ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

«Куды падзелася цяпер іхняя гарота? — спытаўся ён, уздыхнуўшы з лёгкай прыкрасцю. — Падобна на тое, што, пабыўшы ў мяне, яны развучыліся клікаць на дапамогу!

— хоць, на жаль, не развучыліся яшчэ наогул крычаць». І Заратустра заткнуў сабе вушы, бо да радаснага шуму вышэйшых людзей неяк дзіўна дамешвалася аслінае «І-А».

«Ім весела, — сказаў ён далей, — і хто ведае, можа, весяляцца яны за кошт гаспадара? І хоць яны вучыліся смяяцца ў мяне, ды не майго смеху навучыліся.

Але што з таго! Яны ўжо немаладыя і смяюцца, і здаравеюць кожны па-свойму; і не такое чулі мае вушы і не абураліся.

Гэты дзень — перамога: ужо адступае, бяжыць мой стары закляты вораг — Дух Цяжару! Як добра канчаецца дзень, што пачаўся так цяжка і блага!

І ён хоча закончыцца. Вечарэе: ён імчыцца па моры, шалёны верхавец! Як раскачваецца ён, шчасны, летучы дамоў, на пурпуровых сёдлах сваіх!

Неба глядзіць так ясна, свет такі глыбокі: О вы ўсе, дзівосныя людзі, што прыйшлі да мяне, яшчэ варта жыць побач са мною!

Так сказаў Заратустра. І зноў з пячоры пачуліся крыкі і смех вышэйшых: яны зноў загаварылі.

«Торгае гэтая рыба, добрая ёй прынада мая, і вось — адступае іх вораг, Дух Цяжару. Калі я добра пачуў, яны вучацца смяяцца з сябе.

Разбірае іх мужчынская ежа, цвеляць сакавітыя і мацавітыя прыпавесці мае: і сапраўды, я не частую гнілой гароднінай! У мяне ежа воінаў, ежа заваёўнікаў; я абуджаю новыя жаданні.

Новыя надзеі ў іхніх руках і нагах, сэрцы іх расшыраюцца. Новыя словы знаходзяць яны, і скора іх дух будзе дыхаць адвагаю.

Зразумела, такая ежа непрыдатная дзецям і жанчынам, якія пакутуюць ад маркоты — як старым, так і маладым. Інакш неяк трэба пераконваць іхнюю нутробу: не лекар ім я і не настаўнік.

Агіда адступае ад гэтых вышэйшых людзей: што ж! гэта мая перамога. У маім царстве ім небяспекі няма, любы дурны сорам уцякае ад іх, сэрцы іх адкрываюцца.

Яны размыкаюць сэрцы свае, вяртаюцца шчаслівыя гадзіны, яны святкуюць і жуюць — яны робяцца ўдзячнымі.

І тое, што яны робяцца ўдзячнымі, я лічу найлепшым знакам. Яшчэ пройдзе крыху часу, і яны прыдумаюць сабе святы і паставяць помнікі сваім ранейшым радасцям.

Яны ацаляюцца!» — так сказаў радасна Заратустра сэрцу свайму, гледзячы ўдалечыню; а звяры падышлі бліжэй і ўшанавалі яго спакой і шчасце.

2

Але тут Заратустра спалохаўся, бо слых ягоны, ужо абвыклы з шумам і смехам у пячоры, быў раптам уражаны мёртвай цішынёй; а нос яго пачуў дым пахошчаў, быццам палілі сасновыя шышкі.

«Што такое? Што яны там робяць?» — спытаўся ён сам у сябе і падкраўся да пячоры, так, каб убачыць сваіх гасцей, а самому застацца няўбачаным. О вялікае дзіва! Што ж угледзелі вочы ягоныя!»

