Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Тым часам Кацярына зрабіла Станіслава Панятоўскага вялікім князем і каралём. Забягаючы наперад, зазначым, што яна ж, урэшце, і пазбавіла яго кароны, разарвала на часткі яго дзяржаву, а самога загадала арыштаваць.
Але да гэтага заставалася яшчэ тры дзесяцігоддзі, у якія Рэч Паспалітая паспрабуе разгарнуць крылы, рыхтуючыся ўзляцець, але ў вырашальны момант ёй не хопіць сілаў.
Завітаўшы на пачатку валадарання Станіслава Аўгуста ў Варшаўскі замак, мы маглі б стаць сведкамі славутых «абедаў па чацвяргах», куды вялікі князь і кароль запрашаў інтэлектуальную эліту. Сярод гасцей бывалі і прафесары Полацкага калегіума. Запрошаныя сядалі разам з манархам за круглы стол, што падкрэслівала роўнасць прысутных. Панятоўскі аддаваў перавагу французскай кухні ў яе спалучэнні з лепшымі рэцэптамі старапольскай і старабеларускай. Сярод падаваных страваў былі буракі з вушкамі, кілбасы, вяндліна, пікантныя марынады. Ганаровае месца ў меню абавязкова займала ўлюбёная гаспадарова смажонка з бараніны, якую слуга выносіў на вялізным срэбным сподзе з воклічам: «Баран!» Пры жаданні ў заслугу Панятоўскаму можна залічыць тое, што ў адрозненне ад гасцей ён наталяў смагу не цудоўнымі гішпанскімі вінамі, а свежай крынічнай вадой. Прычым гэта было не толькі традыцыяй «абедаў па чацвяргах». Узышоўшы на трон, Станіслаў Аўгуст абвясціў вайну надзвычай пашыранаму ў Рэчы Паспалітай пры яго папярэдніках п’янству. Нельга сказаць, што змаганне з Бахусам атрымала ўсеагульную падтрымку. Тагачасны паэт Ігнацы Красіцкі вуснамі аднаго са сваіх герояў звяртаўся да вялікага князя з такімі словамі:
Ты адвучыў ліцвінаў весяліцца… А каб табе ні разу не напіцца!3 другога боку, знаўца і відавочца той эпохі Лукаш Галембёўскі з ухвалаю пісаў: «За цвярозым Станіславам Аўгустам у выніку лепшага выхавання, высакароднейшых прыкладаў і ўзнёслых пачуццяў п’янства спыняецца».
На вялікі жаль, гэта была адзіная выйграная нашым апошнім манархам кампанія.
Выкарыстоўваючы эканамічную знясіленасць краіны ў выніку шматгадовых войнаў, а таксама феадальную анархію і змаганне розных магнацкіх груповак за ўладу, Кацярына II усё часцей умешвалася ў справы суседняй дзяржавы, дзе амаль бесперапынна стаялі расійскія войскі. Яны пакуль што падтрымлівалі былога каханка яе вялікасці, ды фінал драмы быў зусім блізка.
Пецярбург. 5 жніўня 1772 года. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісваюць канвенцыю пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Кацярына забірае сабе ўсходнюю Беларусь з той часткаю Полацкага ваяводства, што ляжала па правы бок Дзвіны.
Полаччына на паўтара стагоддзя трапіла ў кіпцюры двухгаловага царскага арла. Гэта будзе час жорсткага прыгнёту, але разам з тым і час змагання за мову, культуру, за будучую незалежнасць.
ЗА ДЗВІНОЮ — ІНШАЯ КРАІНА
Спачатку цары, а потым іх бальшавіцкія спадкаемцы ня раз паласавалі нашу зямлю па жывым, перакройвалі яе межы, адразалі кавалкі сабе і прыразалі суседзям.
1772 год праклаў мяжу праз Полацк. За Дзвіною ляжала іншая дзяржава. Сафійскі сабор быў у царскай імперыі, а бернардзінскі кляштар і старажытныя Бельчыцы — у Рэчы Паспалітай.
«Уз’яднаная» частка Полацкага ваяводства спярша была названая Полацкай правінцыяй і далучаная да Пскоўскай губерні. У 1776 годзе з яе беларускіх паветаў утварылі Полацкую губерню, праз два гады перайменаваную ў намесніцтва. Тым часам на левабярэжжы Дзвіны яшчэ існавала Полацкае ваяводства, сталіцаю якога былі пачарзе Лепель (1773-1776), Ушачы (1776-1791), а з 1791 года — Чашнікі, дзе склікаліся ваяводскія соймы.
У 1781 годзе Полацк набыў новы герб: «В серебряном поле на коне воин, держащай в правой руке саблю, а на левой надетый красный плат с двойным на оном крестом». Пацверджання ранейшых гербаў не атрымаў ніводны з далучаных да імперыі гарадоў усходняй Беларусі.
Кацярына (аднойчы яна сфармулявала сваё імперскае крэда наступным чынам: «Людзі народзяцца, аземлі — не») пажадала агледзець далучаныя абшары. У траўні 1780-га яна выехала з Царскага Сяла і праз дзевяць дзён, сустрэтая беларускім генерал-губернатарам Чарнышовым і губернскім маршалкам («предводителем» дваранства) Корфам, перасекла мяжу Полацкага намесніцтва. Магчыма, тады яна ўжо мела свой славуты экіпаж, у які запрагалі трыццаць коней і які складаўся з кабінета, гасцёўні на восем чалавек, бібліятэкі і прыбіральні.
3 імператрыцаю выправілася ў Беларусь світа з былых, цяперашніх і будучых фаварытаў. Па дарозе Кацярына «сустракалася з народам». Яе віталі натоўпы святочна прыбраных прыгонных рабоў з хлебам-соллю. Яны дзячылі за шчаслівае жыццё, вадзілі карагоды і спявалі народныя песні. Скардзіцца на паноў было забаронена пад страхам смерці. Часам, каб пацешыць царыцына вока, усцяж дарогі будавалі дэкарацыі з багатымі вёскамі і гаямі.
На паштовай станцыі Даласцы (цяпер у Пскоўскай вобласці Расіі) імператрыца пісала ў лісце да сына Паўла: «Вчера приехала я из Острова в Опочку; а оттуда выехала сего утра и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озер, что очень красиво; здесь население самое разнородное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племен и наречий напоминает Вавилонское столпотворение».
Царыца праехала праз Клясціцы і «изволила кушать обед» на станцыі каля Сівошына. Тут яе чакала шляхта Полацкага павета. А палове сёмай вечара конны поезд яе вялікасці пакінуў за сабой гарадскую заставу. Усё гэта выглядала надзвычай маляўніча, і мне з дапамогаю відавочца падзеяў каталіцкага манаха Сцябельскага хочацца апісаць побыт імператрыцы ў Полацку больш падрабязна: няхай прыдасца аўтару гістарычнага рамана пра тыя часы.
Наперадзе поезда на багата аздобленых конях гарцавалі найзнакаміцейшыя шляхцічы, за імі — паштмайстар з дванаццаццю паштальёнамі і пікінёры. Імператрыца сядзела ў пазалочанай карэце з апушчанымі шклянымі вокнамі і на два бакі кланялася палачанам. Праваруч экіпажа ехаў генерал-губернатар, следам — эскадрон лейбкірасірскага палка і запрэжаныя шасцерыком карэты прыдворных. Салют з расстаўленых на валах гарматаў зліваўся з галасамі ўсіх полацкіх званоў.
На ўездзе ў горад была ўзведзеная трыумфальная брама, на якой граў аркестр. За брамаю, абапал вуліцы, стаялі ў святочных строях яўрэі, потым, пад сваімі сцягамі, рамесніцкія цэхі, «кои приносили ея имераторскому величеству поздравление преклонением, по обычаю своему, знамён и барабанным боем». На галоўным пляцы перад прысутнымі месцамі чакала чынавенства ў парадных мундзірах: белых камзолах і чырвоных з белымі гузікамі каптанах, якія мелі палевы падбой і гэткія ж каўняры, штрыфелі і закаўрашы. Насупраць, каля езуіцкага сабора, стаяла каталіцкае і уніяцкае духавенства. На саборных вежах шчыравалі музыкі.
Кацярына выйшла з карэты і пешкі накіравалася ў адзіную тады ў Полацку «рускую» царкву Богаяўленскага манастыра, адкуль паехала ў падрыхтаваны ёй драўляны палац над Дзвіной. Спыніцца ў пышным мураваным палацы на рынку імператрыца, баючыся за сваё здароўе, не захацела: у збудаванай ударнымі тэмпамі камяніцы яшчэ не высахлі сцены.
Увечары ўсхадзіўся вецер, загрымеў гром. Ілюмінацыя не надта атрымалася, але ва ўсіх вокнах гарадскіх будынкаў загарэліся свечкі, а ў езуіцкім кляштары і калегіуме — піраміды з каляровых ліхтарыкаў. Паслухаўшы ў палацы канцэрт і згуляўшы ў карты, царыца села пісаць сыну ліст: «Между окнами моими й Польшею только одна Двина, которая здесь не очень широка. Въезд мой в Полоцк представлял прекрасную картину… Весь день был жаркий и теперь сильный гром. При въезде я видела зрелище совершенно для меня новое: иезуиты, доминиканцы и жиды, стоящие фронтом; последние весьма неопрятны, первые представляли собою величественный маскарад…»
Паставіўшы кропку, яна ўзяла з талеркі яблык, які ўсё жыццё з’ядала нанач, і падышла да вакна. У дзвінскай плыні люстраваліся агні ілюмінацыі. На тым баку было па будзённаму цёмна. Там пачыналася дзяржава яе былога каханка, без якога калісьці яна не магла пражыць і дня. Кацярына падумала пра зменлівасць чалавечага лёсу. Яна прыехала ў Расію, маючы ўсяго тры сукенкі, паўтузіна кашуляў і столькі ж насовак. Цяпер яна — гаспадыня найвялікшай у свеце дзяржавы, якой хутка будуць належаць і тыя землі, што ляжаць за Дзвіной.
Хто шаптаў ёй у тую ноч «зоренька» — так на жаданне царыцы называлі яе ўсе фаварыты — невядома. Можа, малады і падобны да Гамлета Ланской, якога ў сталіцы яна, хаваючы ад прыдворных дам, трымала пад замком. А мо князь Пацёмкін, што неўзабаве атруціць пецярбургскага Гамлета.
Наступнага дня імператрыца дапусціла да цалавання рукі вярхі полацкага духавенства, «высочайше обозрела присутственные места» і наведала сабор святога Стэфана. Седзячы на падрыхтаваным айцамі-езуітамі раскошным троне, яна ўпершыню ў жыцці слухала каталіцкае набажэнства. Рэктар Полацкага калегіума Станіслаў Чарневіч сказаў у гонар госці прамову па-італьянску і ад імя ордэна ўручыў ёй напісаныя на лаціне вершы, назву якіх яе вялікасці і прыдворным пераклалі так: «Августейшей Екатерине II, императрице всея России, победительнице турок, умиротворительнице царств, распространительнице общественного счастия, всемилостивейшей охранительнице Общества Иисуса, стихи, поднесенные членами этого обшества, поддаными ея величества и оберегаемые ея покровительством во время посещения ею областей Белоруссии». Пасля імшы царыца зрабіла візіт у езуіцкі кляштар, міласціва прыняла паднесеныя ёй малюнкі навучэнцаў калегіума з выявамі трыумфальных калонаў і пахваліла сталоўню, выказаўшы сумнеў, што абеды ў гаспадароў такія ж цудоўныя, як іх трапезная.