Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Але на календары яшчэ травень 1910-га, і вы не на гасцінах у Канстанцыі Бўйлы, а ў краме ў Гофеншэфера.
Час палуднаваць. Паслужлівы даведнік параіць восем полацкіх рэстарацый ды сталовак і гарбатню «Попечительства о народной трезвости». Падзякаваўшы «попечителям», вы, напэўна, выбераце нешта больш панаднае, а за адным разам прагледзіце зацверджаную гарадской думай таксу на продаж у Полацку з 15 траўня да 1 чэрвеня 1910 года прадуктаў першай жыццёвай неабходнасці. Фунт простага жытняга хлеба — 3 капейкі, шатраванага (на муку ішло зерне, ачышчанае ад абалонкі) — 4, пытляванага (з добра размолатай і прасеянай мукі) — 5. Фунт белага хлеба ці булак у залежнасці ад гатунку каштаваў ад 8 да 6 капеек, паўфунтовая булка — 5, чвэрцьфунтовая — 3 капейкі. Кошты на мяса першага гатунку: ялавічына — 18 капеек за фунт, цяляціна — 15, бараніна — 13, свініна — 25, сала — 25, вяндліна — 25, вэнджаныя кілбасы мясцовага вырабу — 22, нявэнджаныя — 20. За курыцу ці пеўня плацілі рубель, свежыя курыныя яйкі ішлі па 2 капейкі за штуку, вараныя — па 3. Да гэтага можна дадаць, што ваш нумар у гатэлі каштуе рубель за суткі, «Беларускі каляндар» — 15 капеек, гадавая падпіска на «Нашу Ніву» — 2 руб. 50 кап.
Пра даходы палачанаў «Путеводитель» не кажа, але вядома, што рабочы без кваліфікацыі атрымліваў 50–60 капеек за дзень. Гэта быў мінімум. Дзённы заробак кваліфікаванага майстра складаў рубель і болей. Падлікі паказваюць, што сям’ю мог утрымліваць толькі той, хто зарабляў больш за 30 рублёў на месяц.
Аднак былі і рабочыя (паравозныя машыністы, механікі), чый месячны заробак перасягаў сто рублёў. На службу такі пралетар надзяваў скураную бельгійскую тужурку, а пасля працы мог у пінжачнай пары і кацялку выправіцца ў більярдню. Ён зазвычай жыў ва ўласным доме з прыстойным абсталюнкам, а на дапамогу жонцы наймаў кухарку.
Як жыў сярэдні клас, да якога належалі, напрыклад, педагогі? На жаль, полацкі даведнік не дае адказу, колькі зарабляў скажам, дырэктар гімназіі. Але вядома, што яго калега з менскай мужчынскай урадавай гімназіі апрача 1800 рублёў гадавога заробку меў яшчэ 800 рублёў надбавак і скарбовую кватэру з ацяпленнем і асвятленнем. Агулам яго грашовае забеспячэнне складала 4400 рублёў на год або 370 на месяц. Выкладчык мовы і літаратуры той самай навучальнай установы атрымліваў за год 2800 рублёў. У прыватных гімназіях настаўніцкія даходы былі ў паўтара-два разы вышэйшыя.
Можна задаволіць і тых, хто цікавіцца тагачаснымі коштамі паслугаў прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі. «Салдацкая» прастытутка, якая абслугоўвала кліентаў у прыдзвінскіх зарасніках, атрымлівала за «сеанс» 30 капеек; «мяшчанская», што працавала на найманай кватэры, — рубель; «купецкая» (яе запрашалі ў гатэльны нумар) — ад трох да пяці рублёў.
Але вернемся за рэстаранны столік.
Вы падмацаваліся, пералічылі фінансы і вырашылі дазволіць сабе паездку ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Усё задавальненне будзе каштаваць 15 капеек у адзін канец. Перад тым, як сесці ў экіпаж да аднаго з некалькіх дзесяткаў полацкіх рамізнікаў (першы аўтамабіль спалохае месцічаў, сабак і козаў праз тры гады), вы прабяжыцеся вачыма па старых і новых абвестках на рэкламным слупе. Запрашэнні на гістарычныя і літаратурныя лекцыі Івана Далгова. Аб’явы аб пасяджэннях дабрачыннага і вольнапажарнага таварыстваў, «общества вспомоществования учащейся молодежи», камісіі разгляду архіўных дакументаў, камітэта рамонту Сафійскага сабора…
Магчыма, якраз у гэтыя дні перад полацкай публікай з’явіцца «самы высокі чалавек планеты», наш зямляк-прыдзвінец Хведар Махноў, які паспеў аб’ездзіць Еўропу і гастраляваў у ЗША. 3 газет вы ведаеце, што, пачаўшы з неверагоднай хуткасцю расці пасля сямі гадоў, сялянскі сын Махноў ужо вымахаў на 285 сантыметраў, а падчас сваіх выступаў дэманструе не толькі банальныя нумары кшталту згінання падкоў, але лежачы падымае драўляную платформу, дзе грае цэлы аркестр.
Напрыканцы гэтага лета ў Полацку з ’явяцца афішы першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, гаспадара недалёкага ад горада маёнтка Палівачы каля Празарокаў. Артысты прывязуць спектакль «Модны шляхцюк» паводле п’есы Каруся Каганца, а таксама разнастайныя канцэртныя нумары ў выкананні хору, салістаў, танцораў і дэкламатараў. Будзе аншлаг і велізарны поспех.
А пакуль дасведчаны рамізнік, згадаўшы прамінулыя Еўфрасіннеўскія дні, паведаміць вам, што ўвесь цырыманіял перанясення мошчаў нябеснай заступніцы Беларусі ў яе родны горад з даручэння Свяцейшага сінода распрацаваў архіепіскап полацкі і віцебскі Серафім. Калі б ваш спадарожнік, несумнеўны патрыёт роднага горада, мог зазірнуць на колькі гадоў наперад, ён не прамінуў бы адзначыць, што адным з пераемнікаў уладыкі Серафіма ў кіраванні Полацкай епархіяй станецца епіскап Кірыён Садзегелі. У жніўні 1917-га ён пакіне кафедру, вернецца на радзіму і будзе абраны каталікосам — першаіерархам аўтакефальнай Грузінскай праваслаўнай царквы.
Цокаюць капыты, коціцца пралётка, і вы ўвачавідкі пераконваецеся, што 25-тысячны павятовы горад складаецца не толькі з паглядных цэнтральных вуліц. Ускраіны забудаваныя стыхійна, без намёку на планіроўку. Да з’яўлення бруку і ходнікаў тут мінецца яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Пра стан вуліцы Плігаўскай «Полоцкий листок» піша: «Следует дать детям возможность не утонуть в грязи, пока дойдут до школы», а наконт слабодкі Гарбузоўкі зазначае, што ўвосень яна праз непраходную гразюку робіцца зусім адарванаю ад горада.
За межамі цэнтра забудова амаль спрэс драўляная. Пажар 1912 года пакіне на Невельскай, Азараўскай, Рыжскай і Наддзвінскай вуліцах лічаныя дамы. Вадаправодам і не пахне. Заможнейшыя жыхары бяруць ваду з артэзіянскіх студняў у вадавозаў, астатнія — з Дзвіны і Палаты. Адсюль і пошасці, апошняя з якіх, халерная, абарвала летась не адну сотню жыццяў.
Гаваркі рамізнік распавядзе вам яшчэ сёе-тое з таго, чаго няма ў даведніку. Напрыклад, што раней працаваў на спіртзаводзе (зірнуўшы на рамізнікаў нос, вы адразу паверыце) у купца першай гільдыі Корытца, але не вытрымаў тамтэйшых парадкаў. Спознішся — плаці штраф 25 капеек; закурыш ці адлучышся без дазволу — паўрубля; вып’еш, не адыходзячы ад працоўнага месца, — выкладвай рубель.
Самым буйным прадпрыемствам у горадзе напярэдадні Першай сусветнай вайны будзе лесапільна-бандарны завод з сотняй рабочых. Нашмат адстануць ад яго лесапільня (45 работнікаў), паравы млын і тытунёва-махорачная фабрыка (па 30), цагельня і фабрыка бетонных вырабаў. На запалкавай фабрыцы будуць зарабляць на жыццё 11 пралетарыяў, столькі сама — на заводзе сельтэрскай вады. У дадатак да гэтага Полацк будзе мець тры вадзяныя млыны на Палаце, карлікавыя вінны і цукерачныя заводзікі, дзве мылаварні, маслабойню… А вось чыгунка з яе майстэрнямі дасць заробак без малога тысячы палачанаў.
Едучы ў экіпажы, вы з лёгкім сумам падумаеце і пра сваё блізкае развітанне з горадам. Штодзённымі пасажырскімі цягнікамі ён звязаны з Дзвінскам, Рыгаю, Варшавай, Віцебскам, Масквой, Арлом. Туды ад’язджаюць з Рыжска-Арлоўскага вакзала, а на Невель, Пецярбург, Вільню і Сядлец — з Мікалаеўскага. Праезд у першым класе ў 2,5, аў другім — у 1,5 раза даражэй, чым у вагоне трэцяга класа. (Пуд багажу можна везці задарма.) Калі ахвота праехацца па Дзвіне, дык а трэцяй гадзіне ночы пойдзе параход да Дзвінска, а заўтра ўдзень — да Віцебска. Параходны білет да губернскае сталіцы каштуе ў першым класе 1 руб. 50 кап., у другім — 95 кап.
Вашы думкі будзе займаць і тое, як прабавідь вечар. Можна, вядома, схадзіць у лазню Эцінгофа каля Чырвонага моста альбо ў лазню Рабіновіча на Ніжнепакроўскай. Можна паглядзець у клубе аматарскі спектакль. А можа, лепей выправіцца ў кінематограф? Першы прыватны кінатэатр «Лотас» з залаю на сто месцаў адчыніў дзверы чатыры гады таму. Цяпер замест яго на Віцебскай вуліцы збудаваны «Эдэм», зала якога ўдвая большая. Палачане любяць кіно, і «Эдэм» дае неблагі прыбытак. Яго гаспадар паставіць побач яшчэ адзін кінатэатр — «Калізей», а потым пабудуе крытую летнюю залу. Такім чынам, напярэдадні Першай сусветнай вайны ў горадзе будзе тры кінатэатры.