«Усе яны зноў сталі пабожныя, яны моляцца, яны павар'яцелі!» — сказаў ён, без меры здзіўлены. І сапраўды! Усе вышэйшыя людзі — абодва каралі, адстаўны Папа, ліхі чарадзей, жабрак-дабрахот, вандроўнік і цень, стары вяшчун, сумленны духам і сама брыдкі чалавек — усе яны кленчылі, быццам дзеці альбо старыя пабожныя бабулі, і маліліся аслу. А сама брыдкі чалавек якраз пачаў хрыпець і сіпець, нібыта нешта неверагоднае хацела вырвацца з яго; калі ж, нарэшце, ён апрануў гэта ў словы, дык гата было не што іншае, як своеасаблівая дабрамысная літанія ў гонар асла, якому маліліся і курылі пахошчы. І такія былі словы яе:

Амін! Чта і хвала, і мудрасць, і падзякаванне, і сіла, і слава Госпаду нашаму на векі вечныя!

А асёл крыкнуў: «І-А».

Ён узяў на сябе цяжар наш, і прыняў вобраз слугі, сэрца яго цярплівае, і ён ніколі не скажа «Не», і той, хто любіць Госпада свайго, той карае яго.

А асёл крыкнуў: «І-А».

Ён не кажа: хіба што ўвесь час вымаўляе «Так» таму свету, які стварыў: так ён хваліць яго. І ў гэтым спанатранасць ягоная, што яна не гаворыць: так што мала калі ён не мае рацыі.

А асёл крыкнуў: «І-А».

Непрыкметна ідзе ён па свеце. Ён любіць шэры колер, ім ахінае сваю цноту. Калі і ёсць у яго дух, дык ён схаваны: аднак кожны верыць у яго доўгія вушы.

А асёл крыкнуў: «І-А».

Якая таемная мудрасць — мець доўгія вушы, заўсёды казаць «Так» і ніколі «Не»! Ці не паводле свайго вобраза і падабенства стварыў ён гэты свет — гэта значыць як мага дурнейшы?

А асёл крыкнуў: «І-А».

І простымі, і крывымі дарогамі ходзіш ты; і мала турбуе цябе, што людзям здаецца крывым, а што — простым. Па той бок дабра і зла ляжыць тваё царства. У тым цнота твая, што не ведаеш ты, што такое нянавісць.

А асёл крыкнуў: «І-А».

Ты нічога не адкідаеш, ні каралёў, ні жабракоў. І дзецям не забараняеш прыходзіць да цябе, а калі нядобрыя хлапчукі дражняць цябе, ты прастадушна кажаш: «І-А».

А асёл крыкнуў: «І-А».

Ты любіш асліх, і сама свежыя смоквы падабаюцца табе, і аддаеш ты належнае ўсякай ежы. Пах бадзякоў мацуе тваё сэрца, калі выпадае табе галадаць. І ў гэтым — божая мудрасць.

А асёл крыкнуў: «І-А».

Аслінае свята

1

Але на гэтым месцы літаніі Заратустра ўжо не мог болей трываць і сам крыкнуў «І-А» яшчэ галасней за асла і кінуўся на ашалелых гасцей. «Што гэта вы тут вырабляеце, прыяцелі? — крыкнуў ён, рыўкамі падымаючы з зямлі мольбітаў, — Ваша шчасце, што ніхто, акрамя Заратустры вас не бачыў.

Кожны падумаў бы, што вы з гэтай вашай новай верай, — зацятыя блюзнеры альбо старыя бабы, што ўжо зусім з'ехалі з глузду!

А ты, апошні Папа, як ты мірышся з самім сабой, калі так нягожа молішся аслу, быццам ён бог?»

«Даруй мне, о Заратустра, але ва ўсім, што датычыцца Бога, я больш абазнаны за цябе. Тут нікуды не папрэш.

Лепей бо ўзносіць малітвы Госпаду ў такім вось вобразе, чым наогул не мець божага вобраза! Падумай над гэтымі словамі, узнёслы мой дружа, і ты неўзабаве спасцігнеш, у якім выслоўі ісціна.

Той, хто сказаў: «Бог ёсць Дух», зрабіў найвялікшы крок і скачок, які наблізіў да няверства, крок, якога ніхто на зямлі да яго яшчэ не рабіў: нялёгка паправіць тое, што сказана ім!

Маё старое сэрца хвалюецца і трымціць, калі падумаю, што ёсць яшчэ на зямлі нешта вартае малітвы. Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!»

Поделиться с друзьями: