Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Безумоўна, жыццё імператрыцы не абмяжоўвалася алькоўнымі забавамі. Яна мела добрую адукацыю, пакінула даволі цікавыя літаратурныя і гістарычныя творы, ліставалася са слыннымі вальнадумцамі Вальтэрам і Дзідро.
Зрэшты, услаўленне свабоды ў лістах да знакамітых французаў не замінала царыцы канчаткова запрыгоніць сялянаў, якіх пры ёй пачалі называць рабамі. Яна забараніла вучыць мужыкоў і іх дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расійскія памешчыкі мелі права ссылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, на заўсёды разлучаючы маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі. Памешчыца Салтычыха вытанчанымі катаваннямі звяла са свету 127 прыгонных дзяўчат. Іх пахаваў не паведамляючы ўладам, поп з яе вотчыны. Кацярынінскія фаварыты ў атрыманых маёнтках заводзілі больш цывілізаваныя парадкі. Румянцаў напрыклад, забараніў даваць сваім рабам болей за 1700 бізуноў.
Імператрыца нецярпліва ставілася да ўкраінцаў: запрыгоніўшы іх, яна зачыніла ўсе школы, якія былі амаль у кожным сяле. Аднак раз-пораз з-пад яе пяра выходзілі і надзвычай дэмакратычныя ўказы накшталт загаду мужчынам і жанчынам мыцца ў лазнях не разам, як раней, а паасобку. Або накшталт дазволу мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела «по живым моделям».
Скінуўшы Людовіка XVI, французскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы папрасілі ў царыцы партрэт — на знак яе спачування вальтэр’янскім ідэям. «Самая аристократическая из европейских императриц никогда не пошлет своего портрета людям, свергнувшим монархию», — пагардліва адказала яна.
Расію душыла самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандр Радзішчаў: «Чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Рэч Паспалітая была, па сутнасці, шляхецкай рэспублікай. Гэта падкрэслівала сама назва: найменне «рэч паспалітая» цалкам адпавядае лацінскаму res publica.
Шляхты ў Вялікім Княстве адносна да ўсяго жыхарства было значна болей, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах: 10-12 працэнтаў. Пераважная яе частка належала да так званай засцянковай або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Упадзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш, значная частка нашых продкаў была асабіста незалежная і магла вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і дзяржаўных соймах.
Не будзем ідэалізаваць шляхецкую дэмакратыю: яна мела і адваротны бок — анархію. Раней сойм Рэчы Паспалітай прымаў пастановы большасцю галасоў, аднак з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» — «вольнае забараняю» (рашэнне прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). Які небудзь падкуплены лепельскі шляхціч гарлаў «Вета!», і пастанова не праходзіла.
У 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю і колькі дзяржаўных мужоў зазвычай перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта канчаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосся, збітую апазіцыю выкідвалі праз дзверы, але «Вета!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залу пасяджэнняў ваяводскага сойма праз камінны дымаход.
Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расійскай імперыі, ды выкананню яго нормаў часта замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны. Шляхта, гледзячы на гэта, учыняла напады на суседзяў — пра адзін з іх распавёў у «Пане Тадэвушы» Адам Міцкевіч. Такія наезды, ад якіх пакутавалі найперш сяляне, былі ў XVIII стагоддзі звычайнаю з’яваю і ў Полацкім ваяводстве. Пра амаль поўную незалежнасць багатых беларускіх родаў ад караля і вялікага князя гаворыць тагачасная прымаўка: «Кароль у Варшаве, а Радзівіл у Нясвіжы».
Да ўсяго іншага Рэчы Паспалітай не шанцавала з манархамі. Памёр колішні хаўруснік Пятра I у Паўночнай вайне Аўгуст II. На троне мог замацавацца Станіслаў Ляшчынскі, за якога выступала і Полацкае ваяводства, аднак гэты прэтэндэнт не задавальняў Санкт-Пецярбург. У Літву-Беларусь зноў прыйшло расійскае войска. Як досыць дасціпна пісаў у сваіх дэпешах адзін тагачасны царскі генерал, «присутствие наших солдат придает соответствующее направление мыслям здешних жителей».
Апрача таго, на лёсе Полацка і Прыдзвіння чорнай пячаткаю адбіліся голад ды паморкі 1741-1746 гадоў. А яшчэ — спрадвечнае полацкае няшчасце — пажары. На працягу XVIII стагоддзя горад гарэў пяць разоў — у 1708, 1738, 1750, 1757 і 1770 гадах.
Царскія штыкі ўзвялі на варшаўскі трон Аўгуста III. Новы вялікі князь і кароль з амаль трыццаці гадоў валадарання жыў у дзяржаве гады два, прыязджаючы сюды адно на паляванні і соймы, а астатні час бавіў у роднай Саксоніі. Ён не лічыў патрэбным вывучыць мову хоць бы аднаго з падуладных народаў, затое не шкадаваў іх грошай на карціны для славутай цяпер Дрэздэнскай галерэі.
За часам Аўгуста III краіна трыццаць гадоў жыла без войнаў. Але гэты шанец не быў выкарыстаны на ўмацаванне дзяржавы. Рэч Паспалітая (а ў ёй найперш Літва-Беларусь) перастала быць полем бітваў, аднак ператварьтася ў прахадны двор для іншаземных армій. Яшчэ ў 1717 годзе Расія дабілася згоды сойма Рэчы Паспалітай на сваю ваенную прысутнасць і апеку «над ладам дзяржавы».
Адначасова працягвалася зацятая барацьба магнацкіх родаў, якія былі нярэдка цалкам пазбаўленыя патрыятычных пачуццяў і не толькі варагавалі між сабою, але часта служылі інтарэсам варожых дзяржаў. Дробная ж шляхта, збітая з панталыку магнацкімі ўсобіцамі, усё больш уяўляла сабою небяспечную непадуладную нікому стыхію. Магутны некалі будынак Рэчы Паспалітай быў спрэс паточаны шашалем. Караля-немца гэта не абыходзіла.
А на свет ужо прыйшоў беларус па крыві Станіслаў Панятоўскі, што стане апошнім у гісторыі вялікім князем літоўскім і польскім каралём.
Жыццёвы шлях Станіслава дзіўным чынам пераплёўся з лёсам Кацярыны II. Яны пазнаёміліся, калі тая яшчэ не займала трона, спадабаліся адно аднаму і зрабіліся каханкамі. Абаіх натхняла, здаецца, сапраўднае пачуццё. Шмат каму з сучаснікаў і ў голаў не прыходзіла назваць Кацярыну прыгожай. А вось Панятоўскі пакінуў у сваіх нататках такі яе партрэт, ад якога не адмовілася б любая красуня. Пазнаёмімся з ім, бо ў наступным раздзеле нам давядзецца гуляць побач з імператрыцаю (праўда, ужо пастарэлаю) па полацкіх вуліцах. «Яна брунетка з асляпляльна белаю скурай — піша будучы кароль пра будучую царыцу. — Бровы ў яе чорныя і вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост я назваў бы высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас і вясёлы, як і характар, смех. Яна лёгка пераходзіць ад гарэзлівай гульні да сур’ёзнай табліцы лічбаў, якія яе зусім не палохаюць». Перад Калядамі 1758 года будучая царыца нарадзіла ад свайго Стася дзяўчынку, але дзіця неўзабаве памерла.
Кацярына і Станіслаў кахаліся. Кароль Аўгуст III збіраў карціны і слухаў музыку. А гадзіннік гісторыі ўжо пачаў адлічваць апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай.
Польскія гістарыёграфы любяць традыцыйна называць яе краінаю Двух Народаў. Мы цудоўна ведаем, што гэта не так. Добра вядома тое і нашым заходнім суседзям. Самі ж польскія крыніцы падаюць звесткі, згодна з якімі ў межах Рэчы Паспалітай у 1772 годзе жылі 7,5 мільёна беларусаў і ўкраінцаў, 5,5 мільёна палякаў, 2,1 мільёна яўрэяў 1,9 мільёна літоўцаў (жамойтаў) і 200 тысяч расійцаў.
За Аўгустам III Полацк заставаўся галоўным горадам усходняй Беларусі па колькасці уніяцкага, каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Падарожнік бачыў тут самавітыя будынкі базылянскага, езуіцкага, дамініканскага, францысканскага і бернардзінскага кляштараў і храмаў. Кожны ордэн меў свае навучальныя ўстановы, дзе лідэрства ўпэўнена трымаў езуіцкі калегіум. Дзяўчынак-шляхцянак прымалі пансіёны пры кляштарах базылянак і марыявітак. На Дзвіне, паміж местам і Экіманскаю слабодкай, яшчэ існаваў востраў, дзе гаспадарылі езуіты.