Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
У 1925 годзе пасля наведвання Вільні службовец Брытанскага Біблейнага таварыства Уайзман са здзіўленнем, павагай і спачуваннем напіша ў справаздачы: «Беларусы — адзін з першых народаў, якія надрукавалі Святое Пісьмо на сваёй мове. Гэта было ў 1517 г., за восем гадоў да першага друкаванага выдання па-англійску. Можна ўявіць, кім беларусы былі б цяпер, калі б пераслед і ўціск не прывялі іх да заняпаду».
Сын народа, што жыве на еўрапейскім памежжы, Скарына геніяльна знітуе ў сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Усходу і лацінскага Захаду.
Ён аздобіць свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае жыццё продкаў беларусаў — побыт, адзенне, тэхніку будоўлі (у драўляным палацы цара Саламона на адной з гравюр мастацтвазнаўца Генадзь Лебедзеў «пазнае» дом Скарынаў у іх загарадным маёнтку). Смела адступаючы ад канонаў, ён дасць у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Госпада чытачы ўбачаць без узаконенага духоўнымі ўладамі німба.
За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка.
Галоўным жа «злачынствам» у вачах многіх быў сам яе пераклад дзеля таго, каб гэтую натхнёную Богам кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе.
Перад намі партрэт Скарыны, змешчаны ў 1517 годзе ў кнізе «Ісус Сірахаў». Угледзімся ў яго больш уважліва, паспрабуем пранікнуць у свет сімвалаў, бо ў іх сярэднявечныя мастакі зашыфроўвалі ўсе чалавечыя якасці, здольнасці і памкненні, і часам сімвалы казалі пра асобу болей за аблічча.
Мы бачым першадрукара ў кабінеце, сярод кніг і навуковых прыкладаў. Пакой аздоблены гірляндамі з дубовага лісця, што ўвасабляюць сілу духу і рашучасць намераў, а яшчэ нагадваюць гаспадару пра родныя мясціны з іх старажытнымі святымі дубровамі. Цішыню і глыбокі роздум вучонага ахоўваюць скульптурныя львы. Цары звяроў уладкаваліся ў яго за плячыма на падстаўках-кансолях, каля ног кожнага — тры шары, што сімвалізуюць тры хрысціянскія цноты: веру, надзею, любоў.
У лапах ільвы трымаюць шчыты з загадкавымі знакамі, якія даследчыкі тлумачаць па рознаму. Адны, напрыклад, бачаць у іх схематычныя выявы медычных шаляў і друкарскага варштата — сведчанні галоўных жыццёвых заняткаў Скарыны. Асабіста мне найбольш верагодным здаецца арыгінальнае тлумачэнне скульптара Алеся Шатэрніка. Левы знак ён расшыфроўвае як слова «Бог».
I сапраўды, калі мы паглядзім на палову гэтага сімвала, дык лёгка знойдзем літару Б, якая змяшчае ў сабе О і Г. (Поўны знак атрымліваецца ў выніку люстранога адбітку.) Правы знак — выява кароны, сімвала дзяржаўнае ўлады. Такім чынам, на партрэце дэвіз выдатнага палачаніна — служыць Богу і дзяржаве.
Ніжэй шчыта з каронаю, нагадваючы пра хуткаплыннасць часу, стаіць вадзяны гадзіннік — клепсідра. Леваруч Скарыны над кнігамі вісіць астралябія, неабходная ў занятках астраноміяй і астралогіяй. Пад ёю, на лаве, — мяккія падушкі для хвілінаў адпачынку. Яшчэ ніжэй — свечнік з люстэркам, што скіроўвае святло ў патрэбны бок. Пагаслая свечка — алегорыя марнасці зямнога жыцця, але спрэчку з ёю вядзе пчала — увасабленне таленту, ахвярнасці і працавітасці, дзякуючы якім чалавечае жыццё доўжыцца ў памяці нашчадкаў. Пчолы лічыліся боскімі стварэннямі, што выкормлівалі нектарам таленавітых людзей.
Перавёўшы позірк у процілеглы ніжні куток партрэта, убачым кошыкі пад зёлкі, што былі неабходныя ў медычнай практыцы.
Сам Скарына ў доктарскіх мантыі і берэце сядзіць пры невялікім рабочым століку. У руках у вучонага пяро, перад ім — ёмісты сшытак, а праваруч — разгорнуты фаліянт на пюпітры. Скарына перакладае Біблію. Яго позірк скіраваны ўдалеч, у ім — задуменнасць і засяроджанасць. На твары ляжыць адбітак глыбокай мудрасці і стомы чалавека, што дзень пры дні займаецца цяжкай разумовай працаю.
Столік, за якім піша першадрукар, засланы сурвэтаю з вытканым або вышытым гербавым шчытом, на якім сонца і месяц у стане зацмення. (Тады Скарына яшчэ не меў шляхецтва, таму называць яго сімвал гербам будзе не зусім правільна.) Гэты сонечна-месяцавы знак мае шматслойны сэнс. У ім — сутыкненне дня і ночы, пераход ад ранейшых рэлігій да хрысціянства, ад Сярэднявечча да Рэнесансу. У ім — зліццё мужчынскай апладняльнай сілы Сонца з улоннем самога Сусвету, у выніку чаго пасля зацмення прадаўжаецца жыццё, а ў спрыяльных умовах можа нарадзіцца і дасканалая матэрыя — філасофскі камень… 3 мноства гэтых значэнняў часам выбіраюць нейкае адно, але Францішак Скарына відавочна глядзеў на сэнс свайго герба вельмі шырока. Знак першадрукара сімвалізуе перамогу святла над цемраю, ведаў над невуцтвам, жыцця над смерцю.
Францыск Скарына з Полацка. 1512. Фрэска ў падуанскай «Зале сарака».
Скарынава жыццё будзе напоўненае падарожжамі па Еўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адаб’ецца ўся тая вірлівая, авантурная і ўзнёслая эпоха.
Ён заснуе ў сталіцы Вялікага Княства друкарню і выдасць там «Малую падарожную кніжку» і «Апостала» — першыя друкаваныя кніжкі на абшары сваёй дзяржавы.
Ён будзе сустракацца з Лютэрам і дыскутаваць у Вільні з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам, чалавекам, які, калі верыць паданню, мог спаліць ружу і магічным словам аднавіць яе з попелу. Будзе сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Будзе запрошаны на службу да апошняга гросмайстра Тэўтонскага ордэна герцага Альбрэхта Брандэнбургскага, які надасць яму шляхецтва. Будзе браць удзел у складанні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года.
Ён возьме шлюб з удавою аднаго з сяброў і фундатараў Маргарытай Адвернік і праз чатыры гады пахавае яе, застаўшыся з малым сынам.
Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод усходніх суседзяў, ён прывязе вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву, прапануе тамтэйшым свецкім і духоўным уладарам наладзіць кнігадрукаванне і замест удзячнасці ўбачыць, як на загад маскоўскага князя з яго кніг раскладуць вялізнае вогнішча.
За братавы даўгі крэдыторы пасадзяць Скарыну ў турму, адкуль яго вызваліць сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары.
На знак прызнання заслуг вучонага палачаніна перад Айчынаю манарх дасць яму адмысловы прывілей: «Няхай ніхто, апрача нас саміх або спадкаемцаў нашых, не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд… Няхай ніхто не адважыцца затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад страхам цяжкага пакарання… Дайце названаму доктару Францішку, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць прыгаданымі вышэй правамі, льготамі і прывілеямі. Забараняю наогул умешвацца ў яго справы, учыняць яму які небудзь гвалт, змушаць да выканання нейкіх павіннасцей ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця».
Такім горадам неўзабаве пасля вяртання Францішка Скарыны з вязніцы на волю стане Прага. Тут ён скончыць свой зямны шлях знаным лекарам, тут будзе пахаваны. Тут у 1996 годзе, у самым цэнтры старой Прагі, непадалёк ад каралеўскага замка на Градчанах, яму будзе адчынены помнік, трэці ў свеце пасля помнікаў у Полацку і Лідзе. (Чацвёртым стане манумент у Калінінградзе-Кёнігсбергу, пятым — нарэшце! — у Мінску.)
Найзнакаміцейшы з палачанаў пакіне па сабе мноства таямніц.
Дагэтуль дакладна невядома, ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю.