Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры жыцці княгіні Рагнеды
Шрифт:

Голая стаяла Рагнеда ў неабжытай цеснай хаце, а ў печы дымам адыходзіла яе мінулае. Кметы выйшлі, пайшоў Дабрыня, а яна не магла падняцца з каленяў і змярцвела глядзела на печ, адкуль выпаўзаў пад столь чорны дым...

Жыццё трэцяе
1

Каса і старое адзенне згарэлі, дым выцягнула праз акенца, і нейкі час прайшоў для Рагнеды ў вязкім здзіўленні перад незвычайнасцю прыдуманага для яе пакарання. У хаце пасвяжэла, пацягнула халадком па падлозе, здранцвеласць адступілася, і ўжо не стаялі перад вачыма барадатыя морды кметаў, усмешка Дабрыні, чорнае вока Кірылы. Рагнеда паднялася, села на лаўку і, адчуваючы спінай шурпатыя цёплыя вянцы, сухі, колкі мох, абыякава глядзела на кінутую, змрочную, як папялішча, расу.

Спраўдзілася, думала яна, самае важнае спраўдзілася - сын едзе ў Полацак, зараз ён у дарозе, і над усімі, нават над Дабрынем, ён галоўны - яе сын, юны князь крывіцкай зямлі, новы ачольнік і адраджальнік полацкага роду... Дык чаго ёй гараваць, калі здзейснілася мара? Не так здзейснілася, як яна хацела? Няхай. Да кожнай радасці багі дадаюць гаркаты. Аб чым пакутаваць? Аб белай кашулі, футровай шапцы, княскай шубе, спаленай Дабрынем? Праўду казаў вяшчун: усё гэта мітусня невідушчасці; у княжацкім хадзіла - жыла рабой, можна ў чорным хадзіць і радавацца, што Ізяслава полацкая зямля будзе гадаваць. Немалая цана за гэтую расу. Толькі яна і белага адзення дачакаецца. Гэта здабыўнае. А валасы самі адрастуць. Каб не адраслі, галаву трэба зняць...

Раптоўна прарыпелі дзверы і ўвайшоў, прыгінаючыся ў нізкім праёме, поп Сымон - чорныя, у завітках валасы спадалі з-пад шапкі на плечы, і вочы ў папа былі цёмныя.

– Добры дзень, інакіня Анастасся, - лагодным голасам казаў поп, яшчэ не бачачы яе, адшукваючы яе позіркам, і знямеў, калі ўгледзеў яе голую. Адразу ён рынуўся прэч з хаты, як ад гадзюкі.

«Інакіня!», «Анастасся!» - перадражніла яна, адчуваючы да папа глыбокую злосць. З'явіўся, воран грэчаскі, падумала яна. Ці сумлення не мае, ці розуму няма. Раздзелі, пастрыглі, перасялілі, перайменавалі - «інакіня Анастасся». Стары прыблудны грэк сказаў «адварочваецца» - і, па-іхняму, няма мяне больш, знікла, памерла. Касу абрэзалі, чорную кашулю далі - раба нейкага Ісуса. Тут жа і вартаўнік ад яго: «Добры дзень. Прыйшоў дух мацаваць, бо чаго князь Васіль пажадае, тое і праўда!» Ці так, поп, проста? Ідала вы ссеклі, вешчуна зарэзалі, людзей у восеньскай вадзе павымочвалі, крыжы на іх надзелі - па-вашаму, няма больш старой веры, усе, як авечкі, пацягнуліся ў другі бок, на ваш выпас. Не, поп, не спадзявайся...

Рагнеда надзела расу, павязалася хусткай і таропка выйшла на двор. Пуста і ціха стала ў Заслаўі з адыходам Дабрыні, толькі густа валялася смецце ад тысячнага войска і навокал стракацела чорнымі вогнішчамі зямля.

Ля капішча моўчкі стаяла невялікая купка людзей. Рагнеда праціснулася наперад і ўбачыла мёртвага вешчуна - як забілі яго дружыннікі, так і ляжаў ён сярод трэсак ад пасечанага ідала.

