Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тутэйшыя

Купала Янка

Шрифт:

М і к і т а. Ах, як я рад! Мусы, згодны на гэта?

Г а л а с ы. Згодны! Згодны!

Д а м а. А як з музыкай?

Н а с т а. А грамафон нашто?

М і к і т а. О, не, не! Толькі не грамафон. Вельмі ён крычыць, а я чалавек асцярожны, меджду протчым.

Г а н у л я. Дык на балалайцы, сынок, сыграй: голас у ей ціхі.

М і к і т а. Калі ж я сам хачу патанцаваць. Можа, папрасіць каго?

Г а н у л я. Я папрашу нашага дзядзьку беларуса — ён умее.

Н а с т а. Не, мадам, я лепей папрашу, і ён не адкажа. Я з пэўных крыніц ведаю, што беларусы падатлівы народ. (Бярэ балалайку і падходзіць да Янкі.) Сябра беларус, пайграйце нам.

Я н к а. 3 ахвотай. Хоць раз паскачаце і вы пад маю дудку.

Грае вальца. Пачынаецца танец: Мікіта — з Дамай, Спраўнік — з Настай, Пан — з Гануляй, Поп, Гарошка і Аленка не танцуюць. Вальц з фігурамі, без шаржу, крыху пануры.

Д а м а. (як скончылі танец, да Мікіты). Вы, мусье рэгістратар, праўдзівы артысты ў вальцы. Я ачаравана вашымі віртуознымі па.

М і к і т а. Мадам-сіньёра, вы цераз лад ка мне міласцівы. Калі і выходзіць у мяне такое-сякое, меджду протчым, па, то мушу быць удзячным нашаму з Юраўскай вуліцы танц-клясісту Грачаніну. У яго я скончыў курс гэтых навук.

Д а м а. Я заўважыла адразу, што вы прайшлі добрую адукацыю.

Паўза.

С п р а ў н і к. Выражаючыся на сучасны лад, бяру сабе слова і ўношу пропозыцыю пакінуць спрэчкі і без рэзолюцыі пайсці дамоў.

М і к і т а. Я протэстую, меджду протчым!

Д а м а. Мусье Зносілов, наша большасць.

М і к і т а. Паддаюся, толькі ж не большасці, а вашаму аднаму голасу, мадам-сіньёра.

Госці падымаюцца, адвітваюцца і апранаюцца ў прынесеныя Мікітам вопраткі. Поізноў падтыкае полы, каб выглядаць па-цывільнаму.

М і к і т а. (перад выходам гасцей). Мадамы і мусьі! мы з мамашай, меджду протчым, вас нямножка правядзём. (Выйшлі.)

З'ява XIV

Янка, Аленка, Гарошка.

А л е н к а (пырснуўшы смехам). Ха-ха-ха! Ну і Панскае ігрышча дык ігрышча! Ха-ха-ха!

Г а р о ш к а (выняушы люльку з зубоу). Цьфу! Няма на іх доўгай пугі.

Я н к а. Але дзядзька густа іх сваёй піпкай падкурваў. Бачыў, як насамі круцілі ды кіхалі.

Гарошка. А як іначай з гэткімі? — куралём іх, куралём! Шкада толькі, што маці гэтага імянінніка ў гэтакую кампанію ўпуталася.

А л е н к а (з удаваным смуткам). Не ляжыць у таткі сэрца да іх, ой не ляжыць!

Я н к а. ЦІкава, да каго ж у цябе, Аленка, сэрца ляжыць?

А л е н к а. Вы ўжо аб гэтым павінны ведаць з майго лісту.

Я н к а. А так: да навукі і навучання.

А л е н к а. Але ж! Вучыцца і навучаць, навучаць і вучыцца. Вось да чаго мае сэрца ляжыць.

Я н к а. Не была б то мая найздальнейшая вучаніца.

А л е н к а. Ды яшчэ, як вы казалі,— беларускага роду. Ха-ха-ха! Перахваліце, П а н е настаўнік. Але ведаеце, што… як…

Я н к а. Не, не ведаю.

А л е н к а. Няможна перабіваць, Пане настаўнік, калі іншы хто гавора.

Я н к а. Ого! Мы нават сур'ёзнымі зрабіліся.

А л е н к а. Дык вось што. Як выехалі вы з Дуброўкі, я ў шапку не спала і паехала ў Вільню!

Я н к а. Аж у Вільню!

Г а р о ш к а. А так, аж у Вільню, Пане настаўнік.

А л е н к а. Там праслухала настаўніцкія курсы, і цяпер я — ваш таварыш: я таксама настаўнік!

Я н к а. (жартаўліва). Вельмі прыемна пазнаёміцца з новым канкурэнтам у маёй профэсй.

А л е н к а. А цяпер я хачу вучыцца на курсістку, потым на доктара…

Я н к а. А далей?

А л е н к а. Далей… не ведаю. Але дзеля гэтай мэты мяне татка і ў Менск да вас прытарабаніў.

Я н к а. Адно трохі не ў час.

А л е н к а. Не ў час?

Я н к а. Так! Гэтыя новыя акупанты ды іншыя згрызоты не даюць табе спакойна працаваць у Менску. На маю думку, найлепей пакуль што ехаць на вёску і там прывучаць да навукі людзей і самой ад іх вучыцца. Бо я таксама выязджаю на вёску.

А л е н к а. I вы? Ну што ж? на вёску дык на вёску! Нават хоць у пекла, калі вы параіце…

Я н к а. О, там вельмі горача! Значыцца, згода?

А л е н к а. (падаючы руку). Згода!

Я н к а. Не адкладаючы справы ў доўгі мех, лахі пад пахі ды яшчэ заўтра — марш на свежае паветра!

А л е н к а. Але і кніжак з сабой набяром?

Я н к а. Абавязкова!

А л е н к а. (як бы саромеючыся, спускаючы вочы, сціха). Але толькі — беларускіх, дзядзька настаўнік!

Я н к а. Аб іншых і рэчы быць не можа.

Кароткая паўза.

Г а р о ш к а. (да Аленкі). А ты, сарока, калі ўжо адсакатала свае, аддала б настаўніку тое, што прывезла.

А л е н к а. Калі я саромлюся.

Я н к а. Мабыць, нешта надта брыдкое.

А л е н к а. I зусім не брыдкое, а нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю І саматканы ўзорысты пояс і падав Янку, сур'ёзна кажучы.) Прыме-це, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. 3 нашага лену гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.

Г а р о ш к а. (падаючы новую, дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку). А ад мяне прымеце вось гэта… 3 сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.

Я н к а. (расчулены). Дзякую, ад усей душы дзякую! Не ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку?

Уваходзяць Мікіта і Гануля.

З'ява XV

Тыя ж, Мікіта, Гануля.

Поделиться с друзьями: