, дзе малое? У каго пошукі велічы ўвянчаліся поспехам? Толькі ў бязглуздых: ім дадзена гэта шчасце.

Ты шукаеш вялікага чалавека, дзіўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хіба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нікчэмны шукальнік, навошта спакушаеш мяне?»

Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваім, і, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.

У адстаўцы

Па доўгім часе пасля таго, як Заратустра пазбавіўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзіць на дарозе, якою ён ішоў, — нейкі высокі чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмі засмуціўся, убачыўшы яго. «Шкада, — сказаў ён сэрцу свайму, — вось сядзіць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што ім трэба ў царстве маім?

Поделиться с друзьями: