Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Пра магдэбургскае права палачане даўно забылі. 3 1875 года імі кіравала гарадская дума, якая, кажучы канцылярскай моваю, займалася пытаннямі добраўпарадкавання, народнай адукацыі і аховы здароўя. Думу выбіралі на чатыры гады жыхары, што плацілі гарадскія падаткі. Дэпутаты гэтага «гарсавета» называліся «гласнымі». Ім належала права выбіраць са свайго складу гарадскую ўправу і гарадскога галаву, які быў і думскім старшынёй. За гэтымі органамі ўважліва сачылі губернскае ў гарадскіх справах «присутствие» і губернатар. Ён мог прыпыняць пастановы, якія супярэчылі закону. Росквіт расійскае «дэмакратыі» прывёў да таго, што з 1893 года ў выбарах дазволена было ўдзельнічаць толькі гараджанам з нерухомай маёмасцю не меней чым на тысячу рублёў. Такіх у Полацку набраўся ўсяго адзін працэнт.
У дзейнасці «бацькоў горада», як і ва ўсе часы, хапала злоўжыванняў. У 1913-м з прычыны фальшавання вынікі выбараў у думу двойчы апратэстоўваліся. На пачатку таго стагоддзя залез у гарадскую скарбоўню абраны галавою буйны купец Шпакаў. Гісторыя выплыла на свет, і злодзей развітаўся з утульным крэслам.
Аддадзім царскім уладам належнае: такіх, як Шпакаў яны на іншае цёплае месца звычайна не ўладкоўвалі. На просьбу адстаўнога думскага старшыні пакінуць яго на пасадзе нават без грашовага ўтрымання міністэрства ўнутраных справаў наклала з’едліва-суровую рэзалюцыю: «Проворовавшийся городской голова нам не нужен, даже при согласии служить бесплатно».
Магчыма, сённяшнім полацкім ахоўнікам закона будзе цікава даведацца, што стагоддзе таму галоўная доля крымінальных і грамадзянскіх справаў у гарадскім і павятовым судах прыпадала на нявыплату падаткаў, адмаўленне ад штрафаў патраву панскіх палёў і недазволеныя рыбалку ды высечку лесу. Асуджаныя адбывалі пакаранне не толькі за турэмнымі кратамі, але і ў манастырах. Напрыклад, Акуліна Міхайлава, што атрымала «за блудную жизнь» сем гадоў з якіх адзін, паводле пастановы павятовага суда, мусіла бавіць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры — каючыся, ходзячы наўсе набажэнствы і завяршаючы кожнае 25 «коленопреклонениями».
Спіс полацкіх навучальных установаў, адчыненых царскімі ўладамі пасля разгрому акадэміі, піярскага ліцэя і кляштарных школ, недасведчанага чалавека можа і здзівіць. Аднак гэтыя ўстановы былі невялікія і адкрытыя не для ўсіх станаў. У сярэдзіне XX стагоддзя горад меў пяцікласную дваранскую вучэльню і платны «ўзорны» пансіён для шляхцянак. Тры дзесяткі дзяцей незаможных месцічаў хадзілі ў прыходскую вучэльню. Былі яшчэ павятовае вучылішча і дзве духоўныя навучальныя ўстановы — вучэльня і семінарыя, куды зазвычай ішлі сыны праваслаўных папоў, дыяканаў і псаломшчыкаў.
У параўнанні з пачаткам таго самага стагоддзя адукацыя ў Полацку, як і ва ўсёй Беларусі, упала да катастрафічна нізкага ўзроўню.
Паступова адчыняліся царкоўна-прыходскія школы, асобныя платныя школы для дзяўчынак і хлопчыкаў з забяспечаных сем’яў. Колькасць настаўнікаў і вучняў павялічвалася, не мяняўся толькі дух, заведзены Мураўёвым і мураўёўцамі, што абсалютна слушна лічылі: руская школа зробіць у Беларусі для заняволення народа болей за любую армію.
Нястомны «вешальнік», прэтэндуючы і на ролю асветніка, падаў імператару дакладную запіску: «Для утверждения русского владычества в Северо-Западном крае необходимо заместить все преподавательские места учителями из России. Обратить особенное внимание на правильное преподавание русской истории и в особенности истории западной России. Подтвердить окончательно о повсеместном введении русского языка…» Інструкцыя царскага міністэрства народнай асветы (мы, беларусы, маем усе падставы называць яго міністэрствам народнага зацямнення) літасціва дазваляла карыстацца ў школе «белорусским наречием» толькі ў тлумачэнні незразумелых дзецям расійскіх словаў.
Кожны вучань павінен быў атрымаць цвёрдае перакананне, што яго зямля заўсёды была і будзе расійскаю. Юных палачанаў умела вучылі пагарджаць сваёй мовай ды звычаямі. На Беларусь магутным русіфікатарскім валам абрынуўся 75-тысячны наклад прызначанай вучням «Книги для чтения на простонародном наречии». Яна складалася з расійскіх песняў ды гімнаў, з аповедаў пра маскоўскіх князёў і цароў. Беларусы прывыкалі мець за герояў і вызваліцеляў людзей, што пазбаўлялі іх радзіму незалежнасці, ператваралі яе ў калонію. Хто падлічыць, колькі талентаў загубіла гэткае «просвещение», на колькі дзесяцігоддзяў замарозіла інтэлектуальныя сілы нашага народа?
Больш грунтоўнай гаворкі заслугоўвае Полацкая настаўніцкая семінарыя, на адкрыцці якой у верасні 1872 года прысутнічаў міністр асветы граф Д. Талстой.
Такія ўстановы рыхтавалі выкладчыкаў народных пачатковых вучэльняў. Паступаць ва універсітэты і інстытуты выпускнікі семінарыі не маглі, бо не атрымлівалі агульнай сярэдняй адукацыі. Займаліся тут збольшага дзеці мяшчанаў і сялянаў Віцебскай губерні, якім ужо споўнілася шаснаццаць гадоў, прычым выключна праваслаўныя. Сродкаў на гэтую «кузню педагагічных кадраў» дзяржава адпускала мала. Частка семінарыстаў была сваякоштавая (вучылася за ўласныя грошы), частка атрымлівала стыпендыі ад губернскіх сялянскіх таварыстваў і полацкага царкоўнага брацтва. На адну гадавую сторублёвую стыпендыю раскашэлілася полацкае «благородное собрание».
Праграма навучання ў падрыхтоўчым і ў трох асноўных класах: закон Божы, педагогіка і асновы методыкі, расійская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, геаметрыя, расійская гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, гімнастыка. На музычных занятках семінарысты вучыліся спяваць па нотах, граць на скрыпцы і кіраваць хорам. На ўроках ручной працы асвойвалі пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў. Бібліятэка семінарыі на пачатку стагоддзя налічвала восем тысяч тамоў пры трох з нечым тысячах назваў кніг. Практыкумы на семінарскай метэаралагічнай станцыі падрыхтоўвалі выпускнікоў да самастойных метэаназіранняў у той мясцовасці, куды іх пасылалі народнымі настаўнікамі. Знаёмства з вопісамі навучальных кабінетаў і калекцый змушае з жалем згадаць разрабаваныя зборы Полацкай акадэміі.
У пераліку найважнейшых падзей у жыцці семінарыі знаходзім святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння імператара Аляксандра І, 25-годдзя кіравання цара-«освободителя» Аляксандра II, дня каранацыі цара-«миротворца» Аляксандра III, 50-годдзя «воссоединения» беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой, 100-годдзя смерці Суворава… Дванаццаць тостаў я налічыў у апісанні «дружеского, в полном смысле педагогического обеда», прысвечанага 25-гадоваму юбілею навучальнай установы.
Прыкметная падзея прычынілася ў сакавіку рэвалюцыйнага 1907-га. Навучэнцы адмовіліся выконваць рэлігійныя абрады, а заадно і хадзіць на заняткі. Педагагічная рада зачыніла семінарыю, а ўсіх выхаванцаў абвясціла выключанымі.
Не, я далёкі ад таго, каб глядзець на Полацкую настаўніцкую семінарыю звысоку.
Першым яе дырэктарам быў фалькларыст, этнограф і гісторык Юльян Крачкоўскі. Выпускнік сталічнай духоўнай акадэміі, рэнегат-«обруситель» паводле сваіх поглядаў ён, тым не менш, зрабіў і сёе-тое вартае — напрыклад, пакінуў першую грунтоўную працу пра радзінны абрад беларусаў і традыцыйнае выхаванне дзіцяці. Трэці дырэктар Яўграф Смірноў выдаў курс гісторыі хрысціянскай царквы, што быў навучальным дапаможнікам для духоўных семінарый. Выкладчык закона Божага протаіерэй Міхаіл Дуброўскі даследаваў жыццё святой Еўфрасінні.
За першыя трыццаць гадоў існавання семінарыі (у 1900-м ёй надалі імя Якава Кульнева) пасведчанні народнага настаўніка атрымаў 521 юнак, а апошні з яе сарака чатырох выпускаў адбыўсяў 1918 годзе.
Полацкім семінарыстам быў паэт-«нашанівец» Янка Журба, да літаратурных заслугаў якога далучым і той факт, што менавіта ён пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова. (Удзячныя нашчадкі будуць так шанаваць паэтаву памяць, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя нават імя на ўбогім помнічку з мармуровай крошкі на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках напішуць з памылкаю: «Янко».)