Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Паколькі зайшла гаворка пра архітэктуру, трэба сказаць, што ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя Полацк, асабліва цэнтральны пляц, робіцца помнікам горадабудауніцтва ў стылі класіцызму. Яго ідэі леглі ў аснову расійскіх праектаў «узорных» гарадоў. У тлумачэннях да іх гаварылася: «Регулярство, предлагаемое при строении города, требует, чтобы улицы были широки и прямы, площади большие, публичные здания на способных местах, все дома, в одной улице стоящие, строить надлежит на всю улицу с обеих сторон, до самого пересечения другой улицы одной сплошной фасадой…»
План перабудовы Полацка быў зацверджаны ў 1778 годзе. Згодна з ім выраслі будынкі магістрата і ўправы, рэзідэнцыя губернатара (сёння гэта адпаведна дамы № 4, 6 і 8 на праспекце Карла Маркса), дамы віцэ-губернатара, каменданта і будынак пошты (завулак Замкавы, 2 і 4; вуліца Еўфрасінні Полацкай, 3). Іх аўтар — губернскі архітэктар I. Зігфрыдэн.
Скажам колькі словаў пра дарогі, пракладзеныя пры Кацярыне II праз Полацкую губерню.
На загад генерал-губернатара Захара Чарнышова каморнікі неадкладна размецілі накірунак і шырыню новых шляхоў і праз кожную вярсту (700 сажняў або 1,5 км) паставілі паласатыя верставыя слупы. Сем вёрст складалі мілю, якую пазначалі мураванаю цаглянаю пірамідай на паўтара сажня вышынёю. На новых дарогах выраслі паштовыя станцыі, праз рэкі ды балоты пралеглі масты і грэблі. Шляхі ў два рады абсадзілі бярэзінамі, што пазней утварылі цудоўныя прысады, падобныя да жывога зялёнага калідора. Усцяж, асабліва на раздарожжах і скрыжаваннях, мясцовыя жыхары набудавалі прыгожа крытых гонтай і ўвянчаных каванымі крыжамі драўляных і мураваных каплічак з выявамі Хрыста і Багародзіцы.
За будаўнідтва дарог (патрэбных найперш дзеля хуткага руху войскаў, каб больш надзейна трымаць захопленыя землі пад сваёй уладай) генерал-маёр Кахоўскі ў 1774 годзе атрымаў званне генерал-паручніка, і гэта была заслужаная ўзнагарода. Нямала пракладзеных тады гасцінцаў захавалася, і людзі дагэтуль завуць іх кацярынінскімі.
На дарогах новыя гаспадары наладзілі сваю паштовую службу. 3 усіх, хто ехаў праз Полацкае намесніцтва, на станцыях бралі па 12 капеек за дзесяць вёрст на каня; той, хто патрабаваў ад васемнаццаці да трыццаці коней, плаціў удвая болей. Паштальёны ў прыдзвінскім краі выглядалі імпазантна: каптан з чырвонага сукна з зялёнымі закаўрашамі, зялёны картуз, на грудзях — мядзяны дзяржаўны герб, цераз правае плячо — таксама мядзяны паштовы ражок на чорна-жоўтым гарусным шнуры. На ўтрыманне пошты ў беларускіх губернях з кожнае душы збіралі па 12 капеек, а з яўрэяў — па 24.
Колькасць паштовых коней знаходзілася ў непасрэднай залежнасці ад рангу падарожніка. Капітаны ездзілі двойкай, палкоўнікі — чацверыком, генералы — шасцерыком.
