ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Бо ўсё сама малое, сама ціхае і найлягчэйшае: шэлест яшчаркі, подых ветрыку, імгненне — малое, вось што ёсць знак найлепшага шчасця. Ціха!

Што са мною: прыслухайся! Ці не адляцеў час прэч? Ці не падаю я? Ці не ўпаў я ў крыніцу вечнасці?

Што са мною? Ціха! Я паранены — на жаль — у сэрца? У сэрца? О, разбіся, разбіся, сэрца, пасля такога шчасця, ад такое раны!

Што? У гэтае імгненне свет не зрабіўся мне дасканалы? Круглы і спелы? О, куды ён імчыцца, залаты шар? Пабягу за ім!

Ціха!» (І тут Заратустра пацягнуўся і зразумеў, што спаў.)

«Уставай, лежань! — сказаў ён сабе. — Уставай, калі заснуў апоўдні! Ану, падымайцеся, старыя ногі! Пара, даўно пара, яшчэ немалы кавалак дарогі перад вамі.

Вось вы і выспаліся, а ці доўга спалі? Паўвечнасці! Ну, падымайся ж, старое сэрца! Ці многа часу табе трэба, каб прачнуцца пасля такога сну?»

(Але тут ён зноў заснуў, а душа ўсё адгаворвала яго, супраціўлялася і прылегла зноў.) «Пакінь мяне! Ціха! У гэта імгненне свет ці ж не ўдасканаліўся? О залаты шар!»

«Уставай, — казаў Заратустра, — падымайся, зладзюжка, гультаіны кавалак! Што? Табе абы толькі пацягвацца, пазяхаць, уздыхаць ды падаць у глыбокія крыніцы?

Ды хто ты ў мяне? О душа мая!» (І тут ён спалохаўся, бо сонечны прамень упаў яму на твар.)

«О неба над мною, — сказаў ён, уздыхаючы, падняўся і сеў, — гэта ты глядзіш на мяне? І слухаеш, што кажа мая дзівосная душа?

Калі ты вып'еш гэтую кроплю расы, што ўпала на ўсё зямное, калі вып'еш ты гэтую старую душу маю,

— о крыніца вечнасці! О светлая паўдзённая бездань, якая даводзіць да трымцення! Калі зноў убярэш ты ў сябе маю душу?»

Так сказаў Заратустра і падняўся з-пад дрэва, быццам ачуўшыся пасля нейкай дзіўнай п'янасці: і што ж! Сонца, як і раней, стаяла проста над галавою. І з гэтага можна было справядліва вывесці, што гэтым разам Заратустра спаў нядоўга.

Вітанне

Толькі пад вечар пасля доўгіх і марных пошукаў і блуканняў Заратустра вярнуўся да сваёй пячоры. Але калі ён быў ад яе не больш за дваццаць крокаў, здарылася нешта такое, чаго ён зусім не чакаў: ён зноў пачуў моцны крык на дапамогу. І — чыстае дзіва! Гэтым разам крык ужо чуўся з пячоры. Гэта быў працяглы, дзіўны, жудасны крык, і Заратустра ясна пачуў, што крычалі адразу некалькі галасоў, хоць зводдаль яму здавалася, быццам крык быў з адных вуснаў.

Заратустра кінуўся да пячоры, і што ж! Вось што ён убачыў: у пячоры поплеч сядзелі ўсе тыя, каго ён спаткаў за цэлы дзень, — правы кароль і левы кароль, стары чарадзей, Папа, жабрак-дабрахот, цень, сумленнік духам, змрочны вяшчун і асёл: а сама брыдкі чалавек усклаў на сябе карону і аперазаўся двума пурпуровымі паясамі, бо, як усе агідныя, любіў строіцца і прыхарошвацца. І Заратустраў арол таксама быў сярод гэтай панылай кампаніі, увесь натапыраны і ўстрывожаны, бо яму даводзілася адказваць за шмат чаго такога, на што гонар ягоны не меў адказу; а мудрая змяя абвівала яго за шыю.

З вялікім здзіўленнем глядзеў Заратустра на ўсё гэта; потым з дабрадушнай цікаўнасцю пачаў разглядаць сваіх гасцей, чытаючы ў кожнага ў душы, і зноў здзіўляўся. Тым часам усе паўставалі і багавейна чакалі, што ён ім скажа. І Заратустра сказаў так:

«Вы, паняверцы! Вы, дзівосныя! Дык гэта ваш крык на дапамогу я чуў? Цяпер я ведаю, дзе знайсці таго, каго я марна шукаў цэлы дзень — вышэйшага чалавека,

— у маёй пячоры сядзіць ён, гэты вышэйшы! Але з чаго я дзіву даюся! Ці ж не сам я завабіў яго мядоваю ахвяраю і хітрай прынадай свайго шчасця?

Аднак здаецца мне, што вы, якія клічаце на дапамогу, блага пасуеце адзін аднаму, седзячы тут разам, і будзіце ўзаемную варожасць у вашых сэрцах. Трэба, каб спярша прыйшоў нехта,

— нехта, здольны прымусіць вас зноў смяяцца, — добры вясёлы блазнюк, неслух, скакун і ветрагон, які-небудзь стары шалапут: а вы што на гэта скажаце?

Але даруйце мне, о паняверцы, што я кажу такімі нікчэмнымі словамі, сапраўды нявартымі вас, высокіх маіх гасцей! Аднак вы не адгадаеце, што бадзёрыць маё сэрца:

— гэта вы самыя і выгляд ваш, даруйце ж мне гэта! Бо кожны бадзёрыцца, як толькі зірне на паняверку; і кожны лічыць сябе дастаткова моцным, каб суцешыць яго.

Мне самому далі вы сілу — добры дарунак, о высокія мае госці! Добры дарунак за гасціннасць! Ну што ж, не гневайцеся, калі я прапаную вам свой.

Тут царства маё і валадарства маё: і хай усё маё ў гэты вечар і ў гэтую ноч будзе ваша. Звяры мае паслужацца вам: мая пячора хай будзе вам на адпачынак!

У мяне, у маім доме, ніхто не павінен паняверыцца, у сваіх валоданнях я абараню кожнага ад дзікіх звяроў ягоных. І першае, што прапаную я вам, — бяспека!

А другое — мой мезенец. Як толькі мой мезенец будзе ў вас, вы схопіце і ўсю руку, ат, воля ваша!

І сэрца ў дадатак! Прашу вас, госці, дарагія госцейкі!»

Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любові і гневу. Пасля гэтага вітання госці спачатку пакланіліся і пачціва маўчалі, а кароль справа адказваў яму ад усіх.

«Па тым, як ты склаў вітанне і падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынізіўся перад намі; ты мала не зганьбіў наша пашанаванне:

— але хто здолеў бы, як ты, прынізіцца так годна? І гэта бадзёрыць нас і дае радасць вачам і сэрцу.

Каб пабачыць такое, мы ахвотна падняліся б на больш высокія горы, чым гэтыя. Бо з прагаю да відовішчаў прыйшлі мы сюды, мы хацелі пабачыць, што прасвятляе журботны пагляд.

І вось — наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мінуўся. Ужо расхінуліся і напоўніліся захапленнем нашыя пачуцці і сэрцы. Яшчэ крыху, і мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.

Не расце на зямлі, Заратустра, нічога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна — найпрыгажэйшая расліна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.

Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкі, маўклівы, суровы, самотны, велічны, гнуткі і пругкі, шляхетны,

— раскідзіста-галінасты над валоданнямі сваімі; адважны субяседнік вятроў, і бураў, і ўсяго, што адвеку блізкае да вышыняў,

— і яшчэ больш адважны адказчык, валадар і пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такія дрэвы?

Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны і бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, і гоіцца сэрца ягонае.

Поделиться с друзьями: