У палескай глушы
Шрифт:
На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала:
– Былі ў пісара?.. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?
– Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.
– А праўда, Саша - харошанькая?
Айцец Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою.
Лабановіч адказаў:
– Нічога сабе дзяўчына.
– Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то б зачасцілі за Алеськаю?
– А хіба тут няма каму гэтай справай заняцца? Вось мой калега, напрыклад?
Саханюк і бацюшка засмяяліся.
– Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць Богу.
Айцец Кірыл засмяяўся яшчэ грамчэй.
– Наш настаўнік кажа: «Не на таго прасцяка напалі!» - сказаў ён.
– Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсць ужо.
– Ці мала на свеце дурняў, - зноў дадаў а. Кірыл.
Матушка вяла сваё:
– Ну, то што? Хіба жаніхам свіней не падкладаюць?
– Гэта было б не па-хрысціянску.
– Затое ж па-кавалерску.
– З паліцыяй мець справы небяспечна, - зазначыў а. Кірыл.
– Глуш там у вас, вучыцелька!
– Усе вы, панове, у глушы жывяце, а глушы баіцеся. І ў глушы людзі жывуць. Мне, матушка, нават падабаецца такая глуш.
– Праўда, у пана падлоўчага дочкі падрастаюць, - гнула матушка сваю лінію, - і кажуць, старэйшая вельмі прыгожая, ужо зусім паненкаю выглядае.
– Не ведаю: не быў у іх.
– Што гэта вы так мала паненкамі цікавіцеся?.. О, хітруеце вы, вучыцелька!
– Ёсць тут цікавіцца чым, - зноў буркнуў а. Кірыл.
Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасцей патрактавала. Айцец Кірыл не курыў, але набіваць папяросы любіў і цяпер узяўся за гэту работу.
У пакой увайшла служанка - паляшучка, крэпкая чырванашчокая дзяўчына.
– Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прыйшоў; просіць хворую прычасціць.
– Хто ў яго хворы?
– Жонка.
– Скажы, зараз іду, - сказаў а. Кірыл.
– Я скора вярнуся - тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, - звярнуўся ён да гасцей.
Айцец Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і выйшаў.
– Эх, папоўская служба!
– уздыхнула матушка.
– Нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель»), цельшынцы зусім іншыя людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэнне? Айцец Кірыл - гэта ўжо гады два таму назад - быў на сенакосе. Распусціў сена, сушыць. А едзе адзін наш - ёсць тут такі грубіян - проста па бацюшкавым сене! Айцец Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці не можаш аб'ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога не гаворачы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула ж на яго - аж у яго каўтунікі павырываны! Так і лезуць, так і лезуць!
Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.
– Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі ўрадніка і баяцца, аднаго яго паважаюць. А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл?
– зноў казала матушка.
– І зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адмаўляе.
Праз паўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.
– Ну, як жа іх, гадаў, не лаяць?
– у гневе прамовіў а. Кірыл.
– Чорт ведае чым кормяць хворую, і гаворыш ім, прыказваеш, не - сваё робяць!.. А гразь!.. Свінні, свінні!
Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:
– Зашлі ты ёй цераз Параску чаго.
– А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.
Айцец Кірыл махнуў рукою:
– Вось што, дрэгі: будзем абедаць.
VII
Дзервяная сцяна аддзяляла кватэру Лабановіча ад школьнае залы, і, каб папасці туды, трэба было толькі адчыніць нізкаватыя дзверы. Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні. Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленае слова чуліся ў кватэры настаўніка.
Яшчэ ўчора прайшоўся стараста Раман Круглы па вёсцы, заказваючы сялянам пасылаць у школу дзяцей. То таму, то другому, спаткаўшыся на вуліцы, гаварыў ён:
– Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Пры гэтым стараста рабіў сур'ёзную міну і, наогул, меў начальніцкі выгляд. Яго чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром з'яўляўся ў розных месцах вуліцы. Калі патрэбныя старасту асобы не сустракаліся, ён падыходзіў да акна, стукаў пальцамі ў шыбы:
– Гэй, Кандрат! Падыдзі-тка сюды!
Калі Кандрата не было ў хаце, стараста падзываў Алену або Параску і таксама строга казаў:
– Пасылайце заўтра дзяцей у школу!
Выпаўніўшы свой абавязак, Раман зайшоў у школу.
– Дома паныч?
– ціха запытаў Раман старожку.
– Дома, стараста, дома!
– крыху нараспеў прамовіла бабка.
Лабановіч чуў гэту размову.
– Заходзьце, стараста, заходзьце!
Стараста разоў два затрубіў носам. Дзверы ад кухні рыпнулі. Адна палавіна іх адчынілася, а другая затрэслася ад націску шырокага пляча старасты.
Ступіўшы крокі два, Раман перайшоў увесь пакоік-спальню і апынуўся на парозе другога. Кожны яго крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю, а на велізарных лапцішчах ён нёс столькі гразі, што добраму гаспадару і на сахор не выбраць.
– Ну, як маецеся, стараста?
– Хвала Богу; паныч як здароў?
– Вось што, стараста: не называйце вы мяне панічом, бо я не паніч, і бацька мой такі ж самы мужык, як і вы.
Лабановіч папрасіў старасту прысесці на канапу, бо кволае крэсла, якіх тут было ўсяго толькі два, наўрад ці вытрымала б яго связістае і дзябёлае тулава.
Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны погляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора, які, як зазначыў Сцяпан Рылка, браў старасту на рукі, як хлапчанё.
«Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах», - падумаў Лабановіч.
– Дык ужо вучыцімеце?