На самым пачатку XIX стагоддзя па кацярынінскіх шляхах праз Прыдзвінне праехаў расійскі акадэмік В. Севяргін, аўтар выдадзеныху 1803-м «Записок путешествия по западным провинциям Российского государства». Заезджы вучоны пакінуў найпадрабязнейшае апісанне прыродных багаццяў Полаччыны, сярод якіх былі адзначаныя «крамяні шэрыя і бурыя, агат стракаты і буры, ружовы кварц, граніт, яшма кававага і іншых колераў, серпенцінавы камень… гаршковая, трубкавая і цагляная гліна, гліністыя вохры, вапнавы камень, белы алябастр…» У езуіцкім фальварку «Спас», які займаў тады тэрыторыю Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, акадэмік агледзеў мінеральную крыніцу, адкуль бегла каламутная вада з «серкава-пячонкавым пахам». Пасля адстойвання яна рабілася «светлай, смачнай і здаровай». Педантычна было занатаванае і ўсё пабачанае на полацкіх гародах: бульба, капуста, буракі, гарох, боб, морква, агуркі, рэдзька, мак, часнок, цыбуля, хрэн, пятрушка, сельдэрэй, пастарнак. Калі гэты пералік параўнаць з сённяшнім, не будзе хапаць хіба толькі памідораў.
Іншы расійскі падарожнік А. Башняк, батанік і па сумяшчальніцтве царскі шпіён, прыстаўлены да Пушкіна, у сваіх апублікаваных у 1820-я гады «Дневных записках путешествия в разные области Западной и Полуденной России» сярод іншага падае полацкі рэцэпт нарыхтоўкі агуркоў, які можа прыдацца і сённяшнім гаспадыням: «Агуркі на зіму соляць добрым спосабам — кладуць іх у бочкі радамі, перасцілаюць дубовым і вішнёвым лісцем, дамешваюць кропу, у меру перасыпаюць соллю і, не заліваючы нічым, апускаюць на вяроўках у калодзежы або ставы. Прыгатаваныя такім чынам агуркі не толькі вельмі доўга захоўваюцца, але і набываюць дужа прыемны смак».
Новая ўлада адчыніла ў 1789 годзе ў Полацку народнае вучылішча з чатырма класамі. У кожным праводзіліся заняткі па расійскай мове, арыфметыцы, катэхізісе і «свяшчэннай гісторыі». Вучні трэцяга і чацвёртага класаў праходзілі таксама фізіку, механіку, геаметрыю, прыродазнаўства, расійскую гісторыю і геаграфію. У першы навучальны год установу ўшанаваў візітам «его превосходительство генерал-аншеф двора ея императорского величества действительный камергер, сенатор и разных орденов кавалер» беларускі генерал-губернатар Пётр Пасек. На гістарычную падзею настаўнік Сакольскі адгукнуўся одай:
О град прекрасной Гориславы, Забудь бореев страшный рев! Се правый муж, исполнен славы, Суровость воздуха презрев, Приходит от зыбей Днепровых Тебе щедрот явити новых. Приходит? нет; своей душей Благой правдивыми делами, Как Феб блестящими лучами, Он свет дает стране твоей…3 тагачаснай справаздачы даведваемся, што педагогі гэтай навучальнай установы сабралі «обширную по тем временам библиотеку — 425 названий книг». Гэта, безумоўна, добра, што ў вучэльні было чатыры сотні кніжак і расійскія настаўнікі чыталі Ламаносава, Фанвізіна, а часам нават і Вальтэра. Але заўважым, што ў той самы час полацкія школы пры кляштарах мелі непараўнана большыя кнігазборы, а бібліятэка езуіцкага калегіума налічвала дзесяткі тысяч тамоў на многіх мовах — ад твораў антычных аўтараў да навінак еўрапейскіх літаратур.
За кацярынінскім часам кірмашы ў Полацку адбываліся чатыры разы на год. Цяпер тут верхаводзілі расійскія купцы з Апочкі, Тарапца, Смаленска. Ішоў гандаль збожжам, салам, лёнам, скурамі, футрам, драўляным посудам, ваўнянымі, ядвабнымі і баваўнянымі тканінамі. Кірмашы пакрысе занепадалі, бо полацкія купцы ўжо гандлявалі прамысловымі таварамі ў гарадскіх крамах, якіх было болей за паўсотні. У Рызе, Круляўцы (Кёнігсбергу) і Маскве ведалі, што купцоў з Полацка найперш цікавяць тканіны, посуд, соль, віно, селядцы. Тады ў горадзе працавала блізу 250 рамеснікаў: 40 краўцоў, 48 шаўцоў, 18 хлебапёкаў, 16 цесляроў, 12 кавалёў… Меў горад і майстроў больш рэдкіх прафесій — ювеліраў, шкляроў, пераплётчыкаў, шабельнікаў, жывапісцаў. Будаўніцтва мураваных дамоў паклікала да жыцця ў гарадскіх ваколіцах некалькі невялікіх цагельняў, дзе зараблялі на хлеб па тры-пяць работнікаў. Частка месцічаў, як і шмат стагоддзяў таму, жыла з зямлі, або займалася лесасплавам.
Чацвёртым губернатарам Полацкага намесніцтва ў 1784 годзе, паводле пратэкцыі ўсемагутнага кацярынінскага фаварыта князя Пацёмкіна, быў прызначаны Аляксандр Лунін, чый радавод, як прызнаваўся сам намеснік, пачынаўся «з Польшчы».
Нашчадак ліцвіна Луні выявіў сябе асобай досыць неардынарнаю і вартай пэўнай увагі будучых служак музы Кліо. Пагатоў, захаваліся трохтомавыя губернатаравы запісы, што дазваляюць уявіць побыт, звычаі і ўзровень адукаванасці тагачаснага высокапастаўленага расійскага чыноўніка і яго акружэння.
У доме ў Луніна жылі шасцёра афіцыянтаў і апальшчыкаў, якіх гаспадар ледзьве не штодня муштраваў, як вытанчана падаваць на стол, разліваць віно і запальваць свечкі. У вольны ад службы час ён аддаваўся такому арыгінальнаму захапленню, як складанне рэцэптаў ад чумы і каросты, а таксама нібыта вынайшаў рэцэпт «лучшего русского пива». Дзеці ў сям’і нараджаліся кожныя два гады. Старэйшага сына аддалі ў навучанне полацкім езуітам, астатніх выхоўвалі французскія гувернёры Бугрэ і Мелер. Царскі намеснік паспяхова спалучаў выкананне дзяржаўных абавязкаў з паляваннем. Губернскі пракурор I. Мендзялееў даносіў у Сенат, што Лунін мог на цэлы месяц адлучыцца «в поля на звериные ловли» або што, насамрэч знаходзячыся ў Маскве, пасылаў падначаленым «предписания, будто бы он обозревал в некоторых местах Полоцкой губернии дворцы и станции, но такового обозрения совсем не делал».
Тым не менш праз пяць гадоў губернатарства гэты шылахвост атрымаў чын генерал-паручніка. Аднак радасць з такой нагоды азмрочылі вялікія пазыкі. Лунін мусіў адмовіцца ад паслугаў апошняга гувернёра і пусціў мужчынскую слязіну, калі з дому ўцёк кухар, які каштаваў 250 рублёў.
У чаканні «почетной отставки на полном жалованьи» губернатар спрабаваў займацца прадпрымальніцтвам, але найбольш аддаваўся марам, сярод якіх ганаровае месца займалі намеры завесці ў губерні пчол у шкляных вуллях і разводзіць на Полаччыне шаўковых чарвей-папрадух. Падобныя пражэкты тады ў Расіі нікога асабліва не здзіўлялі. Сама Кацярына II у лісце да Вальтэра пісала, што «была бы рада, если б экватор изменил свое положение: приятна мысль, что через 2000 лет Сибирь будет покрыта апельсиновыми и лимонными деревьями». У адзін цудоўны дзень полацкі намеснік прачнуўся з думкаю падзяліцца з адукаванай імператрыцаю сваімі ведамі і грандыёзнымі планамі, дзеля чаго ўступіў у сталічнае Вольнае эканамічнае таварыства і заняўся навуковым апісаннем даверанай яму губерні. Вынікі праведзенай Луніным у 1791-1792 гадах этнаграфічнай экспедыцыі сапраўды ўражваюць. Былі, у прыватнасці, зробленыя глыбокія высновы пра тое, што жыхары Прыдзвіння займаюцца «простым хлебопашеством и безрасщотным курением вина, имеют отвращение к городской жизни, все ходят пешком и один перед одним не выставляются…»