ЖАНРЫ

Таямніцы полацкай гісторыі

Орлов Владимир Алексеевич

Шрифт:

Знаёмы ўжо чытачу расійскі акадэмік Севяргін занатаваў на Полаччыне і іншы спосаб палявання на небяспечных драпежнікаў. У лясных нетрах капалі глыбокую яму, у сярэдзіну яе забівалі вялізны кол, чыя макаўка выступала над узроўнем зямлі. Яму маскавалі саломай і галлём, да якіх узімку дабаўляўся снег. Да кала прывязвалі качку або гуся, што, як вядома, не любяць сядзець ціха. Прываблены птушкаю воўк трапляў у яміну, прычым часам звяроў там набіралася штук па пяць. Севяргін лічыў што адтуль пайшла беларуская прымаўка: «I гусь цэлая, і воўк злоўлены». Аднак паквапіцца на прынаду мог і чалавек. Мастак I. Захараў пачуў пад Полацкам аповед пра тое, як у ваўчынай яме апынуўся добра падпіты дудар, якому таксама заманулася паласавацца гускай. Ноч небарака соладка праспаў на дне, а ўранні на яго грымнуўся велічэзны ваўчара. Музыка меў адзіную зброю — дуду, што нібыта і выратавала яго, бо воўк пад яе мелодыю выў і скакаў пакуль не падаспелі людзі.

Сёння чытаеш такія звесткі, быццам фантастычны раман.

Лясы і пушчы, дарэчы, хутка збяднелі пасля паўстання 1863 года, калі на загад расійскага ўрада пачалося высяканне запаведных абшараў, дзе маглі хавацца інсургенты.

Дзе паляванне, там і рыбалка. Гэтую старонку прысвячаю тым, хто, як некалі і сам аўтар, закідваў вуду ў Дзвіну і не зводзіў вачэй з патанка. Праўда, папярэджваю: чытаць лепей з валідолам…

На маім стале кніга Аляксея Сапунова «Река Западная Двина» (Віцебск, 1893). Чытаю, што «сомы нередки» і сярэдніх памераў дзвінскі сом важыць 3–3/4 пуда, ды ўспамінаю дохлага соміка (мо апошняга?) з адной галавы і хваста, які плыў дагары чэравам па каламутнай вадзе, калі ў 1990 годзе наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір» атруціла Дзвіну нейкай хімічнаю заразай да самай Рыгі.

Самоў нашы прадзеды лавілі сеткамі або вялікім кручком на моцным шнуры. Прынада — жывая і мёртвая рыба, кавалкі мяса і ўлюбёны саміны ласунак — пячонка. Трапіўшы на кручок, трохпудовая рыбіна вазіла рыбака з лодкай добры дзесятак вёрст уніз і ўверх па рацэ.

Самы XIX стагоддзя ўяўляюцца нечым накшталт акулаў: яны пачуваліся так упэўнена, што і самі былі не супраць злавіць чалавека. Газеты пісалі, як у 1820 годзе ў Краслаўцы сом схапіў дзяўчынку і адгрыз ёй руку. У 1884-м у раце Дрысе каля сутоку з Дзвіной купалася дваццацігадовая дзяўчына; як толькі яна адплыла на колькі сажняў рачны разбойнік пацягнуў яе за нагу на дно. Перапалоханую купальшчыцу ледзьве выратавалі.

Магчыма, гэткіх самоў лавіў у блаславёныя гады юнацтва ўраджэнец Дрысы Аляксандр Пальмбах (1897–1963), цюрколаг і адзін са стваральнікаў тувінскага пісьменства і першай граматыкі тувінскай мовы.

«Лещ, — піша А. Сапуноў — водится во множестве, достигая до 2 футов длины и до 18 фунтов весу». Гэтая рыба добра бралася на ракавую шыйку. (Паспрабуйце сёння здабыць таго рака!) У Дзвіне і ў яе прытоках жыравалі «шараспёры», або «жывасцёры» (жэрахі), што бывалі вагою да 20 фунтаў. Яны любілі паласавацца дробнаю рыбкай, якую, высока падскокваючы ўгору, глушылі сваім пругкім хвастом і пры гэтым так разганяліся, што нярэдка самі апыналіся на беразе. Шчупакі дасягалі пудовай вагі. Лавілі іх, апрача вядомых сённяшнім рыбакам снасцяў, шастамі з пятлёй на канцы.

Успамінаю, як напрыканцы 1960-х гадоў у піянерскім летніку пад Ветрынам мы з сябрамі яшчэ рыбалілі такім спосабам. Шчупакі трапляліся не пудовыя, а разоў у сто меншыя, ды ўсё адно гэта было непаўторна: залацісты жвір плыткаводдзя, зялёныя цені рыбінак на дне (яны заўсёды стаялі галавой у бок сонца), сіло з працягнутай паміж пазногцямі травіны, якое заводзіш з галавы пад шчэлепы…

Сапуноў апавядае, як гэтае хлапечае шчасце выглядала ў пазамінулым стагоддзі: «В полуденную летнюю пору, время щучьего сна, мальчики и подростки охотятся за щуками с петлей, которая представляет силок из конских волос на шесте или прочном удилище. Такая петля осторожно надевается на морду щуки и также осторожно доводится до жабер, при подъеме которых во время дыхания она быстро затягивается. В петлю попадает иногда довольно крупная щука, что составляет торжество юного рыболова».

Яшчэ адно дзіва той Дзвіны — ласосі. Каля Полацка яны сустракаліся даволі рэдка, але чым ніжэй па рацэ, тым часцей.

3-пад Рыгі іх прывозілі свежых, марынаваных і вэнджаных у ядлоўцавым дыме. У сярэднявеччы, паводле хронік, ласосяў у дзвінскіх нізавінах было гэтулькі, што, наймаючыся на службу, работнікі ў дамове з гаспадаром адмыслова абумоўлівалі, каб гэтаю рыбай іх болей двух разоў на тыдзень не кармілі.

Вугорычы ў XIX стагоддзі найлепей ловяцца перад Купаллем. Судакі «водятся в Двине в очень достаточном количестве» і дасягаюць шаснаццаці фунтаў, ментузы — дванаццаці, язі — васьмі. Акуні драбнаватыя, усяго фунты па трычатыры. У пераліку дзвінскіх рыбаў разам з печкурамі (па-полацку — курмялямі), верхаводкамі, плоткамі, краснапёркамі і джхірамі сустракаем ліноў, гусцяру, рыбца, сіга, гальца і яльца, стынку (снятка)…

Дазвольце на заканчэнне яшчэ колькі словаў пра рыбарскія прылады. Невады на вялікіх, накшталт Нешчарды, азёрах бывалі, калі верыць Сапунову, даўжынёю з вярсту. Папулярнасцю карысталіся восці — жалезны грабянец з пяццю-сямю вострымі зубамі на доўгім тонкім шосце, — якімі білі ўвесну шчупакоў і наогул буйную рыбу. На пачатку зімы, калі рэкі і азёры зацягваў тонкі празрысты лёд, рыбар даставаў куку — ніштаваты драўляны молат на сажнёвай цавейцы. Яго ўдарамі глушылі рыбу, што ў бязветранае надвор’е збіралася ля берага.

I зноў цытата: «Каждый порядочный полоцкий рыболов непременно имеет один или несколько шнуров, длина которых бывает от 10 до 30 сажней и более. По длине такого шнура, в расстоянии полутора аршин, прикрепляются на короткой привязи крючки. При забросе шнур или перегораживает реку, или растягивается по длине ее». На шнур лавілі і ў Палаце, якая тады мела шырыню ад шасці да дзесяці сажняў і глыбіню чатыры-восем футаў а ў паводку разлівалася месцамі на 350 сажняў (без чвэрці кіламетр), маючы да пятнаццаці футаў углыбкі.

Полацкія рыбакі былі перакананыя, што любое возера мае рыбінага цара. Рыбіна гэта ці нейкае іншае стварэнне — невядома, бо ніхто яго не бачыў. Па волі цара рыба велізарнымі чародамі па рэках або падземнымі воднымі шляхамі пераходзіць з аднаго возера ў другое. Шчасце таму, хто падпільнуе такое падарожжа: у яго невад зойдзе ўся чарада.

Як і цяперашнія вудалі, іх прадзеды верылі ў розныя прыкметы. Сетку яны браліся плесці толькі на маладзік. Выправу на рыбалку хавалі нават ад сямейнікаў — іначай нічога не зловіш. Спаткаўшы на дарозе жанчыну, паварочвалі дахаты. Любы самаробны кручок цанілі вышэй за крамны — рыжскі або англійскі. Дзень лічыўся страчаным, калі першым на вуду трапляўся джгір. Сустрэўшыся на беразе з канкурэнтамі, віталіся: «Поўны сеці!» Злы язык мог дадаць: «Жаб ды мышэй», і закіпала сварка, якая почасту канчалася бойкаю і купаннем непрыяцеля.

Вяртаемся з дзвінскіх берагоў у горад.

Ідуць 1860-я гады. Дамоў у Полацку трохі болей за тысячу. Цэнтральныя вуліцы забрукаваныя, увечары на іх загараюцца ліхтары. Ускраіны ўвесну і ўвосень патанаюць у гразі. У 1865 годзе адчыняецца першая гарадская лякарня на сорак ложкаў. Прыкладна столькі месцаў і ў полацкай багадзельні.

Горад, як і раней, пакутуе ад пажараў. Улетку 1862-га згарэла 150 будынкаў. Праз дзевяць гадоў палачанаў напаткала новая бяда. Загарэўся дом недалёка ад вайсковай гімназіі. Хутка гімназічныя карпусы акружала суцэльнае мора агню. Вецер пераносіў праз корпусны пляц вуглі і цэлыя галавешкі. Вартымі жалю выглядалі спробы вёдрамі цягаць ваду з Дзвіны. Каля полымя бездапаможна мітусіліся пажарнікі. Як высветлілася, іх абоз меў усяго дзесяць бочак. Адна толькі кадэцкая гімназія пацярпела на 23 тысячы рублёў.

Выгляд пажарышча і стан некалькіх сотняў пагарэльцаў змусілі гарадскія ўлады падумаць пра пампоўню і водаправод. Фармацэўты Фох і Ляховіч зрабілі дзеля гэтага аналіз дзвінскай вады. Яго вынікі: «…угольнокислые известь и магнезия, фосфорнокислая известь, железо в соединении с хлором, сернокислые известь и магнезия, глина, кремневая кислота в соединении, органические вещества; зловредных металлических примесей не оказалось». Падрыхтоўка да будаўніцтва водаправода разгортвалася такімі тэмпамі, што пачалася вайна з Турцыяй і ў дзяржавы не знайшлося неабходных грошай.

Поделиться с друзьями: