Таямнічы надпіс
Шрифт:
— А навошта ж ты яе кружочкамі наразаеш?
— У Валі Казловай таксама бульба была нарэзана кружочкамі.
— Дык яе ж потым так наразаюць. Эх ты!
— А можа, у мяне свой метад, — абіраючы бульбу па-свойму, адказаў Міхась.
— Ой, навошта я толькі засталася дзяжурыць, лепш пайшла б зграбаць сена!..
— Ты ж баялася ногі пакалоць.
— А чаму ты не пайшоў сена вазіць?
— Баяўся, каб жаба мяне не ўбрыкнула, — усміхнуўся Міхась.
— А я ведаю, чаму. Баяўся, што ўбачаць, які ты няўмека.
— Ха-ха-ха! Вось дык сказала.
— А я раней думала, што ты і сапраўды ўсё ведаеш і ўсё ўмееш. А цяпер пераканалася, што…
— Што ты да мяне прычапілася?.. Умееш, не ўмееш… Ідзі лепш па запалкі.
Калі Таня, узяўшы чайнік, пабегла да ракі, Міхась задумаўся: «Але ж сёе-тое я ведаю. Вось, напрыклад, ведаю, што на сасну, елку, наогул на мяккія пароды дрэў трэба, каб адбой у пілы быў вялікі, а на дуб і іншыя цвёрдыя пароды — меншы, тады пілаваць лягчэй… А вось як зварыць юшку? Колькі бульбы для гэтага трэба?»
У гэты час пачуўся крык: «Ой, ратуйце!» Міхась кінуў свой занятак і памчаўся да ракі. Там ён убачыў незнаёмага хлопчыка, які вёў пад руку Таню.
— Дзякуй яму, — звярнулася Таня да Міхася, абтрасаючы мокрую сукенку, — калі б не гэты хлопчык, добрая была б мне ванна. Нахілілася браць ваду, не ўтрымалася і паляцела.
— Там не вельмі глыбока, — сказаў хлопчык.
— Пра гэта я потым даведалася, калі ў вадзе апынулася.
— Дык чаму ж ты крычала «ратуйце»? — спытаў Міхась.
— Плаваць я зусім не ўмею. Напалохалася.
— Чаго там баяцца?
— Вядома, тут і ты смелы.
— Пры чым тут смелы? Проста я плаваю добра.
— А ці не такі ты плывец, як і повар?
— Шмат ты разумееш. Я на спаборніцтвах па плаванню не раз другое месца займаў.
— Правільна, — з'едліва заўважыла Таня, — а першае месца займала сякера.
— Калі б гэта сказаў хлопчык, яму давялося б пазнаёміцца вось з гэтым, — і Міхась паказаў кулак.
— Ох, як страшна! — І, звяртаючыся да хлопчыка, Таня дадала: — Мы з Міхасём сёння цэлы дзень спрачаемся…
— Што з табой спрачацца… — І, перавёўшы размову на іншую тэму, сказаў хлопчыку: — Мы — чырвоныя следапыты, ідзем па цікавым маршруце, па месцах, дзе ваяваў партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.
— Чуў я пра гэты атрад. Шмат яны пабілі фашыстаў… А хто ў вас кіраўнік?
— Настаўнік батанікі Несцер Фёдаравіч, у атрадзе дзядзькі Сцёпы быў начальнікам разведкі, у яго шмат узнагарод.
— Мы хочам, — дадала Таня, — напісаць нарыс пра партызанаў-герояў нашага раёна. Мы сустракаемся з былымі партызанамі і з камандзірамі атрадаў.
— А чаму вы спыніліся тут?
— Бераг гэтай рэчкі,— адказаў Міхась, — таксама гістарычнае месца: тут была жорсткая сутычка партызанаў з фашыстамі.
— Акрамя таго, — сказала Таня, — нам трэба знайсці тут аднаго хлопчыка, пра якога пісала піянерская газета.
— Чым жа ён праславіўся, што нават у газетах пра яго пісалі? — зацікаўлена спытаў хлопчык.
