Тры жыцці княгіні Рагнеды
Шрифт:
Удзень Рагнеда намагалася не думаць пра Ўладзіміра, каб дзеці не адчулі змрочнага яе клопату ці вока прызначаных Уладзімірам ахоўнікаў не разгадала сэнс яе роздуму. У таямніцы рыхтуецца помста; нечакана абрушваецца яна на злачынцу; ужо забылася чорная душа пра свае грахі, ужо лёгка ёй, нястрашна сярод парослых травой магілаў, ужо лічыць яна сябе чыстай, дараванай багамі - вось тут і знішчае яе помста, і ўспыхвае ў вачах злачынцы жах гібелі - тут і прыходзіць свята для людкаў, супакойваюцца яны там, на сваім свеце. Галоўнае, каб таямніча, нечакана, гэта найбольш пужае - навучыў Уладзімір воўчым сваім скокам на Полацак. Як ён, так яму...
Уночы ж, калі ніхто не мог падгледзець бляску злой радасці ў вачах, адчуць жорсткую сілу помслівай думкі, Рагнеда ўяўляла ў дакладнасці некалькіх рухаў блізкую адплату князю. Яна згадвала звычкі Ўладзіміра, яго п'яны юрлівы позірк, маўклівае - кіўком - запрашэнне ў ложак, стук меча, кінутага на стол, а на поясе разам з мечам вісіць нож. Меч яна не возьме - не па руце ёй цяжкі меч князя, а нож - шырокі, навостраны з абодвух бакоў - мякка ўлезе ў княжае сэрца... Свечка будзе гарэць на стале, праз адчыненыя дзверы спальні яна будзе глядзець на мігатлівы агеньчык. Князь хутка засынае; кроў у яго гарачая, у сне ён скідвае накрыўку, спіць ён на спіне ў расшпіленай кашулі... Яна дачакаецца, пакуль ён моцна засне. Тады яна падымецца, пройдзе да стала, выцягне з похвы кінжал і вернецца да ложка... Ён спіць, лёгка дыхаюць яго грудзі, і ў прыцемках спальні яна ўбачыць цёмную плямку над сэрцам. У гэтую плямку і ўдарыць вастрыё кінжала, і пойдзе, пойдзе ўглыбіню, у сярэдзіну сэрца, а праз вузкую кінжальную дзірку выляціць заплямленая злачынствамі душа... Потым яна прыйдзе да дзетак, і каля іх будзе чакаць раніцы. Абудзяцца пеўні, падымецца сонца, вось тады яна выйдзе з хаты і скажа заспанай варце: «Гэй, ваяры, зірніце, нешта зледзянела ваша яснае сонейка - князь Уладзімір Святаславіч». І яны кінуцца глядзець, не павераць сваім вачам, будуць клікаць: «Князь! Князь!», ашалеюць і пасякуць яе мячамі, і смерць для яе будзе лёгкая, бо грэх жыцця з забойцам бацькоў ёй даруецца...
Цяпер, маючы мэту і ведаючы сваю будучыню, Рагнеда ўпершыню за кіеўскія гады развесялілася. Прагна лавіла яна кожную хвіліну радасці, а радасць сама пайшла да яе - усё навокал пераўтварылася, ажыло, нібы абмытае доўгачаканым дажджом, жывой вадой. У хаце загучаў смех, не адыходзілі ад Рагнеды дзеці, у прыцемкі збіраўся вакол яе ўвесь двор, і доўга цягнуліся вясёлыя вячоркі, нагадваючы Рагнедзе полацкія вечары. Толькі Рута дзівілася на Рагнеду, не разумеючы прычыны такой крутой змены настрояў. Але не хацелася Рагнедзе адкрыць сваю таямніцу. Дазнаюцца. Прыйдзе дзень, помста здзейсніцца - усе зразумеюць, што азначала ейная весялосць - вяртанне да сябе. З увагай пачала Рагнеда слухаць чуткі пра Ўладзіміра, пра ўдачы новага яго паходу. Найбольш займала яе адно - ці хутка вернецца войска і разам з ім Уладзімір, каб прылегчы адпачыць з жонкай. Пасля вяртання ён будзе гуляць з дружынай у Бераставе; пасля гулянкі наведае ён па чарзе ўсіх свіх жонак; заедзе падараваць кароткую ласку і ёй. Таму няхай вяртаецца хутчэй і з перамогай - тым мацнейшым будзе яго апошні сон. Усё, завяршаюцца зямныя справы князя Ўладзіміра; ён, пэўна, не адчувае блізкасці конавай хвіліны; яму, відаць, здаецца, што наперадзе ў яго дзесяткі гадоў жыцця, што ён толькі падступіўся да галоўнага, толькі распачаў вялізную сваю справу - ён ужо адымае ў грэкаў нейкую Таўрыю, ужо дапамагае балгарам супроць імператара Васіля, і замірыліся з ім грэкі, няма ў іх сілы адбівацца. Ён прыгожы, разумны, можна было б ганарыцца такім князем і такім мужам - але на ім кроў, ён запырсканы крывёю з галавы да пятак. Ды што найгорш, яму гэта даспадобы. Крывавай ручаінай ён у Кіеў прыплыў. Такая любоў у яго ад бабкі, што зарэзала пяць тысяч драўлянаў, ад бацькі, Святаслава, які дзесяць тысяч балгараў пасадзіў на кол. Добра, што яго печанегі забілі. А Ўладзімір адну кроў змываў другой. «Так трэба. Дзяржава павінна ламаць непакорныя храбты...» І што - бласлаўляць яго за паходы, за ўдачу? Ці мусіць яе ўтрымаць пашырэнне дзяржаўных межаў, скоранасць разбітых суседзяў? Што ёй з таго, што яшчэ тысячы людзей падпарадкаваліся ягонай волі? Для яе ён гвалтаўнік. Яна для яго - схопленая крывіцкая самка...
Перабіраючы свае ночы з Уладзімірам, Рагнеда адзначала, што ніколі ён не шаптаў «Любімая!» ці «Люблю!», ніколі не спытаў, што ў яе на сэрцы, і жаласлівага слова, уважлівага дотыку рукі не магла яна згадаць. Не было добрай памяці, нішто не стрымлівала яе. Няхай славіць яго дружына, няхай служаць яму прывечаныя ім вяшчуны, няхай яго любяць тыя, каго ён любіць. А палонныя, прыдушаныя, падманутыя не павінны любіць, баяцца, цярпець. Цярплівасць - гэта смерць наяве.
Усё мае канчатак, скончылася і доўгае чаканне. Кіеўскае войска захапіла Корсунь, князь з высокага берага агледзеў таямнічую прастору мора, паслухаў тужлівыя крыкі чаек, у знак заваёвы Таўрыі зачарпнуў сваім шлемам марской вады, правёў каня па пеннай хвалі прыбою - і павярнуў палкі ў зваротны шлях, да Кіева... Вось ён у горадзе, ужо сустрэлі яго, ужо гуляе княжы двор у Бераставе, загулі там дуды, льецца ў братчыны віно, лашчаць княжых ваяроў разбэшчаныя дзеўкі - значыцца, неўзабаве наведае князь сваю жонку Гарыславу. Наслухаецца здравіцаў, стоміцца ад буйной весялосці і ў нейкі пахмельны ранак узгадае пра нудны абавязак - тужыць па ім на беразе Лыбедзі рахманая Рагнеда з чарадой дзетак, трэба і на іх паглядзець, парадаваць сваёй усмешкай... Цяпер лік ішоў на дні. Рагнеда казала сабе: вось сёння паехаў ён да Мілалікі і зараз лашчыць яе; вось на золку ён ад'язджае. І зноў ноч - сёння ён у готкі Адэлі... Вось ён спіць, раскінуўшы рукі; сонца паднялося і развяло іх... А сёння ён будзе з Аловай, сваёй першай жонкай, якую далі яму варагі, каб ён, выбіты Яраполкам з Ноўгарада, не дужа нудзіўся ў выгнані, а яшчэ дзеля таго, каб заўжды памятаў іхны клопат, прыхільнасць, дапамогу і запрашаў на непакорлівыя гарады, аддаючы з кожнага ўзятага двара баб і дзевак і па дзве грыўні платы. Ён прадаў ім Полацак, Смаленск, кіеўскія прадмесці, і Яраполка забілі таксама яны, а калі ўсё гэта яны выканалі, ён пазбавіўся іх, выправіў на Візантыю, дзе, відаць, усіх іх парэзалі і пасеклі. І ніхто аб гэтым не пашкадуе. А бедная Алова засталася пры ім, і не надта ён зважае на яе, бо за дзевяць год зачала аднойчы і княжычаў у ягоны гурт не прыносіць... Так, цяпер Уладзімір зазірне да Аловы, пагладзіць па галоўцы свайго першынца Вышаслава, які аказаўся нядужым і кволым, быццам адбіліся на ім тагачасныя няўдачы бацькі, а потым сядзе з Аловай вячэраць, і будзе наліваць сабе, і піць, піць, піць, пакуль не прыйдзе ноч, і тады ён пакажа Алове на ложак... Ды яна памылілася - князь прыехаў у наведкі да яе.
Пад вечар узнікла пыльнае воблака на кіеўскай дарозе; прыкмеціўшы яго, узбадзёрыўся прываротнік, павылазіла з розных куткоў ахова, забегалі бабы - едзе! Мчыцца Ўладзімір Святаславіч да жонкі! Хутка адзелі ў чыстае дзяцей, сама Рагнеда апранулася ў святочны строй. У ім, як ёй думалася, сустрэне яна ранкам сваю смерць. Ніколі яна так шчыра не вітала князя, як у гэтую сустрэчу; выйшла за вароты, нізка пакланілася, кранаючыся рукой зямлі - дзякуй, маці-зямля, што прывяла князя да смяротнага ложка! Уладзімір лоўка саскочыў з каня, падышоў, крыху здзіўлены такой нечаканай пашанай, і раптам весела засмяяўся - ох, ладны Ўладзімір, прыгожая ў ім сіла; нават жаль коратка ўкалоў Рагнеду, што не дадзена ім злюбіцца, - ён засмяяўся, абняў і пацалаваў яе. Але халодныя былі яго губы, жаль выпырхнуў ад гэтага холаду, і спатканне пайшло звычным ладам.
Ён пагуляў з дзецьмі, потым селі да стала, Рагнеда наліла і паднесла мужу чару, ён адпіў і вярнуў ёй - адпіць за радасць сустрэчы пасля паходу. Напачатку яму і гаварыць было неяк цяжка, зусім не ў ахвоту - нагаварыўся на папярэдніх гулянках, нудна, здавалася, пераказваць усё для жонкі, ды пасля некалькіх чарак князь запаліўся і падрабязна гаварыў пра паход, асаду і ўзяцце Корсуні, пра далёкія выгады перамогі: захвалюецца кесар Васіль, задумаюцца яго радцы, атрымаем саступкі, узмоцніцца паўднёвая кіеўская мяжа, сцішацца печанегі... Рагнеда слухала, згаджалася; князь разважаў пераканаўча, гэтак, відаць, усё і будзе, як ён гаворыць, у дзяржаўных справах ён стаў разумны; ды і ён не ўсё ведае - не ведае ён, што далёкіх выгадаў яму не ўбачыць, а роўна і блізкіх; наўрад ці падымецца ён на досвітку. Вось прыцемкі падышлі, сонца закацілася, а разам з ім коцяцца да канца жыццё князя і ейнае жыццё... Гэтая неадхільнасць, непазбежнасць яго пагібелі, яе смерці, немінучыя бедствы і пакуты дзяцей, асуджаных на сіроцтва, засмучалі яе; хацелася ёй, каб ён адчуў незвычайнасць гэтага вечара, угледзеўся ёй у вочы, убачыў яе боль, суровасць, тугу, узгадаў свае грахі, неадмытую кроў і павініўся, сказаў хоць бы слова суцяшэння, шчырага жалю... І яна даруе, у яе рука не падымецца, калі яна ўбачыць у ім раскаянне і спагаду.
Рагнеда чакала гэтых выратавальных словаў, у думках яна прасіла: «Абудзіся, князь! Не губі сябе і мяне праз грубасць! Пачуй мяне!»; аднаго пяшчотнага слова, чуйнага позірку было б дастаткова, каб зламаць яе рашучасць. Але ён, захоплены ўдачамі сваёй справы, гаварыў пра ралляў, балгар, печанегаў, кесара, пра новы вялікі паход на вяцічаў і голядзь, і нішто іншае не закранала яго душу...
Нечакана ён успомніў аб дзецях і схадзіў пагладзіць іх. Але зноўку сеўшы за стол, адразу пра іх забыўся і пачаў старое, больш для сябе важкае: вяцічы бунтуюць, балгары хітруюць, даніны не хапае, Царгорад хістаецца, Таўрыя мая. Потым зірнуў на Рагнеду, пажадліва ўсміхнуўся, выпіў апошнюю чару і кіўнуў на ложак: «Спаць?» Яна паднялася: «Так, самы час!» Князь сам імкнуўся насустрач смерці... Вось ён зняў пояс і паклаў на стол меч і нож. Вось яна ідзе да ложка; скідае на падлогу спадніцу... Ох, як труна, халодная іх сямейная пасцель. І нашто прымаць гэта апошняе катаванне спарваннем. Ды ніяк не абысціся без гэтай пакуты, і муку сваю трэба стрываць. О, багі, дайце сцярпець холад ягоных рук, груз яго цела! Тахкае, б'ецца яго сэрца за панцырам рэбраў. Варта палашчыць іх, выбіраючы зручны ўваход для нажа. Вось яны, лагчынкі між рэбрамі... Так, усе прыступныя, не толькі князь Рагвалод, яго жонка і сыны! У вялікага князя кіеўскага такая ж тонкая скура... Вось блішчаць яго вочы; у іх бурліць юр; аслеплены князь Уладзімір юрам, агідна глядзець зараз на яго твар; лепш заплюшчыць вочы і перачакаць хвілі яго шаленства, нічога не бачачы... Вось ён дыхае стомленымі ўздыхамі пераможцы. Пэўна, прыемна князю, што ён аддаў гадавую даніну Гарыславе і цяпер ужо будзе вольны ад яе да наступнага лета, і ўжо бачацца яму новыя людзі, новыя землі, радасць дзяржаўных загадаў. Вось рука яго лянівым сонным рухам прапаўзла па яе целу, кранула грудзі і схавалася пад уласную галаву. Усё, ён закінуў рукі - змарыў яго сон. Спі, князюшка, спі! Лёгкая будзе табе смерць, без тых жахаў, што прымусіў ты зведаць маіх бацьку і маці, не ўбачыш ты сваю дачку на бруднай саломе пад насільнікам, не пырскне па тваіх вачах кроў тваіх сыноў, і сам ты не ўбачыш смяротнага цёсу. Лёгка табе ўсё давалася, нават смерць у цябе прасцейшая, чым у іншых...
Ціха ў хаце, у суседнім пакоі дагарае свечка. Трэба новую запаліць, думае Рагнеда, без святла не патраплю я ў сэрца. Яна падымаецца, Уладзімір скрозь сон нешта мармыча, ёй здаецца: «Куды ты?» - «Свечку змяніць, - ціха гаворыць яна.
– Не бачна цябе». Рагнеда падыходзіць да стала, запальвае ад слабенькага агеньчыка другую свечку, капае на стол воскам і мацуе свечку каля нажа. Злавесна блішчаць яго пазалочаныя тронкі. Схапіць бы яго... Не, нельга спяшацца, яшчэ не час, не ўцячэ Ўладзімір, у пастцы ён, капішчам стане іхняя пасцель, а ён ахвярай - чакаюць багі яго крыві, атрымаюць яны вялікую асалоду. Вось дагарыць тонкая свечка - тады і кон; няхай жыве, няхай сніць сны пра рамеяў і Таўрыю, пакуль свеціць трапяткі агеньчык...
І ўвесь час, пакуль свечка аплывала васковымі слязьмі, калыхаліся перад вачыма Рагнеды нейкія барвовыя плямы, цьмяна праглядаліся скрозь іх знаёмыя постаці - яна разумела, што яны мацуюць яе руку... Раптоўна ўбачыла яна ў куце трох старых з Палаты, нерухома назіралі яны за ёю, і ад іхнай уважнасці тужліва замерла сэрца; нашто яны тут; прыносяць яны з сабой няўдачу; заўжды перад новай бядою заглядаюць яны ёй у вочы. А-а, здагадалася Рагнеда, - ёй жа памерці сённяшнім ранкам, яны развітваюцца. І не стала старых, нібы трапна разгадала яна гэта прывід...
Вось свечка дагарае. Рагнеда кранула князя локцем. Уладзімір не адчуў. Яна ўзнялася і, не азіраючыся, пайшла да стала. Лёгка, з гатоўнасцю, выпаўз з похвы матавы клінок. Рагнеда заціснула нож у руцэ - пад вялікім пальцам аказалася круглае наверша з камянём. Моцна сціскаючы прыладу смерці, яна ціха наблізілася да ложка. Уладзімір не паварушыўся. «Спіць як забіты, - падумала яна.
– Мёртвым сном». Яна прыглядзелася да яго грудзей, шукаючы абранае для ўдару месца. «Толькі бы ён не закрычаў», - падумала яна, згадаўшы дзяцей. Нож ужо ляцеў уніз, але гэтая раптоўная і нечаканая думка скрывіла руку і лязо трапіла не ў сасок, а ў рабрыну і пайшло па ім, узрэзваючы скуру...