У палескай глушы
Шрифт:
Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць у Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў.
Пасля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны смяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аб усім: ці быў ён у воласці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.
– А вы не знаеце панны Марыны?
– запытала настаўніка Ядвіся.
– А хто яна такая?
– спытаў Лабановіч.
– А тут на будцы ёсць адна панна.
– Я сёння спаткаў адну вельмі прыгожую дзяўчыну якраз на чыгунцы. Можа, гэта і ёсць панна Марына?
– Так, гэта яна, - прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.
Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.
X
Якраз за дзень да Уводзін Прасвятое Багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? І паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.
Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.
– Што ж гэта ў вас, дзеўка, як бы свята?
У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».
– А хіба ж не свята?
– прамовіла Югася і зірнула на суседку.
– Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!
– А так што свята!
– цвёрда і пэўна адказала Югася.
– Ах, Божачка мілы! А я ж думала, што заўтра!
– ускінула рукамі Аўгеня.
– Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. І сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!
Аўгеня борздзенька павярнулася і выйшла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Выйшаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.
– Што я прыйшла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра?
– запыталася Аўгеня і акінула вачамі хату.
Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот, падкурчыўшы доўгія ногі, бо яны, хоць печ была і прасторная, не маглі на ёй як мае быць змясціцца.
– А пэўне, сёння, - адказаў ён з печы.
Праўда, Нупрэеў голас вялікага аўтарытэту нідзе наогул не меў, а ў пытаннях свята тым болей, бо Нупрэй Бабок нічога не меў проці таго, каб святкаваць і будныя дні. Але і Малання, жонка яго, таксама пасведчыла, што свята сёння.
– Ах, матухны, - зноў пляснула рукамі Аўгеня.
– Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу.
– І яна ледзь не бягом вымелася з хаты і пабегла дамоў.
Надта знаёмае тухканне ў Міколкі Стукача адразу затрымала Аўгеню на месцы: калі сёння свята, дык чаму ж у Стукача таўкуць ячмень?
Не думаючы доўга, Аўгеня кінулася да Стукачовых. Першае, што ўбачыла яна там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Міколка Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю. Грук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.
Здзіўленая Аўгеня спынілася на парозе.
– А хіба ж сёння не свята?
– спытала яна.
– Якое свята?
– сярдзіта зірнуў на яе дзед Міколка.
– Вось, скажэце, мае мілыя: як бы хто туману напусціў, - прамовіла Аўгеня, збітая з тропу.
– Адны святкуюць, другія кажуць, што свята няма.
– Хто святкуе?
– запытала бабка Тацяна.
– Я і сама думала, што свята павінна быць заўтра, аж прыходжу да Рамковых - святкуюць, Югася аладкі падбівае; зайшла да Бабковых - і там святкуюць. Прыходжу да вас, - у вас тут будны дзень. Каму ж верыць?
– А можа, і сёння свята, - ужо іншым тонам пачаў разважаць дзед Стукач.
Маладзіцы прыпынілі работу. Адна абаперлася на таўкач, не вымаючы яго са ступы, а другая трымала таўкач у руцэ. Яны таксама задумаліся.
– Уводзіны святкуюць на восьмай нядзелі ад Пакроў, - вылічыла бабка Тацяна.
– Колькі ж гэта нядзель ад Пакроў?
– Ну, якраз восьмая нядзеля і пайшла, - сказала Аўгеня.
– Мабыць, свята такі сёння, - пасля развагі прамовіў дзед Стукач, кінуўшы на зямлю лапаць, і пачухаў галаву ніжэй лысіны.
– Матка! А калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў?
– спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Тацяну.
– Тады казалі, што да гэтага свята засталося адзінаццаць дзён.
Дзед Стукач, бабка Тацяна, нявесткі і старэйшы сын Стукача, Апанас, пачалі вылічаць, калі ў іх быў Шпак з будкі. Выходзіла, што адзінаццаць дзён якраз прайшло. Бабка Тацяна вынесла сваю прасніцу, маладзіца Мар'яна сказала, што куцця ўжо даўно стаўклася; крупы выбралі, а ступу выкацілі вон у сені. Раз свята, дык свята. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Не заходзячы ў хату, яна заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх.
– Ты ж паслухай, стары пень, ці малоціць хто?
Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа, і праўда, што заўтра свята? Накінуўшы кажух, яна пайшла да свае кумы Насты. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца.
– Я ўжо чула, што некаторыя збіраюцца святкаваць сёння, але свята, я напэўна ведаю, заўтра. Піліпавы хлопцы ўжо даўно паехалі ў лес з сякерамі.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Кожны стан меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, што ніякім чынам не маглі дайсці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя доказы, на якіх засноўваліся іх пазіцыі наконт свята.