— Ён вядомы юннат. Мы хочам паглядзець яго сад, распытаць, як і што ён робіць.
— Гэта, брат, табе не тое, што выцягнуць дзяўчыну з лужыны, — з'едліва сказаў Міхась.
— Як табе, Міхась, не сорамна! — абурылася Таня.
— А дзе ж усе астатнія? — спытаў хлопчык, нібы не звярнуўшы ўвагі на рэпліку Міхася.
— Пайшлі дапамагаць калгасу сена зграбаць, — адказала Таня. — Даручылі нам вячэру прыгатаваць, а мы не тое што зварыць, а нават касцёр распаліць не можам. Ці няма ў цябе запалак?
— Не, — мацаючы кішэні, адказаў хлопчык. — Але гэта не бяда. — Агледзеўшыся па баках, заўважыў кінутыя Міхасём два каменьчыкі.— Зараз будзе агонь.
Да аднаго з каменьчыкаў ён прыклаў пучок сухога моху, а другім пачаў рэзка, але акуратна стукаць па першым. Неўзабаве бліснула іскра, і мох закурыўся.
Вось дык малайчына! — узрадавалася Таня.
— Падумаеш, — скептычна заўважыў Міхась, — крэмень жа я знайшоў.
— А што вы хацелі прыгатаваць на вячэру? — спытаўся хлопчык.
— Суп зварыць, але не ведаем, колькі чаго класці,— сарамліва адказала Таня.
— О, гэта вельмі проста. — Хлопчык зазірнуў у гаршчок. — Бульбы малавата.
Ён сеў і пачаў умела абіраць бульбу. Таня, паслаўшы Міхася па дровы для кастра, дапамагала хлопчыку.
Калі Міхась пайшоў, хлопчык спытаўся:
— А як ён вучыцца?
— Вучыцца добра, але рабіць нічога не ўмее. Я таксама нічога не ўмею, але я не саромеюся гэтага і вучуся, а ён не хоча.
У хуткім часе Міхась вярнуўся з трэскамі ў руках.
— Вось лепшыя дровы для кастра, сасновыя сучкі.
— Правільна, але ж яны сырыя, — заўважыў хлопчык. — Зараз я сам пашукаю.
— Ну і задавака! — незадаволена прамармытаў Міхась.
— Не, не задавака. Ён і сапраўды ўсё ўмее.
— «Умее, умее»! Падумаеш! Трэба будзе яго праэкзаменаваць. Практыка без тэорыі — нуль без палачкі.
З лесу нечакана пачулася песня. Неўзабаве да будана падышоў Несцер Фёдаравіч.
— Ну як, дзяжурныя, ці гатова вячэра? Усе ўжо мыюцца ў рэчцы.
— Хутка згатуецца, — не дужа ахвотна адказаў Міхась.
— Ну вось, — звяртаючыся да Тані, весела сказаў настаўнік, — а ты не хацела заставацца. З такім арлом нідзе не прападзеш.
Міхась нічога не сказаў.
— Мы таксама добра папрацавалі,— гаварыў Несцер Фёдаравіч, нібы не заўважаючы Міхасёвай панурасці.— Усё сена ў копы склалі, ды і навіну цікавую пачулі. Даведаліся, дзе жыве і вучыцца Віця Сташкоў, той славуты юннат.
— Дзе? — пацікавіўся Міхась. Выгляд у яго па-ранейшаму быў даволі змрочны.
— Тут, непадалёк, у Слабадзе. Вось што, вы рыхтуйцеся частаваць нашых працаўнікоў вячэрай, а я пайду пагляджу, як яны мыюцца…
— Цікава, дзе ж гэтая Слабада?
— А вось зараз даведаешся, — адказала Таня.
— Бачу, табе вельмі падабаецца гэты майстар на ўсе рукі.
— Вельмі.
— Зараз ты ў ім расчаруешся.
— Чаму?
— А вось пабачыш.
Калі хлопчык вярнуўся з сухімі сасновымі сучкамі, Міхась спытаў у яго: