Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

– Так, стараста, трэба пачынаць.

– Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу.

– Чаму ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі.

– Дзе яны пойдуць?
– махнуў рукою стараста.
– Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца; вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць бы хлапчукі ўсе пайшлі.

Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.

Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся:

– Гэта так, панічок...

– Гэта вы справядліва кажаце.

– А вядома, так.

– Што праўда, то праўда.

Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж - ліха яго бяры, без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць з каго, то лісты перадаць.

У гэтых выпадках у старасты быў асобы парадак. Ён клаў павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі. І тут галаве яго прыходзілася папрацаваць нямала. Ён распытваў у воласці, каму павесткі, і тут жа складаў іх у такім парадку, у якім іх трэба перадаць, беручы пад увагу адлегласць. Скажам, павестка для Мікіты Цялушкі, які жыў з гэтага боку вуліцы. Яго павестка клалася першаю, а за ёю ішла другая, трэцяя і так далей. Пасля гэтага стараста запамінаў тых асоб, каму павесткі прызначаліся. Таксама і нядоімкі. На лісты быў іншы парадак. Перш за ўсё іх было нямнога, і канверты былі розныя па колеру і па велічыні. Вось гэты ў сінім канверце трэба аддаць Гаўрылу Жалезнаму, у белым - Язэпу Нырку, а гэты памяты і засалены - удаве Тэклі... Ну, калі і пераблытаеш іх, не такая ўжо бяда: самі разбяруць, калі будуць чытаць паклоны. Гэта ўжо хутчэй бабы патрапяць.

Забраўшы ўсе паперы, стараста колькі хвілін стаяў і разважаў, як бы сам сабе здаваў экзамен. Можна было сорак разоў аклікаць яго ці страляць за колькі крокаў ад яго - усё роўна нічога не чуў тады стараста. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба. А калі ў яго памяці гублялася якая-небудзь шрубка, стараста раптоўна спыняўся сярод вуліцы, пазіраў на паперы, пазіраў доўга і напружана. Пры гэтым ён пакручваў галавою і часта страчваў надзею адшукаць гэтую згубленую шрубку. Тады ён зноў вандраваў у воласць і нёс на сваім твары выяўны смутак.

Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Выпаўненне аднае школьнае праграмы яго не здавальняла, і сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі - як выніклі? у чым іх прычыны?

І наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. І калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Гэтым і тлумачыцца той факт, што розныя правадыры, якія захоплівалі жарам свайго пераканання людскі натоўп і вялі яго за сабою, - вялі толькі да тае граніцы, ад якой пачыналіся перашкоды. Натоўп не разумеў гэтых перашкод, адольваць іх у яго не было ахвоты. На гэтым пункце вынікалі непаразуменні. Правадыр з гарчэчаю ў сэрцы казаў: «О сляпы, нікчэмны натоўп, статак жывёлін!» А натоўп крычаў: «Ты - ашуканец! Пабіць цябе каменнямі!»

Ужо колькі разоў паглядаў настаўнік на гадзіннік, думаючы, ці не пара яму ў школку.

Праўда, сёння толькі пачатак, толькі збор дзятвы; ён пакуль што азнаёміцца і зробіць запіс у журнал. Усё ж такі на сэрцы будзе спакайней: будуць зроблены хоць сталыя крокі да работы.

А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх беганка па лаўках, смех і крыкі. Некаторыя ціхенечка падыходзілі да дзвярэй кватэры настаўніка і з найвялікшаю цікавасцю заглядалі ў шчылінкі. Таксама забягалі яны і ў кухню, нібыта напіцца вады.

Яны баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі:

– А што, бабка, ён сярдзіты?

І калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзеўшы ката, кінуліся наўцёкі.

Старожка залілася вясёлым доўгім смехам: яе вельмі насмяшылі дзеці і іх страх перад настаўнікам. Яна пераказала Лабановічу, як распытвалі пра яго вучні, паціраючы свае вушы, як бы раней пагадзіўшыся з тым, што іх будуць круціць.

У школьнай зале вучняў было дзесяткі два. Як толькі з'явіўся там Лабановіч, яны завілі з усіх канцоў школы і цясней збіліся ў гурт, як спалоханыя авечкі, і ўжо адтуль пазіралі на свайго настаўніка, як на якое дзіва. Значна большая частка іх былі новыя. Усе вучні былі абуты ў лапці, насілі, як і старыя палешукі, суконныя світкі, чорныя або светлыя. Грудзіны, як і ў бацькоў, былі расхлістаны.

Настаўнік павітаўся, адказ на прывітанне далі колькі хлопчыкаў, якія ўжо вучыліся ў школцы.

– Што ж вас так мала?
– спытаў іх Лабановіч.

– Яшчэ прыйдуць, - адказаў адзін са старэйшых.

– Заўтра будзе болей, - дадаў другі.

– А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прыйшлі да школкі?
– мякка прамовіў настаўнік да малых.

Тыя спусцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае:

– Але.

VIII

Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Дзеці смялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытанні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху.

– Скажы ж ты, галубок, - звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца.
– Як ты завешся?

Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна, у гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб не падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: хто ж не ведае, як ён завецца?

Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.

– Або ты не ведаеш?
– у сваю чаргу спытаў хлопчык.

– Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б.

– Ну, як жа? Іван, ды і ўсё!
– прамовіў громка хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці.

– А цябе як зваць?
– спытаў настаўнік другога хлопчыка.

– Лар'ён, - весела адказаў той.

– А як завецца твой бацька?

– Кандрат.

– А як тваё прозвішча?

Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў смяяцца.

Поделиться с друзьями: