ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

«А ты, — звярнуўся Заратустра да вандроўніка, які называў сябе ягоным ценем, — ты называеш сябе свабодным духам і ўяўляеш сябе ім? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнічаеш у розных папоўскіх вычудах?

Сапраўды, што ты ладзіш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабіў з гэтымі нехарошымі чарнамазымі дзяўчатамі! Эх ты, нікчэмны нявернік!»

«Так, усё гэта даволі паскудна, — адказваў вандроўнік, які называў сябе Заратустравым ценем, — і твая праўда: але я нічога не магу з гэтым зрабіць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там ні казаў.

Ва ўсім вінаваты сама брыдкі чалавек — гэта ён уваскрэсіў яго. Хоць ён і кажа, быццам калісьці забіў яго, але смерць багоў — заўсёды забабон».

«А ты, — спытаўся Заратустра, — ты, стары ліхі чарадзей, што ты зрабіў? Хто ў гэты свабодны век паверыць у цябе, калі сам ты вызнаеш гэты боскі аслізм?

Глупства было тое, што рабіў ты; як ты, такі разумны, мог учыніць такое глупства?»

«О Заратустра, — адказваў вяшчун-чарадзей, — твая праўда, гэта было глупства, і я ўжо паплаціўся за яго».

«А ты, — звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, — раскінь мазгамі і шырэй расплюшчы вочы! Ці не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Ці не надта чысты твой дух для малітвы і чаднага фіміяму гэтых святошаў?»

«У гэтым нешта ёсць, — адказваў той, вылупіўшы вочы, — ёсць нешта такое ва ўсім гэтым спектаклі, што ўлешчвае нават маё сумленне.

Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.

Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькі часу, той можа дазволіць сабе не спяшацца. Як мага дурней і павальней — такім чынам можна зайсці даволі далёка.

Той, у каго столькі духу, можа цалкам захапіцца глупствам і шаленствам. Згадай сам сябе, Заратустра!

Сапраўды! Нават сам ты цалкам мог бы зрабіцца аслом ад лішніцы сваёй і ад мудрасці сваёй.

Хіба не любіць сапраўды мудры хадзіць крывымі дарогамі? Гэтаму вучыць сама відавочнасць, гэтаму вучышся, гледзячы на цябе, Заратустра!»

«Ну і, нарэшце, ты, — сказаў Заратустра, павярнуўшыся да сама брыдкага чалавека, які ўсё яшчэ ляжаў на зямлі, працягнуўшы руку да асла (бо ён даваў яму выпіць віна). — Ты, каму няма назову, скажы, што зрабіў ты?

Ты здаваўся мне пераўтвораным, блішчалі вочы твае, брыдкасць твая была ахутана ўзвышаным: што ж зрабіў ты?

Значыць, гэта праўда, што кажуць, быццам ты ўваскрэсіў яго? А навошта? Хіба ж без ніякай прычыны забілі яго і аддзяліліся ад яго?

Ты сам здаваўся мне ўваскрэшаным: што ж ты зрабіў? Чаму ты павярнуўся назад? Чаму здрадзіў сабе? Кажы, невыказны!

«О Заратустра, — адказваў сама брыдкі чалавек, — ты шэльма!

Ці жывы ён яшчэ, ці ўваскрэс, ці памёр канчаткова, хто з нас двух лепей ведае гэта? Я пытаюся ў цябе.

Аднак я ведаю адно: у цябе я навучыўся гэтага калісьці, о Заратустра: хто хоча забіць канчаткова, той смяецца.

«Забіваюць не гневам, а смехам» — так ты калісьці казаў. О Заратустра, ты, схаваны, бязгнеўны разбуральнік, сама небяспечны з усіх святых, ты — шэльма!»

2

І тады адбылося наступнае: Заратустра, здзіўлены такімі дзёрзкімі адказамі, кінуўся да выхаду з пячоры і, павярнуўшыся да гасцей, усклікнуў грамавым голасам:

«Ах вы, дурні і блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца і прыкідвацца перад мною!

Як трымцелі вашыя сэрцы ад шалу і захаплення, што вось нарэшце-такі вы зноў зрабіліся, як малыя дзеці, — гэтакія самыя пабожныя,

— што, нарэшце, вы зноў, як дзеці, пачалі маліцца, складваць ручкі і казаць: «Добры Божухна!»

Аднак пакіньце цяпер гэты, дзіцячы пакой — пячору маю, дзе сёння ўсё няцямнае адчувае сябе, як дома. Суйміце там, на паветры, ваш дзіцячы запал і хваляванне сэрца!

Вядома, калі не ўпадобніцеся дзецям, дык не ўвайсці вам у гэтае царства нябеснае. (І Заратустра паказаў рукою ўгору.)

Але мы не імкнёмся ў тое нябеснае царства: мы зрабіліся мужныя, мы зрабіліся мужамі, і таму хочам царства зямнога».

3

І зноў Заратустра пачаў гаварыць. «О новыя сяброве мае, — сказаў ён, — вы, дзівосныя, вы, вышэйшыя людзі, якія вы любасныя мне цяпер.

— з таго часу, як зноў павесялелі! Сапраўды, усе вы зацвілі: і я думаю, што такім кветкам патрэбен новы святы,

— якая-небудзь дзёрзкая бяссэнсіца, нешта накшталт літургіі і аслінага свята, ды яшчэ стары дурань і шаленец Заратустра, вецер і ветрагон, які праветрыць і прасветліць вам душы.

Не забывайцеся гэтай ночы і гэтага аслінага свята, о вышэйшыя людзі! Гасцюючы ў мяне, вы прыдумалі гэта, і я лічу гэта добраю азнакаю, бо такое могуць выдумаць толькі тыя, хто выздароўлівае!

І калі вы будзеце адзначаць свята асла яшчэ калі-небудзь, рабіце гэта з любові да сябе і з любові да мяне! І ў памяць пра мяне!»

Так сказаў Заратустра.

П'яная песня

1

Тым часам усе выйшлі на свежае паветра, у халаднаватую задуменнасць ночы; Заратустра вёў за руку сама брыдкага чалавека, каб паказаць яму свой начны свет, вялікі круглы месяц і серабрыстыя вадаспады каля пячоры. І вось нарэшце ўсе гэтыя людзі — ужо немаладыя, але з суцешанымі і бадзёрымі сэрцамі — усталі поплеч і дзівавалі самыя сябе, што ім так добра на зямлі; і таямніца ночы ўсё глыбей і глыбей пранікала ў іх сэрцы. І зноў падумаў Заратустра: «О, якія любасныя мне цяпер гэтыя вышэйшыя людзі!» — але не сказаў гэтага ўголас, бо ўшанаваў іх шчасце і маўчанне.

Але тут здарылася сама дзівоснае з усяго, што сталася за гэты доўгі і дзівосны дзень: сама брыдкі чалавек зноў, цяпер ужо апошні раз пачаў хрыпець і клекатаць, а калі, нарэшце, дайшло да слоў, — вусны ў яго ясна і выразна выдалі пытанне, пытанне такое частае, глыбокае і зразумелае, што ва ўсіх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.

«О вы, сябры мае, — спытаўся сама брыдкі чалавек, — што робіцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыцці сваім я задаволены, што пражыў яго,

Поделиться с друзьями: