Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тутэйшыя

Купала Янка

Шрифт:

М і к і т а (вясёлы, пасвіствае і напявае). Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы акупавалі, меджду протчым, Менск!..

Я н к а. Ну і чорт з імі!

М і к і т а. I зусім не чорт, Пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае.) Немцы едуць, нашы йдуць, Немцы нашых падвязуць. (Убачыўшы Янкавы падарункі.) Меджду протчым, што гэта ў вас, Пане профэсар?

Я н к а. Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.

Г а н у л я. Якія ж прыгожыя!

М і к і т а. Як уважаю, то і вы сягоння імяніннік.

Я н к а. А праўда, імяніннік, толькі з іншай плянэты.

Званок.

Гануля выходзіць і варочаецца, а з ёю Спічыні.

З'ява XVI

Тыя ж, Спічыні.

М і к і т а (уніжліва вітаючыся). Мае найніжэйшае ўшанаванне, мусье прафэсару! А я думаў, што сягоння ўжо не прыйдзеце.

С п і ч ы н і. Справы затрымалі. Але мы затое пазней пазаймаемся.

Я н к а. (да Ганулі, набок). А гэта што яшчэ за так! позны госць?

Г а н у л я. Гэта не госць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку па-нямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.

М і к і т а. (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца «ўрокаў».

Гануля прыбірае стол, пасля ладзіць для Гарошкаў пасцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі.

Я н к а. (да Аленкі і Гарошкі). А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх «урокаў», пойдзем у мой пакой.

Выходзяць.

З'ява XVII

Мікіта, Спічыні, Гануля.

М і к і т а (паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў). Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар.

С п і ч ы н і. Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы збольшага прайшлі аддзел прывітанняў, сягоння павінны іх паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?

М і к і т а. Гута моргэн, гэр гэрманіш!

С п і ч ы н і. Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?

М і к і т а. Гута тахт, балабоста прусіш!

С п і ч ы н і. I зусім не балабоста, а фрау… Паўтарэце: фрау, фрау, фрау!

М і к і т а. Фраву, фраву, фру, фруву… Фраву-ву…

С п і ч ы н і. Добра! А як вы прывітаеце, спаткаўшы вось такое… (паказвае) малое немчанё?

М і к і т а. Шабас гут, гэр кіндар фатэрлянд, меджду протчым!

С п і ч ы н і. Ой, куды вы заехалі, куды вы заехалі? Толькі не шабас, а… (Далекі стук у дзверы злева. СпІчыні, ускочыўшы.) Нехта ці нешта, здаецца, як бы недзе стукае?

М і к і т а. А прауда, меджду протчым, стукае. Можа, ужо гэр гэрманіш?

С п і ч ы н і. Усякі стук мяне нэрвуе: не магу спакойна выкладаць лекцый. Пакуль што маю гонар выйсці. Заутра начнем прывітанні навыварат. (Хапае шапку і знікае ў дзвярох справа.)

М і к і т а. (услед Спічыні). Да мілага спаткання. (Да Ганулі.) Меджду протчым, мамаша, мабыць, папраўдзе немец стукае, бо далікатна. Ідзеце адчынеце дзверы і крыху прытрымайце яго, пакуль я пераадзенуся, бо, чаго добрага, прыйшоў на работу хапаць.

Выходзяць абое, паўза. (Варочаецца пераадзеты па-пажарніцку з каскай на галаве, з тапаром пры поясе і з жалязякамі, што лазіць па слупох, пры нагах. Становіцца у позу і напявае.)

Гусар, на саблю опіраясь,

В глубокой горэсці стаял…

Уваходзяць Гануля і Немец у вайсковай форме.

З'ява XVIII

Мікіта, Немец, Гануля.

М і к і т а (беручы «пад казырок» і нізка кланяючыся). Гута моргэн, гэр гэрманіш. (Набок.) Абач, абач, і немцы адзяюцца ў форму а-ля-кум пажарны, гэта — каб не хапалі, мабыць, іх саміх на работу.

Н е м е ц. Ці няможна ў вас папрасіць у гэту манерку трохі вады?

М і к і т а (набок). На якую ж халеру пацеў я столькі над шпрэхендэйчам, калі яны na-нашаму лепей ад нас саміх шпрэхаюць? Але, мабыць, гэта мне здаецца, або ён удае, што ўмее па-тутэйшаму. (Да немца.) Зіхэн-зіш… Заразіш… (Набок.) Зірну ў слоўнікі, як яму адказаць. (Шастае слоўнікамі.) Можна… можна… колькі… колькі… хочаце… хочаце… вады… вады… Няма гэтага. Каб іх пярун спаліў, такія слоўнікі! (Да немца.) Кіндэр фравуву, меджду протчым, фатэрлянд, гэр гэрманіш… (Падказвае на мігі, што ўлле яму вады.)

Н е м е ц. (падышоўшы блізка да Мікіты І прыгля-даючыся да формы). О-о! Што я бачу? Рыхтык рускі генэрал. (Набок.) Але хоча дурня клеіць, каб выкруціцца ад палону. (Беручы «пад казырок».) Ваша правасхадзіцельства! Я вас павінен, як верны нямецкі салдат, забраць у палон, бо вы рускі генэрал.

М і к і т а. (перапужаны). Аяяй! Оеей! Куды ж я падзенўся? Во, меджду протчым, папаўся, як мурза ў студню. Оеей! Оеей! Як жа яму вытлумачыць, што я не генэрал, а калежскі рэгістратар? Пашукаю яшчэ ратунку ў слоўніках. (Шастае слоўнікам.) Генэрал… генэрал… пажарная каманда… Оеей! Оеей! Мая ты босая каманда. Няма ў слоўніку. Дзе той Спічыні? Які яго нячысцік выкруціў у гэтую

небяспечную для меня хвіліну? Осей! Осей! Што ён нарабіў мне, гэты гэр профэсар з сваей навукай! Осей! Оеей!

Н е м е ц. Я чакаю, ваша прэвасхадзіцельства!

М і к і т а. Рыхтык, рэхт, меджду протчым, шабас гут, фрау… фатэрлянд… Зараз, зараз! Аяяй! Аяяй! А ратунку аднекуль, а збаўлення аднекуль. Забярэ ў палон, у нямецкі палон, і жыві там як хочаш.

Г а н у л я. (ломячы рукі, да Немца). А мой жа паночак, а мой жа немчык! Не бяры ў мяне апошняга Мікітку.

Поделиться с друзьями: