Тутэйшыя
Шрифт:
Гануля, а за ёй Пані з манаткамі шнурам выходзяць. Па хвілі ўваходзяць Янка і Аленка.
З'ява II
Янка, Аленка.
А л е н к а. Здаецца, мы ўгаварыліся тут пачакаць на татку?
Я н к а. А так — тутака. Пакуль прыйдзе, можам хвіліну пасядзець.
А л е н к а. (сеўшы на лаўку, пасля паузы). Як вы заўсёды, дзядзька настаўнік, мудра вельмі разважаеце, ажио мяне часам страх бярэ! Вось, напрыклад, ідучы сюды, сказал! вы, што мы павінны дабівацца, каб быць не толькі гаспадарамі самі над сабой, але і над сваей воляй.
Я н к а. А як іначай?
А л е н к а. Якімі б раскошамі матэрыяльнымі нас ні надзялялі, ніколі яшчэ не будзем шчаслівы, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, зніштожыць даўгавечную ману, якая вучыць, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое абы накарміў, як быдлё, дык і сыта будзе. Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім «я», у сваей самабытнасці і смела сягнуць па свае неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім «я».
А л е н к а. Але цярністы шлях мусіць прайсці душа народная, пакуль збавіць гэта свае «я» ад чужой няволі.
Я н к а. (не слухаючы). Зірні, Аленка, на Менск! Тут калісь, — як сказана ў нашай песні аб паходзе Ігара, — продкаў нашых галовы снапамі на таку слаліся, душу ім ад цела веялі, а чырвоныя берагі Нямігі не зернем былі пасеяны, а касцямі гэных жа продкаў нашых. 3 гэтага бачым, што яны за нешта змагаліся, каб пад сценамі роднага гнязда косці свае пасеялі… А ўміралі, відаць, з славай, бо ў песні іхняе ўміранне засталося вечна жыць. А ці ж увекавечыць песня змаганне і ўміранне патомкаў? Не! Бо мы змагаемся і ўміраем за чужое.
А л е н к а. Шмат хто і з нас ужо змагаецца і ўмірае не за чужое, а за свае, а песня аб іх ужо не забудзе.
Я н к а. Гэта адзінкі, мілая Аленка. А душа агульнаграмадская яшчэ дрэме.
А л е н к а. Скіне сваю дрымоту і душа. Абы толькі гэтыя адзінкі, што ўжо змагаюцца, больш ясных паходняў распалілі і асвяцілі сцежкі ўсе для паўстаючай грамады.
Я н к а. Што ж, можа, і праўда твая, Аленка. Мы як бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці тэй паганай маны, што мы не ёсць мы. Але яшчэ хістаемся то управа, то улева. Яшчэ ясна азначанай мэты не можам сабе ўявіць. А мэта у нас адна: калісь амэрыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасць, напісалі на сваім сцягу несмяротныя словы: «Амэрыка для амэрыканцаў». I гэта памагло: сягоння Амэрыка вольная. Павінны пайсці і мы па яе слядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сцягу: «Беларусь…»
Уваходзіць Мікіта.
З'ява III
Янка, Аленка, Мікіта.
М і к і т а (да Янкі, падышоўшы да яго пры апошніх словах і не пазнаўшы). Пане мусье, можа, патрабуеце маркі? (Пазнаўшы) Ах, гэта вы, меджду протчым, пане профэсар!
Я н к а. Во, неспадзяванае спатканне. Як маецеся, Пане рэгістратар?
М і к і т а. Дзякую, меджду протчым. Так сабе. Нічога сабе. Што ж вы тут парабляеце?
А л е н к а. Мы прыехалі татку з палону вызваляць. Бачыце, немцы яго ў абоз пагналі, дык мы, баючыся, каб яго ў Нямеччыну не загналі, паехалі ўслед на падмогу. То ж у мяне адзін татка на цэлым свеце, павінна ратаваць!
М і к і т а. Так, так! Было б няважна, каб звезлі з хаты апошняга, меджду протчым, бацьку.
Я н к а. А што вы тут парабляеце, пане рэгістратар: маркі людзям раздаяце?
М і к і т а. Меджду протчым, не раздаю, а прадаю, а гэта вялікія дзве розніцы. Але, як уважаю, то вы яшчэ не ведаеце, што я для стварэння сабе новай кар'еры пакінуў чыноўніцтва і перайшоў на свабодную профэсію.
Я н к а. Што ж гэта? па-вашаму — гандаль на Койданаўскай біржы валютай — свабодная профэсія?
М і к і т а. А чаму ж бы не так? Па-мойму, зусім свабодная. Вось хоць бы судзіць з таго, што калі я перайшоў на яе, то пачуўся, як птушка тая, зусім свабодным. Меджду протчым, змалку дзён мяне цягнула да свабоды і гандлю.
Я н к а. Хіба да свабоднага гандлю сумленнем і гонарам.
М і к і т а. Меджду протчым, дзядзька беларус, вы мяне абражаеце.
Я н к а. Выбачайце, пане рэгістратар, — можа, я крыху і памыліўся.
М і к і т а. Меджду протчым, не крыху, а зусім памыліўся. Але мяне зласлівыя гутаркі зайздросных людзей мала абходзяць. Назло ім незадоўга пераходжу яшчэ на адну свабодную профэсію,
Я н к а. Цікава — якую?
М і к і т а. Буду аратарам.
Я н к а. Вы — аратарам? Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!
М і к і т а. Меджду протчым, нічога тут смешнага. Не сягоння-заўтра прыходзіць новая ўлада, а з ей такая політычная сытуацыя, пры якой здольны аратар будзе магчы купацца як сыр у масле.
Я н к а. Але ж вы, Пане рэгістратар, звар'яцелі. Вашы дзікія — не скажу чарнасотніцкія — пераконанні і новая політычная сытуацыя?! Гэта ж як узлезеце на вышкі араторыць, то вам гэта новая сытуацыя такога пытлю задасць, што і сваіх не пазнаеце. О, не! Гэта свабодная профэсія не для вашага рэгістратарскага светагляду.
М і к і т а. Не разумею, пры чым тут мой, меджду протчым, светагляд? Можна мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвертае, як навучае мой профэсар гэр Спічыні. I я пастанавіў у сваей аратарскай профэсіі моцна прытрымлівацца гэтай мудрасці.
Я н к а. Баюся, што гэта мудрасць дасць вам чэк на свабоднае месца ў менскім астрозе.
М і к і т а. Меджду протчым, такіх невясёлых рззультатаў і быць не можа. Аратар, маючы кожны раз напагатове адшліфаваны практыкай язык, заўсёды патра-піць выпутацца з бяды.
А л е н к а. А чаму б вам, П а н. е Нікіці, замест коўзацца па слізкіх і небяспечных для вашай асобы пуцявінах, не заняцца чым-небудзь болей рэальным і грунтоўным. Напрыклад, вы болей прынеслі б для сябе і для грамадзянства карысці, каб узяліся… ну хоць бы…
Я н к а. (перабіваючы)…на Камароўцы козы пасвіць? I чаму б, самдзеле, не так? А профэсія чыстая і, разумеецца, свабодная.
М і к і т а. Меджду протчым, мусье беларус, такая свабодная профэсія не вяжацца з маёй рангай колежскага рэгістратара.
Я н к а. А шкада, вельмі шкада! Лепей быць добрым пастухом, чымся недапечаным рэгістратарам ці аратарам.
Уваходзіць Гарошка.
З'ява IV
Янка, Аленка, Мікіта, Гарошка.
Г а р о ш к а. (уваходзіць з пугай, пыхкаючы люльку). Во добра, што застаў вас! Я ўжо усе свае зрабіў, і можам ехаць дамоў. (Пабачыўшы Мікіту.) I вы тут, ды яшчэ з парасонам?