«Пахаваем вешчуна, людзі!» - сказала яна, адчуваючы сябе найбольш адказнай; ёй падпарадкаваліся. Яна і сама стала збіраць па вогнішчах недапаленае вуголле. Некалькі старых загаласілі, і гэты неабходны па звычаю плач усіх узбадзёрыў. Нейкі стары ўмела складаў дровы і таптаў галлё, Рагнеда з бабамі ўзяліся абмыць вешчуна, а нехта здагадлівы прынёс з лясной яго пячоры чысты ўбор - кашулю, пояс, кій. Убранага, улагоджанага клопатам вешчуна паклалі на падрыхтаванае вогнішча. Па галлі рассыпалі жар, раздзьмулі агонь, запалала полымя, і пацягнуўся да нізкіх хмар слуп дыму... Вяшчун адлятаў у краіну Вырай, таямнічую краіну продкаў, душа яго, вызваленая агнём, падымалася ў надхмар'е, на вечныя шляхі святых птушак, адзіных з усяго жывога, каму багі дазваляюць бачыцца з людкамі, апавядаць ім пра жывых, а потым вяртацца да жывых, несучы на белых крылах наказныя словы дзядоў. І, развітваючыся з вешчуном, Рагнеда прасіла: «Скажы князю Рагвалоду, што ўнук садзіцца на яго месца і наш род не скончыўся. У светлы дзень радуніцы князь, і маці, і браты могуць паглядзець на пераемніка, на свайго наступніка, ён ведае іх імёны, ён чакае іх у свае сны... Адродзіцца Полацак, народзяць палачанкі новых ваяроў, паўстане наша зямля...» Ляціць прыветнае слова ў Вырай, туды падымаецца на спакой душа вешчуна, які выстаяў жыццё...

Вогнішча дагарэла, пачалі насыпаць курган. І вось тут, калі кідалі прыгаршчамі зямлю, агледзела Рагнеда, што сышлося на пахаванне ўсё Заслаўе, нават цівун Серада аддаваў вешчуну апошнюю пашану. Нейкая злосная радасць заўважалася ў людскіх вачах, нібыта ўдзел у пахаванні вешчуна здымаў з сэрца цяжар абразлівага хрышчэння, перажытай ганьбы, і разбураныя асновы зноў набылі ранейшую моц. Яны так - мы гэтак!..

Быў вяшчун і сышоў, душа ягоная ляціць над рэчкамі і лясамі, над Дняпром, морам, за трыдзевяць зямель, у сады, дзе цешацца спакоем стомленыя бедствамі жыцця прашчуры і продкі. Там добра, бесклапотна, а тут жыццё складаецца з абавязковых малых справаў. Вось ужо прыцемкі, мыкаюць нядоеныя каровы, народ затурбоціўся і пачаў разыходзіцца па хатах. Клопаты ва ўсіх былі ранейшыя, абавязкі ранейшыя, нічога не змянілі гэты дзень і абвешчаная новая вера...

І Рагнеда вярнулася ў сваё новаё жыллё. Запаліла лучыну і застыла каля яе, чуючы ў сабе ток маркоты. Агеньчык дрыжыць, трапеча, адзінокая іскра падае на падлогу, сцены зацягваюцца змрокам, у келлі гусцее мёртвая цішыня, яшчэ ні цвыркуна, ні мышы, нават сэрца пакінула біцца. Нядужы агеньчык ціха з'ядае тонкую шчапу, высвечваючы страшную ісціну цішыні. Адзінота - вось гэтая ісціна. Тужліва запаўзае яна ў душу, выціскае нядаўнюю кароткую радасць мяцяжу. У цьмяным святле лучыны гаснуць папярэднія падманлівыя прывіды і адкрываецца зрэз будучага жыцця: нікога побач і непатрэбнасць нікому.

Дваццаць два гады, думае Рагнеда, мне дваццаць два гады, і столькі ж, пэўна, адпушчана наперад, а нашто? Наперадзе цемра, бясконцая маркотная ноч. Як гэтую ноч пражыць? Ці прасвятлее яна? Хто запаліць святло? Захлынуліся крывёю бацька і маці, загінулі пад нажамі родныя і стрыечныя браты, пасечаны вяшчун, і яшчэ тысячы людзей пасечаны, і яшчэ сотні загінуць у тых мясцінах, куды ідуць Дабрыня і стары грэк. А яна стаіць у цёплай хаце, дыхае, бачыць, думае, але ўжо нікога не падашлюць яе секчы, бо мёртвых і нямоглых не сякуць.

Ніхто не мае да яе патрэбы, нават дзеці. Яны патрэбныя ёй, а яна ім - не. Развезлі іх па розных гарадах, без яе яны гадуюцца, а дачок навучылі, што маці кінула іх дзеля славы новага бога. Няма Рагнеды, няма княгіні Гарыславы, засталася ад іх няпэўная памяць, а ў бягучую хвіліну стыне, працятая тугой, у цеснай, як пастка, келлі, у чорнай, як смерць, кашулі нейкая інакіня Анастасся. Пуста навокал, няма наступнага, і сум відушчасці не дае падмануцца. Дзяцей адабралі, Уладзімір ператварыўся ў Васіля, аддаў за цароўну шэсць тысяч ваяроў, яны загінуць, затое ён адной веры з рамеямі, усё ў яго будзе, як у іх, усё ж падобнае: адзін Васіль у Царгорадзе, другі ў Кіеве, там папы, тут папы, ён на роўных з грэчаскім базілеўсам, а яе, яе саштурхнуў ён у бездань невядомасці.

Была крывіцкая князёўна, кіеўская княгіня, зрабілася самотніца, цень забранай істоты, нейкі ўцінак без прошласці і будучага. Нават гэтае жыццё, гэтая келля для інакіні Анастассі - акровак ад полацкай княжай палаты, кіеўскага двара, камора ад той пяцісценкі, дзе пражыла яна з Ізяславам мінулы год і дзе пасяліўся поп. Так, цень, ператворана яна ў чорны цень, які не можа пакінуць ніякага следу...

Ды не, не, тут ён не выказаў смеласці, князь Уладзімір, падумала Рагнеда; балгары і ляхі хрысціліся раней, і нічога благога багі ім не зрабілі, старыя багі змірыліся з новым. Магчыма, так трэба і так будзе лепш. Час пакажа. Але страх і маладушша валодалі ім, калі ён вырашыў адабраць у мяне маё імя і даць чужынскае.

Чагосьці князь Уладзімір пабаяўся. Можа, пабаяўся памяці сваёй - і ахвяраваў мяне новай царкве. Ён, Дабрыня, Кірыла дамовіліся - будзе цень. Усё адабралі: зямлю, уладу, дзяцей. Усё могуць адабраць і што вакол мяне, ды нічога, што ў сэрцы. Тут не маюць яны моцы, рашыла Рагнеда. Яны пастрыглі мяне, назвалі інакіняй, але душа ў мяне ранейшая, і маіх жаданняў ім не змяніць. А калі ды як яны споўняцца - лёс пакажа. Няхай спачываюць, як зямля зімой пад снежнай посцілкай.

Няхай спяць дзесяць гадоў да прызначанага дня. Вось час майго цярпення.

2

Звычайна на зломе дня, калі скрозь слюдзяное акенца ўжо не прасочвалася ў келлю святло і маці Анастасся запальвала лучыну, рыпелі дзверы і айцец Сымон пераступаў парог. Айцец Сымон уваходзіў, хрысціўся на абраз, даўно падараваны ім Анастассі за вылячэнне, і садзіўся ў кут. Анастасся моўчкі чакала звычнага пытання. Сымон таксама памоўчваў у дарэмнай надзеі, што яна першая пачне размову. Маўчанне зацягвалася, і, завязнуўшы ў ім, поп Сымон збянтэжана абрываў гэтую нудную цішыню.

Поделиться с друзьями: